Да сярэдзіны 1980-х гадоў склалася ўжо пэўная школа беларускага дызайну оптыка-механічнай галіны. І трэба сказаць, што разам з ленінградскай беларуская школа лічылася лепшай у тагачасным Савецкім Саюзе. У гэтым была немалая заслуга Анатоля Цехановіча. Сам ён таксама прымаў удзел у праектаванні шэрага вырабаў. Сярод іх любіцельскія фотаапараты, абсталяванне працоўнага месца эксперта грашовых знакаў, універсальны прыбор для кантролю цэнных папер і інш.
На два дзясяткі дызайн-распрацовак Цехановічам былі атрыманы аўтарскія пасведчанні на прамысловы ўзор, ён стаў удзельнікам больш за дваццаць спецыялізаваных і тэматычных выстаў. На шэрагу з іх Анатоль быў удастоены медалёў і ганаровых дыпломаў. У 2004 годзе Анатоль Цехановіч разам з калектывам дызайнераў, у які уваходзіў і аўтар гэтых радкоў, намінаваўся на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (намінацыя “Творы дызайну”) за распрацоўку мікраскопа параўнання для ідэнтыфікацыі аб’ектаў і цэнных папер “Пеленг МС-2”.
Трэба адзначыць, што Цехановіч быў не толькі выдатным дызайнерам, але і таленавітым арганізатарам. Менавіта яму належала ідэя і заслуга ў арганізацыі серыі навукова-практычных семінараў, якія з 1987 па 1992 год рэгулярна праводзіліся дызайнерамі оптыка-механічнай галіны. Семінары праводзіліся штогод, яны атрымалі вельмі выразнае, сакавітае імя “Макаўза” па назве возера і паляўнічай базы пад Мінскам на Лагойшчыне, дзе адбываліся гэтыя мерапраемствы. На іх з’язджаліся дызайнеры з розных гарадоў і рэспублік СССР: Масквы, Ленінграда, Краснагорска, Пярмі, Свярдлоўска, Ташкента, Кіева, ну і, зразумела, Мінску. Шмат цікавых пытанняў, звязаных з дызайнерскім праектаваннем фотаапаратуры, удалася закрануць удзельнікам семінараў, у праграму якіх уваходзілі і навуковыя даклады, і практычныя дызайнерскія распрацоўкі. І нязменным натхніцелем, і душой творчай працы на семінарах заставаўся Анатоль Цехановіч.
Анатоль Цехановіч быў таксама адным з актыўных стваральнікаў спачатку Усесаюзнага, а потым і Беларускага саюза дызайнераў. Ён жа быў і адным з першых, хто адкрыў творчую дызайн-студыю, якія сталі стварацца пры Саюзе дызайнераў.
Пасля распаду СССР саюзы дызайнераў былых саюзных рэспублік сталі самастойнымі. Неўзабаве ж была створана Міжнародная грамадская асацыяцыя “Саюз дызайнераў”, якая аб’яднала дызайнераў новых незалежных дзяржаў. У 1995 годзе было адкрыта аддзяленне Міжнароднай асацыяцыі ў Беларусі. Яго нязменным старшынёй і стаў Анатоль Цехановіч. Аддзяленне ўключала дызайнераў розных абласцей Беларусі, якія працавалі на такіх вядомых прадпрыемствах, як БелОМА, ПА “Гарызонт” і іншых.
З пачаткам новага тысячагоддзя дзейнасць Анатоля Цехановіча набыла яшчэ новы накірунак — ён стаў выкладаць на кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяражаўнага ўніверсітэта, дзе рыхтавалі дызайнераў рэчава-прасторавага асяроддзя. З яго ўдзелам быў зроблены не адзін выпуск маладых дызайнераў.
Анатоль Віктаравіч, яго справы і светлы вобраз застануцца ў памяці сяброў, калег па працы і вучняў.
Якаў Ленсу, доктар мастацтвазнаўства, член Беларускага саюза дызайнераў