Ажэшка ці Арэшка?

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

З прэзентацыі рамана “Над Нёманам”
Толькі-толькі ў Ляхавіцкім раёне, што на Брэсчыне, адбыліся III “Флер’яноўскія чытанні”, прымеркаваныя да 179-годдзя з дня нараджэння Элізы Ажэшка. І тут жа прыйшла яшчэ адна навіна, якая таксама датычылася нашай славутай пісьменніцы.

/i/content/pi/cult/818/17510/13.jpg24 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя 103-га тома з серыі “Беларускі кнігазбор”, які сумесна падрыхтавалі выдавецкі дом “Беларуская навука” і Нацыянальная акадэмія навук. У яго ўвайшлі: раман “Над Нёманам” і цыкл навел “Gloria Victis” Элізы Ажэшкі.

Хацелася б спадзявацца, што імя і творчасць “Каралевы жывога слова” (так Элізу Ажэшка назвала вядомая літаратуразнаўца Валянціна Гапава), калі-небудзь будзе па-сапраўднаму ацэнены. Бо, як заўважыла спадарыня Гапава: “..творы пісьменніцы маюць асаблівую значнасць для беларускага чытача. Лепшая частка яе творчай спадчыны прысвечана беларускаму народу. Гэта многія апавяданні, аповесці “Нізіны”, “Дзюрдзі” (у расійскіх перакладах “Ведьма”), “Хам”, раман “Над Нёманам”, а таксама фальклорна-этнаграфічныя нарысы “Людзі і кветкі над Нёманам” і іншыя”.

Радкі гэтыя я ўзяў з прадмовы да першага “кнігазбораўскага” выдання некаторых твораў пісьменніцы (аповесці, апавяданні, нарысы), якое выйшла дваццаць гадоў таму. На вялікі жаль, з-за пэўных абмежаванняў, самы важны твор Элізы Ажэшка, раман “Над Нёманам” у той том не ўвайшоў. Толькі ў 2003 годзе выдавецтва “Мастацкая літаратура” надрукавала раман “Над Нёманам” у перакладзе Анатоля Бутэвіча, пісьменніка, перакладчыка, першага міністра культуры і друку незалежнай Беларусі.

У імпрэзе, якую вяла загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Эліна Свірыдовіч, бралі ўдзел: аўтар перакладу рамана “Над Нёманам” на беларускую мову Анатоль Бутэвіч, галоўны рэдактар серыі “Беларускі кнігазбор” Кастусь Цвірка, старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць”, даследчыца жыцця і творчасці Элізы Ажэшка Святлана Воцінава, рэдактар кнігі “Над Нёманам” выдавецкага дома “Беларуская навука” Аксана Насухранава, заснавальнік Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, гісторык-архівіст Зміцер Юркевіч і інш.

Госці імпрэзы даведаліся пра цікавыя акалічнасці з’яўлення на свет беларускага перакладу рамана “Над Нёманам”. Як было адзначана, яшчэ ў 1995 годзе рэдактар серыі “БК” Кастусь Цвірка падказаў Анатолю Бутэвічу звярнуць асаблівую ўвагу на гэты раман. Нямала цікавага прагучала таксама пра жыццёвы лёс і творчасць пісьменніцы.

Асабліва трэба сказаць, што магчыма ўпершыню ўвага грамадскасці была звернута на форму прозвішча пісьменніцы. Бо зараз актыўна ўжываецца паланізаваны варыянт “Ажэшка”. Але так у беларускім друку было не заўсёды. Наш класік Францішак Багушэвіч, без якога беларуская літаратура дакладна не была б такой, якой мы яе ведаем сёння, з удзячнасцю прысвяціў сваёй сяброўцы спадарыне Элізе верш “Яснавельможнай пані Арэшчысе”. І не проста прысвяціў, але чытаў яго ў яе прысутнасці на адной з імпрэз.

Вядомая беларуская паэтэса, родам з Наваградчыны, Данута Бічэль-Загнетава таксама выкарыстала беларускі варыянт прозвішча пісьменніцы ў вершы “Арэшка”. Яна цікава абыграла “перафарматаванне” пісьменніцы Францішкам Багушэвічам з польскіх літаратурных рэек на беларускія. Бо вядома, што менавіта спадарыня Эліза натхніла пісаць Багушэвіча па-беларуску, бо па-польску ў яго выходзіла не надта добра: “Варшаўскі свет не раскусіў Арэшку — Якой зямлі была яна дачка. Так рызыкоўна стала на сумежку. На градку пасадзіла Бурачка.” (Мацей Бурачок — псеўданім Францішка Багушэвіча — рэд.).

Варта падкрэсліць, што беларускія гісторыкі свядома ўзялі курс на пазбаўленне беларускіх прозвішчаў паланізмаў. Прынамсі, у “Гербоўніку беларускай шляхты”, які ўжо шмат гадоў выдае Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, паланізаванай форме прозвішча шляхецкага роду “Ажэшка”, вернуты першапачатковы беларускі варыянт “Арэшка”. Іншымі словамі, падставы для дыскусіі ёсць.

Напрыканцы імпрэзы адбылася аўтограф-сесія, і кожны жадаючы змог пакінуць сабе асобнік выдання з подпісамі тых, дзякуючы каму раман “Над Нёмнам” сёлета пабачыў свет.

Што ж датычыцца радаводу пісьменніцы, “К” абавязкова прысвеціць яму адпаведную ўвагу. Але крыху пазней.