Таямніцы Манюшкаў

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Частка ХХ
На завяршэнне нам застаецца коратка распавесці пра лёс бацькоў кампазітара — Часлава і Альжбэты Манюшкаў. Разам з імі патрапіць на старонкі “К” і самы вядомы з дзядзькоў кампазітара Станіслава Манюшкі — Дамінік, чый грамадскі чын патрабуе адпаведнага ўшанавання.

/i/content/pi/cult/819/17523/05.jpgЗ вайскоўцаў — у мастакі

Жыццё Часлава Манюшкі вядома нам дзякуючы Аляксандру Валіцкаму. Сябра і біёграф яго сына-кампазітара быў даволі глыбока інтэграваны ў сямейныя таямніцы Манюшкаў. Нават настолькі глыбока, што гэта стала пэўнай праблемай. Бо не ўсё напісанае ў біяграфіі спадабалася ўдаве Станіслава Манюшкі, пра якую мы ўжо згадвалі ў папярэдніх частках. Ёсць звесткі, што яна прыклала пэўны клопат да знішчэння карэспандэнцыі, якая магла кінуць цень на яе мужа. Дарэчы, сын Адама Міцкевіча Уладыслаў таксама зацята змагаўся з праўдай жыцця, цэнзуруючы любы дакумент, датычны бацькі.

Народжаны і ахрышчаны ў адзін дзень 20 ліпеня 1790 года Часлаў Манюшка пражыў вельмі доўгае па тагачасных мерках жыццё — 80 гадоў. Значна перажыўшы сваіх старэйшых і маладзейшых братоў, якія, як назнарок, паміралі адзін за адным.

У паўтара гады, згодна са звычаямі таго часу, Часлава-Вінцэнта-Гальяша-Аляксея запісалі ў склад другой брыгады Нацыянальнай кавалерыі войска ВКЛ (Пінскай харугвы № 19). Варта нагадаць, што доўгі час палкоўнікам гэтай брыгады быў ніхто іншы, як далёкі сваяк будучай зоркі музычнага Алімпа Станіслава Манюшкі — Самуэль Корсак. Славуты наваградзец разам з Тадэвушам Рэйтанам і Станіславам Багушэвічам (абодва сваякі кампазітара — рэд.) уславілі свае імёны падчас Сойму 1773 года. Адчайна супраціўляючыся планам зацвярджэння Першага падзела Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый. Таму служыць, хай і фармальна, пад началам такога вядомага патрыёта ВКЛ як Корсак, было гонарам. У пяць гадоў хлопец страціў вока, перахварэў на воспу, але не згубіў баявы дух. Вучыўся спярша дома, потым у Смілавіцкім канвікце, затым у Віленскім універсітэце. Як і браты ў 1812 годзе падтрымаў Напалеона, звязваючы з ім надзеі на вызваленне зямель, якія ўваходзілі некалі ў ВКЛ. Уступіў спярша ў полк літоўскіх конных стральцоў, а потым служыў ад’ютантам пры Валенсі, Даву, Мюраце даслужыўшыся да чына капітана.

Як і безліч нашых суайчыннікаў, сярод якіх быў і пляменнік Тадэвуша Рэйтана падпалкоўнік-ад’ютант Генеральнага штаба Напалеона Дамінік Рэйтан, у 1815 годзе Манюшка выйшаў у адстаўку і вярнуўся на Радзіму.

Шлюбны каберац

А неўзабаве ў Слуцкім касцёле ён стаў на шлюбны каберац з дачкой Антона Маджарскага і Тэафіліяй з Алізаровічаў — Альжбетай.

“20 ліпеня 1818 я, Станіслаў Шантыр, прэлят і настаяцель Слуцкі, з дазволу найяснейшага менскага адміністратара, прапусціўшы дзве запаведзіны, і абвесціўшы трэцюю, ды не выявіўшы праз роспыты ніякай кананічнай перашкоды, паблаславіў сужэнства, заключанае паміж вяльможным Чаславам Манюшкам, капітанам Польскага войска і рыцарам і вяльможнай пані Альжбэтай Маджарскай шамбелянкай польскага двара. Прысутныя сведкі Ян Вайніловіч, Дамінік Манюшка, маёр войска [G...], Ян Лагвіскі, суддзя Слонімскага павету” (пераклад з лаціны — Алесь Жлутка).

А праз год у іх нарадзіўся той, хто ўславіў род Манюшкаў па абодва берагі Буга — беларускі і польскі — Станіслаў Манюшка.

“5 траўня 1819 я, Вінцэнт Сяліцкі, святар Кангрэгацыі Місій, ахрысціў немаўля з адной вады дзеля яго слабасці, народжанага сёння з імёнамі Станіслава Яна Эдварда Казімера, сына найяснейшага Часлава Манюшкі, капітана Польскага войска, рыцара св. Яна Ерузалемскага, і найяснейшай пані Альжбэты з дома Маджарскай, яго жонкі, законных сужэнцаў. Хроснымі былі Рыгор Мяшкевіч і Аксіння Крычыцкая, Андрэй Езуіта і Францішка Астрэйкаўна. У тым жа годзе 8 дня таго ж месяца траўня, я, той жа, як і вышэй, споўніў абрады хросту над названым вышэй немаўлям. Прысутнічалі на гэтых абрадах вяльможны пан Адам Манюшка, каморнік Ігуменскага павету і вяльможная пані Марыя Маджарская, яснавяльможны пан Эдвард Ваньковіч, харужы менскага павету і вяльможная пані Ганна Манюшкаўна, яснавяльможны пан Дамінік Манюшка, маёр Польскага войска, кавалер св. Яна Ерузалемскага, і вяльможная пані Мар’яна Маджарская, яснавяльможны пан Юзаф Манюшка, харужы Барысаўскага павету, кавалер св. Яна Ерузалемскага і вяльможная пані Ганна Главацкая” (пераклад з лаціны — Алесь Жлутка).

Характарам бацька Станіслава быў таварыскі і вясёлы. “У навуках” не вылучыўся, але меў іншае захапленне — жарсна любіў маляваць. І сваімі малюнкамі аздобіў успаміны, у якіх запратакаліраваў безліч цікавейшых для нас гісторый і роду, і сям’і, і краіны. І таму ўспаміны тыя вартыя, як унікальная крыніца ведаў, неадкладнага выдання ў Беларусі. На мастацкай глебе Часлаў сыйшоўся з вядомымі мастакамі — Валянцінам Ваньковічам (нават дзяліў з ім пэўны час адну майстэрню), і Янам Дамелем.

Спадчына абяцала ўсе шанцы на поспех…

Спробы Часлава весці годную гаспадарку раз за разам атрымлівалі накаўт. І так працягвалася ўсё жыццё. Хоць, быццам бы, немалая спадчына па бацьку абяцала ўсе шанцы на поспех. Упляталіся сюды і сямейныя складанасці, і інтрыгі “дабрадзеяў”. Напрыклад, адзін з іх, нейкі Ратынскі, нібыта “даў сабе клятву знішчыць род Манюшкаў” (!).

Маёнтак ва Убелі, у якім нарадзіўся Станіслаў, Манюшкі вымушаны былі прадаць за пазыкі. Праз нейкі час, пасля смерці маці і брата Дамініка, Часлаў атабарыўся ў Радкоўшчыне. Гэты маёнтак стане для бацькоў кампазітара апошнім прытулкам. У 1850 годзе памерла жонка Часлава і пахавалі яе на мясцовых могілках.

“Тысяча восемь сот пятьдесятаго года сентября десятаго дня в месте Радковщизна скончалась помещица Елисавета Монюшкова урожденная Маджарская от паралитических припадков быв приобщена св.таинств. Оставшегося вдовцем помещика Чеслава Монюшки жена имевшая от роду около 50 лет Смиловицкой Римско католической церкви прихожанка оставила после себя одного сына Станислава. Тело ея Высокопреподобный Дорофей Шмигельский настоятель церкви и Игуменский Декан 13о числа сего месяца на местном сельском кладбище похоронил”.

Часлаў Манюшка перажыў жонку на дваццаць гадоў. Апошні ліст старога вайскоўца-мастака да сына датаваны 22 верасня 1870 года. А 12 кастрычніка бацька Станіслава Манюшкі адыйшоў у лепшы свет. Хоць знайсці метрыку яго смерці да гэтага часу мне не ўдалося, але вядома, быў ён пахаваны разам з жонкай на могілках у Радкоўшчыне. Раней там стаяла капліца, але не маючы належнага дагляду, ужо напачатку ХХ стагоддзя, яна была ў занядбаным стане. У наш час тут буяе кустоў’е. І, падаецца, што наспеў час на тое, каб паклапаціцца пра памяць бацькоў асобы, 200-годдзе якой у мінулым годзе вельмі шырока святкавалася не толькі ў Беларусі. Думаю, што “К” яшчэ не раз вернецца да гэтага пытання на сваіх старонках.

Гуманіст ад “А” да “Я”

Кожны з сыноў Станіслава Манюшкі (дзеда) пакінулі на гэтай зямлі добры след, але імя аднаго варта надзвычайнай увагі. Гаворка пойдзе пра Дамініка Манюшку (1788 — 1848). Лёс адмераў яму на дваццаць гадоў меней жыцця, чым Чаславу, якія Дамінік, не марнуючы часу, ледзь не з дзяцінства прысвяціў адной мары — “паляпшэнню долі сваіх падданых”. Завяршыўшы вучобу ў Віленскім універсітэце з дыпломам “Доктара Абодвух Праў” Дамінік, як і браты, і сябры, далучыўся да напалеонаўскіх шэрагаў. Служыў ён у “3-м палку конных стральцоў” (падаецца, гэта будучы 9-ты ўланскі полк Варшаўскага княства, у якім да пэўнага часу служыў згаданы вышэй Дамінік Рэйтан, які крадком у 1807 годзе перабраўся праз Нёман у Польшчу, каб уступіць у легіёны генерала Дамброўскага). Вярнуўся Дамінік Манюшка на радзіму пасля паразы Напалеона і атабарыўся ў Радкоўшчыне. Цяпер, маючы час, магчымасць і жаданне для рэалізацыі сваіх планаў, Дамінік з імпэтам узяўся за справу. Кіраваўся ён не толькі юнацкімі думкамі, універсітэцкімі канспектамі, але і тымі ведамі, якімі “ўзброіўся” падчас вайны. У Нямеччыне і Францыі, праз якія адступала войска Напалеона, Дамінік старанна даследаваў дасягненні перадавой педагагічнай думкі, якія пазней ажыццявіў у сваім маёнтку. 24 лістапада 1824 года Манюшка адкрыў школу для хлопчыкаў у Радкоўшчыне. Магчыма, выглядала гэта ўрачыста, з пераразаннем чырвонай стужкі. Школа гэта мела два асобных аддзела. У першым, ніжэйшым, выкладанне вялося па метаду славутага педагога-атэіста Песталоці, які меў на мэце развіць у малых дзетак увагу, памяць і думкі пра тыя і сія рэчы. У другім, вышэйшым, выкладанне вялося па сістэме Ланкастэра. Цягам двух гадоў вясковыя дзеці, падчас зімовых “вакацый”, па поаўгады вывучалі “навуку рэлігіі”, чытанні славянскія, расейскія і польскія, каліграфію, арыфметыку, малюнак, агародніцтва, тэхналогію, земляробства, лясніцтва, пчалярства, навуку здароў’я, ветэрынарства, сялянскія промыслы і рамёства. Адпаведнае месца займала, куды ж без яе, і фізкультура. Пры школах былі адпаведныя месцы для практыкі — агароды (лекавы і пладовы), аптэка, лабараторыя. Меліся і розныя тэхнічныя прылады, напрыклад, “машыны з фабрыкі Эванса”. Іншымі словамі, сялянскія школы і для хлопчыкаў, і для дзяўчынак (у Пацічоле) мелі сур’ёзную адукацыйную праграму і не менш сур’ёзную базу для яе рэалізацыі.

Супраць “спрадвечнага права”

Каб цалкам аддацца сваёй мары, Дамінік “прыняў цэлібат”, то-бок адмовіўся ад думак ажаніцца. Каб бытавы клопат не даў яму збочыць з абранага шляху.

Вядома, такія экперыменты выклікалі нараканні не толькі з боку “солі зямлі” — шляхты, якая сінімі пальцамі чаплялася за “традыцыі, асвечаныя славутымі продкамі” (прыгон і іншыя выгоды). Сяляне таксама спярша глядзелі непрыхільна на экперыменты пана, які раздаў ім сваю зямлю, кожную сям’ю пасадзіў у асобным фальварку, пры якім быў агарод, лес і ўсё, што да таго. Смелы эксперыментатар пайшоў яшчэ далей — адмяніў усе цялесныя пакаранні! Невыносныя паборы, якія бытавалі ў маёнтках, замяніў на невялічкі чынш, які ў сваю чаргу пускаў выключна на падтрымку эксперыменту. Які, між іншым, працягнуўся дваццаць гадоў і прывёў да важных зменаў, бо і дабрабыт, і самасвядомасць манюшкавых сялянаў адрознівалася ад навакольных, як неба ад пекла. Па некаторых разліках Дамінік Манюшка ўклаў у справу велізарныя грошы — каля 300 000 рублёў, і яшчэ 70 000 засталося пазыкаў. А гэта не магло не ўганяць у роспач сваякоў і, перш за ўсё, бацьку кампазітара, які разглядаў Радкоўшчыну як будучы маёнтак Станіслава (пазней так і стала, то-бок апошнім уласнікам Радкоўшчыны з Манюшак быў сам кампазітар). І наколькі непрыхільна ставіўся да эксперыменту над спадчынай роду Дамініка Часлаў пры жыцці брата, настолькі ён перамяніў меркаванне пасля афіцыйнай адмены прыгону. І нават ушанаваў памяць Дамініка памятнымі камянямі, якія былі ўсталяваны ў Радкоўшчыне ў 1861 годзе, захаваліся да нашага часу і цяпер знаходзяцца ў блізкім Алесіна.

…Памёр Дамінік Манюшка ў Мінску захварэўшы на халеру. Пахавалі яго на асобным месцы на Залатой горцы, блізу касцёла. Але ні камяня з надпісам ад верных падданых, ні самой магілы — і следу не засталося. Толькі метрыка смерці.

“Roku Tysiacznego osmsetnego czterdziestego osmego 8br 26 dnia umarl z cholery ob […] Dominik Moniuszko lat 61 wieku pogrzebiony na mogilach Zloto gorski przez ks. Sobolewskiego”.

Адразу пасля гэтага педагагічны эксперымент быў спынены. Ад самога маёнтка, ад тых школ ды сялянскіх фальваркаў у наш час не засталося анічога. Апрача падмуркаў і лістоўніцы на месцы сядзібы, памятнага камяня бабулі кампазітара (пры дарозе і ў занядбанні) і месца, дзе спачываюць бацькі кампазітара, пад разлапістай ялінай над вясковымі могілкамі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар