"Стылістыка "новай драмы"

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

“Метро” Аляксандра Савухі на коласаўскай сцэне
На жаль, беларуская “новая драма” — не такі ўжо часты госць у айчынным тэатры. Ва ўсякім выпадку, дзяржаўным, акадэмічным. Таму ёсць шэраг прычынаў. Мажліва, сяго-таго, хто адказвае за рэпертуарную палітыку тэатраў, спыняе i бянтэжыць нязвыкласць мовы, выяўленчых сродкаў, сацыяльны статус герояў, пэўная іх маргінальнасць, залішняя, як ім здаецца, аўтарская, эстэтычная разняволенасць, тое, што сёння модна вызначаць словам трэш.

/i/content/pi/cult/817/17493/09.jpgАле, безумоўна, новая драма пры ўсёй рознасці яе аўтараў пракладае новыя шляхі не толькі ў самым складаным родзе літаратуры, але ў самім сцэнічным мастацтве (ва ўсялякім выпадку моцна спрыяе гэтаму).

Акрамя іншых аўтар, у творчасці якога прасочваецца адна з галоўных рыс новай драмы — сацыяльная актуалізаванасць, суаднесенасць з сучасным момантам, з’яўляецца Аляксандр Савуха. Яго п’есы адзначаны на буйных драматургічных фестывалях. Так, у 2017 годзе п’еса “Ледзь улоўныя мсціўцы…” увайшла ў шорт-ліст конкурсу маладой драматургіі “Любімаўка” (Масква), у 2018 годзе п’еса “…І лісце вернецца да каранёў” увайшла ў шорт-ліст конкурсу-фестывалю сучаснай беларускай драматургіі WriteBox. П’еса “Метро” была асобна адзначана на конкурсе п’ес для драматычнага тэатра Сomedy.by, які праводзіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі супольна з Цэнтрам беларускай драматургіі.

Спектакль “Метро” — першая пастаноўка п’есы ў прафесійным тэатры, тым больш з высокім акадэмічным статусам, што ўжо можа сведчыць аб высокім мастацкім узроўні самой драматургічнай асновы. Увасобіў “цёмную гісторыю са святлом у канцы тунэля” пачынаючы рэжысёр Андрэй Жыгур. Да гэтага мы яго добра ведалі як сцэнографа. Ён з’яўляўся аўтарам мастацкага вырашэння шэрагу знакавых спектакляў у розных беларускіх тэатрах і нават за межамі рэспублікі: “Ураджай” П.Пражко (у купалаўскім), “Опіум” В.Каралёва, “Anti[gone] ” А.Марчанка і “З вучылішча” А.Іванова (у “АртКарпарэйшн”), “Гэта ўсё яна” А.Іванова (Коласаўскі тэатр і РТБД), “Дрэвы паміраюць стоячы” А.Касоны і “Уваскрэсенне Лазара” Г.Ганчарова (Гомельскі абласны драмтэатр), “Час сэканд хэнд” па С.Алексіевіч (Мінскі абласны драматычны тэатр, г.Маладзечна) і многія іншыя. Цяпер Андрэй набывае другую прафесію — рэжысёрскую. Навучаецца ў Вышэйшай школе сцэнічных мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура тэатра”, у майстэрні Канстанціна Райкіна. Пастаноўка спектакля “Метро” — вынік яго перамогі на Рэспубліканскім конкурсе рэжысёрскіх эксплікацый, які праводзіўся Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Адметна, што ў дадзенай рабоце Андрэй з’яўляецца і пастаноўшчыкам, і сцэнографам.

П’есу “Метро” мажліва інтэрпрэтаваць па-рознаму: як сацыяльную драму, прыпавесць з элементамі фантасмагорыі, антыўтопію. Сам аўтар вызначае жанр як чорную камедыю. У спектаклі мы бачым хутчэй драму аб духоўным адраджэнні, перамене (вельмі важнае для сучаснага моманту слова) чалавека, асобы.

…Паспяховы, перспектыўны бізнесмен Дзмітрый Сяргеевіч, ці проста Дзіма (арт. Дзмітрый Каваленка), вымушаны ехаць на чарговую важную сустрэчу (падпісанне кантракта з замежнымі партнёрамі) у метро. Для яго гэта нязручна, нязвыкла і нават агідна. Ён лічыць, што варта аддзяліць паспяховых, паважаных людзей, так бы мовіць, эліту грамадства ад нулёў, біямасы. Стварыць для іх, так бы мовіць, гета. У выніку нейкай недарэчнасці, спрабуючы выйсці з вагона, Дзіма гіне. І трапляе ў іншую, паралельную рэальнасць (Чысцец? Пекла?). Праўда, яна вельмі ўжо нагадвае да болі знаёмую нашу сацыяльную пабудову, дзе ўнізе, на чорным баку “метро”, — просты народ, “нулі”, а наверсе, на “светлым” баку, — так званая эліта, розныя спрытнюгі — былыя калегі па бізнесе, чыноўнікі, міліцыянты. Каб выбрацца наверх, нашаму герою трэба дабрацца да Мэра, які можа паказаць выйсце. Прычым ва ўсіх гэтых прывідна-рэальных персанажаў не існуе замацаванай ролі. Сёння ты “добры” Мэр, заўтра “добры” міліцыянт, паслязаўтра “добры” лекар. Блуканне героя па “кругах” гэтага Пекла, з цёмнага боку на светлы, сустрэча з Мэрам — кульмінацыйны момант, а потым вяртанне зноўку на цёмны і складаюць дзейсную аснову спектакля.

А ў фінале, на цёмным баку, надыходзіць духоўнае прасвятленне, абуджэнне душы, якое падрыхтоўваецца ўсім папярэднім ходам спектакля. Такім чынам, лінія цэнтральнай ролі нібы дзеліцца на дзве паловы. У першай — пыхлівасць, надзьмутасць, пазней пэўная разгубленасць ад нечага незвычайнага, нябачнага, незразумелага. Паступова душа адчыняецца нейкім раней невядомым пачуццям — шкадаванню, імкненню зразумець, прыйсці на дапамогу (спярша ў сцэне нашэсця і збіцця натоўпу грэшнікаў? праведнікаў? “нулёў? ці, можа, народу?). Кантрастам да гэтага ідзе наступны, ідылічны эпізод, які, здаецца, выпадае з агульнага сюжэта, але насамрэч становіцца неабходным як эмацыянальны цэнтр спектакля. Тут нейкая пара (магчыма, двое каханых?) мроіць аб Раі. Дакладней, жанчына дзеліцца з мужчынам сваімі ўяўленнямі, фантазіямі аб ім, аб гэтым гарманічным, справядлівым супольніцтве людзей. У спектаклі гэта і цені — Ён і Яна, і абсалютна рэальныя людзі з уласцівымі жывым эмоцыямі і перажываннямі. Выканаўцы гэтых роляў — Анжаліка Баркоўская і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка іграюць душэўна знітаваных людзей, якія на тонкім духоўным узроўні адчуваюць адзін аднаго. Магчыма, гэта і ёсць праўдзівы Рай? Мажліва, гэтага і не хапае нам усім, гармоніі, любові і разумення?

Артыст Дзмітрый Каваленка асабліва пераканальны ў другой палове спектакля, пад уздзеяннем убачанага пачынае змяняцца яго свядомасць. У сцэне з Мэрам ён безвынікова спрабуе пераканаць прадстаўніка ўлады ў празмернай жорсткасці ў дачыненні да людзей, якія змушаны жыць на цёмным баку.

У спектаклі Андрэя Жыгура выканаўцы, апроч цэнтральнага, іграюць па некалькі роляў. Гэта адпавядае і аўтарскай задуме, бо ў п’есе і насельнікі “метро” могуць лёгка трансфармавацца, мяняючы свае вобразы, абліччы. Вось і ў спектаклі: Аляксандр Казлоў стварае вельмі каларытны вобраз як быццам вельмі спрактыкаванага, вельмі абыходлівага лекара Пятра Пятровіча. Але яго былая, “зямная” біяграфія лёгка адгадваецца, прачытваецца. У другім эпізодзе акцёр мільгане як дробны зладзюжка. І гэта як падказка гледачу. Яны розныя, але ж нешта агульнае ў іх ёсць.

Георгій Лойка моцна ўзбуйняе свае невялічкія ролі, выступаючы як сапраўдны майстар эпізоду. Запамінаецца яго камедыйны, вострагратэскавы Жэўжык-Пястун, тамтэйшы міліцыянт, на якім, пэўна, кляйма няма дзе ставіць. У мінулым таксама, відаць, спрытнюга. А ў другім эпізодзе абсалютна супрацьлеглая роля. Яго герой мроіць аб нейкім светлым, іншым жыцці, якое, ведае, ніколі не наступіць, але аб ім так салодка марыць, бачыць у сваіх уяўленнях, фантазіях. Актрыса Анжаліка Баркоўская лёгка, я б сказаў, віртуозна мяняецца ад дзівакаватай, мітуслівай медсястры да трапяткой, чуллівай Жанчыны, а потым, праз эпізод, да нахабістай, самаўлюбёнай і вельмі смяшлівай Сакратаркі. Асабліва ж хочацца адзначыць Уладзіслава Жураўлёва ў ролі самага маладога ў гісторыі Мэра (да якога ўсё ж трапляе Дзіма). Тая ж уяўная абыходлівасць, за якой хаваюцца высакамернасць, абыякавасць да людзей, хлуслівасць, сябелюбства. Ходам дзеяння акцёр дэманструе здольнасць героя з лёгкасцю трансфармавацца, мяняць маскі.

Калі ў п’есе аўтар у фінале ставіць шматкроп’е (застаецца невядомым, ці вернецца Дзмітрый пасля сваёй клінічнай смерці наверх, да людзей, ці знойдзе нарэшце выхад), то ў спектаклі рэжысёр адназначна пакідае яго тут, у паралельнай рэальнасці, на чорным баку “метро”, сярод светлых людзей. “Вы не нулі, вы адзінкі… ”, — зазначае герой. — Калі б адсюль быў выхад, я б вярнуўся туды, да сябе, у сваё жыццё. І я б усё змяніў.” На жаль, у спектаклі ён ужо нічога не можа змяніць. Але мы можам. З гэтымі словамі, з гэтым заклікам артысты звяртаюцца ў фінале наўпрост да нас, гледачоў. І гучыць свайго роду сэнсавым рэфрэнам песня перамен: “Не, мы не знiкнем, Мы зменiмся, Скiнуўшы старую адзежу. Пазнае нас, Адчынiць браму Вартаўнiк залатой вежы. Мы не знiкнем — мы зменiмся!”

Юрый Іваноўскі