Каралы і пластык сучаснай фатаграфіі

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Тое, што традыцыйныя культурныя падзеі, на якія заўсёды была багатая мінская восень, у гэтым надзвычайным годзе ўсё ж вырашылі не адмяняць — вядома, правільна. Па першае, важна падтрымліваць мастацкае жыццё ў тонусе, а па-другое — фіксаваць думкі і душэўныя настроі, што называецца, па гарачых слядах. Вось і сёлетні Месяц фатаграфіі акрэсіў сваю тэму як “выжыванне”. Прысвечаны ён не толькі COVID-19, але і наогул стасункам чалавека з прыродным светам — які чалавек, здавалася б, даўно ўжо скарыў ды паклаў сабе пад ногі… Але тут раптам выйшла “нечаканачка”. “Паводле адчуванняў, мы перабываем ля зыходнага пункту нейкай новай, канструяванай у нас на вачах і пры нашым удзеле рэальнасці…” — сцвярджае куратарка асноўнага праекта фэсту Вера Фядотава. Без сумневу, глеба для натхнення не абы-якая. Даруйце за цынізм, але варта канстатаваць: неаднойчы ў гісторыі чалавецтва чума станавілася нагодай для шэдэўраў. Ды, здаецца, пакуль не гэтым разам.

/i/content/pi/cult/819/17525/07.jpgФэст сваю прадстаўнічасць і “міжнароднасць” адназначна захаваў, але маштабы, зразумела, ужо не тыя, як раней. Ніякіх багемных тусовак з удзелам замежных знакамітасцяў у праграме няма. Затое па-ранейшаму ёсць памкненне да дэцэнтралізацыі. Прыкладам, учора ў брэсцкай прасторы “Кансерва” адкрылася вельмі прыстойная рэтраспектыва нядаўніх праектаў беларускіх фатографаў (дакладней, “фатографак”, бо гэта толькі дзяўчаты). Плануецца і некалькі яшчэ больш лакальных падзей — не толькі па гарадах, але і па вёсках.

З увагі на эпідэміялагічную сітуацыю, асноўны праект фэсту змясцілі пад адкрытым небам — у атмасферным дворыку мінскага культурнага цэнтра “Корпус”, дзе вытрымліваць належную дыстанцыю куды прасцей, ніж у звычайных залах.

Варта адзначыць, што большасць твораў з'явіліся яшчэ да эпідэміі. Выключэнне — серыя Таццяны Кузняцовай “Camera COVIDu”. Аўтарка метадычна вяла назіранне за вонкавым светам праз вочка дзвярэй сваёй кватэры, будучы ізаляванай у ёй праз каранавірус. І гэта стала для яе папраўдзе новым ды плённым досведам, дазволіўшы “ўбачыць тое, што звычайна застаецца нябачным — жыццё людзей у звычайнай менскай хрушчоўцы”. З усімі іх нязначнымі для лёсу краіны і чалавецтва праблемамі. Гэты праект выбіваецца з агульнай глабальна-катастрафічнай тэматыкі — і, як падаецца, менавіта ў гэтым яго перавага.

Атмасферу ў “Корпусе” апакаліптычнай ніяк не назавеш. Прыгожыя маладыя мінчукі, якія звыкліся там бавіць час з кубкам або келіхам, у ахвоту аглядаюць у руцэ працы швейцарца Марсэля Рыклі, які здавён цікавіцца тэмай бяспечнага захавання атамных адыходаў. Увагу гледачоў прыцягвае не толькі “радыёактыўны кот” — расповед пра тое, як нехта з навукоўцаў на поўным сур’ёзе прапанаваў выгадаваць спецыяльную пароду “мімішак”, здатную выконваць функцыі дазіметра. Нехта з наведвальнікаў нават учытваецца і ў навукападобныя тэксты. Адпаведна, бадай галоўная задача праекта — прапаганда экалагічных ідэй — здаецца, больш-менш выконваецца.

Слова “прапаганда” ўжо даволі даўно мае негатыўныя канатацыі, асабліва ў сферы мастацтва. Але, даруйце, іначай сфармуляваць лейтматыў выставы я, пэўна, не здолею. Пагатоў, неяк так ён сфармуляваны і ў куратарскай канцэпцыі: “Нашае выжыванне ўсё яшчэ цесна звязанае з выбудоўваннем доўгатэрміновай мудрай стратэгіі ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, але выжыванне — гэта таксама вынік адказных рашэнняў і высілкаў кожнага канкрэтнага чалавека, наш клопат адзін пра аднаго, падтрымка ў складаны час, рух да супольнай мэты лепшага заўтра”.

“Фатаграфія — гэта найперш адносіны” — любіць паўтараць мой старэйшы калега Юрый Іваноў. Не ведаю, ці ўпадабаў бы мэтр убачанае ў “Корпусе” (калі шчыра, то сумняюся: твораў, якія адпавядаюць паняццю “майстэрскія”, там не знойдзеш). Але ж ягонаму пастулату яно адпавядае на ўсе сто. Ніякай тэхнікі, толькі адносіны. Калі яшчэ не так даўно звычайныя франтальныя партрэты на фотавыставах — падмацаваныя, аднак, грунтоўнымі ідэямі — выклікалі спрэчкі, сёння канцэптуалісцкі падыход прэвалюе безапеляцыйна.

Падводная частка айсберга — то-бок, ідэйны складнік — сёння куды важнейшы за майстэрства фатографа, якое многія сталі лічыць рамесніцтвам. І калі раней фотаклубы было модна называць “Ракурс”, у бліжэйшай будучыні іх пачнуць называць “Тэма”. Бо ракурс ужо нікога не цікавіць — разам з усімі іншымі паняткамі прафесійнага фотаслэнгу.

Але паміж тэмай ды яе візуальным увасабленнем нярэдка ўзнікае ладны адмежак. Ці здатныя выявы смецця ў Гімалаях належна раскрыць тэму антрапацэну — геалагічнай эпохі, якая характарызуецца ўплывам чалавека на планету? І што перад нашымі вачыма: сацыяльная дакументалістыка або аўтарскі погляд? У школе нам некалі казалі, нібы мастацтва схільнае да вобразных абагульненняў, прычым пажадана небанальных. Але ў праекце полькі Лены Дабравольскай і брытанца Тэа Орманд-Скіпінга іх акурат і няма. Ёсць заяўленая з дапамогай разумных фраз праблема — і яе выпадковыя ілюстрацыі.

Скразныя тэмы выставы — пластык і каралы. Першага становіцца ўсё болей  — пра што сведчыць праект Таццяны Кузняцовай, якая разглядае звыклыя для нас рэчы праз мікраскоп і даводзіць, што чалавек неўзабаве будзе складацца пераважна не з вады, а з мікрапластыку. А вось каралы — сімвал чысціні прыроды — наадварот гінуць. Болей за тое — як сведчыць французская мастачка Мары Лукашэвіч, і сам сімвал абясцэньваецца: каралы становяцца сыравінай для розных крэмаў ды іншых прадуктаў масавага рынку.

Фотапраект польскай аўтаркі Аліцыі Урублеўскай на паверку парушае агульную тэндэнцыю змяшчаць акцэнт з “карцінкі” на суправаджальны тэкст. Мы бачым чыстай вады фарматворчасць — абстрактныя фігуры неверагодных колераў нібы на карцінах Міро. Уражанне становіцца іншым пасля знаёмства з эсплікацыяй. Насамрэч, тут усё таксама пра каралы і пластык — які можа іх замяніць. Уласна, і эфектныя абстрактныя кампазіцыі створаныя менавіта з тых пластыкавых вырабаў, якія можна за капейкі набыць у любой краме. Вось такі ён, падманлівы эфект прыгажосці!

Няма сумневу ў тым, што завадатарам Месяца фатаграфіі ўдалося трапна схапіць тыя агульныя мысленчыя трэнды, трыгерам якіх стаў COVID. Першы можна акрэсліць словамі “экалагічная дэмакратыя”. Пасля таго, што адбылося, людзі ва ўсім свеце ўжо не надта давяраюць прафесіяналам у справе вырашэння глабальных праблем. Раней было б дзіўным, каб тэмай утылізацыі ядзерных адыходаў або пластыка ўсур’ёз зацікавіўся не фізік, а мастак — ды вынес яе на шырокую публіку. А неўзабаве гэтаму, пэўна, ужо ніхто не будзе здзіўляцца.

Другі трэнд больш філасофскі: крытыка даўно звыклага для нашага мыслення антрапацэнтрызму. Калі чалавек з усімі сваімі тэхналогіямі дасюль не можа даць рады нейкаму вірусу — гэта, вядома, натхняе на сумневы: ці такія ўжо мы цары прыроды?

Не ведаю, ці прынясуць гэтыя нашы “пакуты розуму” адчувальную карысць для матухны-Зямлі. Але пэўны, што яны маглі б стаць належным “палівам” для цікавых мастацкіх твораў. Думаецца, гэта здарыцца толькі тады, калі да важных тэмаў дадасца і яшчэ адзін складнік — суб’ект, які іх прапускае праз сябе. То-бок, аўтар. Толькі пры такім сімбіёзе “палітінфармацыя” пераўтвараецца ў мастацтва. Як сведчыць сёлетні Месяц фатаграфіі, такая алхімія адбываецца не заўсёды.

Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА