Таямніцы Манюшкаў

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Частка XVIII
Пасля невялічкага тайм-аўта мы ізноў вяртаемся да гісторыі продкаў Станіслава Манюшкі. З папярэдніх частак чытачы нямала даведаліся пра сям’ю жонкі кампазітара і пра акалічнасці пераезду Манюшак у Варшаву. А таксама пра тое, што апалагетам тэзы — “Манюшка быў з крыві і косці паляк” — трэба ісці ў нагу з часам, адмовіўшыся ад міфалогіі, створанай “манюшказнаўцамі” далёкага мінулага. Ад сёння мы пачынаем расповед пра лёс дзеда кампазітара, таксама Станіслава Манюшкі. Безумоўна, некалькі радкоў прысвецім і яго сям’і, і некаторым з ягоных нашчадкаў.

/i/content/pi/cult/817/17488/02.jpgПамятаючы свае карані

Нагадаю, Манюшкі на Падляшшы з’явіліся напрыканцы XV стагоддзя, праз нейкі час пасля таго, як гэты спрэчны і ласы кавалак колішняй зямлі яцвягаў, нарэшце, пасля шматлікіх войнаў з суседзямі быў замацаваны ў складзе ВКЛ. У наступным стагоддзі род разросся як куст бэзу. Але сваё “ліцвінства” ім прыйшлося “забыць” у 1569 годзе, калі шляхту з Падляшша прымусілі падпісваць прысягу на вернасць Польскаму каралеўству. Бо па ўмовах Люблінскай уніі Падляшша адрывалася ад ВКЛ на карысць Польшчы. Але Манюшкі добра памяталі свае карані. І тыя з іх, хто хацеў зрабіць кар’еру, рабілі яе не ў Польшчы, а ў ВКЛ. У Польшчы ж іх верхняя планка — ксяндзы ў мясцовых невялічкіх касцёлах.

Манюшкі, якія перабіраліся на гістарычную радзіму, бадзёра асвойвалі прасторы Ваўкавыскага павета Наваградскага (Матэўш Ян) і Гарадзенскага павета Троцкага ваяводстваў. Напрыклад, бацька Тадэвуша Дамінік Рэйтан у пачатку 1740-х меў судовыя справы з гарадзенскім скарбнікам Міхалам Манюшкам жанатым на Барбары з Юндзілаў. Ігнат Манюшка, відаць, той самы, які пазней акажа пратэкцыю дзеду кампазітара, спярша быў цельшэўскім гродскім пісарам у Жамойцкім княстве, а пасля скарбнікам. То-бок мяжа гістарычнай радзімы для Манюшкаў была празрыстая. І зусім не трэба было, як яшчэ адзін наваградзец Сяргей Пясецкі, з наганам у руцэ змрочнай ноччу пераходзіць кантрольна-следавую паласу, рызыкуючы атрымаць кулю.

Маці і мачаха

Польскі гісторык Падляшша Юзаф Марошак, калі пісаў аб продках кампазітара, узгадаў знойдзеныя ім метрыкі шлюбу бацькоў Станіслава (дзеда кампазітара) і метрыку ягонага хросту.

27 лютага 1727 года ў касцёле Далістова шляхетны Юзаф Манюшка ажаніўся з удавой Урачынскага — Марыянай з Якубоўскіх. 8 траўня 1735 года ў Смагароўцы, нарадзіўся герой нашага аповеду. Даволі цікавы факт: калі ў 1800 годзе расійскія ўлады, што акупавалі землі ВКЛ, прымусілі Манюшак даводзіць сваё шляхецтва, тагачасны ксёндз з Далістова з нейкай прычыны замяніў у копіі метрыкі хросту Станіслава Смагароўку на Манюшкі. Адлегласць паміж Смагароўкай і Манюшкамі немалая — два з паловай кіламетры. Хіба можна растлумачыць гэтую падмену толькі адным — Манюшка хацеў бы нарадзіцца ў радавым маёнтку.

Дарэчы, гэтыя вёскі знаходзяцца зусім непадалёк ад сённяшняй мяжы з Беларуссю — на поўнач ад Беластока, заснаванага вялікім князем літоўскім Гедымінам яшчэ ў 1320 годзе.

Час вярнуцца ў Смагароўку. Праз некалькі гадоў маці Станіслава памерла і бацька ажаніўся на Францішке з Горскіх. Адносіны паміж Станіславам і мачахай нібыта не заладзіліся, таму ў 1750 годзе вясновым ранкам хлопец высклізнуў з хаты і пайшоў, куды яго клікаў голас продкаў — у сталіцу ВКЛ Вільню. Цікава, што Валіцкі выхапіў з дыярыўша Манюшкі беларускую назву свята, наконадні якога той рушыў у шлях — “на Сёмуху”. Падаецца, у палякаў, украінцаў і іншых народаў гэтае свята завецца “Зялёныя святкі”.

Вядома — Вільня!

Вось табе і “паляк з крыві і косці”, які замест Варшавы, да якой было значна бліжэй, скіраваў свой позірк на Вільню. Аляксандр Валіцкі са спасылкай на дыярыўш Манюшкі старанна апісаў далейшыя сацыяльныя і геаграфічныя маршруты юнака.

Патрапіўшы ў Вільню, будучы вайсковы суддзя і дзед кампазітара, спярша быў на паслугах магнацкіх дзяцей, бо меў на той момант 15 — 16 гадоў. Потым яму нібыта дазволілі наведваць гэтую школу разам з “панічамі”. Так, з “нізкага старту” выбег Станіслаў-старэйшы ў дарослае жыццё. Скончыўшы школу ў 1755-м, Манюшка заняўся практычным засваеннем юрыдычных “гачкоў”. Пачынаў пры Казіміру Ходзьку (магчыма, сын Андрэя Міхала Ходзькі-Барэйкі — рэд.), удасканальваў спрыт пры сваім сваяку, згаданым вышэй Ігнаце Манюшкі (гарадзенскім скарбніку — рэд.). Праз нейкі час падаўся практыкантам у Галоўны Літоўскі Трыбунал. Але, адначасова з тым, як з’явіліся грошы, пайшлі “карты, кеглі і пагулянкі”. У 1759 годзе блудны сын апамятаваўся і завязаў. Спрыяла таму служба падкамісарам у вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі”. Магчыма, перасякаўся ён не раз і з бацькам Тадэвуша Рэйтана, а мо з ім самім, бо абодва былі кліентамі гетмана, а бацька Тадэвуша нават займаўся тымі-сімі радзівілаўскімі справамі. Як адміністратар адначасова кіраваў маёнткам Мысы Казіміра Ходзькі ў Ашмянскім павеце.

Зарабіўшы грошаў Станіслаў Манюшка, якому пераваліла за трыццаць гадоў, заняўся арэндай маёнткаў. Справа гэта была сумніўная. З аднаго боку, можна было “прагарэць” і не вярнуць грошаў за арэнду, а з другога — так прыціснуць залежных сялянаў, што яны маглі і не вытрымаць эканамічнага прэсінгу. Як не вытрымалі нечуванага ціску арандатараў — братоў Шмуйлы і Гдаля Іцкавічаў сяляне Крычаўскага стараства. Даведзеных “да краю” сялянаў, якія распачалі паўстанне і паспяхова змагаліся некалькі гадоў, ледзь утаймавала радзівілаўская міліцыя. Уласна кажучы, арандатар успрымаўся як “кравапійца”, бо клопат над чужымі сялянамі не ўваходзіў у спіс яго каштоўнасцяў. Іншая справа, калі маёнтак быў спадчынным і пераходзіў толькі прадстаўнікам роду. Тут былі зусім іншыя адносіны паміж вёскай і дваром. Больш “цёплыя”, калі так можна сказаць.

Станіслаў Манюшка, які спярша меў грошы толькі на арэнду аднаго маёнтачка, за тры гады назбіраў на арэнду “цэлага” Губскага стараства.

А далей лёс звёў яго са сваяком Францішкам Оштарпам, маладзейшым на адзіннаццаць гадоў (Ашторп нарадзіўся ў 1745 годзе — рэд). Францішак, як і Станіслаў, паходзіў з Падляшша. Яго продкі не толькі жылі побач з Манюшкамі, але і браліся з імі шлюбамі. У 1777 годзе Оштарп запрапанаваў Манюшку стварыць суполку, каб разам займацца павелічэннем свайго дабрабыту. І трэст “Манюшка, Оштарп і Ко” цалкам спраўдзіў мары ды надзеі яго заснавальнікаў.

Займаючыся “стваральнай” працай — беручы ў арэнду маёнткі, а таксама пастаўляючы ў войска розныя прыпасы, і той, і гэты даволі хутка намалацілі неблагі ўраджай, які пачаў вымярацца сотнямі тысяч злотых. Трапіў у кабалу да кансісіянераў і вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі. Ён, пазычаючы ў дабрадзеяў грошы на свае праекты, тэатр і вайскоую дзейнасць, стаў залежным ад іх, пазней вымушаны быў, каб сплаціць пазыкі, развітацца са Смілавічамі, якія перайшлі ва ўласнасць Манюшкі і Оштарпа.

Калі гаворка зайшла пра Агінскага, можа варта тут згадаць і пра Аляксандра Данэзі, капельмайстра капэлаў Агінскага і Радзівіла, меркаванага аўтара музыкі да оперы “Агатка”, і акцёраў радзівілаўскага тэатра Станіслава і Марыю Закрэўскіх — дзядоў жонкі Станіслава Манюшкі, аб якіх вялася гаворка ў ранейшых матэрыялах гэтага цыкла.

Ізноў такі, не хацелася б займацца вольным пераказам творчасці Аляксандра Валіцкага, калі кожны можа прачытаць і арыгінал (у сеціве), і ў перакладзе на беларускую мову. Нагадаю, што на 200-годдзе Станіслава Манюшкі гэтая кніга была перавыдадзена ў Беларусь клопатам Камілы і Язэпа Янушкевічаў. Таму давайце паспрабуем дадаць што-небудзь новае, раней не чытанае.

Дачка наваградскага ротмістра

Пакуль Станіслаў Манюшка і Францішак Оштарп займаліся павелічэннем, а потым падзелам сваіх немалых капіталаў і маёнткаў, лёс рыхтаваў Манюшку чарговы прыемны сюрпрыз.

Як Манюшка саспеў да рашэння ажаніцца, як ажыццявіў свой намер, апісаў Жавускі. Прыйдзецца карыстацца гэтай літаратурнай крыніцай, бо ў Валіцкага аб тым ані слова. Пасля падзелу маёмасці паміж Оштарпам і Манюшкам на дзве роўныя паловы апошні вырашыў, што час на шлюб прыйшоў. Патрапіўшы ў Мінск, аднойчы вечарам паважаны ў Менскім павеце немаладзён завітаў на рэдуты (вечарыну). І згодна з уласным рашэннем дабівацца рукі той, якая спадабаецца з першага позірку, так і зрабіў. Яшчэ стоячы ў дзвярах залы, Станіслаў Манюшка звярнуў увагу на прыгожую спадарыню, якая сядзела побач з маці. Падчас танца, у які Манюшка павёў маці дзяўчыны, адбылася мова-перамова. І бакі прыйшлі да пагаднення, бо для гэтай галіны роду Вайніловічаў, якая трапіла ў фінансавы заняпад, а да таго ж засталася без “кармільца”, такі шлюб з міліянерам быў “промнем святла”. З іншага боку Манюшка выбраў дзяўчыну са старога роду, які выпускаў са сваіх шэрагаў аднаго высокага ўрадніка за другім.

Дапоўнім словы Жавускага дакументальнай крыніцай.

Вось як гучыць метрыка шлюбу, якую я знайшоў у архіве. Цырымонія адбылася не ў Мінску, але ў парафіяльнай капліцы ў Воўчкавічах.

“Воўчкавічы. У год Пана 1785, 8 верасня. Яснавяльможны правялебны пан Мікалай Бжазоўскі, прафесар Мінскіх школ, на моцы дазволу яго высокасці біскупа, мясцовага ардынарыя, 24 жніўня гэтага года са згоды яснавяльможнага правялебнага пана Ладзіслава Ваньковіча, архідыякана Белай Русі, мінскага пробашча, і з яго ўпаўнаважаннем на бласлаўленне сужэнства, прапусціўшы ўсе запаведзіны, апытаўшы і атрымаўшы ўзаемную згоду яснавяльможнага пана Станіслава Манюшкі, суддзі войска Вялікага Княства Літоўскага, са Смілавіцкай парафіі, і яснавяльможнай пані Евы Вайніловічаўны, ротмістраўны Наваградскага ваяводства, з Мінскай парафіі, ды не знайшоўшы ніякай перашкоды, урачыста адразу вусна даў згоду і дабраславіў сужэнства. Прысутнічалі сведкі яснавяльможны пан Францішак Оштарп, палкоўнік войска Вялікага Княства Літоўскага, яснавяльможны пан Юзаф Машэўскі, суддзя Старадубскага павета, і яснавяльможны пан Адам Манюшка, каморнік Мінскага ваяводства” (пераклад лаціны Алесь Жлутка — рэд).

Адам Манюшка, які згадваецца ў метрыцы, з’яўляецца малодшым братам Станіслава. Ён перажыве яго, ажэніцца, развядзецца і не пакіне нашчадкаў. Францішак Ашторп — сардэчны сябра і неадступны кампаньён Манюшкі. Мікалай Бжазоўскі — родны брат Ганны, якая ў шлюбе з Антонам Вайніловічам, наваградскім ротмістрам, нарадзіла Еву, жонку Станіслава.

Дарэчы, нам, нарэшце, удалося ўстанавіць імя гэтага няўлоўнага “наваградскага ротмістра”, пра якога ўсе пісалі, але ніхто не мог назваць яго імя.

Далей нас чакае працяг гісторыі сям’і вайсковага суддзі Станіслава Манюшкі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар