“Восень едзе на рабым кані…”

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Праз лістоту пачала прабівацца жоўтая туга. А ўслед за ёй і сястра-настальгія спрабуе стукаць халодным дажджом у шыбку. Амаль тры тыдні як скончылася лета. У паэта Віктара Стрыжака ў гэты час якраз замірала чарговае сур’ёзнае каханне, а ўзамен нараджаліся не абы-якія вершы: “Як ні плач ты і як ні кляні, я ніколі не буду з табою. Восень едзе на рабым кані, паганяючы жоўтай журбою”. Нашы сталы ў Веткаўскай рэдакцыі стаялі насупраць, і я меў шчаслівую магчымасць назіраць іншым разам, як з успамінаў і мрой нараджаліся і пачыналі лунаць над вольнай Веткай трапяткія радкі. Я толькі вучыўся тады складаць словы ў сказы так, каб чытачы разумелі мяне з першага разу. Даволі складаная навука, як аказалася. Згадак шмат. Самае цікавае, што сорак гадоў таму я таксама рыхтаваў агляды пісьмаў. Бывала, што прыходзіла іх штодня па некалькі дзясяткаў, і не дай Бог праігнараваць хоць адно. Шмат было падзяк, прапаноў, скаргаў. Трапляліся і кур’ёзныя лісты. Памятаю, прыйшлося выязджаць у камандзіроўку, каб сфатаграфаваць і апісаць рэдкі кактус, якому ўздумалася квітнець. А было пісьмо з катэгарычнай просьбай дапамагчы ў зборы… каларадскага жука на прыватным падворку. Бадай, адзіны выпадак, калі на месца не выязджаў і абмежаваўся толькі тэлефоннай маральнай падтрымкай стомленага бульбавода.

Напэўна, не варта тлумачыць, што на лірычны змест сённяшняга агляду паклалі адбітак пачатак бабінага лета ды настальгічныя прафесійныя згадкі саракагадовай даўніны.

Самым салодкім жаданнем ва ўсе часы для мяне былі паходы ў бібліятэкі. А якая навінка патрапіць? І ў якую вандроўку адправіць мяне аўтар? Любімымі аўтарамі па нарастаючай былі Лынькоў, Навуменка, Сяркоў, Гайдар і Крапівін. (З вялікім жалем даведаўся, што днямі на 82-ім годзе жыцця памёр Уладзіслаў Крапівін, які доўгі час быў для мяне настаўнікам і гуру). Вы зараз мне не паверыце, але я ўжо дакладна адчуваю, ці жыве сярод бібліятэчных паліц авантурны дух крытычнага разумення рэчаіснасці і наколькі ўплывовым на чытацкія душы з’яўляецца бібліятэкар. Прачытаў ліст ад Валянціны Расошанка са Светлагорска і канстатую: такога, на вялікі жаль, у маю бытнасць не было.

А справа вось у чым. Валянціна Мікалаеўна — галоўны бібліятэкар аддзела маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі, дзе моднымі сталі вандроўкі ды прабегі на роварах. Такім чынам установа вырашае два пытанні: прыцягвае ў шчырыя абдымкі чытацца і далучае яго да здаровага ладу жыцця. А пачалося ўсё з Вяжноўскай сельскай бібліятэкі. Супрацоўнік установы Валянціна Ламака прапанавала чытачам паўдзельнічаць у прабегу “Наперад па дарозе здароўя” — складнік раённай бібліятэчнай акцыі “Жыві актыўна, думай пазітыўна!” “На прапанову адгукнуліся 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, — распавядае аўтар, — навучэнцы 1 — 7 класаў. Пасля інструкцыі па бяспецы і паўтарэння правілаў дарожнага руху адбылася трохкіламетровая вандроўка па аграгарадку. Потым доўга дзяліліся ўражаннямі. Чарговы маршрут — да мемарыяльнага комплексу “Баграціён”, які знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад Вяжноў”. Быў я некалькі гадоў таму на гэтым комплексе. Гэта, бадай, адзіны помнік ваеннай аперацыі Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Узведзены ён на 71-ым кіламетры шашы Мазыр — Бабруйск ля вёскі Раковічы з нагоды 70-годдзя падзеі. Кожны, хто праязджае міма, абавязкова спыняецца… Валянціна Мікалаеўна, за пажаданне “Добрага дня і душэўнага спакою!” аддзячыць хачу асобна! Сапраўды, душэўнага спакою цяпер не стае.

Каб нейкім чынам прывесці нервы ў парадак, спрабую выязджаць у восеньскі лес. Ён сёння, як інклюзіўны тэатр, дзе кожная дрэва лечыць па-свойму. Больш за тое, у вераснёўскім лесе пад Мінскам з’явіліся ўрэшце белыя грыбы. Баравікі, кажуць, такі ядраныя мацакі, што ў кошык не ўлязаюць. Усе ў лес!

Амаль у кожнай вёсцы роднага Веткаўскага раёна былі спеўныя бабулькі. Я, 20-гадовы, не вельмі разумеў каштоўнасць аўтэнтыкі. Бабулькі нашы, асабліва ў Барталамееўцы, былі гіперактыўныя: так вішчалі-скавыталі ды нагамі тупалі па сцэне, што падавалася, старэнькі клубік разваліцца. А вось знакаміты кампазітар Радзівон Шчадрын тыя спевы ацаніў вельмі высока. Нават дыск-гігант з песнямі барталамееўскіх кабет з’явіўся. Дарос я да правільнага разумення жыцця толькі гадоў у сорак. І дзякуй Богу, што дарос. У кожнай нашай старадаўняй песні — код-адказ на любое жыццёвае пытанне-шыфр. Гэткія ж коды схаваны і ў беларускіх ручніках ды танцах. А вось Барталамееўка, як і многія іншыя спеўныя вёскі Веткаўскага раёна зніклі па прычыне чарнобыльскага адсялення. Параспадаліся гурты, нямногія кабеты, што атабарыліся ў іншых месцах, спяваюць свае песні ў адзіноце. Шкада…

Фальклорную тэму дапаўняе вядучы метадыст па рэалізацыі культурна-дзелавых праектаў і развіцця турызму Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч — яшчэ адзін наш актыўны пазаштатны аўтар. “Існуе стэрэатып, — распавядае яна, — што фальклор — гэта як бабулі спяваюць і што многія маладыя зусім нічога не ведаюць пра свае карані ды традыцыі. У тым, што гэта не так, мы змаглі пераканацца падчас Х выязнога семінара і квэст-тура для маладых спецыялістаў Гродзенскага раёна. У тур па раёне адправіўся 21 малады спецыяліст. Да слова, мерапрыемства называлася “Вучымся дзейнічаць: першыя крокі ў прафесію”. Пабывалі мы ў музейным пакоі “Сялянская хата” ў Абухаўскім Цэнтры культуры, якім кіруе Ірына Стральчэня. Тут ладзяцца школы фалькларыстаў. Удзельнікам была прапанавана інтэрактыўная праграма “Старыя рэчы з гісторыяй”. Маладыя спецыялісты сталі першымі наведвальнікамі музея ў Зарачанскім Доме народнай творчасці “Код памяці”. Тут апроч іншага прэзентуюцца нашы дываны і ручнікі”. Цалкам пагаджаюся, фармальнай такую вучобу ніяк не назавеш.

/i/content/pi/cult/816/17480/10_1.jpg

Неўзабаве ў Зарачанах Гродзенскага раёна адкрыецца музей “Код памяці”. На здымку: вось як раней палкай-сухаваткай баранілі палетак.

Пра яшчэ адну прыкмету беларускай восені расказваў мне стары дзед ля Крэўскага замка (рэстаўрацыя яго была тады толькі ў марах). “Вось выкапалі людзі бульбу, адрамантавалі інвентар, грузды засалілі — пра страўнік можна не клапаціцца, а самы час за наша спаконвечнае ўзяцца”. Спаконвечным дзед называў традыцыйнае мастацтва. Сам ён лыжкі са старых вішань выразаў, а нявестка ягоная ткала ды вышывала. Гэта, сапраўды, не пра страўнік, а пра душу.

Пра душу дбаў і адзін з аўтараў “Нашай нівы” ў 1911 — 1921 гадах, а таксама паэт, празаік і драматург са Слонімшчыны Кандрат Лейка (1860 — 1921), пра якога напісаў Сяргей Чыгрын. “Большую палову жыцця, — паведамляе аўтар, — Лейка пражыў ва Украіне. Але пастаянна перапісваўся з беларускімі дзеячамі і літаратарамі Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам. Шмат перакладаў з украінскай на беларускую, у “Нашай ніве” друкуецца з апавяданнямі і вершамі. У 1912 годзе асобнай кніжачкай выходзіць п’еса для дзяцей “Снатворны мак”, прысвечаная маленькім жыхарам Слонімскага павету. Упершыню п’еса была пастаўлена ў Двінску (1922). Паставіў спектакль выдатны дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі Язэп Камаржыцкі. Пазней за пастаноўку п’есы ўзяўся Валянцін Ермаловіч у сваім Краснапольскім народным тэатры”.

/i/content/pi/cult/816/17480/10_3.jpg

Фотапартрэт Кандрата Лейкі і cцэна са спектакля “Снатворны мак” па яго аднайменнай п'есе. Дзвінск. 1922 год.

Восень мае магічную сілу натхнення. Кароткім дажджлівым днём сілкуюцца мастакі і пісьменнікі. Музамі для іх становяцца сажалка з чорнай вадой, шамаценне залатой лістоты пад нагамі, птушынае шчымлівае развітанне. І пра гэта таксама ішла гаворка на сустрэчы школьнікаў з бабруйскімі пісьменнікамі. Мерапрыемства адбылося ў Палацы мастацтваў горада Бабруйска. Пра гэта напісала метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей згаданай установы Наталля Давідовіч. На сустрэчу прыйшлі паэткі Надзея Акушко і Вера Дудко. У выразныя фарбы восені дадаліся і яркія вершы гасцей літаратурнага вечара.

Навіна з Малабераставіцкай (Бераставіцкі раён) інтэграванай сельскай бібліятэкі. У межах адзінага дня бяспекі тут адбылася інфармацыйная хвілінка “Правілы нашай бяспекі”. Восень — гэта яшчэ і пачатак ацяпляльнага сезона, а таму веданне супрацьпажарных мерапрыемстваў становіцца надзвычай актуальным.

Пра гэта ж паведамляе і спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок. Яна падкрэслівае, што задачамі акцыі “Адзіны дзень бяспекі” з’яўляюцца развіццё ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем і прапаганды бяспечных умоў пражывання насельніцтва.

Добрых усім дзён і душэўнага спакою.

Пішыце пра цікавае і абавязкова беражыце сябе!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"