Пад мантыяй любові і надзеі

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Перакананы, што выяўленчае мастацтва — гэта заўсёды “пашыраны тэст” для кожнага, хто яго бачыць. Калі “персанальны універсум” вузкі, глядач абмяжоўваецца катэгорыямі “падабаецца — не падабаецца”, а крытык шукае пацвярджэння сваіх пазіцый не ў рэальным свеце, а ў гісторыі мастацтваў, дадзенай нам у прафесійных тэрмінах. У той час, як кожны творца патрабуе іншага — далікатнага пранікнення ў яго індывідуальную прастору, якая існуе па сваіх унутраных законах. Асабіста для мяне цікава не тое, на каго падобны мастак, а тое, хто ж ён насамрэч. Аналогіі і ўплывы — толькі рамка для партрэта маёй гераіні Надзеі Лівенцавай. Мастачкі, якую наўрад ці можна лічыць знакамітай — у асяроддзі элітарнай мінскай багемы яна не тусуецца. Тым не менш, ёй ёсць што сказаць сваім сучаснікам і нашчадкам.

/i/content/pi/cult/817/17489/03.jpgАхапіць рукамі небасхіл

Ці часта ў наш час даводзіцца сустракаць мастацтва, якое поўніцца святлом і радасцю, захапленнем і пакланеннем перад хараством Божага свету? Ці многія з нас здатныя так бачыць і так успрымаць? Надзея Лівенцава — здатная. І можа абуджаць такое ўспрыманне ў душы гледача, можа заражаць ім блізкіх ёй людзей, выклікаючы цёплую ўдзячнасць і шчырую любоў.

Творы Лівенцавай — тонкія, прасякнутыя ўнутраным святлом. Яны будуюцца на спалучэннях вытанчана-прыгожых чыстых тонаў. Яны нараджаюцца як музыка — ад судакрананняў душы мастачкі з “душой” кветак, дрэў, гор, неба — з вечным і мудрым духам прыроды. Побач з аўтарам і яе мастацтвам неспадзявана становіцца сорамна за свае чорнай сажай засыпаныя вочы, за сваю цёмную, расчараваную душу. Стомленыя і раздражнёныя, мы спакваля перамяняемся, уваходзім у тую цудоўную краіну, дзе пануе добрая чарадзейніца з такім светлым, радасным і маладым імем — Надзея. Яна даверліва запрашае кожнага, хто здольны калі не перасяліцца туды назаўсёды, дык хаця б зазірнуць у шчылінку...

Надзея Віктараўна — чалавек, я б сказаў, “магічнага рэалізму”. Празмернасць у крайнасцях дае тую рознасць патэнцыялаў, якая трымае ў вышэйшай напрузе сам акт тварэння. А ўнутраная сіла асобы дазваляе не толькі сінтэзаваць артэфакты адзінага стылю — хай гэта будуць сімвалічна-алегарычныя кампазіцыі, або жывапісныя рэмінісцэнцыі “па матывах” нейкіх вядомых у гісторыі мастацтваў палотнаў, напоўненыя шчодрай мазаікай пачуццяў і пераканаўчасцю “эмацыйнай” пластыкі — але і прыцягнуць да сябе максімальна аддаленыя кропкі, ахапіць рукамі небасхіл, узвесці канкрэтную дэталь да ўзроўню сімвала.

Вось карціна “Сон у месяцовую ноч”: зграя грозных ваўкоў у начным спусцелым горадзе. Напісана яна амаль адразу ж пасля Чарнобыльскай катастрофы, у выніку якой многія беларускія і ўкраінскія гарады і вёскі сапраўды прыйшлі ў трагічнае запусценне — і, у той самы час, далі прытулак дзікім звярам. Так, гэтую працу глядзець няпроста, яна не лашчыць вока. Але хто сказаў, што мастацтва павінна быць толькі святочным і прыемным? Да ўсяго, гэты твор — напамін і пра духоўную катастрофу, якая навісла над кожным з нас, пра распад свядомасці ў эпоху бездухоўнасці, пра будучыя беды і пра многае іншае.

У Лівенцавай ёсць цудоўны “Аўтапартрэт” з сініцай у клетцы і дзвюма зграямі ваўкоў на бакавых планах, намаляваных так, нібы гэта мроі. Нібыта яны здзіўлена прыглядаюцца: што ж за чалавек такі Надзя Лівенцава? Што ёй дорага ў гэтым жыцці? Што радуе, што засмучае, дзеля чаго прыйшла яна ў гэты свет? Якія сюжэты чакаюць свайго часу?

Праца такой мастачкі — самотная праца. З таго моманту, калі яна пачынае грунтаваць палатно — і ажно да таго імгнення, калі карціна з’яўляецца на выставе. І ніхто, акрамя самой аўтаркі, не можа ведаць, атрымаецца або не, “ці тая гэта карціна”, што ўбачылася аднойчы ўнутраным зрокам, ці перамагла яна ў вечным пошуку гармоніі або прайграла... Творчая праца — бясконцае ўзыходжанне па дарозе майстэрства . І заўсёды, з пачатку і да канца, мастачка адна адказвае і за сюжэт карціны, і за каларыт, і за жанр, у якім вырашаная яе халсціна...

Ненавязлівае аблічча Космасу

Недаказанасць, намёкі, таямнічыя, загадкавыя, часам містычныя вобразы, — вось асноўныя прынцыпы яе эстэтыкі сімвалізму, якія выявіліся і ў фігуратыўных палотнах, і ў кампазіцыйных партрэтах, дзе адлюстроўваецца жыццё чалавечай душы, поўнай перажыванняў, смутных настрояў, найтонкіх пачуццяў і мімалётных уражанняў. Большасць такіх партрэтаў — гэта рэальныя людзі, душэўна і духоўна блізкія аўтару — майстры пэндзля Леанід Шчамялёў, Марыя Ісаёнак, Уладзімір Крываблоцкі, мастацтвазнаўца Таццяна Бембель, блізкія сяброўкі мастачкі — актрысы Алена Пастрэвіч (Уладамірская) і Таццяна Баўкалава — і проста добрыя людзі, што сустракаюцца ёй у неўтаймоўнай плыні жыцця.

У лепшых партрэтах Лівенцавай — найчыстейшая шчырасць, гарачае жаданне данесці думку ўсёй творчасці — “людзі, будзьце дабрэйшымі”. А строгая адпаведнасць рэальнасці дзіўным чынам спалучаецца з рамантыкай шырокіх абагульненняў, што выяўляецца праз эмацыйны падтэкст вобразаў.

Часам мадэль выяўленая ў ірэальным свеце (карціна “Сон матухны Марфы”, прысвечаная былой выхаванцы БДТМІ Вольгі Мацвеевай), часам — у падкрэслена-канкрэтным, але з абавязковай метафарай-атрыбутыкай у прасторы інтэр’еру ці пейзажу (партрэт Нінэль Шчаснай ля запаленага каміна); часта — у настальгічным ключы рамантычнага арэолу: партрэты маладой мастачкі Антаніны Слабодчыкавай у рыцарскіх даспехах або ваеннай медсястры-гераіні беларускі Соф’і Кунцэвіч.

А побач — гістарычная карціна “Вяртанне”, прысвечаная паэту, кампазітару і драматургу Міхалу Казіміру Агінскаму, які пасля эміграцыі зноў трапляе ў родныя мясціны. І яшчэ некалькі заказных парадных партрэтаў прадстаўнікоў генеалагічнага дрэва роду Радзівілаў, выкананых для Нясвіжскага замка.

Асаблівае месца ў творчасці Лівенцавай займаюць некалькі “сямейных” жывапісных партрэтаў: чатыры выявы бацькі Віктара Ільіча Лівенцава — славутага беларускага партызана, Героя Савецкага Саюза, — партрэт мамы, былой бабруйскай падпольшчыцы Ганны Мацвееўны Смольнікавай, а таксама карціна-ўспамін пра старэйшага брата Валерыя, які загінуў у Маскве ў дні “крывавага кастрычніка” 1993 года.

А хіба, да прыкладу, кампазіцыі “Адчай” або “Змярканне” не з’яўляюцца дзіўным творчым эксперыментам мастачкі, яе рызыкоўным падарожжам у вобласць непазнанага, дзе мінулае таясніцца з сучаснасцю і будучыняй?! Нават у паўмістычнай карціне “Плач анёлаў”, навеянай сумнавядомым тэрактам 11 красавіка 2011 года ў Мінскім метрапалітэне, пад яе пэндзлем раптам праяўляецца ледзь улоўнае, ненавязлівае аблічча Космасу дня сённяшняга, пад мантыяй якога працякае наша штодзённае жыццё з яго несупынным бегам часу, з сацыяльнымі канфліктамі, драмамі і трагедыямі...

Самая апошняя карціна Лівенцавай называецца “Малітва. 1941 год”. Дзесяць гадоў таму ў Надзеі ўжо быў твор з такой самай назвай (сёння ён у Нацыянальным мастацкім музеі). “Але вось прайшоў час, — кажа яна, — і мне здалося, нібы я ў той карціне нешта недарабіла і ў агульным вобразным ладзе, і ў кампазіцыі. Яна ўжо перастала задавальняць, а такая святая для мяне тэма ўвесь час “пераследуе”, нават у сне, і мне хочацца рэалізаваць яе як мага больш глыбока і пераканаўча. Вось чаму да 75-годдзя Перамогі я і зрабіла новы варыянт палатна ў іншым фармаце, кардынальна змяніўшы і кампазіцыйна-колеравую структуру”.

Я ўбачыў гэтую карціну ў яе майстэрні зусім нядаўна. На мой погляд, “Малітва” — несумненая ўдача ў яе творчасці. Яна — сімвал гераічнага і трагічнага часу Вялікай Айчыннай вайны. Яна — споведзь той эпохі, яе воля і надзея. Стрымана-суворы “настрой” карціны — яе эмацыйны камертон. Вобраз салдата сорак першага года — гэта вобраз пакуты, вострага болю, самаахвярнасці. Вобраз, пазбаўлены лішніх атрыбутаў, якія зніжаюць і здрабняюць уражанне; вобраз згушчаны, поўны чыстай і строгай чалавечай веры. І гэта надае ўсяму палатну інтанацыю гераічнага драматызму, ўзмоцненага такімі важнымі дэталямі, як фрагмент цудам ацалелай у паўразбураным храме фрэскі з выявай Мадонны з немаўлём, і зграі крумкачоў — прадвеснікаў збянтэжанасці і трывогі...

Пасіўнасць успрымання выключаецца

Лівенцава — зусім не бытапісальнік. Яна — паэт, і той свет, што яе акаляе, бачыць вачыма творцы, для якога складаныя асацыятыўныя сувязі, сімвалічныя іншасказанні, выяўленчыя парабалы, умоўнасці метафарычнага мыслення гэтак жа натуральныя, як родная мова. У яе творах моцна скрыжаваліся ўздзеянні народнай культуры і шматстойныя імпульсы еўрапейскага прафесійнага мастацтва. Таму Лівенцава — мастачка сучасная, з грамадзянскай сталасцю светапогляду, ускладненасцю духоўнага жыцця, нервічнай арытміяй, характэрнай для нашага няпростага часу.

У сваім мастацтве яна нікога нікуды не заклікае. Дый неабавязкова кудысьці заклікаць. Можна проста спяваць і слухаць дзівосную музыку — трывожную хвалюючую скрыпку. Радавацца ўсяму. Аднак — абавязкова жыць “тут і цяпер”. Прырода вакол нас цудоўная, калі яе не зневажаць сваім няпрошаным уварваннем. Яна прыцягвае мастака сваім пахам, колерам, далікатнасцю формаў. Яна жыве і дорыць чалавеку пачуццё чароўнай прыгажосці, суцяшае і натхняе яго, нічога не патрабуючы ўзамен, акрамя добрага стаўлення да яе чалавека.

Паводле свайго ладу думак, творчай ментальнасці і абсалютнай самааддачы яна глыбока беларуская мастачка. Аднак па душэўнай мяцежнасці, па няўрымслівым памкненні да бясконцага і ўсеагульнага Лівенцава выходзіць далёка за рамкі ўласна “беларускасці”. Ейны мастацкі свет — гэта калейдаскоп, у якім адлюстроўваецца спектр самых розных колераў і адценняў, самых розных тэм і жанраў: ад глыбока паэтычных матываў прыроды блізкага і далёкага замежжа да падарожных “зацемак” пра тое, што ўсхвалявала яе ў Італіі і Швецыі, у Арменіі і Сенегале, у Расіі і Германіі.

Пагадзіцеся, карціны растлумачыць складана. Хіба можна растлумачыць музыку ці паэзію? Як можна словамі растлумачыць, напрыклад, твор “Той, хто рушыць сваёй дарогай” — пра маленькага зямнога чалавека, які з цяжкасцю цягне велізарны камень — каб нягледзячы ні на што дасягнуць сваёй запаветнай мэты? Або складаную філасофскую канструкцыю палатна “Пятніца 13”? Або “Прысвячэнне” — пра таленавітага хлопчыка-скрыпача, пацалаванага Богам? Фігуратыўныя карціны Надзеі Лівенцавай не паддаюцца пераканаўчаму славеснаму, літаратурнаму каментарыю. Дый этыкеткі мала што скажуць, бо ў кожнага разумнага гледача такія працы выклічуць свае асацыяцыі, якія могуць не супадаць з першапачатковай аўтарскай задумай.

І тым не менш — а можа быць, часткова менавіта таму — яны мяне і хвалююць. Хвалююць адчуваннем шматпланавай ідэі, няўцямнай да канца выразнасцю, колерамузычнай стрыманай жарсцю, дзівоснай раскаванасцю ў манеры накладання мазка — словам, той пачуццёвай эмацыйнасцю, якая заўсёды складала таямніцу Яго Вялікасці Мастацтва. Пасіўнасць успрымання пры гэтым выключаецца, а чараўніцтва пераасэнсавання адлюстраванага пэндзлем здабывае свабодны палёт.

P.S. Калі я завяршаў гэтае эсэ, мне чамусьці ўспомніўся адзін з вершаў бліскучага прадстаўніка Сярэбранага веку Максіміліяна Валошына. Там былі такія словы: “Всё видеть, всё понять, всё знать, всё пережить, // Все формы, все цветы вобрать в себя глазами. // Пройти по всей земле горящими ступнями, // Всё воспринять — и снова воплотить!” Рыхтык у рыхтык пра маю гераіню, маю сучасніцу Надзею Віктараўну Лівенцаву...

Барыс КРЭПАК, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі