Ці перамогуць рэальныя гледачы віртуальных?

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Працоўныя будні рэгіянальных тэатраў краіны: антысептыкі і цікавыя прэм’еры
Тэатральны сезон, якога так доўга чакалі яго прыхільнікі, нарэшце распачаўся. Зразумела, што ён кардынальным чынам адрозніваецца ад мінулагодняга, бо, на жаль, і каранавірусная інфекцыя ўнесла свае карэктывы ў арганізацыю спектакляў. Чым сёння жывуць рэгіянальныя тэатры краіны, якім чынам ладзіцца ў іх тэатральны працэс і ці многа людзей прыходзіць на спектаклі — пра ўсё гэта даведалася “К”.

/i/content/pi/cult/817/17499/016.jpgПрэм’еры з Boeing

Што ні кажы, а вяртаць людзей у тэатральную залу сёння даволі няпроста. Асабліва гэта датычыць рэгіянальных тэатраў. Глядач у рэгіёнах за апошнія месяцы амаль поўнасцю адвык ад святла тэатральнай рампы, ад таго, што можна пабываць на прэм’еры спектакля або завітаць на ўпадабаную ім пастаноўку яшчэ раз. Але паступова глядзельная зала запаўняецца прыхільнікамі, хоць, магчыма, людзей тут бывае цяпер не так многа, як было раней.

Так, па словах выконваючага абавязкі дырэктара Гомельскага драматычнага тэатра Сяргея Гульчына, на паказы цяпер прыходзяць прыкладна 120 — 150 чалавек. У тэатры, разлічаным на 488 месцаў, рассадка гледачоў праводзіцца праз рад і ў шахматным парадку.

/i/content/pi/cult/817/17499/017.jpg— Мы адкрылі свой 82-гі тэатральны сезон зусім нядаўна, 18 верасня, — кажа Сяргей Гульчын. — І адразу парадавалі гледачоў ажно 4 прэм’ерамі: паказалі класічны “Вішнёвы сад”, а таксама камедыі “Нябесны ціхаход”, “Boeing- Boeing-Boeing” ды “Цыяністы калій... З малаком ці без?”

Шматлікасць прэм’ер тлумачыцца проста: нават у часы пандэміі артысты тэатра працягвалі працаваць.

— 8 верасня нам нават удалося выступіць са спектаклем “Гоголь. Fatum” на сцэне сталічнага Маладзёжнага тэатра, — адзначыў Сяргей Гульчын. — Гэты паказ некалькі разоў пераносіўся, але людзі не здавалі білеты, і, нарэшце, нам удалося выступіць у Мінску. Плануем таксама гастролі па вобласці (у планах на кастрычнік — Хойнікі і Чачэрск), але, натуральна, будзем глядзець на развіццё эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і за яе межамі.

Што да замежных гастроляў, дык яны таксама пад пытаннем. З бліжэйшых планаў, па словах майго суразмоўцы, паездка ў лістападзе ва ўкраінскі горад Чарнігаў. Але дакладна сказаць, ці адбудуцца гэтыя гастролі, пакуль што немагчыма: усё зноў жа залежыць ад развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі ва Украіне і Беларусі.

Стаўка на класіку

Мабыць, адным з першых у краіне сваю тэатральную дзейнасць распачаў Палескі драматычны тэатр, што ў Пінску. Артысты тут выйшлі на сцэну яшчэ 14 ліпеня, у дзень вызвалення горада над Пінай ад нямецкіх захопнікаў. 15 тэатральны сезон быў адкрыты спектаклем “Няхай спыніцца вайна”. Названая пастаноўка, дарэчы, заснаваная на рэальных падзеях, што адбываліся ў горадзе ў часы ІІ Сусветнай вайны.

Адміністрацыя тэатра прапанавала аматарам тэатральнага мастацтва бяспечную рассадку з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі, а таксама сродкі дэзінфекцыі на ўваходзе ва ўстанову культуры.

Натуральна, каб забавіць чытача ў тэатр, быў распрацаваны новы рэпертуар, арыентаваны пераважна на правераную класіку. Так, яшчэ ў ліпені, у Палескім драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Качынае паляванне” па вядомай п’есе Аляксандра Вампілава, а ў пачатку жніўня на суд пінчанам быў прадэманстраваны спектакль “Вій” па аднайменнай аповесці Мікалая Гогаля. Акрамя таго, цягам усіх гэтых месяцаў у тэатры ішлі таксама і традыцыйныя дзіцячыя спектаклі, напрыклад, пра Малыша і Карлсана.

Да слова, 3 верасня спектакль “Вій” пінчане прэзентавалі на сцэне Смаленскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А. С. Грыбаедава падчас VII Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Смаленскі каўчэг”. Гульню палескіх артыстаў належным чынам ацанілі і гледачы, і журы фестывалю. Так, пінчане перамаглі ў намінацыі “Лепшы акцёрскі ансамбль”, а таксама ў намінацыі “Лепшая мужчынская роля першага плана” быў адзначаны артыст Сяргей Бірульчык за ролю Хамы ў спектаклі “Вій”.

Гастролі ў фармаце анлайн

На жаль, вельмі мала наведвальнікаў сёння прыходзяць на спектаклі ў Магілёўскі абласны драматычны тэатр, нягледзячы на 4 прэм’еры, якія з’явіліся ў тэатральнай афішы. Як адзначыў дырэктар установы культуры Андрэй Новікаў, паглядзець на выступленне артыстаў могуць прыйсці нават і 20 чалавек. Малую колькасць гледачоў дырэктар тлумачыць проста: пачынаецца другая хваля каранавіруса, таму людзі проста баяцца ісці ў тэатр, каб не захварэць.

Кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Вячаслаў Гарбузаў, як і многія іншыя кіраўнікі рэгіянальных тэатраў, паведаміў мне ўжо вядомую навіну: людзі хоць і ідуць на паказы спектакляў, але ў зале іх менш, чым звычайна.

— Мы адкрылі тэатральны сезон у верасні, — кажа Вячаслаў Гарбузаў. — Цяпер вельмі разлічваем на дзве нашы прэм’ерныя пастаноўкі: “Не пакідай мяне” Аляксея Дударава і “Ціхі шоргат крокаў, якія адыходзяць” Дзмітрыя Багаслаўскага. Рассаджваем людзей з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі і, натуральна, выконваем усе санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні падчас правядзення спектакляў.

Тэатральныя гастролі, як кажа дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, ім прыйдзецца адкласці.

— Хоць у нас і былі запланаваны гастролі ў Херсон і Саранск, але, на жаль, яны не адбыліся, — зазначыў Вячаслаў Гарбузаў. — Разам з тым, мы змаглі паўдзельнічаць у тэатральным фестывалі “Островский — FEST”, што прайшоў у жніўні ў Іванаўскай вобласці Расіі, у горадзе Кінешма. Праўда, у анлайн-фармаце.

Што ж, праца ў анлайн-фармаце — сапраўднае выйсце не толькі для тэатральных, але і для ўсіх іншых відовішчных устаноў культуры Беларусі. Так можна хоць нейкім чынам утрымаць гледача, дэманстраваць свае новыя ці старыя пастаноўкі, каб не пакінуць сваіх прыхільнікаў зусім без спектакляў. Хоць, зразумела, падобная віртуальная дзейнасць не павінна поўнасцю падмяняць сабой рэальную.

Як бачна, многія тэатральныя ўстановы краіны сёння адчуваюць значнае змяншэнне колькасці гледачоў падчас прэзентацыі сваіх спектакляў. Каранавірус, другая хваля якога можа адбыцца, дасюль уплывае на тое, ці будуць завітваць у тэатры людзі. Таму, магчыма, адным з выйсцяў у падобнай сітуацыі — развіццё анлайн-сэрвісаў, прэзентацыі спектакляў у сацыяльных сетках і YouTube-каналах, пра што “К” ужо неаднаразова пісала. На жаль, у сённяшніх умовах арыентацыя на віртуальнага, а не рэальнага гледача робіцца прыярытэтнай.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"