Ці кожны Карфаген мусіць быць зруйнаваны?

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Мы працягваем распавядаць гісторыю маёнтка, якому Стоўбцы сёння, можна сказаць, абавязаны сваім нараджэннем. І імя гэтаму маёнтку — Кавалёўшчына, шлях да якога вядзе праз вёску Задвор’е, што месціцца на ўсходніх подступах да горада, пры самай чыгунцы.

Абуджаны ад думак зычлівай правадніцай, я выйшаў з вагона на заліты ранішнім сонцам перон. Хацелася падысці да сядзібы з тыльнага боку, праз парк. Таму пайшоў я спярша ўздоўж чыгункі, нібы вяртаючыся ў Мінск, а потым збочыў на адводны шлях. Калі пад нагамі замільгацелі старыя шпалы, мне раптам уявілася, што я вось так, крок за крокам, сыходжу ўглыбь стагоддзяў. І тады ўсё, што я ведаў пра Кавалёўшчыну, раптам само па сабе склалася ў адзін непарыўны шэраг, у адно гістарычнае палатно. Але толькі там, ужо стоячы перад сядзібай, на жаль, па пояс у палыну, да мяне прыйшло разуменне, які ж цікавы лёс у гэтага маёнтка. І разам з тым нарадзілася думка, што Кавалёўшчына павінна атрымаць другі шанец. Хай не сёння, але без варыянтаў.

/i/content/pi/cult/816/17484/14_1.jpg

Сямейны фатаздымак Арцюхоў на ганку сядзібы (1930-я гг.).

Каб расставіць асноўныя вехі ў лёсе Кавалёўшчыны я некалькі дзён засяроджваўся на пошуках у сеціве, азнаёміўся з адпаведнай літаратурай, пракансультаваўся ў адмыслоўцаў і нават зрабіў візіт у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Нарэшце, мне ўдалося скласці даволі поўную выяву. Вядома, таямніцы яшчэ застаюцца, але і іх бастыёны з цягам часу не вытрымаюць аблогі.

Ад караля і вялікага князя

Даволі цікавыя звесткі пра ранейшы перыяд Кавалёўшчыны знаходзяцца ў артыкуле Андрэя Латушкіна “Заснаванне г. Стоўбцы (Свержна)”. Гэту публікацыю, напісаную ў свой час на замову Стаўбцоўскага райвыканкама, мне падказаў гісторык Зміцер Віцько. Праўда гісторыя ахоплівае першапачатковы перыяд маёнтка, бо мэтай публікацыі было абгрунтаванне даты “нараджэння Стоўбцаў”. Далейшы лёс маёнтка ўдалося прасачыць карыстаючыся дадатковымі крыніцамі.

“Першым” уласнікам зямель, на якіх пазней вырасла Кавалёўшчына, якога мы можам назваць з пэўнасцю, быў вялікі князь і кароль Жыгімонт І Стары. У 1510 годзе ён пацвердзіў Яну Літавор Храптовічу, літоўскаму вялікаму падскарбію, прывілей на землі, сярод якіх быў Свержань у Наваградскім ваяводстве. Ад Яна і Ядвігі з Гальшанскіх Храптовічаў гэтыя землі перайшлі ў спадчыну да адной з іх дачок — Ганны, якая пабралася шлюбам з гаспадарскім маршалкам Юрыям Рыгоравічам Осцікам. Не лішнім будзе згадаць, што яго прадзед Крысцін Осцік з’яўляецца пачынальнікам двух родаў — Осцікаў і Радзівілаў. Бо менавіта ягоным сынам быў Радзівіл, ад якога вядуць праўдзівую частку радавода нашчадкі гэтага славутага роду.

/i/content/pi/cult/816/17484/14_2.jpg

Сядзібны будынак (2020). Фота З.Юркевіч

Наступны ўласнік — Мікалай, сын Юрыя. Пасля заўчаснай смерці якога ўдава апошняга, Гальшка з Кмітаў, у 1568 годзе прадала маёнтак літоўскаму падканцлеру Астафію Валовічу. Таму самаму, які не толькі наладзіў зямельную рэформу ў ВКЛ (“Валочная памера”), але і ўвёў ва ўжытак другую рэдакцыю Статута ВКЛ (1566). У якім быў параграф, які забараняў замежнікам набываць зямлю ў ВКЛ. Праз пару гадоў пасля таго Астафій Валовіч, як і іншыя патрыёты ВКЛ, адчайна супраціўляліся заключэнню на ўмовах Польшчы “Люблінскай уніі” (1569). Уніі, якая вывела на сусветны прастор новую еўрапейскую дзяржаву — Рэч Паспалітую. Вялікі ўплыў на Астафія Валовіча меў славуты дзеяч — тэолаг і асветнік Сымон Будны. Які прысвяціў Валовічу свой твор “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (Нясвіж, 1562).

У траўні 1578 года “пан троцкі кашталян, падканцлер ВКЛ” Валовіч, прадаў “маёнтак Свержна Ноўгародскага ваяводства і дварэц Кавалёўшчына” ва ўласнасць дворнаму маршалку ВКЛ Мікалаю Крыштафу Радзівілу “Сіротке”, уласніку замка ў Міры. Гэты замак, як і іншыя ўладанні, надворны маршалак ВКЛ , “граф на Міры” Юры Ільініч, сваім тастаментам перадаў “Сіротке”, якога раней “усынавіў”. Сваю непадзельную “Нясвіжскую ардынацыю” Радзівілы, з дазволу караля, заснуюць пазней. “Сіротка”, дарэчы як і Валовіч, быў адчайным патрыётам ВКЛ і таксама не жадаў падпісваць Акт “Люблінскай уніі”. Але пазней, пад пагрозай канфіскацыі зямель, якія засталіся на Падляшшы, усё ж скарыўся.

Новыя гаспадары маёнтка

У 1582 годзе Кавалёўшчына ізноў змяніла гаспадара. На доўгі час маёнтак становіцца “цэнтральнай рэзідэнцыяй” старога вялікалітоўскага роду Слушкаў. Гальшка з Кмітаў, жонка крычаўскага старасты Мікалая Слушкі, набывае ў згаданага Мікалая Радзівіла частку правабярэжжа Нёмана шляхам “абмену на свае левабярэжныя землі ў Ноўгародскім павеце, з цэнтрам у Жацерава”. Пазней, 14 кастрычніка 1597 года, у Наваградку нашчадкамі Мікалая, сынамі — Мікалаем, Крыштафам і Аляксандрам, быў складзены акт падзела спадчыны. “А (на часть) мою, мене, Александра Миколаевича Служки, досталося именье: дворъ Свержно называемый Ковалевщизна над речкою Одцедкою…” Як піша спадар Латушкін, на падставе аналізу дакументаў Аляксандра Слушкі выяўлена, што пераважная частка карэспадэнцыі да Радзівілаў (а Служка быў іх кліентам — ад рэд.) напісана ў Кавалёўшчыне, прынамсі ў першай трэці XVII стагоддзя. Атрымліваецца, што Кавалёўшчына магла адыгрываць ролю “Генеральнага штаба” Служкаў. Прынамсі сюды, 5 ліпеня 1641 года, едучы з Вільні на Наваградскі сойм, завітаў яшчэ адзін важны персанаж — князь Багуслаў Радзівіл. Праўда не на госці, а каб пазычыць 5000 злотых. Вельмі цікава, што Альбрэхт Станіслаў Радзівіл, вялікі канцер ВКЛ, аднойчы назваў Слушку “з малога рода вялікі сенатар”. Слушкі, як і Валовічы, і Радзівілы да пары былі пратэстантамі, але надышоў і іх час у чарговы раз змяніць веру. Згодна з новымі павевамі. Адзначыць свой пераход з кальвінізма ў каталіцтва Аляксандр Слушка вырашыў традыцыйным чынам — пабудаваць у сваім маёнтку касцёл. У 1623 годзе Аляксандр і яго жонка Сафія-Канстанцыя выдалі прывілей, на заснаванне ў сваім мястэчку касцёла і кляштара дамініканаў. Не магло абысціся ў прывілеі без Кавалёўшчыны — “у згаданым маім спадчынным мястэчку, тут жа, пры браме, едучы з Кавалёўшчыны па правай руцэ, насупраць рускай (уніяцкай — ад рэд.) царквы…” Пазней, у 1640-м, драўляны касцёл замянілі на каменны, які ад таго часу стаў месцам апошняга спачыну прадстаўнікоў роду. Дарэчы, цікавая згадка пра адносіны паміж дамініканамі і ўніятамі знайшліся ў кнізе гісторыка Дзяніса Лісейчыкава “Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 — 1682 гг.”. Айцец Марцін Панкевіч, жыцця прыкладнага, пратэставаў, што “мае вялікую перашкоду ад ксяндзоў дамініканаў у сваёй парафіі ў даванні шлюбаў і хростаў людзям грэцкай рэлігіі”. А дамінікане, маючы велізарны і прыгожы касцёл, кляштар і падтрымку заможных родаў, зразумела толькі нарошчвалі абароты. Неўзабаве ў іх з’явіўся і свой святы. Ксёндз Фабіян, які ад пачатку стаяў пры стырне стаўбцоўскіх дамініканаў, і, калі казаць жартоўна, “пасля смерці пачаў актыўную лекарскую дзейнасць”. Асабліва паспяхова ён вылечваў ад каўтуна, а таксама змагаўся з нячысцікамі ўсіх тыпаў. Таму ахвочых прыкласціся да труны не бракавала. У свой час пісьменнік Дзяніс Фон-Візін (Фанвізін), аўтар “Недарасля”, праехаўшы праз Стоўбцы, пакінуў у дзённіку поўны роспачы запіс — “27-го обедали в местечке Столбцах, где лежат мощи святого Фабиана, удивляющего всю Польшу чудотворениями. Я ходил его смотреть и, признаюсь вам, что, не видав сам, не поверил бы тому, как люди до безумия могут быть суеверны. Главное сего святого искусство состоит в изгнании чертей из беснующихся. Удивления достойно, какие плуты, из каких плутов ничего не изгоняя, обогащаются и купаются в душах таких простаков, каковы поляки. Словом, суеверие здесь дошло до невероятной степени и в самих господах”.

/i/content/pi/cult/816/17484/14_3.jpg

Сядзібны дом маёнтка Кавалеўшчына. Малюнак з інвентара пачатку XVIII стагоддзя

Ад Кавалёўшчыны Стоўбцы пайшлі

У прывілеі 1623 года Слушкі згадалі сваё спадчыннае мястэчка, праўда, не назваўшы яго па імені. Толькі 13 траўня 1632 года Стоўбцы з’яўляюцца ў дакументах пад сваёй сённяшняй назвай. І вось з-за чаго. Радзівілы, якія здаўна трымалі ў сваіх руках левы бераг Нёмана з портам у мястэчку Свержань, не ўсцешыліся, калі насупраць, праз раку, Слушкі заснавалі мястэчка і нават свой порт. Разгарэлася гандлёвая вайна. Запахла порахам і забразгаталі латы. Але ж паціху хвалі ўлягліся-угойдаліся. Цяпер Стоўбцы — горад, а Свержань — вёска. Вось так “малы род Слушкаў” перамог “усемагутных Радзівілаў”. І абмяркоўвалі Аляксандр і Сафія Слушкі тактыку і стратэгію заснавання (ці, развіцця — ад рэд.) “спадчыннага мястэчка”, ні дзе-небудзь, а менавіта ў Кавалёўшчыне.

Далейшая гісторыя гэтага маёнтка будзе намі расказана канспектыўна. Сын Аляксандра Багуслаў, якога, магчыма, назвалі ў гонар сямейнага патрона Багуслава Радзівіла, стаў уласнікам слушкавых маёнткаў — Кавалёўшчыны, Стоўбцаў і іншых у 1647 годзе. Неўзабаве, на тры гады ён здае маёнткі Камень і Кавалёўчыну “ў заставу” свайму брату Жыгімонту. А далей, у сваім тастаменце, складзеным у вайсковым лагеры пад Варшавай 9 чэрвеня 1658 года, ён запісвае Кавалёўшчыну са Стоўбцамі і Валожын сваёй жонцы “прыжыццёва”, а дачцы Канстанцыі — 50 000 злотых.

Ажанілася Канстанцыя Слушка з Уладыславам Дэнгафам, прадстаўніком старога прускага роду. Гэты “чалавек вайны” загінуў 7 кастрычніка 1683 года пад Парканамі (Венскі паход). З-за таго, што знешне ён меў падабенства да караля Яна ІІІ Сабескага, туркі палічылі, што іх ахвяра — сам кароль. Таму ад вялікай радасці адсеклі галаву Дэнгафу, накалолі яе на дзіду і цягалі па сваім табары. Апошнім Дэнгафам, які мог стаяць на ганку кавалёўскай сядзібы, відаць, быў сын Уладыслава, генерал-маёр і рускі ваявода Станіслаў Эрнэст. Які, дарэчы, таксама не зажыўся на гэтым свеце. Яго ўдава Марыя Сафія Сеняўская пайшла другім шлюбам за Аўгуста Аляксандра Чартарыскага. Цікава, што на хросце Марыі, якая была дачкой вялікага гетмана кароннага, прысутнічалі маскоўскі цар Пётр І і кароль Аўгуст ІІ Саксонскі Моцны.

У 1831 — 1832 гадах Кавалёўшчына і іншыя маёнткі Чартарыскіх былі канфіскаваны расійскімі ўладамі. Прычынай таму стала тое, што Адам Чартарыскі, той самы пазнейшы выбітны дзеяч эміграцыі, падтрымаў паўстанне. Маёнтак стаў казённым.

У ХІХ стагоддзі, у 1868 годзе, невялічкую частку буйнога маёнтка з сядзібай за “6 104 р. 34 коп.” набыў тытулярны саветнік канцэлярыі Менскага губернатара Уладзімір Міхайлавіч Сцяпанаў. Гэта быў даволі дробны чыноўнік і свой плацёж ён расцягнуў аж да 1888 года. У 1871 годзе па ўчастку зямлі, прададзенай ім “обществу Московско-Брестской ж.д.” прайшла частка чыгункі, якой мы сёння актыўна карыстаемся. За Сцяпанавым уласнікам стаў Пётр Фёдаравіч Чалоўскі. Брат якога, Міхаіл, быў перад 1917 годам “Председателем Минской землеустроительной комиссии”.

За кроўна запрацаваныя грошы

Удалося знайсці звесткі і пра апошняга законнага ўласніка Кавалёўшчыны. Ім з’яўляецца Валянцін Арцюх з Гданьска. Яго бацька Геранім Арцюх з суседняга шляхецкага засценка Арцюхі, вярнуўшыся з заробкаў ЗША, набыў у “малалетняга Чалоўскага” гэты фальварак. Трэба адзначыць, што ў Заходняй Беларусі, акупаванай Польшчай, тым не менш яшчэ “працавала” такое паняцце, як “прыватная ўласнасць”. Таму ў Арцюха засталіся дакументы на маёнтак і нават сямейны фотаздымак. Які кладзе канец спрэчкам ці паваенны гэты будынак (як у пашпарце), ці даваенны (як насамрэч).

Пасля выезду Арцюхоў у 1945 годзе ў Польшчу іх маёмасць была нацыяналізавана. Там размесціўся спярша дзіцячы дом, потым школа-інтэрнат. Пры якой з’явілася трохпавярховая школа і іншыя будынкі. Але сядзіба і яшчэ пара старых будынкаў бясспрэчна вылучаюцца сваёй архітэктурай сярод гэтых гмахаў савецкага часу.

Пасля закрыцця ў 2002 годзе школы комплекс з 17 пабудоў набыў менскі прадпрымальнік. Ён разам з нейкай прыбалтыйскай фірмай планаваў зрабіць там невялічкі комплекс для адпачынку. Але ў 2019 годзе цэнтр адпачынку не з’явіўся. У дадатак некаторыя будынкі пачалі развальвацца. Таму, з-за парушэння дамовы, праз суд комплекс быў нацыяналізаваны другі раз.

Якое ж выйсце?

Падаецца, выйсце адно. Улічваючы выгоднае месцараспалажэнне на ўскрайку Стоўбцаў, у далечыні ад мітусні, наяўнасці парка, выдатнай захаванасці трох старых каменных будынкаў, а можа і некаторых старых гаспадарчых, якія хаваюцца ў гушчары за сядзібай, тут, у Кавалёўшчыне, варта было б, як падказвае логіка, зрабіць музей. У Стоўбцах няма пакуль краязнаўчага музея, але ж непадалёк праходзіць “Шлях Коласа”. Ён пачынаецца з Мікалаеўшчыны і выходзіць на Стоўбцы праз некалькі кропак. Кавалёўшчына-Задвор’е ляжыць фактычна на прамой лініі і можна было б пачынаць маршрут адтуль. А дзякуючы такой багатай гісторыі, пра якую вы даведаліся зараз, візіт у Кавалёўшчыну, без сумневу, запомніўся б турыстам надоўга. Таксама гэта месца выдатна падыходзіць для розных мерапрыемстваў — фестываляў, пленэраў, канферэнцый і ўвогуле проста для адпачынку.

Як Піліп з канапель

Дадам, што да сядзібы ў пакуль што занядбаным парку, хаваецца шэраг гаспадарчых пабудоў. Цікавасць выклікаў адзін, з добрага бруса (пазней, з нейкай патрэбы да яго прыбудавалі цагляную частку).

Ва ўсялякім разе немалы па плошчы парк з гэтымі пабудовамі і выдатнай пляцоўкай можна было б выкарыстоўваць для правядзення розных масавых мерапрыемстваў. І ў гэтым сэнсе мае вялікі “плюс” у сваю карму, як будучага гісторыка-культурнага цэнтра.

Сам сядзібны будынак узнікае раптам, як “той Піліп”. Бо з боку парка да яго шчыльна падступаюць дрэвы. І ўжо з першага позірку стала зразумела, што ён не 1948 — 1949 гадоў пабудовы, як пераконваў “пашпарт аб’екта”. Пасля абыходу будынка навобмацак, і звонку і знутры, я пераканаўся, што ён значна старэйшы, а таксама знаходзіцца ў выдатным стане. Садраная падлога ды дзе-нідзе выцягнутыя рамы не ствараюць для яго небяспекі. Адзінае, што выклікае трывогу — некалькі праблемных кропак на столі. Відаць, там працякае шыферны дах. Але гэта невялікая праблема. Што тычыцца вокнаў, то на добры густ неадкладна патрэбна кансервацыя. І ў гэтай справе мясцовым уладам маглі б дапамагчы валанцёры. Акрамя занядбанага падворка ёсць яшчэ дзве пабудовы, якія адразу выхоплівае вока. Адна з іх амаль насупраць сядзібы, а другая, з невялічкімі контрфорсамі, крыху далей. Адзінае, што замінае адчуць прыгажосць месца (бо нездарма ж першыя ўласнікі Кавалёўшчыны ўзвялі дом на пагорку — ад рэд.), гэта будынкі савецкіх часоў — велізарны гмах закінутай школы-інтэрната і некалькіх напаўзруйнаваных аварыйных будынкаў парослых хмызамі. Падаецца ў наш час, нават пры наяўнасці жадання і пэўных грошаў, ім знайсці годнае прымяненне будзе, здаецца, цяжка.

Пазней прадстаўнікі мясцовай улады запэўнілі, што знос гістарычных пабудоў не плануецца.

Спадзяюся тая гісторыя, якой мы дзелімся з чытачамі, знойдзе вокліч і ў Стоўбцах. І праз нейкі час там з’явіцца яшчэ адна кропка турыстычнага маршруту па Стаўбцоўшчыне.

Ну, а мы са свайго боку гатовы дапамагчы інфармацыйна.

P.S. Наперадзе нас чакаюць гісторыі іншых праблемных маёнткаў.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар