Башметаўскі тыдзень

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

5 — 12 кастрычніка ў Мінску пройдзе ІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Ён пачнецца шэсцем дудароў, а завершыцца — спаборніцтвам тэнараў.

Ранейшыя такія святы, што прыпадалі на 2006 і 2007 гг., заклалі свае традыцыі. Сярод іх — сумеснае музіцыраванне лепшых нашых і сусветна вядомых выканаўцаў, майстар-класы, канцэрты ў іншых гарадах Беларусі (летась — у Летнім амфітэатры Віцебска), змяшэнне жанраў (напрыклад, акадэмічнай музыкі і джаза), прэм’ера беларускага твора ў выкананні замежных артыстаў (у тым годзе — “Уздыхаю” Галіны Гарэлавай, дзе саліраваў Юрый Башмет). Усё гэта будзе і сёлета. Выступяць таксама народны артыст СССР Віктар Траццякоў і нашы маладыя скрыпачы, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Улада Беражная, Арцём Шышкоў. Народны артыст СССР Юрый Башмет правядзе сустрэчу і майстар-клас са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Удзельнікі камернага ансамбля “Салісты Масквы” выступяць не толькі ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі, але і ў Гродне.

Больш шырокі разгорт атрымае ідэя творчага спаборніцтва і адначасова яднання: не толькі тэнараў і, шырэй, музыкантаў розных краін (у Трэцім фестывалі ўдзельнічаюць салісты з Беларусі, Расіі, Нідэрландаў, Англіі, Польшчы), але і розных мастацкіх сфер. У канцэрце 8 кастрычніка ў Палацы Рэспублікі можна будзе пачуць камерны ансамбль “Салісты Масквы” на чале з Ю.Башметам, групу “Брава” і квартэт Ігара Бутмана. Шэсце дудароў, якое плануецца правесці ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага, праз дзень “дакрочыць” да Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе выйдзе на сцэну разам з расійскім фальклорным ансамблем і… Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі — у прэм’еры “Паганскага дзейства” Вячаслава Кузняцова (больш падрабязна пра гэта — на стар. 8).

Ды ўсё ж галоўнай дзейнай асобай фестывалю будуць, безумоўна, выканаўцы на струнных смычковых інструментах: скрыпачы, альтысты, віяланчэлісты. А адзін з вечароў увогуле прымеркаваны да 100-годдзя з дня нараджэння легендарнага Давіда Ойстраха.

 Надзея БУНЦЭВІЧ