“Памякчэнне злых сэрцаў”

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Гісторыя веткаўскай іконы: псіхааналіз продкаў
Назва гэтай іконы — актуальная сёння да нельга. Які прадзедаўскі досвед яна захоўвае? І ці можа ён нам дапамагчы? Веткаўскай школе іканапісу (канец XVII — пачатак XIX стагоддзя) вядома некалькі дзясяткаў абразоў, прысвечаных Багародзіцы. Сярод іх — і “Памякчэнне злых сэрцаў”. Адкуль і для чаго ён?

Правядзі мяне да Бога

Па тыпу гэта Адзігітрыя: дзіця Хрыстос сядзіць на левай руцэ Марыі “дзяржаўна”, то бок з прамой паставай, не прытульваючыся да маці. Усе Адзігітрыі перакладаюцца як “Правадніцы”. Вышэйшы сэнс — шлях да Бога. Але ў старадаўняй традыцыі — і суправаджэнне святымі прыкладамі зямных шляхоў. Тады ікона - “Спадарожніца”, “Апякунка вандроўнікаў”.

Гісторыя адлюстравання сыходзіць у Візантыю. Першы абраз стварыў нібыта святы Лука. Веткаўскія мастакі ведалі і пісалі шмат абразоў Багародзіцы — Адзігітрыі, вызначаючы ў імёнах і іх геаграфію: “Іерусалімская”, “Рымская”, “Іверская”, “Грузінская”, “Смаленская”, “Ціхвінская”…

Наша “Памякчэнне злых сэрцаў” звязана з Адзігітрыяй Чанстахоўскай. Цудадзейны спіс знаходзіўся ў XVII стагоддзі ў мястэчку Рудня Магілёўскай епархіі да 1687 года, калі і праявіліся ад гэтага абраза цуды. Так “Рудзенская” стала “Памякчэннем”. Іераманах Даніла Туптала (будучы святы Дзмітрый Растоўскі) напісаў оду іконе, дзе ёсць такія радкі: “Там, дзе вытваралася жалеза з руды балотнай, з’явілася Дзева, даражэйшая за золата. Яна людзям жорсткія норавы памякчае і жалезныя сэрцы да Бога звяртае”. Жалеза - жорсткасць. Золата — мяккасць, сімвал Бога.

/i/content/pi/cult/816/17482/12_1.jpg

Знакі культуры

Дзмітрый Растоўскі жорстка змагаўся са стараабрадніцтвам. Дык чаму так атрымалася, што верш яго не выклікаў у веткаўцаў супраціву? Як “Памякчэнне” разышлося па ўсіх шляхах рассялення веткаўцаў: ад Румыніі, Малдавііі, Украіны — да Паволжа? А сёння згаданыя іконы з пазнакай “Ветка” знаходзяцца ў найбуйнейшых калекцыях Расіі, Польшчы, Італіі, Германіі, ЗША…

Тут важны прынцып Веткі: рушыць за вобразамі візантыйскіх святынь, але прасочваць іх гістарычнае развіццё, у тым ліку — у мастацкіх вобразах Новага часу, што бярэ адлік з XVII стагоддзя. Галоўнымі заставаліся неперарыўнасць ідэалаў, іх шматрозныя праявы і развіццё. Ад старадаўняй сакральнай прыхаванасці да квяцістай у каларыце культуры. І мастакі-філосафы спаўна гэтым карысталіся. Іх досвед можна ахарактарызаваць адным словам - “семіётыка” — навука аб адлюстраванні сэнсаў знакамі і мовамі культуры барока. У тым ліку і мовай іканапісу.

Веткаўскі ўнёсак да сэнсаў абраза

У 1430 годзе князь Ягайла заклікае мастакоў да рэстаўрацыі іконы. Узнавіць колішнюю тэхніку энкаўстыкі не атрымліваецца, бо алейная фарба не кладзецца па воску. Выяву саскрабаюць і пішуць нанава. Хто гэта зрабіў?

Веткаўцы ведалі гісторыю “Чанстахоўскай” дасканала: хвалі “злых сэрцаў” вакол легендарнай іконы паўставалі ды знікалі ў гісторыі, і руйнавалі плоць жывапісу, але вобраз праходзіў праз вякі. Вобраз гэты іерусалімска-візантыйскі-рускі-галіцкі-польскі-беларускі-ўкраінскі з упляценнем венгерскіх, французскіх, чэшскіх, італьянскіх лёсаў.

Атрымліваецца, што стараабрадцы-веткаўцы актыўна ўдзельнічалі ў духоўных, мастацкіх, культурна-этычных працэсах XVIII века. І захавалі беларускую іканаграфію “Рудзенскай-Памякчэння”. Продкі свята верылі, што нябачныя сілы суправаджаюць кожнага, і левае ды правае, крыўда і праўда — аднолькавых этымалагічных і этычных каранёў. Наш “Мікола Адваротны” адводзіць ад нас тое, што бачыць за нашым левым плячом.

На Ветцы вобраз уліваецца ў цудоўную народную культуру: дзясяткі тыпаў адлюстраванняў святых атрымліваюць у спадчыну гаючую сілу, трапляюць у рэзананс з архітыповымі імпульсамі і набываюць новыя адценні сэнсу.

/i/content/pi/cult/816/17482/12_2.jpg

Ад гневу і крыўды

Ікона заклікаецца да малітвы ад гневу і крыўды. Гневаешся — грэх, крыўдуеш — таксама. І самае галоўнае: не слабасць рабскую дараваць, а мець такую душу, каб умясціць у сябе пакрыўджанага і крыўдзіцеля, і маліцца аб пераадоленні разбуральнай злосці.

Атрымліваецца, што ад Фрэйда і Юнга псіхааналіз уваходзіў у этычны мінімум нашых продкаў-веткаўцаў, якія жылі тут і захавалі нашу зямлю, і перадалі нам культурныя традыцыі. Хутчэй, ужо як сямейнае выхаванне годнасці. Часта, па адарванасці ад каранёў — толькі праз падсвядомасць і адчуванне сумлення, віны і вернасці слову. Раней гэтае Слова пісалася з вялікай літары.

Наша “Памякчэнне” — з XVIII стагоддзя, калі Ветка была ў сіле. Золата, чырвоны цёплы каларыт і своеасаблівы этнічны псіхалагізм. Словам, усё тое, што ўласціва нашаму іканапісу. Да слова, незвычайную жыццёвую сілу веткаўскіх ікон адзначаюць усе, хто іх упершыню бачыць.

Алгарытм сілы

Калісьці “Памякчэнне злых сэрцаў” падавалася мне сентыментальным лозунгам, а не алгарытмам сілы. Але якасць жывапісу, яе ўплыў былі загадкавымі. Калі мы былі ў добрым настроі, куточкі вуснаў Марыі казалі пра затоены сум у дачыненні да Сына. Калі ж нам псавалі настрой жыццёвыя перыпетыі, вочы на іконе цяплелі, на вуснах пачынала граць усмешка. Вось яны, элінскія вытокі адзінства супрацьлегласцяў у старадаўнім іканапісу. Гэтая псіхалагічная гаючасць была запраграмавана яшчэ ў вобразах антычных багоў. Яны неабыякавыя, як падаецца нам з нашага стагоддзя, але жарсці ў іх ураўнаважаныя — у адлюстраванні твараў, у раўнавазе поз і жэстаў. Гэтую стылістыку працягвае старажытнарускі іканапіс. Захоўвае і развівае Ветка. Гэта глыбінны дыялог дзеля гарманізацыі ўнутранага свету чалавека.

P. S. Сёлета музей знайшоў і набыў яшчэ адну ікону “Памякчэння”. Абраз — з вялікімі стратамі, але лік Марыі — светлы і жывы.

Галіна НЯЧАЕВА, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава