Рэстаўрацыя — вечная дыскусія

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Цалкам верагодна, што ў блізкай перспектыве суквецце беларускіх замкаў узбагаціцца яшчэ адной перлінай — Крэвам. Сёння ў Крэўскім замку супольна працуюць археолагі і рэстаўратары. Пра стан замка і тое, якім ён мусіць стаць у будучыні, расказаў кіраўнік археалагічнай часткі праекта Алег Дзярновіч.

/i/content/pi/cult/819/17522/04.jpgЗараз у Крэўскім замку ідуць працы па кансервацыі з элементамі рэстаўрацыі. І ўсе археалагічныя даследаванні адбываюцца там менавіта ў мэтах абслугоўвання належным чынам гэтых прац. Мы праводзілі даволі вялікія раскопкі ў Княсскай вежы яшчэ ў 2012 годзе, калі выявілі вялікую колькасць фрагментаў фрэсак і дайшлі да цокальнага яруса гэтай вежы. Два гады таму у нас былі працы па археалагічнаму нагляду, і такія працы планаваліся сёлета. То-бок функцыя археолагаў, і мая місія былі ў тым, каб забяспечыць археалагічнае суправаджэнне на аб’екце, не дапусціўшы пашкоджання культурнага пласта замка. Калі раптам інжынерныя ці кансервацыйныя працы патрабавалі паглыбленння ў пласт, тады мы пераходзілі са стадыі нагляду на стадыю раскопак.

Два гады таму, калі вяліся працы ўздоўж заходняй сцяны замка і па часовай кансервацыі Княсскай вежы, рабіліся працы там, дзе раней ужо выкапваліся шурфы. На кутах будынкаў. Таму не было патрэбы праводзіць раскопкі. Абыйшліся наглядам.

Ну вось у гэтым сезоне задачы былі большыя. На гэты сезон было належнае фінансаванне каб зрабіць кансервацыю з элементамі рэстаўрацыі паўночна-ўсходняй сцяны. Гэта сцяна датычна да галоўнай брамы Крэўскага замка. Апроч таго там праводзіліся працы па ўзмацненню падмурка. Мы павінны паспець яшчэ ў гэтым сезоне адбудаваць браму замка. Таму трэба было ўскрыць падмуркі, паглядзець, што засталося ад брамы. Мы сапраўды заклалі раскоп, раскрылі гэтыя падмуркі. А падмуркаў і не было, таму што ў 1929 — 1930-х гадах польскія навукоўцы рабілі працы па кансервацыі замка, па ратаванню той руіны, якая ад замка засталася пасля Першай сусветнай вайны, пасля так званага Керэнскага абстрэлу ў ліпені 1917 года.

І калі яны рабілі свае кансерватыўныя працы, яны фактычна выбралі пад брамай усё, што яшчэ заставалася, каб умацаваць сцяну і зрабіць кантрафорс, які мы сёння бачым. Так што падмуркі брамы мы не знайшлі. Тым не менш мы распрацавалі ўчастак, раскоп, дзе пачалі закладаць камяні пад падмурак брамы. Брама павінна быць такая: стрэльчатая, гатычная арка. Але ўзніклі праблемы, наколькі я ведаю, інжынерныя, канструкцыйныя.

Княсская і частка сцяны пры ёй стаяць на дзюне пясчанай. Там увогуле замак у балоце размешчаны, што адпавядала канцэпцыі фартыфікацыі XIV стагоддзя, эпохі да з’яўлення сценабітнай артылерыі. І вось на балаціне была насыпана дзюна, на якой пабудаваныя вежа і частка сцяны. Адпаведна падмуркі там неглыбокія, да 80 сантыметраў, а іншыя падмуркі замкавыя дасягаюць 3 — 3,5 метраў. Можаце ўявіць розніцу. І вось калі адбыліся ўсе гэтыя абстрэлы знішчальныя з расійскага боку, бо ў замку стаялі нямецкія пазіцыі, гэта сцяна моцна нахілілася. Тут вось і узнікла праблема, як з іскрыўленай паверхні вывесці арку. Зараз над гэтым працуюць канструктары і інжынеры “Белрэстаўрацыі”.

Яшчэ адзін важны раскоп мы заклалі з унутранага боку паўночнай сцяны. Рэч такая, што паводле ўсёй іканаграфіі XIX стагоддзя ўсходні кут замка ўжо быў дэструктураваны. Там быў развал. Сёлета гэты развал прыбіралі і нечакана пры расчыстцы натрапілі на частку мураванай сцяны, з цэглы выкладзенай. Разумееце, замак першапачаткова выкладзены пераважна з камянёў. З валуноў, з палявога камяня. Гэта асноўны будаўнічы матэрыял Крэўскага замка. Цэгла ў замку выкарыстоўвалася толькі ў самых адказных канструкцыйных момантах, для выкладання адказных канструктыўных элементаў — арак, аконных і ўваходных праёмаў, для выкладання той жа вежы. Там ідзе, як я мяркую, дэкаратыўны цагляны пас па перыметру ўсяго замка. А тут расчышчаецца з дапамогай тэхнікі завал, што складаецца з камянёў і бітай цэглы, і вылазіць такая пляма цаглянай муроўкі ў сцяне. Гэта ўжо быў такі знак, сігнал, што тут была нейкая прыбудова. І мы сапраўды намацалі і раскрылі падмуркі.

Высветлілася, што да гэтай сцяны са двара, з унутранага боку, падыходзіў будынак. Мураваны будынак XIV стагоддзя, не адлюстраваны на пазнейшых планах. Можа быць, ужо ў XVII-м ці нават у XVI стагоддзях яго ўжо не існавала. Але ён быў у самым раннім перыядзе функцыянавання замка. Там, у гэтых падмурках, мы знайшлі скабяныя вырабы, пражскі грош XV стагоддзя.

Гэты будынак меў рэпрэзентацыўны характар. Выкладзены з цэглы, плюс даволі багатае напаўненне гэтых руін. Хачу адзначыць, што “Белрэстаўрацыя” з належнай павагай і адказнасцю паставілася да гэтага факта і цяпер уносяцца карэктывы ў праект, каб гэтую цагляную пляму не закласці камянём. Бо зараз адбываецца кансервацыя замка і ўнутраная забутоўка закладаецца звонку каменнай муроўкай, як яно калісь і было. Дык вось гэту пляму тэарэтычна таксама маглі закласці каменнай муроўкай, і яна б знікла для нашых вачэй. А так з цэглы будуць пазначаны памеры гэтага будынка на сцяне.

— Вам як археолагу не даводзілася чуць, што ваша дзейнасць толькі зацягвае тэрміны аднаўлення гістарычных будынкаў? Маўляў, бяры старажытную гравюру з выявай замка, і па яе ўзору адбудоўвай. А яны, археолагі, у зямлю лезуць, раскопы ладзяць, не даюць будаўнікам працаваць, сочаць за кожным іх крокам — запытаўся я ў Алега Дзярновіча.

— Праблема насамрэч нават больш складаная, чым вы зараз агучылі — адказаў ён. Я разумею, што вы наўмысна яе спрасцілі. Ёсць і іншая рэакцыя на нашу працу. Вось мне старшыня Крэўскага сельсавета пытае, ну што гэта за рэстаўрацыя? Я, маўляў, не бачу, дзе пасля вашай рэстаўрацыі той абяцаны вамі замак XIV стагоддзя. Што маецца на ўвазе: у людзей, мясцовых асабліва, ёсць свой вобраз замка. Яны прызвычаіліся да таго, як выглядае замак яшчэ з дзяцінства. Але мала хто дае адказу і мае свядомасць, што ён бачыць. Яны думаюць, што бачаць аўтэнтыку XIV стагоддзя, і так павінна быць. А насамрэч яны бачаць вобраз замка, створаны польскімі кансерватарамі. Замак уратаваны імі пасля страшэнных разбурэнняў Першай сусветнай вайны. І гэтыя ж вобразы былі ў Троках, у Наваградскім замку. І ў Крэве і Медніках гэта моцна адчуваецца.

Пад кіраўніцтвам Станіслава Лорэнца, які быў галоўным кансерватарам аб’яднанай кансервацыйнай акругі Віленскай і Наваградскай, польскія кансерватары ратавалі гэтыя аб’екты, але ў адпаведнасці з тагачасным бачаннем даўніны адначасова стваралі рамантычныя вобразы старажытных руін, якія многім сёння ўяўляюцца аўтэнтычнымі. І цяпер праблема: калі рэстаўраваць, дык што рэстаўраваць? Дзе той аўтэнтычны вобраз? Мы будзем аднаўляць XIV стагоддзе, а як быць з жыццём у замку ў XVI стагоддзі? Больш таго, Крэўскі замак з’яўляецца месцам памяці Першай сусветнай вайны, бо праз Крэва з 1915-га і па пачатак 1918 года праходзіла лінія фронту. Усё наваколле насычана нямецкімі бункерамі. І на тэрыторыі Крэва стаіць два бункеры, і тэрыторыя замка ў варонках ад снарадаў. Я мяркую, што гэтыя сляды вялікага абстрэлу трэба таксама захаваць. Крэўскі замак, як высвятляецца, шматузроўневы, дзе прысутнічаюць знакі некалькіх эпох.

Ёсць яшчэ больш складанае пытанне. Ратуючы помнік, мы мусім максімальна захаваць аўтэнтыку, але з ўлікам сучасных патрабаванняў да турыстычнага аб’екта. Не можа быць сёння такі аб’ект без электрычнасці, без падводкі вады, без супрацьпажарнага абсталявання.

Як гэта зрабіць — адназначнага адказу няма. Знайсці прымальны варыянт можна толькі праз карэктную дыскусію. Дык вось археалогія для гэтай дыскусіі дае аб’ектыўную карціну, магчымасць зразумець гісторыю помніка і на гэтай падставе пабудаваць канцэпцыю ягонага функцыянавання ў сённяшніх умовах. А ўвогуле рэстаўрацыя — тэма вечнай дыскусіі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"