Беларусь шматаблічная

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

У кожнага чалавека, калі толькі ён цалкам не пазбаўлены фантазіі, у галаве ёсць уласная мадэль рэчаіснасці. Пэўным чыннікам такой мадэлі можа з’яўляцца рэальная кропка на карце, якой надаецца містычны сэнс, якая ўвасабляе з вялікай літары Мару і выконвае ролю цэнтра Сусвету. Прыкладам можа служыць кампліментарная для яўрэяў усяго свету выслоўе: “Дзесяць мер прыгажосці дадзена свету: дзевяць дасталася Іерусаліму, адна — астатняму свету”. Яму больш за дзве тысячы гадоў. І гаворка, зразумела, не пра тое, што Іерусалім быў і застаецца далёкай перыферыяй адносна сусветных цэнтраў цывілізацыі, а пра тое, што геаграфічная адлегласць ніяк не ўплывае на папулярнасць гэтай тэзы, на яе культуралагічны сэнс. Таму што Іерусалім — не для вока, а для душы. Такі “Іерусалім” ёсць, бадай, у кожнага чалавека.

/i/content/pi/cult/818/17508/9.jpgКропка на шары

Для савецкіх людзей ролю “Іерусаліма” амаль восемдзясят гадоў выконвала Масква. Быў час, пра яе спявалі някепскія песні (“Дорогие мои москвичи”, “Подмосковные вечера” і гэтак далей), яна была сімвалам савецкай Атлантыды. Але ж гэта не перашкаджала і тады некаму адчуць позыў да іншых берагоў, бо карціла зазірнуць за жалезную заслону. Гэты тып таленавіта ўвасоблены ў класічных творах Ільфа і Пятрова — Астап Бэндэр з ягонай марай пра Рыа-дэ-Жанэйра. І, канешне ж, чэмпіёнам свету ў “фантазійнай галіне”, якая тычыцца прывабных мясцін, ужо некалькі стагоддзяў з’яўляецца Парыж. Асабліва цягне туды людзей творчых прафесій. І гэта таксама адлюстравана ў савецкай класіцы: “Наверно я погиб: глаза закрою — вижу. Наверно, я погиб: робею, а потом куда мне до неё — она была в Париже, и я вчера узнал — не только в нём одном!”

Мяне ж са студэнцкіх часоў, калі я ўпершыню пабачыў фотаздымкі шэдэўраў Антонія Гаўдзі, цягнула ў Барселону. У горад, дзе каталонскі геній здзейсніў свае галоўныя праекты. Відаць, калі б я пабачыў Барселону ў маладосці, я сёння быў бы ва ўсіх адносінах іншым чалавекам. Але наведаў я горад сваёй мары зусім нядаўна, ужо маючы пэўны жыццёвы досвед і псіхалагічна ўкаранёны ў беларускую зямлю. І вось вяртаюся я з тае цудоўнай вандроўкі, сыходжу з самалёта ў мінскім аэрапорце, дзе нас з жонкай сустракае сын, каб адвезці дадому, і выразна адчуваю: тут мая Барселона, мой Парыж, мой Іерусалім… У такія моманты адчуваеш, што Зямля насамрэч круглая — не плоская з геаметрычна вызначаным цэнтрам, як лічылі ў старажытнасці, а шар. А на шары цэнтрам можа лічыцца якая заўгодна кропка.

/i/content/pi/cult/818/17508/10.jpgImpression

Гэта пачуццё яшчэ больш выкрышталізавалася ў часе колішніх аўтавандровак па заходняй частцы нашай краіны, уражаннямі ад якіх я дзяліўся з нашымі чытачамі. Не толькі сталічны Мінск можа быць увасабленнем Мары. Я мог бы паўнавартасна жыць і працаваць у Магілёве ці Гародні. Думаю, мне было б утульна і ў Бабруйску, Салігорску і Паставах.

З гэтага, аднак, не вынікае, што ўсё навокал я мераю адной меркай.

Нядаўна, па дарозе ў Бялынічы, куды накіроўваўся з жонкай на Дзень пісьменства, мы зрабілі некалькі прыпынкаў на Міншчыне і Магілёўшчыне. І тут я насамрэч адчуў, што наша адносна невялікая краіна шматаблічная не толькі вонкава.

“Рыжская мяжа”, што ў 1920 годзе парэзала, як кажуць, па жывым наш край, прайшла не толькі па зямлі. Безумоўна, польская дзяржава была для беларусаў па трапным выразе пісьменніка Вячаслава Адамчыка “чужой бацькаўшчынай”, але на захадзе захаваліся прыватная ўласнасць, на якой узгадоўвалася пачуццё гаспадара і сумленнае стаўленне да працы. Захаваліся традыцыйная культура і мараль, маючыя ў аснове рэлігію. На ўсходзе праз панаванне бальшавікоў гэтыя каштоўнасці ў значнай ступені былі страчаныя. Непапраўныя страты панесла матэрыяльная культура, з ідэалагічных меркаванняў былі бязлітасна знішчаны многія помнікі дойлідства.

Але пры гэтым у Беларускай ССР не без цяжкасцяў і чалавечых ахвяр былі закладзены асновы моцнага прамысловага патэнцыялу, што ў сваю чаргу паспрыяла паскоранаму ператварэнню краю пераважна сялянскага і местачковага ў сучасную ўрбанізаваную супольнасць.

Кляштар і медыцына

…Перш чым выправіцца ў дарогу звыкла патэлефанавалі нашаму прыяцелю Уладзіміру Цвірке, які Беларусь ведае як уласную хату, а мо нават і лепей. Ён і намаляваў нам маршрут.

Першы прыпынак — Смілавічы. Я тут бываў толькі аднойчы і фактычна Смілавічаў не бачыў, бо прыязджаў выключна дзеля Музея Хаіма Суціна пры мясцовай школе мастацтваў. Гэтым разам мы мелі мэтай пабачыць палац Манюшкаў-Ваньковічаў — дакладней тое, што ад яго засталося. Мяркуючы па здымках, змешчаных у Сеціве, засталася толькі адна вежа пасярод вялікага старасвецкага парку. Але і ў занядбаным стане выглядае яна велічна.

Парк, на жаль, не захаваўся, не было нават і агароджы. Непасрэдна на тэрыторыі парку пабудаваны, мяркуючы па архітэктуры 60-х гадоў, сельскагаспадарчы тэхнікум (цяпер гэта аграрны каледж) — навучальныя карпусы і студэнцкія інтэрнаты. Рамантычны парк засмечаны чыста функцыянальнай забудовай. Побач з “паркам” — даволі неахайнае прыватнае жытло і тыповая чатырохпавярхоўка, на фасадзе адной з якіх цэглай выкладзены надпіс “50 БССР-КПБ”. Зрабіць эфектны здымак вежы не атрымалася, блізка падысці да палаца немагчыма. Бо (добры знак), нарэшце, пачалася рэстаўрацыя — і руіны агароджаныя металічнай сеткай.

Настрой сямейных вандроўнікаў крыху палепшыўся на наступным прыпынку — у Малых Лядах. Гэта невялікая вёска ў тры вуліцы, але яна валодае архітэктурнай перлінай — Благавешчанскім манастыром, пабудаваным напрыканцы XVIII стагоддзя. Манастыр дзеючы. Вось сапраўды месца, дзе адпачывае душа! Мяне ўразіла вельмі далікатная аздоба інтэр’ера галоўнага храма манастырскага комплексу. Гэта роспіс, зроблены напачатку 90-х, калі зачынены агрэсіўнымі атэістамі манастыр быў вернуты Царкве і ў ім аднавіліся богаслужэнні. Роспіс захоўвае стылістыку царкоўнага канона, іканапіснай умоўнасці. Але ёсць у ім элементы і ад рэалістычнай карціны.

Жонка купіла ў царкоўным кіёску кнігу пра тое, як хрысціянская мараль спалучаецца з навукай і медыцынай у прыватнасці. Царкоўны служка зацікавіўся, хто мы і адкуль. Сам ён чалавек свецкі, у храме працуе паводле духоўнага паклікання. Ён расказаў нам, як вера выратоўвае людзей. Вось і сын ягоны, які ў дзяцінстве ледзь не страціў зрок, сёння не толькі дзякуючы медыцыне, але, пэўна, і бацькоўскай малітве, і ўласнай веры ў сябе і Бога, спартсмен і былы пагранічнік.

Яшчэ служка распавядае пра вядомых спартсменаў, з якімі асабіста знаёмы. Кажа, што яны пасля траўмаў, несумяшчальных са спартыўнай кар’ерай, намаганнем волі зноў вярталіся ў строй і бралі медалі на міжнародных спаборніцтвах. Бывалі яны і ў гэтым храме. На развітанне запрашае яшчэ завітаць у манастыр, калі будзе нагода ці проста будзем знаходзіцца недзе непадалёку.

Цалкам зразумела

Далей быў Чэрвень. Калісьці ў горадзе меўся касцёл, пабудаваны на мяжы XVIII — XIX стагоддзяў. Але, як коратка пішуць у такіх выпадках у энцыклапедыях, “не збярогся”. Новы касцёл — пабудаваны напачатку 2000-х. Даволі прыгожы будынак. З душой зроблена. Уражанне такое, што людзі, якія яго будавалі, усведамлялі, што робяць босскую справу. Але наватвор ён і ёсць наватвор.

Потым — Беразіно. Там і заначавалі. Цэнтральная плошча такая ж, як і ў большасці малых гарадоў. Перад тыпавым будынкам мясцовай улады абавязковы помнік Леніну — больш-менш арыгінальнай пластыкі. Тут жа на плошчы гасцініца і гандлёвы цэнтр. Мясцовай славутасцю лічыцца палац Патоцкіх. Але пабачыўшы ў Сеціве, у якім ён стане, вырашылі не псаваць настрой і глядзець на заняпад не пайшлі. Прайшліся па цэнтры, пабачылі царкву, будаўніцтва касцёла і цэнтр хрысціян-евангелістаў. Усе плыні Хрысціянства прадстаўлены ў горадзе з насельніцтвам у 12 тысяч чалавек.

З раніцы паехалі ў Княжыцы. Гэта ўжо за Бялынічамі, бліжэй да Магілёва. Спачатку гэты пункт не планавалі, але згадаўшы рэкамендацыю Уладзіміра Цвіркі, вырашылі ўсё ж такі з’ездзіць, і не пашкадавалі. Касцёл сярэдзіны XVIII стагоддзя. Велічны нават у паўразбураным стане. Мяркую, храму пашчасціла, што стаіць ён у вёсцы, а не ў горадзе, бо атрымаў больш шанцаў хоць неяк захавацца. Мясцовае насельніцтва часткова расцягала яго на цэглу. Але якасна будавалі продкі: стаіць усё ж такі храм! Цікава, што гаспадары дамоў, што пражываюць побач, як могуць упрыгожваюць тэрыторыю, прылеглую да касцёла. Таксама даглядаюць і свае дамы, каб не сорамна было.

Сёння Беларусь — краіна, па еўрапейскіх мерках, немалая, а значыць, як і іншыя краіны, мае рэгіянальную шматаблічнасць, што цалкам зразумела.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"