Прадвеснікі нацыянальнай оперы

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

90 гадоў таму, у кастрычніку 1930 года, на базе спецыяльнага вышэйшага опернага класа Беларускага музычнага тэхнікума была створаная Беларуская студыя оперы і балета. Менавіта яна ў 1933 годзе была рэарганізаваная ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР, які сёння вядомы як Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды аб гісторыі станаўлення тэатра мы пагутарылі з даследчыкам беларускай оперы Сяргеем Русецкім.

/i/content/pi/cult/817/17498/015.jpgЯк зазначыў суразмоўца, гісторыяй опернага мастацтва ў Беларусі, на жаль, мала хто займаецца. Перадусім шкада, што яшчэ гадоў дваццаць таму існавала магчымасць распытаць жывых сведкаў падзей, якія заспелі зараджэнне беларускай оперы — але даследчыкі гэтым своечасова не зацікавіліся. Даваенны архіў Дзяржаўнага тэатра оперы і балета не захаваўся, ад яго зберагліся толькі выпадковыя дакументы. Да таго ж, пры працы з пэўнымі крыніцамі даследчыкі сутыкаюцца і з дадатковымі цяжкасцямі. Так, напрыклад, у тагачасных праграмах спектакляў не пісалі імёны артыстаў, а толькі ініцыялы і прозвішчы, што яшчэ больш ускладняе іх ідэнтыфікацыю — але, тым не менш, такія звесткі, на шчасце, удаецца аднавіць паводле альтэрнатыўных крыніц.

У фондзе тэатра ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва даваенных дакументаў захавалася мала — некалькі афіцыйных загадаў, выпадкова зберажоных бальнічных лісткоў, крыху фотаздымкаў з пастановак 1930-х гадоў. Таксама пэўныя дакументы захаваліся ў розных фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь — у тым ліку, адна са стэнаграм пасяджэння агульнага сходу работнікаў тэатра, які праходзіў напрыканцы 1930-х гадоў, адшуканая Расціславам Платонавым. Дакумент выдатна перадае атмасферу часу, бо ўнікальнасць гэтага сходу палягала ў тым, што ён доўжыўся амаль пяць дзён і прайшоў у гарачых спрэчках пры абмеркаванні праблем тагачаснага тэатра.

Калі ж казаць пра аўдыязапісы спектакляў — іх, на жаль, захавалася толькі некалькі. Нотныя запісы таксама не выдаваліся, радыё толькі перадавала выступы артыстаў у эфір, а не запісвала іх, вытворчасць пласцінак наладжана не была. Таму, што тычыцца нашых ведаў аб пастаноўках міжваеннага перыяду, — звесткі аб іх, збольшага, базуюцца на рэцэнзіях і водгуках, апублікаваных у тагачаснай прэсе.

Перадгісторыя і пачынальнікі

Калі прасачыць станаўленне айчыннага музычнага мастацтва ў міжваенныя гады, то галоўным яго асяродкам быў Беларускі музычны тэхнікум, утвораны ў 1924 годзе, цяпер ён вядомы як Мінскі дзяржаўны музычны каледж. У 1932 годзе на яго базе ўзнікла і існавала паралельна з ім Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, сёння вядомая як Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. У тэхнікуме і кансерваторыі былі адныя і тыя самыя выкладчыкі, адрозніваліся толькі ўзроўні адукацыі.

Музычнае, опернае і балетнае мастацтва ў першыя гады маладой савецкай улады, на жаль, не было ў прыярытэце. Заслуга ўзнікнення яго асяродкаў і ўстаноў належыць перадусім прафесіяналам у гэтых галінах мастацтва, якія змагаліся за іх утварэнне. Мінск лічыўся правінцыйным памежным горадам — але, тым не менш, паступова тут з’явіліся і музычны тэхнікум, і кансерваторыя, і тэатр оперы ды балета.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў 1921 годзе ў Маскве была створаная Беларуская драматычная студыя, дзе атрымлівалі адукацыю акцёры Беларускага драматычнага тэатра, сёння вядомага як Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Рэдка згадваецца, што студыя гэтая перш называлася менавіта оперна-драматычнай, але, на жаль, операй там ніхто так і не пачаў сур’ёзна займацца і оперная трупа распалася. Наогул жа студыя сутыкалася з сур’ёзнымі праблемамі, і перадусім — з адсутнасцю фінансавання. З гэтай прычыны яе адміністрацыя часта была вымушаная звяртацца па дапамогу да кіраўнікоў беларускай рэспублікі, даводзячы важнасць сваёй справы.

Гісторыя сведчыць, што і ў дасавецкі перыяд музычнае мастацтва ў Беларусі квітнела, яго развіццё прасочваецца яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага, і ў народнай традыцыі музыка ды спевы суправаджалі чалавека ад нараджэння да смерці. Пачатковая музычная адукацыя існавала ў Беларусі і да рэвалюцыі, а вось каб атрымаць вышэйшую, ахвочым даводзілася ехаць у Санкт-Пецярбург, Маскву, Варшаву і гэтак далей. Таму стварэнне сваіх вышэйшых адукацыйных устаноў было справай надзвычай актуальнай.

За арганізацыйнае развіццё музычнага мастацтва вельмі актыўна змагаўся ў беларускай савецкай міжваеннай прэсе адзін з пачынальнікаў беларускага музыказнаўства Юльян Дрэйзін. Ён ледзь ні штодзень публікаваў у мінскіх газетах свае нататкі і ўражанні з канцэртаў і іншыя тэксты, у якіх прапагандаваў музычную асвету, а таксама ўздымаў пытанні аб патрэбе стварэння ў Мінску музычнага тэхнікума, кансерваторыі і тэатра. Таксама актыўна прапагандаваў гэтую справу знакаміты арганізатар мастацкага жыцця Вячаслаў Селях, які пэўны час быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра, і пераконваў улады ў патрэбе мець адпаведныя мясцовыя, нацыянальныя, адукацыйныя і відовішчныя структуры.

Ад опернага класа — да студыі і тэатра

Беларускі музычны тэхнікум нарэшце адкрыўся ў Мінску ў 1924 годзе. Тут працавалі выдатныя педагогі: скрыпачы, піяністы, вакалісты. Балет, праўда, разглядаўся як пэўны дадатак да оперы, таму яго развіццё ў гэты перыяд разгортвалася не так імкліва. Дырэктарам тэхнікума быў знакаміты скрыпач Аркадзь Бяссмертны, які ў 1917 годзе скончыў Петраградскую кансерваторыю. Педагогаў у тэхнікум запрашалі не толькі мясцовых, але і з-за межаў рэспублікі. Першымі сур’ёзнымі выкладчыкамі будучых зорак беларускай оперы былі салісты маскоўскага Вялікага тэатра Васіль Цвяткоў і Леаніда Баланоўская, а з мясцовых педагогаў — ужо згаданы Вячаслаў Селях і Ганна Бялькевіч-Краўзэ.

Першы набор скончыў тэхнікум у 1928 годзе — сярод выпускнікоў былі, у тым ліку, Ларыса Александроўская, Мікалай Пігулеўскі, Любоў Сямашка, Сяргей Архіпаў і іншыя знакамітыя альбо прызабытыя сёння зоркі. Васіль Цвяткоў акурат у тым жа годзе з Мінска з’ехаў. Яго месца неўзабаве заняў кампазітар чарнагорскага паходжання з Саратава Антон Баначыч, пад кіраўніцтвам якога і з’явіўся ў тэхнікуме ў 1928 годзе оперны клас. Дарэчы, сканчэнне гэтага класа ў тыя гады прыроўнівалася да атрымання вышэйшай адукацыі. У Мінску Баначыч дзейнічаў нядоўга — тут ён і памёр у 1933 годзе, і нават магіла яго, на жаль, даследчыкам сёння невядомая. Але акрамя таго, што ён пакінуў пасля сябе многа вучняў у Беларусі, варта адзначыць, што частку сваіх выхаванцаў з Саратава ён таксама прывёз з сабой у Мінск, — а гэта быў у пэўным сэнсе ўнікальны выпадак.

Бо менавіта гэтыя людзі склалі аснову той самай Беларускай студыі оперы і балета, якую Баначыч стварыў у 1930 годзе разам з дырыжорам Іллём Гітгарцам. Апошні кіраваў студыяй, у той час як Баначыч быў яе галоўным педагогам. Фактычна ж студыя проста займала невялікі пакой у тэхнікуме, існуючы ў яго структуры, але, тым не менш, яе артысты здзейснілі пастаноўку опер “Залаты пеўнічак” Рымскага-Корсакава і “Кармэн” Бізэ, у 1931 і 1932 гадах адпаведна.

Найдраматычнейшы перыяд

У 1933 годзе на базе студыі быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР. У той час у яго яшчэ не было ўласнага памяшкання і аркестра, штогод змяняліся дырэктары і дырыжоры, трупа фарміравалася з вялікай цяжкасцю. Але, відавочна, галоўным багаццем тэатра былі яго выдатныя артысты: Ларыса Александроўская, Соф’я Друкер, Мікалай Пігулеўскі, Варвара Пукст, Рыта Млодак і многія іншыя. Неўзабаве з’явіліся ў тэатра і свае, мясцовыя лібрэтысты, якія разам з кампазітарамі здолелі пакласці пачатак нацыянальнаму рэпертуару. Дарэчы, спектаклі ў тэатры адбываліся выключна па-беларуску.

У 1939 годзе ў тэатра з’явіўся і свой уласны велічны будынак, спраектаваны знакамітым Іосіфам Лангбардам і ўзведзены на Траецкай гары, на месцы старадаўняга мінскага кірмаша. Тут адбыліся пастаноўкі опер “У пушчах Палесся” Аляксея Багатырова, “Міхась Падгорны” Яўгена Цікоцкага і “Кветка шчасця” Аляксея Туранкова. У чэрвені 1940 года гэтыя спектаклі з вялікім поспехам прайшлі таксама ў рамках Дэкады Беларускага мастацтва ў Маскве.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны трупа тэатра выехала ў эвакуацыю, але значная яе частка з розных прычын была вымушаная застацца ў акупацыі. Эвакуяваныя артысты аказаліся ў цэнтральнай Расіі, спачатку ў Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад), а пасля ў Каўрове. Тут пачалося стварэнне оперы “Алеся”, кампазітарам якой выступіў Яўген Цікоцкі, а лібрэта напісаў Пятрусь Броўка. Выступалі артысты тэатра і ў складзе франтавых канцэртных брыгад, выязджаючы на перадавую, каб уздымаць баявы дух салдат.

Тую ж частку трупы, што засталася пад акупацыяй, чакаў незайздросны лёс. У першыя ж дні вайны акупанты паказалі сваё сапраўднае аблічча, зрабаваўшы маёмасць тэатра і зладзіўшы ў яго будынку камендатуру, куды зганялі для фільтрацыі ўсё мужчынскае насельніцтва горада. Многія артысты тэатра былі яўрэямі, таму загінулі ў мінскім гета — так здарылася з Фаняй Левінай, Розай Шапіра, Палінай Жэзмер. Тым часам, оперная трупа дзейнічала і ў акупаваным Мінску, але многія яе артысты і супрацоўнікі ў выніку ўцякалі з горада да партызан, як, напрыклад, Ядвіга Бжэзінская з мужам Іванам Рыбкіным. А дырыжор і кампазітар Мікалай Клаўс ратаваў з гета яўрэяў, спрыяў удзельнікам мінскага падполля, якія працавалі ў тэатры.

І ўсё ж, панаванню акупантаў надышоў канец, і трупа здолела аб’яднацца ў вызваленым горадзе. Будынак тэатра яшчэ стаяў пашкоджаны бомбамі і пажарамі, таму сезон адкрыўся ў снежні 1944 года ў Доме афіцэраў, пастаноўкай той самай оперы “Алеся”. Яна была падрыхтавана яшчэ ў эвакуацыі і распавядала аб жыцці беларускіх партызан. Вялікай патрэбы ў вытанчаных касцюмах не было, артысты выступалі на сцэне ў штодзённай вопратцы народных мсціўцаў. Мастацтва пакрысе адраджалася сярод руін, даючы людзям надзею на лепшае.

Наперадзе ў тэатра была яшчэ доўгая пасляваенная гісторыя. Сёння Сяргей Русецкі ўжо скончыў працу над энцыклапедыяй “Оперныя спевакі Беларусі”, якая ахоплівае ўвесь шлях развіцця нацыянальнай оперы і налічвае каля паўтысячы біяграфій. Справа гэтая, зробленая даследчыкам адзінаасобна, заняла дзесяць гадоў. Будзем спадзявацца, што неўзабаве гэтая грунтоўная кніга знойдзе свайго выдаўца і нарэшце пабачыць свет.