Цень чорнага манаха прамільгнула...

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Я веру ў чарадзейнае ды незвычайнае. У Дзеда Мароза — не аж з маленства, а ў падступніцтва беларускіх цмокаў — заўжды так, бо іх і сёння хапае паміж нас. Але не будзем пра кепскае… Маці мая — дарэчы, настаўніца — расказвала, як даведацца, ці існуе Хатнік (ёй яе маці распавядала). Трэба ў кладоўцы пакласці на падлогу цукерку і насыпаць трохі цукровага пяску. Хатнік возьме падарунак і пакіне слядкі. Хтосьці скажа, што слядкі гэтыя — мышыныя, але тое ніякім чынам не пахісне маю святую веру ў Хатніка. Мой, да слова, заўжды са мной. Веру і ў неапазнаныя лятаючыя аб’екты, безліч якіх я бачыў пасля катастрофы на ЧАЭС у начным веткаўскім небе. І ў Чорнага Манаха, які здавён атабарыўся ў Гальшанскіх замкавых мурах. І ў тое, што Бог жыве на Беларусі, а сапраўдныя вялікія князі нараджаюцца толькі ад сапраўднага вялікага кахання.

/i/content/pi/cult/817/17491/06.jpgУ сённяшняй пошце ёсць ліст пра гальшанскага Чорнага Манаха, які па містыцызме з’яў сваіх нагадвае легендарнага і нескаронага Чорнага Войну з караткевічаўскіх “Каласоў пад сярпом тваім”. Але пра ліст гэты — пазней бо галоўная сённяшняя тэма нашага агляду — бібліятэчная. Натуральна, пераважная большасць навін — пра Дзень бібліятэк. Веру, што ў эпоху амаль усеагульнага сямейнага нечытання дзверы ў кніжны свет павінны адчыняць дзецям менавіта чараўнікі-бібліятэкары. Дай вам Бог усім Здароўя! Веру і ў тое, што кляймо “нечытаючы бібліятэкар” — стане неўзабаве недарэчным архаізмам.

Яшчэ зусім нядаўна дырэктар Жодзінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі Інэса Дзясятава сціпла сцвярджала: “Мы выхваляцца не ўмеем”. Як па мне, дык тут справа ў няправільных тэрмінах. Сучасны бібліятэкар — не хвалько, а рэкламшчык па прасоўванні чытання, інакш кажучы — кніжны святар, які пропаведдзю не выхваляецца, а заклікае да больш дасканалага жыцця. І нездарма калісьці нягоднікі кніжкі палілі: ведалі, якой сілы дабрыню яны выпраменьваюць… Карацей кажучы, нам напісала бібліятэкар цэнтральнай гарадской бібліятэкі Жодзіна Ірына Хілюціч. І не выхваляецца яна ў сваім лісце, а прымушае чытачоў здзіўляцца новым ідэям і творчай фантазіі супрацоўнікаў бібліятэкі. Праект “Мой горад — мая бібліятэка”, як я разумею, дазваляе пабачыць установу і яе работнікаў у незвычайным ракурсе. Перад тым, як перайсці да канкрэтыкі, спыніцца хачу на назве праекта — “Мой горад — мая бібліятэка”. У Жодзіне на дробязі не разменьваюцца і правільна робяць. Калі чытаць, дык усёй грамадой. Прынамсі, мэты перад сабой варта ставіць глабальныя. Толькі тады тактыка падпарадкоўваецца стратэгіі. Дык вось пра тактыку. У Дзень бібліятэк прайшоў Рабінавы фэст. Вось што піша Ірына Хілюціч: “У фае ўстановы працавала выстава-конкурс кветкавых кампазіцый. Мы імкнуліся перакласці на мову кветак вершаваныя радкі, назвы кніг, прымаўкі, песні. Гран-пры атрымаў аддзел камплектавання, які “перастварыў” паэму Паўла Сімчанкі “Вытокі” пра заснаванне горада. Аддзел маркетынгу “прачытаў” “Пунсовыя Ветразі” Грына, аддзел дзіцячага чытання ажывіў “Сэрца на далоні” Шамякіна. Нават прагматычны, падавалася б, аддзел матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і гаспадарчага абслугоўвання стварыў гімн гарадской лазні, абапіраючыся на творчасць Высоцкага. У аддзеле абслугоўвання і інфармацыі працавала кавярня “Гронкі рабіны”. Можна было пачаставацца рабінавым варэннем. Літаратурнае караоке было прысвечана таксама рабіне. Прагу чытання можна было задаволіць з адмысловай студні. А як вам інфармацыйны сняданак са свежай перыёдыкі? Вызначалі і лепшых чытачоў. На першым месца па актыўнасці сёлета аказаўся Андрэй Валковіч. Дзятва праходзіла праз абрад прысвячэння ў чытачы”. Пагадзіцеся, кветкавая мова літаратуры — гэта крэатыў, на які здольны толькі чарадзеі-прафесіяналы. У лісце кожнае мерапрыемства распісана з зайздроснай падрабязнасцю. Усе тлумачэнні я скараціў наўмысна, каб у іншых раёнах і абласцях таксама думалі ды прыдумлялі, але сваё.

Метадыст Шчучынскай раённай бібліятэкі Настасся Дзедзіён распавядае: “Наша ўстанова сабрала на 80-годдзе сяброў. Прыйшлі былыя супрацоўнікі, чытачы, кіраўніцтва раёна, клірык храма Богаз’яўлення. Натуральна, згадалі мінулае, ацанілі сённяшняе, зазірнулі ў будучае. Шмат было віншаванняў ды ўзнагароджанняў”. Мы таксама далучаемся ды шчырых віншаванняў!

Імідж-акцыя праходзіць у бібліятэках Бярэзінскага раёна. Стартавала яна ў лаўнай раённай установе. Яе дырэктар Наталля Маеўская піша пра дзейсную прапаганду беларускай літаратуры, пра тое, як тэатр аднаго акцёра ажывіў сюжэты апавяданняў Ніны Рыбік, Валянціны Кадзетавай, Вольгі Данілавай.

Не прамаўчаў на бібліятэчную тэму (хто б сумняваўся!) і Бабруйскі Палац мастацтваў. “Бібліятэка сёння — ідэальная прастора для баўлення часу па-за хатнімі межамі, — распавядае метадыст установы Ірына Аўсяннікава. — 15 верасня ў прамым эфіры адной з сацыяльных сетак прайшла літаратурна-музычная анлайн-праграма “Ёсць храм у кніг — бібліятэка”. Віншаванні гучалі ў адрас усім дзесяці бібліятэкам цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Бабруйска, якія абслугоўваюць 45 тысяч карыстальнікаў”.

Магілёўская гарадская бібліятэка імя Міхаіла Лермантава, як пераконвае загадчыца ўстановы Вікторыя Падчапіла, не паленавалася выйсці на вуліцу, у народ. У скверы мікрараёна Юбілейны ажылі літаратурныя героі.

Актыўна святкавалі і ў бібліятэках Свіслаччыны. У дзіцячай установе чытачы пісалі свае віншаванні на папяровых далоньках. Раённая бібліятэка на пасяджэнні сяброў аматарскага аб’яднання “Свіслачанка” прагледзелі фільм пра бібліятэкі Гродзенскай вобласці. А ў Ханявіцкай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Залаты ўзрост” зладзілі акцыю “Камплімент бібліятэцы”. Пра гэта паведаміла метадыст Свіслацкай райбібліятэкі Алена Рабчанка.

У Астравецкай раённай бібліятэцы літаратар Людміла Маркоўская правяла аўтограф-сесію. Аўтар інфармацыі — загадчык аддзела маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Творагаль.

Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Алена Якаўчык паведамляе, што ўстанова правяла сярод чытачоў апытанне “Што для вас значыць бібліятэка?” Большасць канстатавала: “Аптэка для душы”. Вялікія летуценнікі жывуць і чытаюць на Дзятлаўшчыне.

І апошняя на сёння бібліятэчная навіна з Мастоўскага раёна. “Ёсць у нас праект — “Кнігі будуюць МАСТЫ”, — распавядае метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун. — Акцыя “Вершы ў падарунак” стала складнікам гэтага праекта. Бібліятэкары дарылі мастаўчанам паштоўкі з вершамі пра бібліятэку і кнігі”.

Пра цень Чорнага Манаха напісалі метадысты з Ашмянскага раёна. Беларусь — краіна замкаў. Самы містычны з іх знаходзіцца, натуральна, у Гальшанах. Перліна архітэктуры рэстаўруецца з 2018 года. Вось што распавядае метадыст Ашмянскага раённага Цэнтра культуры Сяргей Жылік: “Гальшанскі замак меў вялікую ды разгалінаваную сетку падземных скляпенняў. Пры будаўніцтве былі выкарыстаны перадавыя для таго часу інжынерныя тэхналогіі. Да прыкладу, працавала сістэма мясцовага ацяплення. У замку знаходзілася цудоўная бібліятэка. А на цаглінах збудавання сёння можна знайсці своеасаблівыя аўтографы з глыбіні вякоў — адбіткі далоняў тагачасных муляраў. А Чорнага Манаха прапісаў у Гальшанах Уладзімір Караткевіч”. Але апрача Манаха ёсць яшчэ і замураваная Белая панна. На гэты гальшанскі хорар не заканчваецца: Паўла Стэфана Сапегу назвалі Сіняй Барадой, бо ў замку памерла тры яго жонкі. Менавіта таму падвальнае замкавае памяшканне, па словах Сяргея Жыліка, будзе прысвечана нашай містычнай гісторыі. А ўвесну мяркуецца наладзіць чарговы фэст “Гальшанскі замак”. Калісьці мерапрыемства хацелі назваць фестывалем прывідаў, але штосьці незаладзілася. Відаць, прывіды і перашкодзілі. Але ці ж варта іх баяцца?

Самы час згадаць пра бяспеку. Спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок даслала ліст пра адзіны дзень бяспекі. Падчас акцыі адбыліся вучэнні і трэніроўкі. Да слова, Савецкаму раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях горада Мінска — 81 год. Усё пачалося са стварэння пажарнай службы. З таго часу беларускія выратавальнікі прайшлі вялікі шлях. Сёння ў складзе аддзела — дзве аварыйна-выратавальныя часткі.

Пра адзіны дзень бяспекі напісала і загадчык аддзела Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна. З гэтай нагоды работнікі культуры наладзілі ў школах абласнога цэнтра шэраг гульнявых праграм.

Пішыце пра цікавае і беражыце сябе.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"