“Вечнае святло”

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

У Міжнародны дзень музыкі 1 кастрычніка Беларуская дзяржаўная філармонія, паводле традыцыі, афіцыйна адкрые сезон. Выступяць адразу чатыры творчыя калектывы гэтай канцэртнай установы. Cярод іншых твораў прагучыць беларуская прэм’ера — Канцэрціна для валторны з аркестрам Андрэя Мдзівані. Але абедзве філарманічныя залы даўно ўжо адчынілі дзверы для публікі. Учора, да прыкладу, Дзяржаўны камерны хор Беларусі правёў тут канцэрт да 255-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага. А тыднем раней у той жа зале імя Рыгора Шырмы прэзентаваў праграму сучаснай беларускай музыкі, складзеную з найноўшых прэм’ер айчынных кампазітараў.

/i/content/pi/cult/817/17495/011.jpgТой харавы канцэрт адбыўся акурат 17 верасня і атрымаў назву, сплеценую з перазоваў дзвюх найбольш значных твораў вечарыны — “Маленькі восеньскі рэквіем. Lux Messa”. Лацінская частка назвы перакладаецца як “Меса Святла” і ў спалучэнні з рэквіемам цудоўна стасуецца з цяперашнім восеньскім надвор’ем “бабінага лета” і агульным настроем нязгасных надзей на ўсё самае лепшае. Працягам філалагічных асацыяцый сталі і назвы іншых партытур, выкананых следам: “Вечнае святло”, Малітва да Маці Божай, “Плакала лета” на верш М.Багдановіча. Даўно не было ў нас такой цэласнай, эстэтычна вытрыманай філарманічнай праграмы, збудаванай з любоўю, прычым менавіта з беларускіх харавых прэм’ер, і выкананай на ўздыме натхнення. Мастацкі кіраўнік калектыву, заслужаная артыстка нашай краіны Наталля Міхайлава дырыжыравала хорам настолькі зграбна ды прыгожа (у дадатак да неверагоднай музычный выразнасці), што надала канцэрту абрысы “пластычнага спектакля”, дзеючымі асобамі якога сталі яе рукі, пальцы, вусны. Дзякуючы слухачоў за ўвагу, яна невыпадкова назвала восень “трывожнай, рашуча-вырашальнай, падобнай на вясну” — толькі пажадана без другой хвалі захворванняў.

Атмасферу задаў “Маленькі восеньскі рэквіем” Галіны Гарэлавай, што мае прысвячэнне: “Памяці маіх настаўнікаў”. Знаўца паэзіі, кампазітар падыйшла да вершаў Ніла Гілевіча, Адама Глобуса, Уладзіміра Караткевіча і Дануты Бічэль з музычных пазіцый: зрабіўшы неабходныя скарачэнні і наадварот паўторы, яна словы не спалучыла з музыкай, а падпарадкавала новай драматургічнай логіцы — не сюжэтнага разгорту, а структурнай выверанасці і гармоніі. Вакаліз перадапошняй часткі “Птушкі крычалі штовечар…” успрымаўся енкам-лямантам. А на пачатку фіналу ўсяго цыкла  — ператвараўся ў вакаліз-плач. Апошнія словы “Не пакідай мяне”, што асацыююцца з аднайменнай п’есай Аляксея Дударава і шматлікімі спектаклямі паводле яе, паступова сцішваліся на адной ноце, бы малітва на фоне званоў. Інкрустацыя хору ўдарнымі інструментамі, гэткія фірмовыя “мініяцюры на шоўку” ад знакамітага Міхаіла Канстанцінава ператварылі музыканта ў чуйнага “суаўтара”.

Упершыню прагучала цалкам Lux Messa Алега Гембіцкага, асобныя часткі якой выконваліся ў Літве на фестывалі духоўнай музыкі. Пасля празрыстых акварэляў, мяккай тэмперы цыкла Г.Гарэлавай, твор паўстаў маштабным, шматфігурным палатном, распісаным густым алеем. Кананічныя лацінскія тэксты атрымалі ў друкаванай праграмцы беларускі пераклад, а відавочны джазавы ўхіл захопленых услаўленняў “Гасанна!” вяртаў беларускасць ва ўлонне сусветнага мастацтва.

Lux aeterna Віктара Кісценя (нагадаем, аднайменная двухчасткавая сімфонія ёсць у Яўгена Паплаўскага) была прысвечана Катынскай трагедыі і ахвярам авіякатастрофы 2010 года пад Смаленскам. З кожнай чарговай страфой мы быццам узнімаліся на новую прыступку — не лесвіцы, а піраміды вечнасці. Далей адчувалі спуск па другім, схаваным ад нас бакі — і нябачны, касмічна павольны адлёт, пафарбаваны санорыкай.

“Всемилостивая Владычице моя” кампазітара і святара Андрэя Бандарэнкі папраўдзе прывяла ў малітоўны стан і выклікала асацыяцыі з іканапісам, які можна слухаць-разглядаць бясконца.

“Плакала лета” Вячаслава Пяцько скарыла багдановічаўскай тонкасцю, а фінальныя інтанацыі-“слёзы” ператварыліся ў ледзь чутнае, сумна-развітальнае зязюльчына “ку-ку”.

Завяршаўся канцэрт апрацоўкамі Кацярыны Мадатавай — артысткі ўсё таго ж Камернага хору, якая ўдала спалучае выканальніцкую дзейнасць з кампазітарскай: на вечарыне прадаваўся яе харавы зборнік “Ад усяго сэрца”. Некаторыя з кампазіцый, што туды патрапілі, прагучалі жыўцом — і можна было напоўніцу ацаніць прафесійную вынаходлівасць дзяўчыны. Аўтарка саліравала ў “Казацкай”, а яе апрацоўка “Пад музыку Вівальдзі” намнога пераўзыйшла арыгінал: побытавая бардаўская песенька, што ва ўсіх на слыху і якую, здавалася б, можна хіба “варкатаць”, ператварылася ў шматслойную філасофскую кампазіцыю, разгорнутую ўшыр і ўвысь.

На біс усе пачулі “Малітву” Алега Молчана на верш Янкі Купалы з усёй палітрай яе эмоцый — ад стрымана “распетага” святла да жахліва “распятага” крыку душы. Што ні кажыце, а харавая версія ўразіла нават болей, чым сольная Уладзіміра Мулявіна, бо стала ўспрымацца ажыўшым голасам народа.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"