Каб размова адбывалася на роўных

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Міждзяржаўнае супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж Беларуссю і Казахстанам у апошні час істотна пашыраецца. Сведчаннем гэтаму стаў Форум пісьменнікаў і культуролагаў дзвюх краін пад назвай “Культурная спадчына ў дыялогу традыцый”, які прайшоў у сценах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У ім прымалі ўдзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Казахстана і нашай краіны, а таксама супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Мэта гэтага міжнароднага форуму — адраджэнне традыцый культурнага супрацоўніцтва і развіццё гуманітарнага дыялога паміж краінамі. Пад час мерапрыемстваў закранаўся шырокі спектр актуальных пытанняў, якія адлюстроўваюць стан фарміравання і развіцця агульнай духоўнай прасторы ў кантэксце сучасных глабальных праблем. Перад удзельнікамі Форуму выступілі прадстаўнікі Пасольства Казахстана ў Беларусі, выкладчыкі ВНУ, пісьменнікі, паэты, галоўныя рэдактары літаратурна-мастацкіх часопісаў. Удзельнікі Форуму распавялі аб перспектывах далейшых міжнародных кантактаў у культурна-гуманітарнай сферы.

Асноўная ўвага ўдзельнікаў Форуму звярталася і на перспектывы казахстанска-беларускіх літаратурных і культуралагічных сувязей. У прыватнасці, рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў прапанаваў стварыць агульны інтэрнет-партал, дзе магла б размяшчацца падрабязная інфармацыя пра ўзаемныя культурныя праекты.

Віктар Праўдзін, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, прапанаваў і надалей развіваць супрацоўніцтва ў сферы мастацкага перакладу, выдаваць сумесныя літаратурныя зборнікі.

Удзельнікі Форуму выказалі пажаданне прадоўжыць і развіць найбольш канструктыўныя ідэі, што прагучалі на сустрэчы, у будучых сумесных праектах. Асабліва пад час арганізацыі і правядзення ў рамках дзвюх дзяржаў Дзён культуры — Казахстана ў Беларусі і, адпаведна, Беларусі ў Казахстане.

Форум выявіў неабходнасць кансалідацыі творчых намаганняў і пацвердзіў гістарычную неабходнасць узаемадзеяння дзеячаў культуры розных народаў, якія з’яўляюцца захавальнікамі і стваральнікамі духоўных каштоўнасцей. Галоўнае, як падкрэсліў галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай бібліятэкі Казахстана Эдзільхан Ісмайлаў, — каб супрацоўніцтва адбывалася на роўных.


Ул. інф.