Архіўная памяць набывае моц

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

З нагоды Дня архівіста, які сёлета адзначаецца 4 кастрычніка, зноў звяртаемся да досведу і набыткаў супрацоўнікаў архіўнай справы. Гэтым разам аб поспехах і дасягненнях у гэтай галіне распавяло кіраўніцтва Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/818/17507/7.jpgНацыянальны гістарычны архіў — адна з найбольш значных архіўных устаноў краіны. Ён быў утвораны ў 1938 годзе на базе Магілёўскага гістарычнага архіва як Цэнтральны гістарычны архіў БССР.

“Тут нельга не заўважыць сувязі з такім эпізодам айчыннай гісторыі, як меркаваны перанос сталіцы савецкай Беларусі з Мінска ў Магілёў, — распавядае дырэктар архіва ДЗМІТРЫЙ ЯЦЭВІЧ. — Такі крок планаваўся, каб уратаваць сталіцу БССР ад ваеннай пагрозы з захаду — бо Мінск знаходзіўся занадта блізка ад мяжы з Польшчай. Аднак, ужо ў 1939 годзе межы рэспублікі значна пашырыліся ў выніку далучэння Заходняй Беларусі да СССР, і перанос сталіцы перастаў быць актуальным”. Менавіта ў такіх варунках і быў пакладзены пачатак адной з вядучых архіўных устаноў Беларусі, а наперадзе яе чакалі яшчэ многія выпрабаванні, страты і набыткі — перадусім, падчас Вялікай Айчыннай вайны.

У паваенныя гады, у 1963 годзе архіў быў пераведзены з Магілёва ў Мінск. З набыццём Беларуссю незалежнасці адбывалася рэарганізацыя ўстаноў архіўнай галіны — на базе Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР і былога Цэнтральнага партыйнага архіва Камуністычнай партыі Беларусі быў арганізаваны Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, а ўжо з яго структуры ў 1995 годзе быў вылучаны комплекс дакументаў канца XIV — пачатку XX стагоддзяў і створаны Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Скарбніца старажытнасці

Фонды архіва змяшчаюць дакументы дарэвалюцыйнага перыяду — то бок, створаныя да 1917 года. Найбольш унікальны комплекс дакументаў у архіве складаюць актавыя кнігі дзяржаўных устаноў перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якія ўтрымліваюць каштоўныя звесткі аб жыцці нашых продкаў у XV — XVIII стагоддзях. Вядома, працаваць з крыніцамі такога кшталту здольны далёка не кожны архівіст.

/i/content/pi/cult/818/17507/8.jpgПерадусім, для гэтага патрэбныя навыкі палеаграфіі — гістарычнай дысцыпліны, якая вывучае асаблівасці знешняга выгляду старадаўніх кніг. Палеографы даследуюць эвалюцыю літар, шрыфтаў і почыркаў, што дазваляе ім расчытваць гістарычныя першакрыніцы. Таксама для гэтага неабходнае веданне моваў, на якіх складзеныя гэтыя дакументы — старабеларускай, польскай, лацінскай. Нацыянальны гістарычны архіў — адзіны ў краіне, дзе існуе аддзел старажытных актаў, які акурат і займаецца апрацоўкай дакументаў такога кшталту.

Найстарэйшы дакумент, выяўлены ў архіве — прывілей князёў Карыятавічаў, датаваны 1391 годам. Адшуканы ён быў у 2001 годзе, прычым знаходзіўся гэты каштоўны артэфакт у фондзе, які ўтрымліваў дакументы больш позняга перыяду. Ён быў уключаны ў адну з судовых спраў часоў Расійскай імперыі, у якую трапіў, відавочна, як доказ аднаго з бакоў у спрэчцы за маёмасць — дзякуючы чаму і збярогся да нашага часу. Але трэба ўлічваць, што далёка не ўсе дакументы архіва вывучаныя да канца, таму наперадзе навукоўцаў могуць чакаць і яшчэ больш старадаўнія знаходкі.

Страты і набыткі

На вялікі жаль, комплекс старадаўніх дакументаў, што захоўваецца ў архіве і ў Беларусі наогул, панёс значныя страты ў выніку шматлікіх войнаў, якія пракаціліся па нашай зямлі за мінулыя стагоддзі. Значная колькасць дакументаў была страчаная незваротна. Для параўнання — на момант стварэння архіва ў 1938 годзе, напярэдадні Другой сусветнай вайны, яго фонды налічвалі звыш трохсот васьмідзесяці тысяч адзінак захоўвання, з якіх пасля вайны былі вернутыя ў Беларусь толькі не больш за трыццаць восем тысяч. Цудам удалося вярнуць, напрыклад, вывезеныя акупацыйнымі ўладамі ў Рыгу актавыя кнігі часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Ладная частка дакументаў загінула, знішчаная ваеннымі разбурэннямі, з-за бомбаў і пажараў, прычым зніклі таксама і вопісы — таму сёння надзвычай цяжка меркаваць, які неацэнны скарб мы ў выніку згубілі. Тым не менш, пасля вайны ў архіў былі перададзеныя тыя фонды абласных архіваў, што ўтрымлівалі дарэвалюцыйныя дакументы, паступалі сюды таксама профільныя фонды з архіваў Масквы, Ленінграда, Кіева, Вільнюса, Рыгі — і, такім чынам, сёння архіў налічвае ўжо звыш мільёна адзінак захоўвання.

Абмен каштоўнай інфармацыяй

Між іншага, апынуліся пасля вайны ў Беларусі і некаторыя дакументы, якія не маюць непасрэднага дачынення да нашых земляў: напрыклад, актавыя кнігі з розных гарадоў Польшчы — Любліна, Мельніка, Бельска. Таксама выпадкова з’явіўся ў Беларусі і фонд сям’і знакамітага караля Яна ІІІ Сабескага. Па словах намесніка дырэктара архіва Дзяніса ЛІСЕЙЧЫКАВА, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтыя дакументы апынуліся ў Прусіі, а пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны былі вывезеныя з Тайнага архіва прускай культурнай спадчыны ў Берліне і трапілі ў Мінск. Польскія ж гісторыкі ажно да канца 1980-х гадоў лічылі гэты каштоўны архіў страчаным. Нарэшце, у 2015 годзе Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі заключыў дамову з музеем-палацам Яна Сабескага ў Вілянаве, што пад Варшавай. У рамках гэтага супрацоўніцтва цяпер адбываецца паступовая публікацыя дакументаў з фонду Сабескіх. У Польшчы ўжо пабачыў свет том, які ўтрымлівае ліставанне жонкі караля Марыі-Казіміры з сынамі.

Наогул жа, адным з галоўных накірункаў міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца выяўленне ў замежных архівах збораў, якія датычацца гісторыі Беларусі. У выніку архіў імкнецца атрымаць у рамках абмену лічбавыя копіі такіх дакументаў. Так, ужо заключаныя адпаведныя дамовы з архівамі ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Цвяры, з Літоўскім гістарычным архівам. Каб зацікавіць калег да супрацоўніцтва, архівы абменьваюцца лічбавымі копіямі крыніц, знойдзеных у сваіх фондах. Так, НГАБ прапанаваў перадаць у Цвер і Яраслаўль копіі дакументаў тамтэйшых касцёлаў. Такім чынам, як бачым, сёння няважна, дзе знаходзіцца арыгінал таго ці іншага дакумента, бо вялікую ролю адыгрывае імкненне да супрацоўніцтва і жаданне зрабіць архіўную інфармацыю даступнай.

У пошуках продкаў

Найбольшую зацікаўленасць у грамадзян зазвычай выклікаюць дакументы генеалагічнага характару. Перадусім гэта метрычныя кнігі хрысціянскіх прыходаў, дзе фіксаваліся звесткі аб нараджэнні, смерці і заключэнні шлюбаў, інвентары магнацкіх уладанняў з пералікам іх жыхароў, а таксама звесткі рэвізій і перапісаў насельніцтва, якія праводзіліся ў часы знаходжання беларускіх земляў у складзе Расійскай імперыі. Тут можна знайсці генеалагічныя матэрыялы з колішніх Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў, а таксама часткова з Віленскай — разам гэтыя адміністрацыйныя адзінкі ахоплівалі дзве траціны сучаснай тэрыторыі Беларусі. Матэрыялы ж, датычныя Гродзенскай губерні, куды ўваходзілі і часткі Брэстчыны, знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Гродна — але амаль усе дакументы з гэтых мясцін, якія паходзяць з часоў да ўваходжання беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі, таксама перададзеныя ў Нацыянальны гістарычны архіў у Мінску. Завяршаецца таксама перадача ў архіў метрычных кніг і іншых дакументаў канфесійных устаноў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, якія раней захоўваліся ў архівах органаў ЗАГС.

Архіў выконвае платныя паслугі па выкананні біяграфічыных і генеалагічных запытаў, прадастаўляючы інфармацыю аб датах жыцця, біяграфічных звестках тых ці іншых асобаў, а таксама выконваючы даследаванні па гісторыі сям’і — зазвычай за год удаецца апрацаваць каля дзевяноста запытаў такога кшталту. Трэба ўсведамляць, што асноўную частку дзейнасці супрацоўнікаў архіва складаюць усё ж пошукавая праца па планавых навуковых тэмах, па выкананні запытаў, якія паступаюць ад дзяржаўных устаноў. Тым не менш, план па выкананні біяграфічных запытаў, напрыклад, перавыконваецца ўдвая, дзякуючы працы аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм, які распрацоўвае базы звестак, што дазваляюць шукаць інфармацыю аб той ці іншай асобе па такіх крытэрыях, як прыналежнасць да населенага пункта, саслоўя і гэтак далей.

Электронны доступ

Зараз падыходзіць да завяршэння дзесяцігадовая праца над новым архіўным даведнікам, які будзе змяшчаць інфармацыю аб кожным фондзе і вопісе, што дазволіць даследчыкам зручней арыентавацца ў справах архіва. Папярэдні даведнік такога кшталту быў выдадзены ажно ў 1974 годзе — вядома, з таго часу многія фонды былі перайменаваныя альбо перапрацаваныя. Інфармацыя пастаянна ўдакладняецца: часам выяўляюцца справы, якія памылкова былі аб’яднаныя, альбо знаходзіліся ў няпрофільным фондзе — такія недахопы абавязкова выпраўляюцца.

3 2012 года працуе лакальная сетка, якая дазваляе праглядаць лічбавыя копіі дакументаў. Ёсць прафесійнае абсталяванне для сканавання дакументаў, і калі за ранейшы перыяд на працягу дзесяці гадоў было зроблена каля аднаго мільёна сканаў, то цяпер з’явілася магчымасць рабіць да дзвюхсот тысяч сканаў за год. Але, тым не менш, варта ўсведамляць, што каб перавесці ўсе фонды архіва ў электронны выгляд, спатрэбілася б дзесяцігоддзі. Трэба ўлічваць таксама спецыфіку старадаўніх дакументаў, якія часта сшытыя ў вялізныя кнігі, а таксама зважаць і на тое, як адаб’ецца сканаванне на іх стане і захаванасці. Тым не менш, найбольш запатрабаваныя дакументы ўжо алічбаваныя, а на сайце архіва сёлета ўлетку ўжо размешчаныя вопісы фондаў, што значна спрашчае пошук і доступ для карыстальнікаў.

Пытанне — адказ

Штат архіва налічвае семдзясят сем чалавек з улікам абслугоўваючага персаналу, непасрэдна архіўных супрацоўнікаў — пяцьдзясят тры. Частка архівістаў не займаецца даследаваннем дакументаў, але, тым не менш, мае да іх непасрэднае дачыненне — перадусім гэта тычыцца аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў. Ёсць у штаце нават архівіст-рэстаўратар, забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем, якое дапамагае вяртаць да жыцця пашкоджаныя дакументы. А над адказамі на біяграфічныя і генеалагічныя запыты грамадзян, напрыклад, працуюць дванаццаць супрацоўнікаў.

Што тычыцца ўвагі карыстальнікаў — для параўнання, у пачатку 1990-х гадоў у чытальнай зале архіва штогод працавалі не больш за сотню наведвальнікаў. Сёлета чытальная зала пэўны час не працавала з увагі на эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, але, як можна меркаваць па выніках мінулага года, цяпер тут штогод налічваецца каля дзевяцісот карыстальнікаў, а колькасць наведванняў складае больш за дзесяць тысяч. То бок гэтыя паказчыкі выраслі амаль у дзесяць разоў. З увагі на такую запатрабаванасць, летась чытальная зала архіва была пашыраная амаль удвая — у ёй з’явіліся яшчэ чатырнаццаць дадатковых месцаў. Таксама ў межах дзяржаўнай праграмы “Архівы Беларусі” вядзецца пастаянная работа па паляпшэнні ўмоваў працы, удасканальваюцца сістэмы супрацьпажарнай і ахоўнай сігналізацыі, праводзяцца рамонтныя работы, сёлета было замененае ліфтавае абсталяванне.

Плён грунтоўнай працы

Даследаванні архівістаў знаходзяць свой вынік у публікацыі дакументаў з фондаў установы. Адным з найбольш папулярных выданняў, своеасаблівай візітнай карткай архіва зрабіўся “Гербоўнік беларускай шляхты”, першы том якога пабачыў свет у 2001 годзе, а сёлета з’явіўся ўжо сёмы. Калі паміж папярэднімі выпускамі бывалі паўзы па пяць — сем гадоў, то цяпер зазвычай новы том з’яўляецца праз год, а сёлета выйшлі ажно два тамы, і ўжо рыхтуецца чарговы, які ўтрымлівае інфармацыю аб шляхецкіх родах, чые прозвішчы пачынаюцца на літару К. 

Таксама былі выпушчаныя архіўныя даведнікі па дакументах дзяржаўных, рэлігійных і грамадскіх устаноў Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў перыяду Расійскай імперыі. Зборнікі дакументаў з’яўляліся да адпаведных угодкаў пачатку вайны 1812 года і Першай сусветнай, паўстання 1863 — 1864 гадоў. На працягу сямнаццаці гадоў таксама выдаецца зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў “Архіварыус”, які з’яўляецца раз на год. У супрацоўніцтве з музейнымі ўстановамі архівам ладзяцца і разнастайныя выставы, прычым іх матэрыялы можна пабачыць не толькі ў часовых экспазіцыях, але і на сайце niab.by. Найбліжэйшым часам архіў рыхтуе да выдання фотаальбом, прысвечаны Мінскай мужчынскай гімназіі — на прадстаўленых тут фотаздымках можна будзе пабачыць многіх гістарычных дзеячаў беларускай дзяржаўнасці.

Кіраўніцтва архіва адзначае, што, калі казаць пра навуковую і выдавецкую дзейнасць, з часу атрымання Беларуссю незалежнасці было, бадай, зроблена больш, чым за ўвесь савецкі перыяд гісторыі. Застаецца пажадаць архівістам і даследчыкам надалей захоўваць імпэт і настойлівасць у няпростых пошуках архіўных скарбаў.