“Як піць, як есць, як жыць”

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

Аднойчы ў Зэльве мы правялі з калегам эксперымент: запыталіся ў маладзёнаў, людзей сярэдняга веку і зусім сівых жыхароў, дзе пахавана Ларыса Геніюш. Апытаных было больш за дзясятак. І літаральна кожны з ахвотай распавёў, дзе знайшла супакаенне неўтаймоўная беларуская паэтка. Амаль усе імкнуліся паказаць, дзе канкрэтна на гарадскіх могілках знайшла апошні спачын Ларыса Антонаўна. 9 жніўня ёй споўнілася б 110 гадоў.

/i/content/pi/cult/818/17515/20.jpgІ не было б, напэўна, згадкі пра Геніюш, калі б не ліст са Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Вядучы метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Наталля Гардзейчык напісала пра народны паэтычны тэатр “Волат” Астрынскага Дома культуры і тэатральнай творчасці. Вас таксама здзівіла назва ўстановы? Мяне здзівіла вельмі. Прынамсі аналагаў па рэспубліцы не прыгадаю. А тэатральная “спецыялізацыя” клуба тлумачыцца тым, што апрача “Волата” ў структуры ўстановы — народны драматычны тэатр і ўзорная тэатральная студыя “Звычайны цуд”. Як тлумачыць Наталля Станіславаўна, у вёсцы ўсе — спрэс артысты. Хтосьці запытаецца, а Геніюш прычым. А дачыненне тут самае непасрэднае. “Волат” прэзентаваў літаратурна-музычную кампазіцыю “Скарбы матулінага куфра” паводле паэмы Ларысы Геніюш “Куфар”. Рэжысёр Ірына Шандроха. Акцыя прайшла ў рамках свята “Кнігафэст” у Гродне. Пра “Куфар” — гаворка асобная. Паэтка ўшаноўвае жаноцкае ткацкае рамяство. Але не толькі. У беларускім куфры павінна захоўвацца самае святое: мова, гісторыя, традыцыі. І не мёртвым грузам, а жывым гаючым скарбам. І маленькая цытата ад Ларысы Антонаўны: “Размаўляць па-беларуску — модна, Мовы маці, кажуць, не забыць. Для мяне гэта не модна, толькі родна — гэта так, як піць, як есць, як жыць”.

У кожнага народа свае скарбы. Не першы раз задаюся пытаннем: “Ці ёсць у нейкім абласным расійскім цэнтры бібліятэка імя Якуба Коласа ці Максіма Танка? ” У Магілёве ёсць не толькі вуліца Міхаіла Лермантава, але і аднайменная бібліятэка — філіял № 4. Днямі тут абвешчаны агульнагарадскі конкурс творчых работ “Пісьмо Лермантаву”. Вучні 4 — 9 класаў агульнаадукацыйных школ абдумваюць, якой парады папрасіць у класіка, пра што яму распавесці і як выказаць падзяку за творчасць. Інфармацыю даслала загадчык інфармацыйна-сервіснага сектара бібліятэкі Настасся Заброцкая. А я зноў задумаўся, якое пытанне я задаў бы сёння Максіму Танку. Хутчэй за ўсё менавіта тое, якое гадоў 60 таму задала яму мая маці: “Чаму мова наша — у заняпадзе?”

Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Круталевіч піша: “Наш вулічны праект “Чытай-дворык у Беразіно” завяршыў сёлетні сезон у верасні. Ладзіліся тут акцыі для дзяцей, падлеткаў, моладзі. Апошняе ў бягучым годзе мерапрыемства прысвячалася дабрыні. Для выставы падабралі адпаведныя кнігі, літаратурныя сюжэты ажывіў тэатр аднаго акцёра.” Усё правільна: дабрыня той скарб, які ў куфры не павінен залежвацца.

Калісьці мая цётка Лена смяялася: “Дакопкі — гэта беларуская свята”. Да крывавых мазалёў “святкаваў” калісьці і я. Тлумачу. Тады механічныя магчымасці бульбакапалкі былі вельмі абмежаваныя. Інакш кажучы, пэўная колькасць “другога хлеба” заставалася ў зямлі. Выйсце тут было адзінае: рыдлёўку ў рукі — і на дакопкі. Аднак якасць тэхнікі падскочыла апошнім часам неймаверна, а дакопкі засталіся хіба што нагодай для развіцця творчай фантазіі работнікаў культуры. Да прыкладу, вось што пра гэта піша вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Ірына Капуста: “Аматараў бульбы аб’яднала вясёлае свята дакопак у аграгарадку Эйгерды. Натуральна, галоўнай гераіняй свята стала бульба. У шэрагу арыгінальных мерапрыемстваў — дэгустацыя страў з бульбы, выстава клубняў, майстар-клас па запяканні бульбы на вогнішчы.” Згадаў і я свае бульбяныя вячэры пры летнім вогнішчы, калі твары сяброў усё больш нагадвалі твары сытых, а таму радасных афрыканцаў. Але не бяды, сажа, кажуць — карысная для страўнікаў. Трошкі сумна ад іншага: помніка бульбе ў Беларусі няма па-ранейшаму. А вось на Украіне помнік салу ёсць.

Журавінавая ягада — таксама не абы-якая беларуская гераіня, вартая ўвекавечвання ў помніку. Такімі помнікамі сталі шматлікія творчыя акцыі. У Свіслацкім раёне яна называецца “Журавінавы рай” і ладзіцца ў аграгарадку Корнадзь. Тут можна і журавіны набыць, і песню пра іх паслухаць.

Аказваецца, “Хуткая дапамога” адсочвае не толькі стан нашага здароўя. У Ваўкавыскім раёне дзейнічае “Хуткая культдапамога”. Яна таксама дзейнічае эфектыўна. Днямі пабывала, да прыкладу, у вёсках Данілоўцы і Тупічаны. Перад жыхарамі аддаленых паселішчаў выступілі народны ансамбль беларускай песні “Медуніца” і салісты Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры. У іх рэпертуары — беларускія народныя песні.

У працяг гаворкі пра нацыянальныя скарбы. Конкурс прыпевачніц адбыўся ў Кальчунах, што на Ашмяншчыне. Тамтэйшыя метадысты так і напісалі: “Недаацаніць важнасць гумару — злачынства. Таму конкурс у Кальчунах, які называецца “Душа-прыпеўка”, ладзіцца ў трэці раз. Цяпер мясцовыя клубныя работнікі думаюць, як вясковы конкурс пераўтварыць у рэгіянальны фэст.

Самы час дастаць з куфра Старажытны Багач — адно з восеньскіх святаў, прымеркаванае да заканчэння збору ўраджаю. У аграгарадку Рупейкі (Ваўкавыскі раён) мясцовы Дом культуры прапанаваў праграму “Прыйшоў Багач — хавай рагач”. Сімвал Багача — лубок з жытам, у якім замацавана свечка. Лубок заносілі ў кожную хату, ушаноўвалі Бога за ўраджай, спадзяваліся, што ў наступным годзе ён будзе не горшы. Творчы складнік свята забяспечыў клуб аматараў народнай песні “Бліскавіца”.

На вясельны пярэпалах запрасіў маёнтак Дамбавецкага ў Бердаўцы Лідскага раёна. Метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Габіс тлумачыць: “Былы ўладальнік сядзібы Аляксандр Дамбавецкі вельмі шанаваў сямейныя традыцыі, меў жонку і чацвёра дзяцей. Сёння ў сядзібе працягваюць ушаноўваць сям’ю. Многія, да прыкладу, ведаюць народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў з Бердаўкі. Днямі сядзіба сустрэла і тыя сямейныя пары, якія адзначылі 10, 20, 30 і нават 50 гадоў сумеснага жыцця. Аматарскае аб’яднанне “Ойра” з Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра прадэманстравала абрад “Надзяванне вэлюму”. Адбылося вытанчанае дэфіле ў вясельных сукенках мінулага стагоддзя”.

Святлана Чубрык, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Навагрудскай раённай бібліятэкі распавяла пра тыдзень Еўрапейскай мабільнасці. Сярод чытачоў прапагандаваўся экалагічны ровар, пры дапамозе якога можна адолець інтэлектуальны маршрут “Кніга на ровары”. Маршрут гэты пралягае праз гістарычны цэнтр горада да забудоў новага мікрараёна. Раварысты размаўлялі з патэнцыйнымі чытачамі, дарылі кнігі і буклеты пра культурныя славутасці Навагрудка.

Гродненская вобласць святкуе 76-годдзе. З гэтай нагоды ў аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна праведзена ўрачыстае мерапрыемства. Загадчык аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель распавядае, што ў маі мінулага года ў рэканструяваным будынку аграгарадка размесціліся клубная ўстанова, філіялы ДШМ і Іўеўскай райбібліятэкі. Сёлета культурны комплекс папоўніўся танцавальнай залай ды кавярней. Спонсарамі сталі Іўеўскі райвыканкам і адкрытае акцыянернае таварыства “Мітра”.

У Ціхавольскім (Свіслацкі раён) сельскім клубе-бібліятэцы прайшло свята лесніка. Канцэрт быў падрыхтаваны для супрацоўнікаў навакольных лясніцтваў.

Бібліяноч называлася “Часоў перапляценне”. Па словах загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа Наталлі Гурскай прайшло гэтае мерапрыемства ў Міжэвіцкай сельскай бібліятэцы. Гаспадыня тут — Раіса Крывіцкая. А госцем стаў літаратуразнаўца, гісторык, перакладчык і журналіст Сяргей Чыгрын, які прэзентаваў кнігу Мікалая Арочкі.

Навіны адным радком. Ад метадыстаў Ашмяншчыны: у аграгарадку Навасёлкі адбыўся Яблычны фэст.

У аграгарадку Ляшчанка (Шчучынскі раён) па традыцыі зладзілі абрад “Жаніцьба Коміна”.

Бераставіцкая раённая бібліятэка прыняла ўдзел у абласным конкурсе “Малая радзіма: імгненні гісторыі”, падрыхтавала альбом-фоталетапіс Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"