Скарбы Флер’яноўскай сядзібы

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

2020 год вельмі багаты на знамянальныя даты для Ляхавіцкага раёна — 150 гадоў назад cкончылася будаўніцтва Флер’яноўскай сядзібы. 80 гадоў, як ўтварыўся сам раён, 75 гадоў з таго моманту, як гасцінна расчыніла свае дзверы Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/818/17511/14.jpgТрэба адзначыць, што напачатку дваццатага стагоддзя Флер’яноўская сядзіба была адным з асяродкаў культурных зносін. Тут арганізоўваліся літаратурныя чытанні, дзе таленавітыя госці чыталі свае творы, спяваў хор, выступалі вядомыя музыканты.

Аднавіць гэтую традыцыю правядзення літаратурных вечароў вырашылі ў 2016 годзе. Па ініцыятыве Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў Год культуры адбыліся першыя “Флер’яноўскія чытанні”. Яны былі прымеркаваныя да 175-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшкі. З той пары і прынята праводзіць чытанні раз у два гады.

Літаратурны фестываль “Флер’яноўскія чытанні” калісьці гасцінна віталі і запрашалі на імпрэзу Тадэвуш Бохвіц і Эліза Ажэшка. Увогуле тут, дзе так утульна раскінуў галіны Ажэшкінскі дуб, лёсам было наканавана стаць памятным месцам, якое здолелі зберагчы, удыхнуць у яго другое жыццё Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч Траццякі. Яны круглы год сустракаюць апантаных турыстаў, як ніхто, у падрабязнасцях расказваюць пра колішніх гаспадароў і гісторыю маёнтка.

Гэтым разам вядучыя свята зачыталі прывітальны ліст дырэктара Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргея Квачана. Ён адзначыў, што “Флер’яноўскія чытанні” сведчаць, што Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, як і іншыя падобныя бібліятэчныя ўстановы, сёння з’яўляюцца цэнтрам адраджэння нацыянальнай памяці і культуры. А яшчэ Прэзідэнцкая бібліятэка перадала ў фонд Ляхавіцкай ЦБС дыск “Перыядычныя выданні з фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь”, які ўключае часопісы на рускай, французскай, польскай мовах перыяду да 1917 года. Копіі друкаваных выданняў былі перададзены Генрыху Траццяку для далейшага фарміравання бібліятэкі, якую заклаў Тадэвуш Бохвіц.

Віталі на імправізаванай сцэне і гісторыка і даследчыка заснавальніка арт-суполкі Тадэвуша Рэйтана Зміцера Юркевіча, які нямала робіць для захавання беларускай гістарычнай спадчыны.

І пасёння Ляхавіччына - з’яўляецца скарбніцай талентаў, якія ў сваім штодзённым клопаце не забываюць пра сваю малую радзіму, працуюць-жывуць з цёплымі ўспамінамі да роднага мястэчка. Падчас фэста даволі гарманічна гучалі вершы нашага земляка, ураджэнца вёскі Яцкаўшчына, — Івана Ждановіча, які сёння працуе рэдактарам газеты “Голас Радзімы”. “Я вярнуўся дамоў у расквечаным маі…” — так сакавіта і пяшчотна разляцеліся радкі верша ў выкананні Міхася Стрыжова. І хоць Іван Ждановіч не змог прыехаць на сустрэчу, перадаў усім прысутным свае прывітанні і віншаванні з 80-годдзем раёна і, безумоўна, з чарговымі “Флер’яноўскімі чытаннямі”. Пранікнёна гучала: “ …Годная будучыня наша — гэта заўсёды руплівая праца, настойлівае трыманне найперш душэўнай раўнавагі ў неспакойным свеце. Гэта імкненне ствараць — а не разбураць, збіраць камяні — а не раскідваць іх, шукаць паразумення з сабой і са светам — а не вінаватых у нашых праблемах”.

Сяброў у фэсту заўсёды многа. І сёлета з радасцю падарылі сваю творчасць слухачам удзельнікі клуба “Літаратурная правінцыя” з Лунінеччыны. Сярод гасцей былі і прадстаўнікі ДУК “Баранавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” разам з пісьменнікамі свайго раёна.

З прывітальным словам выступіў Вадзім Вітальевіч Жылко, журналіст, літаратар, краязнавец, гісторык і пісьменнік.

Не абышлося і без літаратурных узнагарод. Лепшыя з лепшых у розных намінацыях падымаліся на сцэну атрымаць віншаванні і ўзнагароды за перамогу ў конкурсе “Сlovеснасць”. Тэма самая родная і блізкая — слова пра Радзіму.

Дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч шчыра дзякавала за актыўнасць, за тое, што незалежна ад формы, змест твораў канкурсантаў ад першага да апошняга радка прасякнуты любоўю да месца, дзе ўсё дорага сэрцу.

“Экспрэс”, “Берагіня”, “Жытніца” — нашы творчыя калектывы — сваё паэтычнае слова абрамілі ў музычны кантэкст і, як заўжды, здзівілі прысутных.

На “Флер’яноўскіх чытаннях” былі і фотазоны, і выставы, і смачная беларуская кухня, і Instagram-рамачка, — ўсяго хапала, каб прывезці з сустрэчы добрыя успаміны. Бібліятэчны бульвар ад ляхавіцкіх, баранавіцкіх, лунінецкіх калег не раз прымушаў прайсціся і засяродзіць сваю ўвагу на той, ці іншай падзеі.

А “Aдкрыты мікрафон” стаў пляцоўкай для кожнага, хто пажадаў заявіць пра сябе і сваю творчасць.

Святлана Кухта, метадыст Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя Я.Купалы

Фота Сяргея Варановіча "Ляхавіцкі веснік"