Гукі і вобразы кірыліцы

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

10 верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Някрасава, 3) адбылася прэзентацыя праекта Сяргея Багласава “Вобразы гукаў славянскай азбукі”.

/i/content/pi/cult/816/17474/2_8.jpg

Сяргей Багласаў перадусім вядомы як архітэктар і рэстаўратар — менавіта ён з’яўляўся аўтарам праектаў аднаўлення Траецкага прадмесця, мінскай ратушы і многіх іншых знакавых аб’ектаў у гістарычным цэнтры сталіцы. Па родзе сваёй прафесійнай дзейнасці, вывучаючы формаўтварэнне, архітэктар яшчэ ў 1970-я гады зацікавіўся гісторыяй узнікнення славянскай азбукі, а пазней развіў свае назіранні ў мастацка-лінгвістычную канцэпцыю, у рамках якой гукі кірыліцы прадстаўленыя як вобразы, што з часам знайшлі адлюстраванне ў форме літар.

/i/content/pi/cult/816/17474/2_7.jpg

Сістэма запісу гукаў літарамі, якую мы сёння выкарыстоўваем, была вынайдзеная старажытнымі фінікійцамі ў XV стагоддзі да нашай эры. Менавіта на яе падставе пазней стварылі свой алфавіт антычныя грэкі, а ў IX стагоддзі ўжо на яго падмурку стварылі славянскую азбуку візантыйскія асветнікі Кірыла і Мяфодзій.

/i/content/pi/cult/816/17474/2_9.jpg

Прадстаўлены праект налічвае дваццаць сем жывапісных работ, кожная з якіх адпавядае пэўнаму гуку, закадзіраванаму ў візуальны вобраз, што грунтуецца на абрысах адпаведнай літары кірылічнага алфавіту. Акрамя таго, кожная з работ суправаджаецца ўласным гукавым шэрагам слоў. Такім чынам, адметнасць гэтага праекта ў тым, што ён даследуе не тэкст ці слова, а гук і форму літар, спрабуючы знайсці адказ на пытанне, чаму яны выглядаюць менавіта так, а не інакш.

Своеасаблівы праект Сяргея Багласава можна пабачыць у НЦСМ да 11 кастрычніка.

фота Таццяны Матусевіч