Ад Жылібера да Святога Губерта

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Хто не рады, блукаючы па гародзе, сустрэць за паваротам чароўную постаць з металу ці камня, пасядзець на лаве побач з якім спадаром ці прыгожай спадарыняй у нязменнай, дзякуючы скульптару, позе! Хто не пачынае адчуваць сябе дзіцёнкам, жадаючы пагладзіць па галаве якога дзіўнага звярка ці смеючыся з забаўнай наіўнай фігуркі! Усё гэта — гарадскія скульптуры, якія ад вялікіх помнікаў адрозніваюцца дэмакратызмам і блізкасцю да людзей. У Гродне большасць такіх скульптур створана мастаком, скульптарам Уладзімірам ПАНЦЯЛЕЕВЫМ: і гістарычныя асобы, і забаўныя звяркі, і сімвалічныя рэчы, і многае-многае іншае. Ужо гэтай восенню з’явілася і скульптура Святога Губерта з яго аленем, які з’яўляецца гербам Гродна. Для заслужанага і прызнанага майстра Уладзіміра Панцялеева гарадская скульптура — толькі частка творчасці, працы аўтара можна ўбачыць і на мностве выстаў што ў Беларусі, што за яе межамі. Але зараз мы пагаворым пра тое, як такія непафасныя і ўтульныя скульптуры змяняюць у лепшы бок вуліцы Гродна, і якая заслуга ў гэтым Уладзіміра Панцялеева.

/i/content/pi/cult/817/17496/012.jpg— Як даўно ў вас цікавасць да вулічных скульптур? Што дало ёй штуршок?

— Думаць пра гэта я пачынаў яшчэ на пачатку 90-х: тады ўжо прыглядаўся да месцаў у горадзе, дзе маглі б стаяць скульптуры. Але на той час, я лічу, горад быў проста негатовы іх прыняць на свае вуліцы: убогая савецкая архітэктура, паламаныя пабітыя бардзюры, вывернуты асфальт, самі будынкі шмат дзе пашарпаныя, неабліцаваныя. І вось паступова-паступова ў Гродне пачалі з’яўляцца цалкам прыдатныя пятачкі — горад змяняўся ў лепшы бок. І пасля таго, як у 2003 годзе каля Каложы быў усталяваны Камень-помнік Давыду Гарадзенскаму — на ім я зрабіў выяву крыжа Еўфрасінні Полацкай — справа пайшла больш жвава, бо гарадской скульптурай зацікавіліся ўсур’ёз.

— Вы памятаеце сваю першую працу, якая з’явілася на вуліцах Гродна?

— Мне нават цяжка сказаць, што было першым. Таму што акрамя скульптур у мяне і многа мемарыяльных дошак з барэльефамі, на год раблю па дзве-тры. Але кропкай адліку можна назваць скульптуру “Гараджанін ХVIII ст.”, якую ўсе называюць помнікам Жыліберу. У 90-я мае прапановы хоць і віталіся і падтрымліваліся, але да канкрэтнага выніку ніводная справа так і не дайшла. А потым абставіны неяк склаліся, і тагачасаны мэр Аляксандр Антоненка з энтузіязмам адгукнуўся, і такім чынам у 2007-м з’явіўся Жылібер. За лета-восень 2008-га дык адразу чатыры мае работы паставілі — манумент Алімпійцам на стадыёне, Купідона, Гараднічанку, нешта яшчэ.

— З так званым помнікам Жыліберу — Жану-Эмануэлю Жыліберу, які напрыканцы XVIII ст. заклаў у Гродне на месцы сучаснага парка Каралеўскі батанічны сад — у вас атрымалася дзіўная гісторыя. Скульптура вельмі папулярная, і афіцыйна ж называецца “Гараджанін”. Чаму так?

— Яна папулярная, але, можа, і не самая ўдалая. У нашай прафесіі такое нярэдка здараецца, калі да ідэі аўтара дадаюцца нейкія знешнія ўмяшанні. Я рабіў менавіта Жылібера: вывучаў матэрыялы, гістарычныя касцюмы, арыентаваўся на той адзіны бюст гэтага француза, які захаваўся на яго Радзіме. Але з-за недасведчанасці мы тады няправільна афармлялі помнік — там іншыя патрабаванні па законе, і ў выніку з’явіўся проста “гараджанін”. Потым яшчэ такая пагалоска пайшла ў Гродне, что твар гараджаніна падобны да твару нашага мясцовага тэлежурналіста Аляксандра Ласмінскага. Але гэта выпадкова атрымалася. (смех)

— Як вы лічыце — калі вуліцы пачалі ўжо масава ўпрыгожваць скульптурамі, то што змянілася ў падыходах да фармавання гарадской прасторы? Мабыць, з’явілася разуменне таго, што горад павінны быць больш чалавечным?

— Вы правільна сказалі — горад павінны быць больш чалавечным, больш утульным для тых, хто ў ім жыве. Я прывяду прыклад. Каля інфацэнтра для турыстаў стаіць зусім невялічкая скульптурка “Жабкі-падарожніцы”, стаіць даволі нізка, ля зямлі. І дарослыя, праходзячы міма, падчас яе проста не заўважаюць. Затое дзеці выдатна бачаць, я сам часта назіраю, як яны цягнуць за руку сваіх бацькоў — пойдзем, пойдзем да жабкі! Гэта не проста нейкі помнік, які недзе там высока і далёка, а блізкі і менавіта такі свойскі аб’ект. Гродна з кожным годам у гэтым сэнсе становіцца ўсё лепш і лепш. Я колісь быў у Брэмене — дык там гарадскія скульптуры літаральна на кожным кроку, нават зусім невялічкія нейкія скульптуркі. І гэта так радуе! Я сапраўдны прыхільнік падобных рэчаў, і бачу, што хоць гістарычны цэнтр Гродна і не такі ўжо вялікі, але многа чаго яшчэ і можна, і варта зрабіць. За савецкім часам у нас жа падобнага зусім не было — Ленін, іншыя начальнікі, веліч, пафас, ідэалогія. А гарадскія скульптуры менавіта для людзей. Бо мала паставіць мноства прыгожых будынкаў — нельга, каб паміж імі была пустэча. Гродна ў цэнтры такі — двухпавярховы, і нейкія манументальныя помнікі, мне здаецца, ён проста не прыме. Я прыхільнік менавіта камерных форм для Гродна.

— А ці розняцца падыходы да стварэння скульптур, напрыклад, для выставачнай залы і для вуліцы?

— Несумненна. Калі я раблю нешта для сябе, то раблю так, як толькі сам бачу, — у мяне свая стылістыка, свой пазнавальны почырк. А вось што тычыцца гарадскіх скульптур, то ў іх маю аўтарскую стылістыку і не заўсёды заўважыш. Гэтыя вулічныя працы мусяць быць больш рэалістычнымі, нешта такое. Акрамя таго, я павінны ўлічваць пажаданні заказчыка і манументальнага савета, улічваць патрэбы горада. Калі я гляджу на абстрактныя скульптуры славутага брытанскага майстра Генры Мура, дык дзіўлюся — які мецэнат, які апякун у яго быў, што ў тыя пасляваенныя часы яму ўдавалася не толькі ствараць, але і ставіць іх на публічныя прасторы? (смех)

— Літаральна тыдзень таму адбылося ўрачыстае адкрыццё самай новай вашай скульптуры — Святога Губерта з яго аленем. А гэты алень з крыжам паміж рогамі — герб горада. Дарэчы, немагчыма не ацаніць іронію лёсу — Святога Губерта ў Гродне ўсталявалі на скрыжаванні вуліц Савецкай і Кастрычніцкай.

— Я лічу, што Губерт трапіў проста ў кропку, ён павінны быў з’явіцца ў Гродне. Хоць па змесце скульптура і значная, але па ўвасабленні даволі камерная, невялікая. І самое месца, дзе яна цяпер стаіць, даволі камернае, хочаш паглядзець — падыдзеш, не хочаш — пройдзеш міма. У сэнсе, ніякага прымусу, толькі ўласнае жаданне і цікавасць.

У колах гродзенскай інтэлігенцыі размовы, што нам неабходна неяк адзначыць Святога Губерта, ішлі ўжо даволі даўно: і я таксама распрацоўваў эскізы, былі думкі пра барэльеф. А потым здарылася гісторыя з драўлянай скульптурай турыста, створанай народным майстрам: яе паставілі, але месцічам яна не надта спадабалася, у тым ліку і з-за таго, што гэта была копія скульптуры з Іркуцка. Такім чынам, “Турыста” прыбралі, месца вызвалілася, а ў інтэрнэце пачалі ладзіць апытанні наконт таго, што паставіць замест. І тады я распрацаваў праект са скульптурай Святога Губерта, і гэты праект праляжаў у мяне больш за год. А сёлета ў сакавіку да мяне ў майстэрню заходзіў наш мэр Мечыслаў Гой, пытаўся, ці маю я што прапанаваць да сёлетняга фестывалю нацыянальных культур. Мэру ідэя з Губертам вельмі спадабалася. Праўда, з-за пандэміі фестываль не адбыўся, і адкрыццё скульптуры перанеслі на вераснёўскі Дзень горада, што па сэнсе нават і болей дарэчы.

— Вы згадалі, што за жыццё стварылі вялікае мноства мемарыяльных дошак, барэльефаў. Мабыць, таксама не з халодным сэрцам іх робіце, прасякаецеся сваімі героямі. Напрыклад, год таму на будынку Гуманітарнага каледжа ў Гродне была ўсталяваная мемарыяльная дошка Чэславу Немэну, вашага аўтарства. Вы прыхільнік творчасці Немэна?

— Яшчэ які! За савецкім часам мы толькі яго і слухалі. Я ўвогуле “Бітлз” і Чэслава Немэна стаўлю практычна на адзін узровень. І я быў вельмі рады, што гонар стварыць гэтую дошку выпаў менавіта мне. Памятаю, з якой неабыякавасцю і натхненнем я ў самым пачатку сваёй творчай дзейнасці рабіў мемарыяльныя дошкі паўстанцам 1863 года — у нас на чыгуначным вакзале, ці дошку Тадэвушу Касцюшку на Новым замку. Яны былі першыя для мяне і вельмі дарагія. Тады ў нас у краіне ўвогуле быў такі ўздым нацыянальнага Адраджэння, і гэта мяне таксама натхняла.

На гэты момант у мяне недзе каля 30-ці мемарыяльных дошак, у Гродне і вобласці. Але ж і не толькі на Гродзеншчыне. Сёлета я зрабіў памятную дошку нашаму земляку Герою Савецкага Саюза Ільі Антонаву: таксама працаваў з вялікім задавальненнем, бо пачытаў біяграфію і захапіўся.

— Вашае імя ўжо даўно ўнесенае ў Кнігу славы Гродна, сваёй творчасцю вы моцна паўплывалі на яго знешні воблік, сваёй грамадскай і мастакоўскай актыўнасцю вы дапамагалі яму развівацца і станавіцца лепшым. Але ж самі вы паходзіце не з Гродна, а з Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, неяк так склалася, што цэнтр мастацкага і ўвогуле культурнага жыцця — сталіца, а вы працуеце быццам на перыферыі. Ніколі не пашкадавалі, што лёс абраў для вас менавіта Гродна?

— З самага першага дня гэта мой горад! Гэта горад, у якім я заўсёды хацеў жыць! Тут і гісторыя, і ўтульнасць, і кампактнасць, і прырода, і людзі. Мяне ж Гродна прыняў адразу вельмі гасцінна — калі я сюды прыехаў пасля заканчэння Дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, мне стварылі выдатныя ўмовы: і кватэру далі, і майстэрню. Як калісьці казаў Васіль Пятровіч Шаранговіч — такога для нашых спецыялістаў проста не бывае! У нас з жонкай — а яна таксама знакаміты мастак, графік Валянціна Шоба — тут нават нейкі творчы цэнтр. І мастацкае жыццё ў Гродне надзвычай насычанае, надзвычай цікавае. Па меншай меры, было да пачатку пандэміі і ўсіх цяперашніх падзей. Вось адзінае, чаго нам тут не хапае, — дык гэта паўнавартаснага мастацкага музея. Ва ўсіх абласных цэнтрах яны ёсць, а ў Гродне няма. Але ж прынцыпова пытанне ўжо вырашана, музей будзе  — вызваляюць правае крыло Новага замка для стварэння Гродзенскай абласной мастацкай галерэі.

— Вернемся да гарадскіх скульптур. Мабыць, у вас ёсць і яшчэ ідэі наконт таго, якіх асоб, якіх фігур не хапае на вуліцах Гродна.

— Гісторыя, ды й сучаснасць нашага горада багатыя на цікавых людзей. Можа, не буду пакуль казаць канкрэтна, але адзін адметны праект у мяне рыхтуецца. Зараз ідзе рэстаўрацыя старога архіва ў цэнтры горада — а гэтая пабудова яшчэ часоў Антонія Тызенгаўза — і вось там неўзабаве нешта будзе. І на наступнае лета ёсць задумкі.