Дагані мяне ў паўзунках!

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Сямейныя традыцыі Дзятлаўшчыны
Мне — амаль 60 і я змагаюся са старасцю. Перамога тут — як пераходны кубак. Учора выйгравала яна, сёння захопліваю ініцыятыву я. У дадзеным “мілітарысцкім” выпадку я, на жаль, — адзін у полі воін. Але ж днямі загадчык аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец высказала думку, што змагаецца з кепскім настроем, сумам і неапраўданай стомай (а ўсё гэта складнікі далёка не маладосці) варта талакой. І, самае галоўнае, не змагацца тут трэба і не бой весці, а навучыцца сябраваць і радавацца жыццю. А натхніў нас на гэтыя развагі Зецельскі фэст. Пра яго і гаворка.

Крыху тапанімікі

Чаму фэст у Дзятлаве называецца Зецельскім? Таму што Дзятлава было калісьці Зецелем. На маёй усходняй малой радзіме старадаўнія і не заўжды мілагучныя назвы паселішчаў кшталту “Шалухоўка” і “Крысіна” замянілі за савецкім часам на найменні ідэалагічна правільныя: пасёлак “Пралетарскі”, вёска “Барацьба”. Па гэтай жа прычыне Янава на Брэстчыне стала Іванова. З Зецелем усё не так. Перайменаванне тут адбылося ў другой палове XIX стагоддзя, а прастымулявала яго русіфікацыя колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Так што Зецельскі фэст — яшчэ і неблагая даніна павагі да мінуўшчыны.

/i/content/pi/cult/817/17492/07.jpgЛетапіс фэсту і яго каштарыс

Чатыры гады таму ў Дзятлаве прыдумалі фэст сямейнага адпачынку. Мы шмат кажам пра сямейнае чытанне, пра сямейнае выхаванне і ўвогуле — пра культ сям’і, без якога няма здаровага грамадства. Шмат кажам, але мала, як мне падаецца робім. У Дзятлаве вось ужо чатыры гады спрабуюць рабіць. Атрымліваецца!

Акцыю прыдумалі мясцовыя метадысты. Падкрэсліваю дадзены факт таму, што часцяком чую папрокі ў адрас гэтых спецыялістаў: навошта, маўляў, яны патрэбны. А патрэбны яны менавіта для такіх прыдумак і для іх рэалізацыі. Дык вось, у 2017 годзе прайшоў першы фэст. Час быў абраны крыху не той. Дажджлівы кастрычнік шмат народу не сабраў. Памылка была выпраўлена: фэст сталі ладзіць у маі. Сёлета, праўда, з-за каранавіруса ён прайшоў 19 верасня, але надвор’е не падвяло і сонечны фестываль сабраў больш за паўсотні сем’яў з Дзятлаўскага раёна.

Усе чатыры сямейныя акцыі ладзіліся за кошт раённага бюджэту. На правядзенне апошняга было выкарыстана без малага дзве тысячы рублёў. Пайшлі яны на грашовыя прэміі пераможцам конкурсаў, на афармленне пляцовак і набыццё рэквізіту. Да прыкладу для 3D-дворыку трэба было набыць нажніцы, гуаш, паперу, кардон. Сродкі, як бачна, не надта вялікія, але маральная аддача відавочная. Зецельскі фэст паспеў стаць ці не асноўнай візітоўкай краю.

/i/content/pi/cult/817/17492/08.jpgСёлета фестывальны летапіс папоўніўся новымі пераможцамі. Самымі разнастайнымі талентамі вызначыліся не толькі дзятлаўскія “ячэйкі грамадства”, але і сем’і з аграгарадкоў Круцілавічы і Хвінявічы.

Час распавесці, чым жа прываблівае Зецельскі фэст.

Не памперсы

Так, рэй на фестывальных пляцоўках вядуць не памперсы, а паўзункі! Забег у паўзунках быў сёлета зоркавым недасягальным крэатывам. Праўда, як кажа Марына Лукіянец, маленькія спартсмены не адразу разумелі, чаго ад іх хочуць дарослыя. Тым не менш да фінішу дабраўся кожны. Вы б паглядзелі на шчаслівыя твары тат і мам! Толькі дзеля гэтага і варта было прыдумляць такое шматаблічнае свята.

Паспрабую давесці, чаму яно шматаблічнае. Сёлета на фэсце дзейнічалі чатыры творчыя пляцоўкі. І дзецям, і бацькам можна было пасупернічаць у спорце, у выяўленчым і музычным мастацтвах.

Прагучалі віншаванні тым сямейным парам, якія адзначылі 25, 50 і 60 гадоў сумеснага жыцця. А ўсе разам паспрабавалі шчыра сфармуляваць формулу сямейнага шчасця. Маладыя слухалі сталых вельмі ўважліва. А раптам парады другіх калі-небудзь захаваюць першых ад сур’ёзных жыццёвых памылак. Вельмі хочацца ў гэта верыць.

Чарговы сёлетні фестывальны эксперымент быў звязаны з конкурсам-дэфіле дзіцячых вазкоў “Мая каляска — проста казка”. Бацькі загадзя ўпрыгожвалі дзіцячыя “экіпажы”. Фантазійны цюнінг вельмі значна паўплываў на непадрыхтаванага гледача. І ўвогуле Зецельскі кірмаш, трэба сказаць, прывучае здзіўляцца. Дарэчы, вельмі няпростая маркетынгавая навука.

Дэфіле калясак, як і забег у паўзунках, сёлета толькі абкатваліся. Па словах Марыны Лукіянец, у наступным годзе гэтыя дзве дзеі стануць не толькі больш маштабнымі, але і набудуць новае мастацкае гучанне.

Варта дадаць вось яшчэ што. Стварэнне атмасфернага, як цяпер кажуць, фэсту стала справай не толькі клубных работнікаў. Безліч творчых праграм прапанавала ўдзельнікам Дзятлаўская раённая бібліятэка. Ацаніце назву адной з такіх праграм — “Навыперадкі з ветрам”! Нават супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях запрасілі дзяцей на “Выспачку бяспекі”. Сямейныя справы — гэта заўжды калектыўная адказнасць.

А як справы ў вас?

Ведаю, што і ў іншых абласцях ёсць акцыі, прысвечаныя ўмацаванню сямейных адносін. Ёсць, але пра іх вельмі мала вядома. І рэдакцыйная пошта да нас адпаведных навін амаль не прыносіць. А хацелася б завесці на нашых газетных старонках пастаянную рубрыку, прысвечаную сямейным стасункам і абагульненню адпаведнага досведу. Мо пасля гэтага і паменела б разводаў?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"