Таямніцы Манюшкаў

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

Частка ХІХ
“Вярнуўшыся” ў Вялікае Княства Літоўскае, якое гасцінна сустрэла рэпатрыянта, Станіслаў Манюшка (дзед кампазітара), імпэтна ўзяўся будаваць сваё жыццё. На першым этапе дапамагалі сваякі, якія займалі пэўныя дзяржаўныя пасады і мелі нешараговае месца ў павятовай вертыкалі. А далей, з дапамогай сваяка Францішка Оштарпа, таксама “ўцекача” з Падляшша, прыйшлі часы “драць лыка, пакуль дзярэцца”. Тым яны паспяхова і займаліся, стварыўшы патаемную суполку, якую можна жартоўна назваць трэст “Манюшка, Оштарп і Ко”. І трэст гэты, у адрозненне ад таго, які апісаў О. Генры, не лопнуў. Размежаваўшыся з сябрам і падзяліўшы здабычу на роўныя паловы, Станіслаў Манюшка, будучы ўжо ў паважных гадах, ажаніўся. Абранніцай вайсковага суддзі, век якога пераваліў за пяцьдзясят гадоў, стала прадстаўніца такога ж старога, як Манюшкі, беларускага шляхецкага роду — Ева з Вайніловічаў.

/i/content/pi/cult/818/17512/15.jpgАд курганоў да капліц

Надышоў час трошкі распавесці пра род бабулі Станіслава Манюшкі (кампазітара). Дзякуючы знаходцы ў архіве тастамента Антона Вайніловіча, наваградскага ротмістра, мне ўдалося ўстанавіць імя таго “таямнічага ротмістра, пра якога ўсе пісалі”, але ніхто яго на ўласныя вочы не бачыў. А разам з тым, няблага было і падсвяціць гісторыю гэтай галіны роду, пра якую не згадвалі і самі Вайніловічы, і гербоўнікі. Бо Антон меў толькі аднаго сына, якога пасля заўчаснай смерці бацькі аддалі “ў ксяндзы”. Таму яму не прыйшлося, як іншым прадстаўнікам роду, даводзіць сваё шляхецтва, бегаючы па “присутственным местам” з тэчкай старых родавых прывілеяў. Адначасова не давялося біцца за спадчыну са сваякамі, бо пасля смерці бацькі засталіся ў асноўным пазыкі. Таму і пісаў раней узгаданы Генрык Жавускі, што жонка Станіслава Манюшкі была з добрага, але незаможнага роду.

Неабходна даць слова і апошняму прадстаўніку роду Вайніловічаў — Эдварду. Таму самаму, які ў гонар сваіх памерлых дзетак Сымона і Алены пабудаваў Чырвоны касцёл у Менску.

У прадмове да апублікаваных успамінаў Эдварда Вайніловіча ёсць такія радкі: “Род наш, — піша Вайніловіч у сваім тастаменце, — ні перад кім шапкі не здымаў. Калі амаль уся шляхта былога Наваградскага ваяводства капіла сваё багацце з крошак з радзівілаўскага стала і з закладнікаў выйшла ў гаспадары, мы не адзінай пядзі зямлі ад іх не ўзялі…

…Вайніловічы не прыйшлі ні з Усходу, ні з Захаду — яны карэнныя, мясцовыя, костка ад косткі, кроў ад крыві таго народа, які некалі хаваў сваіх продкаў у гэтых курганах (сёння на вясковых могілках) і родную беларускую зямлю сахой паша”.

З-за такіх прабеларускіх сімпатый над няшчасным Вайніловічам зубаскалілі міжваенныя польскія СМІ. Але для нас тое яшчэ адна падстава з вялікай пашанай ставіцца да гэтай асобы. У адрозненне ад іншых “з каранёў ліцьвінаў-беларусаў”, якія выракаліся свайго.

/i/content/pi/cult/818/17512/16.jpgЗагадваю пахаваць мяне ў…

Згадак пра Антона Вайніловіча мной было знойдзена нямала. Але да завяршэння працы яшчэ далёка. Пакуль можна сказаць пра яго вось што. Паступова ўздымаўся па сацыяльных сходах. Ведаў тых-сіх асобаў, якія працавалі на Слуцкай персіярні Маджарскіх (род, з якога паходзіць маці кампазітара — рэд.). Верагодна, не вылучаўся “кулацкім” падыходам да жыцця, бо ўсе сямейныя скарбы былі раздадзены ў заклад — зброя, рэчы, каштоўнасці. Недзе ў 1762 годзе Вайніловіч ажаніўся з прадстаўніцай старога роду са Случчыны — Ганнай з Бжазоўскіх (Беразоўскіх). Цікава, што родны брат Ганны ксёндз Мікалай Бжазоўскі праз 23 гады павянчае дачку Вайніловічаў — Еву і Станіслава Манюшку.

Акрамя Евы і згаданага вышэй сына, якога звалі Ян (стаў ксяндзом-дамініканінам — рэд.), была яшчэ адна дачка. Марыяне, як і брату, не далі шанца жыць жыццём звычайнага чалавека. Па-беднасці яе проста аддалі мінскім бенедыктынкам. І праз пэўны час яна стала іх прэарэсай. Пахавалі Клатыльду (яе імя ў ордэне — рэд.) з Вайніловічаў на мінскіх Кальварыйскіх могілках. І, нягледзячы на выпрабаванні гэтых могілак на трываласць, металічны крыж з табліцай, дзе ў скароце апісаны ейны жыццёвы шлях, захаваўся. А побач з ёй пазней пахавалі і яе сваякоў Маджарскіх і Крушынскіх. Будзеце на Кальварыі, не прамініце завітаць да яе. Бо не так шмат ужо месцаў засталося ў Беларусі, дзе можна сімвалічна аддаць даніну пашаны Станіславу Манюшку, пахаванаму на чужыне, у Варшаве. А самога Антона пахавалі ў Глуску.

Дзесяць з шаснацаці

Паколькі Станіслаў Манюшка даволі доўгі час жыў самотна, то па шлюбе ён, магчыма, вырашыў, што час парваць са старымі звычкамі наспеў. За няпоўныя дваццаць гадоў , лічачы ад 1786 да 1805 года, у сям’і суддзі нарадзілася шаснаццаць дзетак (!). Праўда, толькі дзесяць з іх дасягнулі паўналецця.

Зробім кароткі агляд жыцця кожнага з іх, але асабліва засяродзімся на лёсе Чэслава Манюшкі, бацькі кампазітара. І пачнем з дачок.

Ганна, якую ахрысцілі 3 лютага 1792 года, пайшла замуж за Яна Расудоўскага. Марыя, хрост якой адбыўся 26 сакавіка 1794 года, стала жонкай Вінцэнта Корсака. Ахрышчаная 18 верасня 1797 года Міхаліна ашчаслівіла Эдварда Ваньковіча. Менавіта іх унукам будзе згаданы вышэй Эдвард Вайніловіч. Клатыльда, якую хрысцілі 25 ліпеня 1800 года ў тым самым Смілавіцкім касцёле, дзе і астатніх дзетак Манюшак, стала жонкай Людвіка Ельскага. А па яго смерці пабралася другім шлюбам з братам Людвіка — Міхалам.

Што ж тычыцца сыноў, то іх лёс склаўся па-рознаму. Не ўсе ажаніліся, і толькі Чэслаў працягнуў род Манюшкаў па мужчынскай лініі. Калі хто захоча даведацца пра іх больш, то вельмі раю звярнуць увагу на кнігу Аляксандра Валіцкага “Станіслаў Манюшка”, дзе маюцца “жывыя” падрабязнасці жыцця кожнага прадстаўніка роду. Праўда, сустракаюцца там і памылкі. Падаем звесткі, узятыя з метрычных кніг Смілавіцкага касцёла.

Ігнат, другі сын Станіслава (першы памёр неўзабаве пасля нараджэння — рэд.), ахрышчаны быў 29 ліпеня 1797 года. У кампаніі 1812 года стаў на бок Напалеона, спярша служыў у 20-м уланскім палку новастворанага войска ВКЛ, а потым уласным коштам стварыў 21 полк, дзе быў палкоўнікам. Пасля вайны ажаніўся з Аленай з Прушынскіх, з якой жыў у Пабярэжжы пад Барысавам да самой смерці (1869 год).

Самы вядомы з сыноў Станіслава Дамінік быў ахрышчаны 6 жніўня 1788 года. Валіцкі піша так: “усё жыццё прысвяціў ажыццяўленню адной думцы-намеру, якая змалку пераследавала яго. Гэта была мара выцягнуць сялян з таго прыніжаннага існавання, у якім тады знаходзіліся”. Ваяваў Дамінік на баку Напалеона. А калі вярнуўся, то асеў у сваім маёнтку Радкоўшчына (аб якім і была раней гаворка і яшчэ будзе — рэд.) і заняўся здзяйсненнем сваёй мары — смелага і светлага эксперыменту ў тым царстве цемры, у якім давялося яму жыць. Гаворка вядзецца пра намер Дамініка даць “волю і адукацыю” сваім падданым. Годны чалавек так і не ажаніўся. Памёр у Мінску ад халеры 26 кастрычніка 1848 года. Пахавалі яго на Залатой горцы ў Мінску, блізу касцёла святога Роха.

Юзафа ахрысцілі 16 жніўня 1789 года. Хоць ён нібыта ніякімі асаблівымі талентамі і не вылучаўся сярод братоў, але ж нешта ў ім было. “Лічыўся ў акрузе “вольнадумцам”. На аматарскія спектаклі запрашаў не толькі шляхту, але і сялян; сядзеў з імі за адным сталом, спяваў беларускія песні” — так пра гэтага Манюшку напісаў Вячаслаў Швед, знаўца гісторыі масонаў у Беларусі. Хоць і быў жанаты Юзаф з Пелагеяй Пакемпіновіч, але ж памёр бяздзетным. Здарылася тое ў Радкоўшчыне 21 красавіка 1840 года.

Казімір, якога ахрысцілі 7 сакавіка 1795 года , нарадзіўся за некалькі месяцаў да таго, як канчаткова знікла з карт свету яго радзіма — ВКЛ. У кастрычніку 1795 года Расійская імперыя акупавала рэшту Літвы (Заходнюю Беларусь і Віленшчыну) і Жамойць, тое, што засталося пасля Другога Падзелу Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый. Гэты дзядзька кампазітара, таксама як і Дамінік, прысвяціў сябе навуцы і адукацыі. Памёр халастым 21 лютага 1836 года ва ўсё той жа Радкоўшчыне, якая ў тыя часы грала ролю цэнтральнай сядзібы Манюшак. Даведаўшыся пра смерць Казіміра, прафесар Віленскага ўніверсітэта, лекар, біёлаг і “бацька польскай хіміі”, і былы “шубравец” (студэнцкае таварыства, з якога выраслі “філаматы і філарэты” — рэд.) сказаў, што “ягоная смерць з’яўляецца незваротнай стратай для краіны”.

Аляксандр, якога ахрысцілі 27 лістапада 1801 года, дзяліў жыццё паміж навукай і мастацтвам, спрабуючы свае сілы ў жывапісу. Праўда, як пісаў Валіцкі: “У жывапісных працах, аднак, не выявіў таленту”. Ажаніўшыся з Аляксандрай з Жавускіх, сястрой пісьменніка Генрыка, нарадзіў з ёй дзвюх дачок — Паўліну і Эрнэстыну. Адна з іх ледзь не стала жонкай славутага Анарэ дэ Бальзака. І аб гэтым у нас яшчэ будзе гаворка. Так як чыны і пасады яго не цікавілі, усяго сябе аддаў сям’і. Праўда, цешыўся з гэтага нядоўга. 1 жніўня 1836 года ў Смілавічах Аляксандр памёр. Там яго і пахавалі побач са сваякамі.

Часлаў, бацька легенды

Бацька кампазітара нарадзіўся 20 ліпеня і ў той самы дзень быў ахрышчаны.

Вось як выглядае метрыка хросту Часлава Манюшкі, у перакладзе з лаціны на беларускую мову.

“Смілавічы. 20 ліпеня 1790 года я, Міхал Гродзскі, настаяцель Смілавіцкага дому Кангрэгацыі Місіяў, ахрысціў немаўля на імя Часлаў, Вінцэнт, Іля народжанага сёння, сына шляхетных яснавяльможных паноў Станіслава Манюшкі і Евы з Вайніловічаў, законных сужэнцаў, суддзяў войска Вялікага Княства Літоўскага. Хроснымі былі яснавяльможны пан Францішак Оштарп, палкоўнік войска Вялікага Княства Літоўскага з яснавяльможнай пані Мар’янай Вайніловічавай, войскай Наваградскага ваяводства. ”

Вельмі незвычайна, што Станіслаў Манюшка, бацька Часлава, старанна пратакаліраваў час нараджэння і смерці сваіх дзетак з неверагоднай дакладнасццю. І, што зусім нетыпова, змясціў гэтыя звесткі на маляваным гербавым дрэве роду (!). Магчыма, гэта ўнікальны выпадак у геральдыцы. Што ж, паставім яшчэ адзін плюс у карму вайсковаму суддзі, які парупіўся нават аб такіх дробязях, але вельмі важных для нас.

У наступнай частцы, якой мы завершым серыял “Таямніцы Манюшкі”, нам застанецца распавесці пра сям’ю бацькоў кампазітара і пра Дамініка Манюшку. Асобы, якая варта і памятнага камяня на Залатагорскіх могілках, і іншых атрыбутаў ушанавання яго памяці.

(Працяг будзе).

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар