Анатоль Алай: “Кожны мой фільм — гэта экзамен на творчую сталасць”

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

Рэжысёра Анатоля АЛАЯ можна смела называць жывой легендай нашага беларускага кіно — дакументальнага кіно. На “Беларусьфільм” ён прыйшоў яшчэ 60 гадоў таму: асвятляльнік, аператар, рэжысёр і сцэнарыст — такім быў шлях у прафесіі. На пачатку гэтага кастрычніка ў Анатоля Іванавіча і асабісты юбілей — 80 гадоў. Колькасць фільмаў, над якімі працаваў у розных якасцях, дык і сам ён не можа дакладна назваць — лік ідзе на сотні. Як рэжысёр зняў 25 стужак, многія з іх поўнаметражныя. І практычна кожную можна занесці ў залаты фонд айчыннай кінематаграфіі — адметныя героі, унікальныя гісторыі, непадробныя эмоцыі. Мноства ўзнагарод атрымалі фільмы, ушанаваны і іх аўтар — народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат многіх прэмій. Да юбілею рэжысёр і сам падрыхтаваўся — напісаў пра сябе эсэ, напісаў Слова для будучых пакаленняў дакументалістаў. Але ж і мы пагаворым з Анатолем Алаем — пра яго цяперашнія справы, пра яго даўнія і новыя фільмы.

/i/content/pi/cult/818/17517/23.jpg— Дакументальнае кіно апошнімі гадамі ў кінатэатрах не пабачыш — хіба што на фестывалях. Вы заспелі часы, калі людзі яшчэ куплялі квіткі, каб паглядзець дакументальны фільм. Як зараз — ці ўдаецца вашым працам трапляць да гледачоў?

— У мяне як у рэжысёра няма падстаў на нешта скардзіцца — шчыра дзякую за гэта тэлеканалу “Беларусь 3”, у праграме якога мае фільмы прысутнічаюць пастаянна. Хіба што мне б хацелася, каб паказалі і некаторыя іншыя мае стужкі, асабліва любімыя публікай. Напрыклад, карціну 2008 года “Пётр Конюх” пра нашага беларускага Шаляпіна — людзі глядзяць са слязамі на вачах. Хацелася б убачыць на тэлеэкране і фільм “Адрынутыя”, які я здымаў у Канадзе і Германіі, — пра Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Сапрыкіна, чалавека з дзіўным лёсам. Гэта камбат, які пад час вайны здзейсніў свой подзвіг ля вёскі Красная Слабада, што цяпер у Дубровенскім раёне Віцебшчыны, трапіў у палон, а потым усё жыццё жыў у Канадзе. Хацелася б, каб не забыўся фільм “Панцеляймон Панамарэнка” — пра нашага выдатнага партызанскага камандзіра і першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі: вельмі цікавая карціна, вельмі вострая, бо я імкнуўся да таго, каб паказваць не толькі парадныя бакі сваіх герояў, але і іх памылкі.

/i/content/pi/cult/818/17517/24.jpg— Асноўныя тэмы вашых фільмаў звязаныя з Другой сусветнай вайной, з лёсам людзей вайны, з ваеннапалоннымі. А чаму вас зацікавіў спявак Пётр Конюх?

— Лёс Пятра Конюха таксама звязаны з вайной — ён ваяваў з Гітлерам у Італіі ў складзе арміі Андэрса. Потым у Рыме скончыў акадэмію мастацтваў і стаў геніяльным спеваком, быў салістам сусветна славутага хору данскіх казакаў Сяргея Жарава. Жыў у Канадзе. А тут у Беларусі ў Стоўбцах у яго засталася сям’я, маленькія дзеці. І толькі праз многа-многа гадоў ужо дарослыя сын і дачка змаглі сустрэцца з бацькам, які прыехаў у Беларусь па турыстычнай візе, — было гэта ў 1975 годзе. Расповед дзяцей пра тую сустрэчу, які стаў асновай майго фільма, ніводнага гледача не пакідае абыякавым. Дачка Пятра Конюха мне прызналася: “Мы спачатку баяліся вам расказваць гэтую гісторыю, таму што для нашай сям’і яна заўсёды была тайнай, мы пра яе асабліва нікому не гаварылі. І вось цяпер змаглі адкрыць вам тое, што ўсё жыццё насілі толькі глыбока ў душы”. Вельмі эмацыйны, вельмі кранальны атрымаўся фільм.

/i/content/pi/cult/818/17517/25.jpg— Самая новая, апошняя па часе карціна — “Доктар Шуба”. Чым вас зацікавіла асоба гэтага чалавека, хірурга Аляксея Шубы?

— Мае бацькі да вайны скончылі Мінскі медыцынскі інстытут, вучыліся на адным курсе. І вось я раптоўна даведаўся, што з імі ў той жа час там вучыўся і доктар Шуба, толькі на курс вышэй. А які лёс у гэтага легендарнага галоўнага ўрача 1-й клінічнай бальніцы Мінска! Камандзір партызанскай брыгады, Герой Сацыялістычнай Працы. Ён адначасова і кіраваў партызанскай групай, і лекаваў сваіх партызан, рабіў ім аперацыі. Некаторы час пры немцах у Старых Дарогах працаваў урачом, і яго як выдатнага хірурга клікалі ў Германію: аднак Аляксей Шуба застаўся верным сваёй Радзіме і сышоў да партызанаў. Пасля вайны зведаў рэпрэсіі, абвінавачванні ў здрадніцтве Радзіме, турму. І нават праз многа гадоў цярпеў ад даносаў і ганенняў. Мяне вельмі зачапіла гэтая гісторыя — як так? Гераічны чалавек, столькі заслуг перад людзьмі і Радзімай, аднаўляў пасля вайны медыцыну ў Мінску, галоўны ўрач самай моцнай на той час клінікі Беларусі, і такія здзекі над ім! Ён жа і пакінуў свет нестарым, у 59 гадоў, перажыўшы пад час разбіральніцтваў з новымі даносамі некалькі інсультаў. Яго бараніў Машэраў, а то і невядома, як бы там было. Я лічыў абавязкам зняць гэтую карціну, бо мае бацькі ўрачы і вучыліся разам з Шубам.

— Мне падаецца, гісторыя доктара вас зачапіла яшчэ і таму, што і ён пабываў у палоне — як і ваш бацька, які знік без вестак і сляды якога вы расшуквалі многа гадоў.

— Несумненна! Мне і года не было, як вайна пачалася. Пра бацьку было вядома, што разам з раненымі ён адступаў ад польскай мяжы ў бок Мінска, і, як мы потым высветлілі, апынуўся ў палоне. Я ўсё жыццё шукаў звесткі пра бацькавы лёс, і некалькі фільмаў зняў пра гэта — “Чорная дарога” і “Чорны крумкач”. Нават сама гісторыя майго пошуку трагічная — я, можна сказаць, 75 гадоў прысвяціў яму. Дзе б я ні быў, дзе б ні здымаў, я мэтанакіравана шукаў — паўсюль звяртаўся да журналістаў, паказваў фотаздымкі, расшукваў і на Калыме — бо думаў, што пасля палону бацька мог апынуцца там. Нічога не знайшоў. І вось гадоў пяць таму мяне запрасілі выступіць з расказам пра вайну і ваеннапалонных (а гэта ж асноўная тэма маіх фільмаў) у Нацыянальным архіве Беларусі, і там спыталіся пра бацьку — я расказаў, што ўсё жыццё яго шукаю, і што для іншых людзей я бацькаў знаходзіў, а для сябе — не. І на наступны дзень ранкам мне патэлефанаваў супрацоўнік архіва КДБ і расказаў, што на сайце “Саксонскія мемарыялы” ў Дрэздэне захоўваецца прозвішча ваеннапалоннага Івана Аляксеевіча Алая 1918 года нараджэння з вёскі Усохі. Са здымачнай групай мы тэрмінова выехалі ў Дрэздэн для здымак “Чорнага крумкача”. І вось так — я аб’ездзіў увесь свет, а ўрэшце даведаўся, што інфармацыя была тут, у Беларусі, і сайт атрымаў яе з нашага мінскага архіва. Аказалася, што бацька трапіў у палон пад Стоўбцамі, быў вывезены на тэрыторыю Польшчы і знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у горадзе Дэмблін. Там былі страшэнныя ўмовы, палонных даводзілі да канібалізма. Бацька загінуў пры спробе збегчы ў кастрычніку 42-га года. Гэта ўсё, пра што атрымалася даведацца.

— Мы пагаварылі пра самы новы фільм 2019 года, а цяпер давайце згадаем самую першую вашу рэжысёрскую працу, вельмі гучную, і каштоўную дагэтуль — фільм 1988 года “Не плачце па мне…”

— На той час я быў яшчэ кінааператарам, няхай і вышэйшай катэгорыі. Але даўно імкнуўся стаць рэжысёрам і таму шукаў нейкую яскравую тэму для дэбюту — як кажуць, у рэжысуру трэба ўязджаць на белым кані. І вось адначасова ў газетах “Советская Белоруссия” і “Звязда” я чытаю нарыс Ігара Асінскага пра маладога мастака Аляксандра Ісачова з Рэчыцы: мяне яго гісторыя моцна кранула. У свае 32 гады мастак намаляваў ужо каля 500 карцін, але з-за сюжэтаў афіцыйнае мастацтва, Саюз мастакоў не хацелі іх прымаць, і Ісачоў заставаўся практычна невядомым. А тады якраз у Рэчыцы адкрывалася яго першая персанальная выстава. І з аўтарам артыкула Ігарам Асінскім мы паехалі ў Рэчыцу. На кінастудыі мне проста выдалі 300 метраў плёнкі — маўляў, паглядзім, што наздымаеш, і тады абмяркуем, ці даваць табе фільм. Як аператар я стаяў за камерай, зняў і выставу, і карціны, і людзей, што прыйшлі на іх паглядзець, і — інтэрв’ю з самім мастаком Аляксандрам Ісачовым. Мы вярнуліся ў Мінск, матэрыял на ўра быў прыняты мастацкім саветам. І тут прыйшла трагічная вестка, што Аляксандр Ісачоў раптоўна памёр.

— Кадры вашага інтэрв’ю з ім проста ўнікальныя, як і кадры з той рэчыцкай выставы. Увогуле, фільм на той час быў сенсацыяй. І што практычна неверагодна для дакументальнай стужкі — ён стаў касавым, людзі куплялі на яго білеты…

— Бо які ж лёс у чалавека! Яго выключылі з мінскай школы-інтэрната для адораных дзяцей, так званага Парната, за тое, што ён пафарбаваў свае валасы хной. І вось хлопчык зазіраў у вокны, каб пабачыць, як малююць яго нядаўнія аднакласнікі. І ўсё далейшае жыццё яму даводзілася даказваць, што ён чагосьці варты. Слава прыйшла ўжо пасля смерці, ён паспеў застаць толькі сваю першую персанальную выставу.

Прэм’ера фільма “Не плачце па мне…” была ў Мінску ў кінатэатры “Кастрычнік”. І сеанс быў платны, па білетах, поўная зала. Потым паказваўся і ў іншых кінатэатрах Мінска, ішоў у Маскве, у Ленінградзе. Гэта самы касавы беларускі дакументальны фільм. Больш за тое, мы да прэм’еры зрабілі 300 асобнікаў афіш — выкарысталі там карціны Ісачова: і хоць многія не верылі ў гэтую ідэю, усе афішы прадаліся імгненна. Фільм на той час быў проста надзвычайнай вастрыні, якой дакументальнае кіно ў Беларусі яшчэ не ведала — там і пра псіхічную клініку гаварылася, і пра многае іншае. Да таго ж самі карціны Аляксандра Ісачова вельмі вабілі.

— Над якой ідэяй думаеце цяпер, над чым працуеце?

— На студыі праца па многіх прычынах зараз практычна спыненая — і з-за фінансавай сітуацыі, і з-за каранавіруса. І я вырашыў заняцца сваім архівам — а ён у мяне вялізны, бо на працягу ўсяго жыцця я вёў падрабязнейшыя дзённікі. А я ж на кінастудыі пачынаў яшчэ з таго, што ў якасці электрыка прабіваў там штробы, пракладваў электраправодку. У сэнсе — я пачынаў “Беларусьфільм” яшчэ з нуля, з будаўніцтва. У мяне сабралася надзвычай многа цікавага і ўнікальнага матэрыялу. І вось зараз — у супрацоўніцтве з маім пастаянным сааўтарам, сцэнарыстам Ігарам Асінскім — я лічу вельмі важным выдаць кнігу: яна ўжо рыхтуецца, там будзе недзе пад 800 старонак, будзе мноства фатаграфій, якіх больш нідзе не ўбачыш.

— Да сваёй юбілейнай даты вы падрыхтавалі тэкст, які хочаце апублікаваць. З якой мэтай вы яго напісалі?

— Не хочацца рабіць акцэнт на маім узросце, але ж лічба такая паважная — 80 гадоў. Не ведаю, ці варта пра гэта казаць, але і дзве аперацыі на сэрцы ўжо было. У любым выпадку, вынікі падводзяцца, і я падумаў, што павінны сесці і напісаць нейкае такое слова ад душы, напісаць людзям, нашчадкам. Падумаў, што павінны падзяліцца сваімі думкамі вопытнага, сталага кінематаграфіста — кінааператара, асвятляльніка, сцэнарыста, кінарэжысёра — з тымі маладымі, якія будуць далей працаваць у кіно. І яшчэ — за многае і многім я хацеў падзякаваць.

 

Дзякую!

"Пачну з галоўнага — гісторыю не трэба перапісваць, не трэба правіць. Выхоўваць людзей неабходна праўдай — такой, якая яна ёсць. У гэтым я цвёрда перакананы.

Хто я? Я беларус, мая этнічная Радзіма — Беларусь. Мне 80 гадоў, і 60 з іх я працую на нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Мой бацька Іван Аляксеевіч Алай — франтавік, урач — паходзіць з вёскі Усохі Барысаўскага раёна. Вайну ён сустрэў на Беластоцкім пагранічным выступе, трапіў у нямецкі канцлагер на тэрыторыі Польшчы як ваеннапалонны, загінуў без вестак. Маці ўрач, з вёскі Забалоцце Мінскага раёна: разам мы перажылі фашысцкую акупацыю. У 1941-м ёй было 23 гады, мне — 8 месяцаў. Мама працавала і лячыла людзей усё жыццё, людзі пра яе заўсёды казалі з цеплынёй. Ветэран працы, выдатнік аховы здароўя Беларусі. Пахаваная на могілках у Калодзішчах у Мінскім раёне. І бацька, і дзяды, і бабулі — што па бацькавай, што па матчынай лініі, дзядзькі, цёткі, браты і сёстры — родныя, стрыечныя і траюрадныя: усе тутэйшыя. Калі меркаваць па маім радаводзе, я і ёсць той самы нацыянальны кадр, беларус у чыстым выглядзе, пра дабрабыт каторага сёння гавораць з усіх бакоў. Я скончыў школу з беларускай мовай навучання, скончыў БДУ. Беларусь дала мне ўсё — адукацыю, цудоўную творчую прафесію, пра якую можна толькі марыць, права займацца любімай справай — ствараць фільмы. Гэта вялікае шчасце мець магчымасць рэалізаваць свае здольнасці і заявіць пра сябе, пакінуць свой след у гісторыі і мастацтве. Мне яна была дадзеная, і я ёй скарыстаўся.

Спачатку я стаў кінааператарам, потым кінарэжысёрам. Як паказала жыццё — неблагім кінааператарам, неблагім кінарэжысёрам. Я ствараў фільмы-кінадакументы — іх больш за 200. Здымаў у розных краінах свету — Канадзе, Германіі, Швейцарыі, Польшчы, Расіі, Італіі, княстве Ліхтэнштэйн, здымаў у штольнях Калымы, Варкуты і Магадана. Здымачнай пляцоўкай для мяне стала ўся тэрыторыя былога СССР ад Брэста да Аляскі. Мае фільмы, як і лепшая ваенная проза — гэта “ўвекавечанне пакут і мужнасці”, мае фільмы  — мой боль, летапіс маёй краіны. Іх героі абралі цяжкую прафесію — абараняць Радзіму. Я паставіў перад сабой не менш адказную і складаную задачу — ліквідацыю белых плям гісторыі: я рэабілітаваў абаронцаў Айчыны, герояў вайны, рэабілітаваў ваеннапалонных, што незаслужана пацярпелі за ўчынкі, якія яны здзяйснялі не па сваёй волі, а па віне бяздарных военачальнікаў. Мне не сорамна за свае карціны — я не лакіраваў жыццё, не згладжваў вострых вуглоў, заўсёды і ва ўсе часы паказваў чалавека працы і абаронцу Айчыны праўдзіва — такім, якім ён быў і ёсць. Расказваў пра найцяжэйшыя выпрабаванні, якія выпалі на долю маіх герояў і з якіх яны выходзілі з гонарам, не страціўшы чалавечай годнасці.

Выцягнуць героя з-пад напластаванняў прапагандысцкай ілжы і фальсіфікацый гісторыі бывала нялёгка, няпроста, часам небяспечна для ўласнай кар’еры і нават жыцця. Але я ўпарта ішоў па гэтым цярністым шляху, нікуды не збочваў і заўсёды дасягаў пастаўленых мэтаў. І не шкадую пра гэта. Я сам абраў гэты шлях, па сваёй волі. Кожны фільм — гэта экзамен на грамадзянскую, палітычную і творчую сталасць. Гэта персанальная адказнасць перад народам, які даверыў мне гэтае права меркаваць пра чалавека і яго ўчынкі, выносіць яму, так бы мовіць, прысуд, і захапляцца яго подзвігам. І кожны раз, беручыся за новую працу, рэжысёр павінны па новай даказаць і творча пацвердзіць гэтае права. Я ганаруся тым, што мае фільмы, прынамсі большасць з іх, высока ацэнены народам маёй краіны, і былі прызёрамі міжнародных творчых конкурсаў і кінафестываляў. Мне вядома, што маёй творчасцю зацікавіўся і Галівуд — і гэта не напышлівыя словы, не піар.

Я ўдзячны нашай дзяржаве за дадзеную мне магчымасць тварыць, казаць з экрана праўду, ствараць фільмы-дакументы пра мой народ, весці яго гераічны кіналетапіс. За магчымасць дэманстраваць з экранаў тэлевізійных каналаў такія стужкі з вострымі сюжэтамі як “Не плачце па мне…”, Чорная дарога”, “Адрынутыя”, “Сталін і Геля”, “Марынэска”, “Гастэла”, “Салдаты Італіі”, “Чырвоны д’ябал”, “Бумеранг”, “Панцеляймон Панамарэнка”, “Чорны крумкач”, “Доктар Шуба”, “Чарнобыльскі крыж” і іншыя. Мінуць гады і дзесяцігоддзі, адно пакаленне зменіцца іншым. А мае фільмы-дакументы — не прапагандысцкія вырабы, а сапраўдныя, чыстыя, праўдзівыя кінарасповеды пра людзей нашага няпростага часу — застануцца ў летапісе. І людзі пабачаць іх маімі вачыма, адчуюць сэрцам Анатоля Алая. Ад імя ўсіх герояў сваіх дакументальных стужак — удзельнікаў вайны, франтавікоў з паламаным лёсам, загінулых за Радзіму, ад імя ўсіх забытых на палях бітваў герояў, занядбаных, закапаных у шар зямны — я хацеў бы падзякаваць сваёй краіне, сваёй дзяржаве за прафесійную магчымасць казаць з экрана праўду, якой бы горкай яна ні была. Паўтаруся — гісторыю не трэба перапраўляць, не трэба перапісваць. Праўда павінна выхоўваць людзей.

Не стану хаваць — я ганаруся тым, што быў у ліку кінематаграфістаў, ушанаваных за іх тытанічную працу і творчыя дасягненні адной з самых высокіх узнагарод — прэміяй Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў галіне літаратуры і мастацтва. І што шэсць тысяч гледачоў Віцебшчыны на “Славянскім базары ў Віцебску — 2020” сталі сведкамі гэтага ўрачыстага акта — уручэння прэміі ад імя Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, старшынёй якога з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Дзякую за гэтае рашэнне вызначыць пераможцам прэстыжнай прэміі беларускага кінарэжысёра-дакументаліста, дзякую за зроблены выбар. Такога ў гісторыі беларускага, ды й расійскага кіно яшчэ не было, гэта першы выпадак.

Я — беларус, і хачу жыць у сваёй краіне Беларусі, на маёй этнічнай Радзіме, якая пазначана межамі на карце свету. Ніхто і ніколі не мае права замахвацца на яе цэласнасць. У сваіх фільмах я буду ўзвялічваць тых людзей, якія не шкадавалі свайго жыцця дзеля яе выратавання, буду ўзвялічваць іх подзвігі, здзейсненыя ў імя яе квітнення і дабрабыту. Маё крэда — праўда і справядлівасць павінны быць у аснове ўсяго. Беларусы і надалей павінны мець магчымасць у сваёй краіне вольна жыць, працаваць, любіць, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей. А таксама развівацца і ствараць асяроддзе, у якім з’явяцца свае Шэкспіры, Драйзеры, Гюго, Пушкіны, Айвазоўскія, Уцёсавы, Шульжэнкі, Кармэны, Пыр’евы і гэтак далей. Упэўнены, што так і будзе. Мы павінны вітаць высокаадукаваных, культурных, таленавітых асоб. Я за сапраўднае высокае мастацтва, за сумленную кінадакументалістыку і высокаразвітае грамадства, і я супраць халтуры і карумпаванавай культуры.

Не хачу, каб мае словы рэдагаваліся — я заклікаю не саромецца пафасу, што ідзе ад сэрца і душы. Гэта мае думкі, і я хачу, каб пра іх ведалі ўсе нашы людзі."