Тыя, хто нёс святло

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

4 верасня ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва распачала працу выстава жывапісу, графікі і скульптуры “Асветнікі зямлі беларускай”.

У экспазіцыі прадстаўленыя творы з фондаў Музея гісторыі горада Мінска, Мемарыяльнага музея-майстэрні З.І. Азгура, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, а таксама з фондаў Беларускага саюза мастакоў.

/i/content/pi/cult/816/17471/2_2.jpg

І.Малеціна. “Скарына ў Празе”.

За кожным літаратурным творам, за кожнай кнігай стаяць асобы яе аўтара, выдаўца, друкара, разгортваецца гісторыя з’яўлення кнігі на свет і яе шляху да чытача. Кнігі на працягу стагоддзяў былі і застаюцца асноўнымі крыніцамі народнай памяці і ведаў аб гісторыі і культурнай спадчыне. Таму тэма пісьменства і асветніцтва здаўна знаходзіла адлюстраванне ў творчасці айчынных мастакоў, якія стваралі выразныя і пераканаўчыя вобразы беларускіх дзеячоў культуры розных эпох, якія паўплывалі на фарміраванне адметнага нацыянальнага светапогляду нашага народа.

/i/content/pi/cult/816/17471/2_1.jpg

Г. Паплаўскі “Сімяон Полацкі”.

На выставе “Асветнікі зямлі беларускай” прадстаўленыя больш за сорак твораў мастацтва, сярод якіх жывапісныя партрэты, графічныя лісты, скульптурныя творы, выкананыя такімі выдатнымі мастакамі, як Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Заір Азгур, Іван Міско, Гаўрыіл Вашчанка, Арлен Кашкурэвіч, Сямён Герус. У гэтых творах увасобленыя вобразы хрысціянскіх багасловаў і волатаў думкі эпохі Адраджэння — Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Францыска Скарыны.

/i/content/pi/cult/816/17471/2_3.jpg

В. Барабанцаў. “Партрэт Міколы Гусоўскага”.

Таксама ў галерэі можна пабачыць партрэты беларускіх асветнікаў XIX — пачатку ХХ стагоддзяў, якія стаялі ля вытокаў фарміравання беларускай літаратурнай мовы і зараджэння нацыянальнай літаратурнай класікі: Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Цішкі Гартнага.

/i/content/pi/cult/816/17471/2_4.jpg

Л. Шчамялёў. “На роднай зямлі”

Пасляваенны перыяд развіцця нацыянальнай культуры знайшоў сваё адлюстраванне ў партрэтах Пімена Панчанкі, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Івана Шамякіна, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Івана Мележа, якія таксама можна пабачыць на выставе, якая працягнецца да 22 лістапада.

Фота аўтара