Жадаем столькі дачушак, колькі ў хаце падушак!

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Што нагадаў вясельны альбом
Ці не ў кожнай сям’і сярод старых фотаздымкаў знойдуцца рэдкія і ўнікальныя, якія нагадаюць пра даўнія падзеі і пра тых людзей, якіх даўно няма. Вельмі пашанцавала тым сем’ям, у якіх захаваліся вялікія фотаархівы з разнастайнымі постацямі сваякоў, а яшчэ больш пашанцавала актывістам школы фалькларыстаў Гродзенскага раёна. Падчас жнівеньскай этнаграфічнай сустрэчы з Ірынай Бернатовіч (1939 года нараджэння) з вёскі Шэмбелеўцы Гродзенскага раёна, якая, нагадаю, перадала ў музей вёскі Зарачанка свой “дзявочы пасаг”, жанчына паабяцала “у другі раз пагартаць яшчэ і альбом са старымі фотаздымкамі” і абмовілася, што гэта звычайныя фотаздымкі, якія захаваліся ў многіх сем’ях. Але чамусьці я была ўпэўнена, што гэтыя позіркі з мінулага стануць новым эмацыянальным адкрыццём для мяне асабіста, і сапраўднай знаходкай для нашых новых краязнаўчых матэрыялаў і даследванняў.

/i/content/pi/cult/817/17490/04.jpgА пачалося ўсё так

З альбома Ірыны Іосіфаўны на мяне глядзелі неверагодныя і задуменныя твары маладой і маладога, іх бацькоў, гасцей, вясёлых дружак і дружбантаў (у альбоме такіх фотаздымкаў было пераважная большасць). Я заварожана глядзела на гэтыя позіркі і ўспомніла сваё вяселле, вяселле свайго сына, якое, дарэчы, прайшло незабыўна весела, дзякуючы некаторым народным звычаям вясельнага абраду. Адразу ўспомнілася і вялікая фотавыстава “Вясельны вянок майго краю” з дзясяткамі вясельных выяў розных гадоў і з розных мясцовасцяў, якую падрыхтавалі работнікі культуры падчас VІІ раённага фестывалю фальклору “Вяртанне да вытокаў”, што адбыўся ў лістападзе 2019 года. І адразу захацелася адрадзіць ці знайсці вясельныя строі, па фотаздымкам навучыцца рабіць вянкі для вэлюма, характэрныя для нашай мясцовасці.

/i/content/pi/cult/817/17490/05.jpgУ час пасля Пакроваў

На вясельных фотакартках (іх у альбоме каля 30) — шыкоўныя сукенкі, вэлюм, будучы муж у прыгожым касцюме, шмат гасцей, амаль усе сваякі ці каляжанкі Ірыны Іосіфаўны з вёскі Шэмбелеўцы.

“Веска была невялікая, каля 17 двароў, але славілася яна на вяселлі, бо ў сем’ях — не менш за шасцёра, а то і васьмёра дзяцей. Толькі з нашай вёскі пасля 4 класа ў Лойкаўскую школу хадзіла 28 дзяцей, і як усе падраслі, то і надышоў вясельны час”, — успамінае кабета.

Пазнаю на фота маю суразмоўцу — сціплую Ірыну Іосіфаўну ў прыгожай белай вясельнай сукенцы побач з мужам. Заўважаю, што на адной картцы яна ў доўгай сукенцы, а на другой — у кароткай... І пачалася тут доўгая размова-ўспамін, з якой паўставала наша мінуўшчына, слаўная традыцыямі продкаў.

Як вядома, у нашых продкаў час для вяселля надыходзіў звычайна пасля Пакроваў, калі ўжо былі ўпарадкаваныя агароды, абавязкова “пад халады” калолі парася, і на вясельных сталах з’яўляліся пальцам пханая каўбаса, смажанае сала, ватрабянка і іншыя прысмакі. “Ладзілася вяселле ў любую пару года, за выключэннем постаў, але часцей за ўсё ў восень”, — дзеліцца ўспамінамі жанчына.

Першы дзень, як правіла, святкавалі ў хаце маладой. Раніцай сяброўкі, сваха і дружка дапамагаюць нявесце апранацца. Жаніх не павінен бачыць яе да прыняцця шлюбу: дрэнная прыкмета. Раніцай жаніх разам са сваёй дружынай прыязджаў да маладой і яе “выкупаў”: сяброўкі нявесты заміналі, прымушалі адкупіцца цукеркамі, грашыма.

Па вясковых традыцыях пасля рэгістрацыі маладыя ехалі на вянчальны абрад у царкву ці касцёл. Пасля ўсе рухаліся да месца святкавання вяселля. А вось на танцы маглі хадзіць у другую хату, дзе ніхто не жыў, ці танчылі на вуліцы. Гэта нават я дакладна памятаю яшчэ са сваёй маладосці, калі была “ў вяселлі дружкай ці сванькай”. А мая суразмоўца тлумачыць: “Вяселле гуляла ўся вёска. Зразумела, за стол запрашалі не ўсіх, але на танцы прыходзілі з кожнай хаты: маладыя — патанчыць, старыя - паглядзець”.

“Горка!” — для нячысцікаў

Каля хаты маладых сустракалі бацькі. Маці дзяўчыны трымала хлеб ці каравай, бацька — гарэлку. Маладыя адкусваюць па чарзе па кавалачку хлеба, а гарэлку толькі прыгублівалі. Астатняе — у грамаду цераз левае плячо! Гэта абярэжны рытуал: лічаць, што такім чынам адганяюць нячысцікаў.

У хаце муж і жонка садзяцца ў чырвоны кут, пад абразамі. І пачынаецца! Сталы ломяцца, крычаць “горка”, каб зберагчы мужа і жонку ад зайздрасці ды сурокаў. “Дружкі маладога сядзелі па руку жаніха, а дружкі маладой — па руку нявесты. Пазней дружына ўжо садзілася па парах. Дзяўчаты падыходзілі да хлопцаў, якія ім падабаліся, і чаплялі на левы бок самаробную кветачку. Гэта значыла, што на сёння яны — пара, але гэта было неабавязкова, — кажа Бернатовіч.— Таксама ў нас была такая традыцыя: перагароджваць дарогу маладым пасля шлюбу. На шляху ставілі “браму” — такі своеасаблівы заслон рабілі, каб патрабаваць выкуп ад жаніха. Вяскоўцы выносяць стол, на ім абавязкова ёсць хлеб ды соль і, па магчымасці, кветкі. Гучаць віншаванні-пажаданні, а за тое вяскоўцам дораць гарэлку, закуску і салодкія пачастункі”.

Гэтая дзея захвалася і сёння, шматлікія фальклорныя калектывы яе адрадзілі і дэманструюць падчас сучасных вяселляў. У нашым раёне — гэта народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага Цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці: “Дару вам зялёны ліст, каб нарадзіўся сын-гарманіст. І жадаю вам мець столькі сыноў, колькі ў хаце вуглоў. Жадаю мець столькі дачушак, колькі ў хаце падушак. Дару маладому клубок нітак, каб не круціўся ля чужых лытак. Дару вам абрус новы, каб былі ўсе здаровы. Дару маладому абцугі — каб не раслі ў яго рагі”.

Дарэчы, такія жартоўныя падарункі атрымалі на вяселлі і мае дзеці.

У тумане вэлюму

У альбоме ёсць некалькі фотаздымкаў з дружкамі (так называлі дзяўчат з боку маладой) і дружбантамі (з боку маладога), якія павінны быць нежанатымі. Дружкі — у аднолькавых доўгіх белых сукенках. “Гэта быў у нас закон: першая дружка — цяпер гэта свідзецельніца, дружкі і сванька, як і маладая, да шлюбу (да касцёла) адзявалі толькі доўгія белыя сукенкі. У кожнай вёсцы была свая партніха. У нашай вёсцы, напрыклад, мая сястра Ванда абшывала кожную нявесту і яе дружак. Законам для маладой быў і доўгі белы вэлюм ці валён (“фата”). Нявеста ў нашай мясцовасці шыла сабе на вяселле дзве сукенкі: у адной доўгай і абавязкова белай “ішла” да шлюбу, а другую, таксама белую, але кароткую, перапранала ўжо як прыязджалі з касцёла. А касцюм маладога, як і сёння, быў звыклым: кашуля, штаны і марнарка (пінжак), якія потым яшчэ доўгія гады апраналі “на выхад”, бо такая дарагая рэч, як касцюм, павінна шыцца не на адзін дзень. Тады гэта каштавала вельмі дорага”, — усхвалявана апавядае Ірына Іосіфаўна.

Рыхтуючы гэты матэрыял, размаўляла яшчэ з адно жанчынай Ірынай Стральчэняй, з Абухава, якая расказала, што ў 40 — 50-я гады нявеста апранала проста святочную сукенку “шылі яе не белай, а больш практычнай, каляровай і суцэльнай. І пасля яе апраналі на святы, у касцёл. Я памятаю гэта па старых фотаздымках, якія ў рамах каля абраза віселі ў бацькавай хаце, ды і мама расказвала, мая бабця Акуліна Санцэвіч з вёскі Карытніца Дзятлаўскага раёна замуж ішла ў 1935 годзе”, — успамінае жанчына.

Значна больш увагі, чым сукенцы, нявесты першай паловы ХХ стагоддзя ўдзялялі вэлюму. Галаўны ўбор рабілі самі. Удзел у гэтым маладая прымаць не магла, над вяночкам завіхаліся яе сяброўкі ці суседкі. Рабілі вэлюм з марлі, фаціну, бязі. Прыкладна да 70-х гадоў ён быў доўгі, да падлогі. Упрыгожвалі вэлюм вяночкам.

Картэж з вазоў

Загаварылі пра вясельныя падарункі. “Нявеста павінна пры абдорванні сваякоў мужа абавязкова назваць свякроў маці і падарыць хустку з кветкамі, потым адрэз на сукенку і трэці падарунак — абрус для стала. Адрэз тканіны дарыўся і свёкру. Адрэзы гэтыя былі з дарагой тканіны. Абдорвала я не толькі блізкіх сваякоў, але і ўсіх гасцей на вяселлі. Цяпер ужо не памятаю, іх можа пад 70 чалавек было. Жанчыне — хустку, мужчыне — куплёнае палаценца”, — з гонарам паведаміла жанчына.

Гартаем старонкі альбома далей, на вочы трапляюць дзве фотакарткі: маладыя з гасцямі едуць на трох вазах з запрэжанымі па дваіх коньмі, а на другой — ужо на грузавой машыне. “Такіх картэжаў як цяпер у нас не было. Добра, калі на грузавіку пад’едуць маладыя распісацца і да шлюбу. У вёсцы, як і ў горадзе, машыны таксама ўпрыгожвалі каляровымі стужкамі ды кветкамі, часцей бярозавымі галінамі. А калі не было аўтамабіляў, то вазы, збрую коней упрыгожвалі яловымі галінкамі. Грузавую машыну бралі ў калгасе, на гэтай фотакартцы, яна дзесьці 60-х гадоў, вяселле ў нашай вёсцы Шэмбелеўцы, маладыя на грузавіку едуць пасля шлюбу, усе разам стаяць, бо да касцёла маладая с дружкамі сядзела на адной лаўцы ў кузаве, а малады з дружбантамі — на другой. Так было прынята. Фотаздымкі, дзе вяселле едзе на конях, значна ранейшыя, 1945 — 1946 гадоў, гэта вяселле ў Монькаўцы. Знакам, што вяселле едзе, служылі званочкі-бомы пад дугамі коняў. Лічылася, звон палохае нячысцікаў. Абавязкова вазы засцілалі дыванамі”, — гартае старонкі альбома мая суразмоўца.

Ёсць некалькі фотаздымкаў з музыкантамі, якія статна стаяць з дружбантамі. Пытаюся ў Ірыны Іванаўны: “Адкуль былі музыканты, ці мясцовыя, ці многа бралі грошай?” “Па дарозе маладых заўсёды суправаджала жывая музыка: гралі на гармоніках, барабанах, бубянцах. Музыканты былі свае, у каго адзін граў, але часцей — цэлая каманда. Праўда ў Шэмбелеўцах не было такога добрага, так сказаць, музыкі. Запрашалі з Кілбасак, Лоек, Беражанаў, Загаранаў. Вясёлыя былі хлопцы. А зараблялі яны, напэўна, добра. Бо калі прыходзіла пара, то былі на расхват”, — расказвае Ірына Іосіфаўна.

Дзяльба каравая

Нарэшце адбывалася цэнтральная падзея свята — дзяльба каравая. Сват ці хросны бацька прасіў дазволу на разразанне печыва. Атрымаўшы яго, пачынаў дзяліць. Адметна, што першы кавалак маглі даваць маладым, хросным альбо бацькам.

Запыталася ў Ірыны Стральчэні: “Раней па караваі нават вызначалі сямейную будучыню, таму з вялікай павагай і пашанай адносіліся да яго. Гатавалі вельмі адказна: не так, як цяпер, калі можна замовіць торт у краме. Выбіралася жанчына, якая добра жыве ў сям’і, шчаслівая. Для такой выпяканне вясельнага каравая было рытуалам. Калі каравай вымалі з печы, глядзелі, які ён атрымаўся. Калі каравай быў цэлы, поўны і не лопнуў, гэта значыла, што жыццё ў маладых — вельмі добрае, багатае. Калі ж каравай быў лопнуўшы ці патрэсканы, то не будзе ладу, і ў некаторых вёсках каравай тады перараблялі”, — тлумачыць Ірына Станіславаўна.

“У дзень вяселля ў маладой дзялілі каравай толькі маладой, а каравай маладога — назаўтра. Родныя браты ці першы дружбант (свидетель) высока яго над галавой падымалі, каб ніхто не дастаў, а якая са старэйшых жанчын прыгаворвала: “А ў нашым караваі із сямі палёўпшаніца, / Із васьмі рэчак вадзіца, / Із дзевяці кароў масла /1 яец палтараста!” (запісана ў вёсцы Сёгда Карэліцкага раёна ад Лідзіі Шушкевіч 1929 г.н.).

А ў куфры — пасаг

Пасля дзяльбы каравая маладыя ехалі ў хату жаніха. Везлі і вялізны куфар з пасагам маладой (адзенне, посцілкі, палатно і падарункі), які яна павінна была выткаць і вышыць сама. Мне адразу ўспомніўся і мой пасаг. На жаль, сама я нічога не ткала і не вышывала, але ў прыгожы даматканы дыван, які мне падаравала мая бабуля Лідзія Шушкевіч з Сёгды Карэліцкага раёна, мая мама паклала дзве падушкі, пасцельную бялізну, коўдры і падарункі сваякам.

“Потым гэтыя рэчы вывешваюць і выкладваюць навідавоку, каб усе маглі бачыць, якая нявеста-майстрыха і гаспадыня, яшчэ і курыцу везлі з сабой ў прыданае” (запісана ад Ірыны Стральчэні з Абухава Гродзенскага раёна, раней пражывала ў вёсцы Хадзілоні Шчучынскага раёна).

Другі дзень вяселля святкаваўся ў хаце жаніха і быў падобны на папярэдні па сваім змесце: “Маладая надзявала другое плацце ці спадніцу з кашуляй, што часцей было. Зноў сабіраліся госці і працягвалася гулянка. Ужо дзялілі каравай маладога. Ішлі толькі самыя родныя. Пелі песні, выдумлялі ўсякае-ўсякае рознае. Гралі на гармоніку.” (запісана ў вёсцы Шэмбелеўцы ад Ірыны Бернатовіч).

Бывай, дзявочае жыццё!

Вяселле ў народным стылі, ці, дакладней, адну з яго частак “Прыезд маладых да маладога” аднавіў у Жытомлі Гродзенскага раёна самы старэйшы фальклорны калектыў — народны тэатр “Матуліна песня” пад кіраўніцтвам Тарэсы Адамовіч. Тут было ўсё самае асноўнае: коні, упрыгожаныя бразготкамі і лентамі з кветкамі, на павозцы — маладыя ў старамодных строях, гармонікі гралі на ўсю ваколіцу, былі каравай і застолле, танцы, абмен падарункамі, безумоўна, павязвалі хустку. У хаце маладога свякроў здымала вэлюм і вянок з нявесты і замест яго павязвала хустку. Гэта сімвалізавала яе пераход у статус замужняй жанчыны і развітанне з дзявочым жыццём.

Я не змагла не падзяліцца з Ірынай Іосіфаўнай і сваімі думкамі: нявестцы Алесі я таксама здымала фату і павязвала прыгожую белую “ажурную” касынку. Добра памятаю той хвалюючы момант, калі на вочы наварочваліся слёзы, бо кожнай маці хочацца каб у шчасці, любові і згодзе доўжылася жыццёвая дарога яе дзяцей.

Тэма для школы фалькларыстаў

Вось мы і перагарнулі старонкі вясельнага абраду ў звычайным старым і пажоўклым фотаальбоме. І думка сама сабой узнікла: як лёгка традыцыю страціць і як цяжка яе адрадзіць.

Сёння калекцыя вясельных фотаздымкаў розных гадоў не надта вялікая, але яна ўжо можа вандраваць па розных установах культуры і знаёміць моладзь з мясцовымі вясельнымі традыцыямі. А наша школа фалькларыстаў распачынае новы напрамак экспедыцыйных даследаванняў па ўзнаўленні вясельных строяў, зборы фотаздымкаў, запісе і аднаўленні абрадаў, вясельных песняў. Я ўпэўнена, праз некаторы час на адным з мерапрыемстваў адбудзецца дэфіле ў традыцыйных вясельных строях, дзе кожны аграгарадок прадаставіць маладую пару ў вясельным этнаграфічным ці рэканструяваным строі ад 1960 гадоў XX стагоддзя, а па фотаздымках абавязкова навучымся рабіць вянкі для вэлюму з рознымі ўпрыгожваннямі, характэрнымі для нашай мясцовасці.

Пераканана: вяселле другога майго сына таксама будзе з абрадавымі дзеяннямі нашых продкаў.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра