“Куфар”... адчыняецца!

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

На наступным тыдні з 6 па 11 кастрычніка Беларускі дзяржаўны універсітэт праводзіць V Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар-2008”.

Адкрываецца фестывальная праграма перформанс-акцыяй “Трамвай жаданняў” і прома-шэсцем “Тэатр без межаў”. Усяго ж у сёлетнім фестывалі прымуць удзел 20 тэатральных калектываў з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Балгарыі, Украіны, Сербіі, Нідэрландаў, Германіі. Да таго ж, свае новыя пастаноўкі прадставяць калектывы — уладальнікі Гран-пры мінулых гадоў: Тэатр-студыя “Цэнтр” Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта, Народны маладзёжны тэатр “Пілігрым” з Полацка, Народны музычны тэатр “На філфаку” Беларускага дзяржаўнага універсітэта, тэатр “7 паверх” Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

У склад журы ўвойдуць вядучыя тэатральныя дзеячы, педагогі, рэжысёры і крытыкі з Велікабрытаніі, Латвіі, Славеніі, Венгрыі, ЗША, а ўзначальвае сёлета гэтую каманду экспертаў Жан-Марк Лару (Канада), прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі універсітэцкіх тэатраў, членамі якой, дарэчы, калектывы БДУ з’яўляюцца з 2006 года. Акрамя традыцыйных узнагарод, якія вызначыць для ўдзельнікаў “Тэатральнага куфра” журы, сёлета ўпершыню на сайце фестывалю будзе ладзіцца інтэрнет-галасаванне, прыняць удзел у якім зможа кожны ахвотны.

Па выніках яго пераможца таксама будзе ўзнагароджаны спецыяльнай адзнакай. Зрэшты, і Гран-пры фестывалю — “Прыз глядацкіх сімпатый” — таксама вызначаецца па выніках рэйтынгавага галасавання гледачоў фестывалю.

Акрамя традыцыйнай конкурснай праграмы, удзельнікаў фестывалю чакаюць разнастайныя майстар-класы, праграма Koufar-In-Motion”, у межах якой за кароткі прамежак часу будуць створаны і прэзентаваны арыгінальныя сцэнічныя дзеі. А таксама — новы праект “Бібліятэчка “Тэатральнага куфра” БДУ”. Першай ластаўкай гэтага праекта стане драматургічны прома-зборнік, у які ўключаны 5 п’ес беларускіх аўтараў у перакладзе на англійскую мову. Ну і, канешне ж, “Тэатральны куфар” не забудзецца на багатую культурную і забаўляльную праграму.


T
аццяна KОМАНАВА