Матывацыя для творчасці

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

Аэраграфіст Іван Піліпчык пакінуў ужо выразны след у нашым горадзе: галубы на сцяне Палаца шлюбу, конь на краме “Белы конь”, кот на зоамагазіне, карабель на шматкватэрным доме па вуліцы Інжынернай, казачныя сюжэты на гульнявых пляцоўках і на сценах дзіцячых устаноў, копія гравюры шведскага дзеяча Олафа Магнуса “Беларускія скамарохі” на фасадзе Смаргонскага гістарычнага музея, выява Крэўскага замка на краме “Каласок”, старая базарная плошча Смаргоні на будынку пошты... — і гэта далёка не поўны пералік арт-аб’ектаў, якія малады аэраграфіст стварыў у Смаргоні цягам апошніх пяці гадоў. І ці тое яшчэ будзе?

/i/content/pi/cult/818/17516/22.jpgВельмі важны нюанс. Мы прызвычаіліся, што маштабныя культурныя праекты на карысць грамадству падуладныя толькі маштабным творчым калектывам: клубам, бібліятэкам, музеям. Гэта так. Аднак няма правілаў без выключэнняў. Аўтарамі брэндавых акцый становяцца адзінкавыя асобы, неардынарныя і надзвычай адораныя. Сёння гаворка менавіта пра такога чалавека.

/i/content/pi/cult/818/17516/21.jpgРабіць штосьці сваімі рукамі — асалода

Па дыплому Іван — настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння. Пасля заканчэння Мінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа пяць гадоў адпрацаваў настаўнікам у Сольскай сярэдняй школе. Адначасова вучыўся на завочным аддзяленні Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (на знакамітым мастацка-графічным факультэце). Потым уладкаваўся ў Смаргонскі Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, вёў гурток разьбы па дрэве. Дарэчы, сёлета, пасля невялікай паўзы, Іван вырашыў аднавіць сваю педагагічную дзейнасць, набірае групу дзяцей, будзе выкладаць асновы разьбы.

“У стагоддзе інтэнсіўнага развіцця інтэрнэту дзеці сталі баяцца нават дакрануцца да прылады, не кажучы пра тое, каб хоць што-небудзь зрабіць сваімі рукамі, — у голасе майстра адчуваецца шкадаванне. — Спадзяюся, я змагу хоць трохі дапамагчы дзецям развіць іх здольнасці”.

Аэраграфія — не проста хобі

Разам з тым Іван Піліпчык не мае намеру пакідаць сваю любімую аэраграфію, асновы якой стаў асвойваць дзесяць гадоў таму. У інтэрнэце вывучаў матэрыялы амерыканскіх калегаў па аэраграфіі, глядзеў відэа, перакладаў тэксты, інструменты замаўляў на замежных сайтах. У гаражы з таварышам сабраў першы кампрэсар.

Аэраграфія (“паветрапісанне”) — адна з тэхнік у выяўленчым мастацтве. У якасці інструмента для нанясення на паверхню фарбы майстар выкарыстоўвае аэрограф (“паветраны пэндзаль”) — невялікі пнеўматычны інструмент. Прылада мае памер шарыкавай ручкі. Яна ўжываецца для выканання тонкіх мастацкіх работ.

“Маляваць я любіў з дзяцінства і размалёўваць таксама, капіркі ў ход ішлі, — успамінае Іван. — А вось мастацкай школы за плячыма ў мяне няма. Калі вызначаўся з будучай прафесіяй, то разумеў: без тэарэтычнай і практычнай базы мне не варта ісці ва ўстановы, дзе трэба здаваць малюнак”.

Бяры — і рабі!

Але Іван — яскравы прыклад таго, што калі душа кажа: “Рабі!”, — то не шукай адгаворак. Бяры — і рабі!

Цяпер свае творы арт-мастак выстаўляе ў Instagram. Ад некаторых работ — вачэй не адарваць. Напрыклад, гітара з партрэтам Озі Осбарна або конь на прычэпе. Іван размалёўвае запальніцы, кампутарныя мышкі, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, матацыклетныя шлемы і самі матацыклы, ровары, кепкі, футболкі і нават абутак, робіць інтэр’ерны роспіс... — дызайнерская жылка аэраграфіста працуе ў розных напрамках і на розных асновах.

Кухня арт-мастака аформлена ў афрыканскім стылі: чорная дама на ўсю сцяну, на другой — аб’ёмны трыпціх (у фармаце 3D, зусім не верыцца, што гэта не карціны, павешаныя на цвікі, а малюнак, створаны прама на сцяне). Старэнькі халадзільнік “Снайга” — увесь у нацыянальным арнаменце, які, як вядома, інтрыгуе незвычайнымі графічнымі ўласцівасцямі выяўленчага мастацтва народаў Афрыкі (за такую бытавую тэхніку калекцыянеры грошай не пашкадавалі б).

У дачкі ў дзіцячай Іван таксама пастараўся. У яго адрас оды можна спяваць, убачыўшы толькі тыя казачныя сюжэты, якія ён стварыў на дзіцячых гульнявых пляцоўках і ў інтэр’ерах дашкольных установах. У многіх смаргонскіх садках ёсць “куткі Івана Піліпчыка”.

Варыяцыі кахання і любові

На Палацы шлюбаў, акрамя галубоў, аэраграфіст стварыў яшчэ адзін арт-аб’ект — слова “каханне” напісана на розных мовах свету.

“Мне падабаецца працаваць з трафарэтамі. Гэта патрабуе ўвагі, дакладнасці і канцэнтрацыі, займае шмат часу, бо спачатку трэба падрыхтаваць трафарэт, выразаць яго, — распавядае пра тонкасці сваёй працы арт-мастак. — Некаторыя думаюць, што працэс стварэння гравюры “Рыначная плошча ў Смаргоні” больш працаёмкі, чым графічная праца “Каханне” на сцяне Палаца шлюбаў. Але гэта не так. Так, “рыначная плошча” — больш мастацкая, аб’ёмная (65 квадратных метраў), але сіл і часу я на яе патраціў менш. Затое людзі, дасведчаныя ў пытаннях арт-мастацтва, выказалі шмат кампліментаў у адрас працы “Каханне”. Мне прыемна, што мяне падтрымліваюць сталічныя майстры, творамі якіх я шчыра захапляўся і натхняўся.

Так, раней быў больш няўпэўненым, пастаянна сумняваўся: ці так я раблю? З часам у мяне выпрацаваўся ўласны пункт гледжання, але гэта не значыць, што я перастаў прыслухоўвацца да людзей. Калі чую ў свой адрас крытыку абгрунтаваную, канструктыўную, па справе, то гэтаму чалавеку я бясконца ўдзячны. А яшчэ ўдзячны людзям за добрыя словы ў мой адрас, бо гэта моцная матывацыя да творчасці”.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

Фота з архіва

Івана ПІЛІПЧЫКА