Неўміручае!

№ 37 (1476) 12.09.2020 - 19.09.2020 г

Вось і прайшоў Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне. Трэба нагадаць, што свята, заснаваная ў 1994 годзе, сёлета сустрэла свой 27-мы дзень нараджэння. Першы Дзень пісьменства адбыўся ў Полацку, і потым горад прымаў удзельнікаў фэсту яшчэ тройчы. Двойчы Дзень пісьменства ладзіўся ў Тураве і Заслаўі. Сталіцамі свята былі таксама гарады ва ўсіх абласцях краіны. Паглядзеўшы на геаграфію свята бачыш, што яно, як правіла, адбываецца ў раённых цэнтрах. Прызначэнне менавіта такіх гарадоў сталіцамі Дня пісьменства дае магчымасць прыцягнуць увагу ўсёй Беларусі да паселішчаў, якія знаходзяцца, так бы мовіць, у цені абласных гарадоў. Свята спрыяе выхаванню мясцовага патрыятызму, пачуццю знітаванасці з мясцінамі, якія мы звыкла называем “малой радзімай”.

Для малых і адносна малых гарадоў Дзень пісьменства — падстава атрымаць матэрыяльную дапамогу з рэспубліканскага бюджэту і ў сціслыя тэрміны давесці добраўпарадкаванне грамадскай прасторы да прыстойнага ўзроўню — каб не было сорамна перад гасцямі. А яшчэ да свята рамантуюць існуючыя культурніцкія ўстановы, альбо будуюць ці ствараюць новыя. І таксама гарады ўзбагачаюцца новымі манументальна-дэкаратыўнымі творамі. Так што ва ўсіх адносінах Дзень пісьменства — выдатны праект. Атрымаць статус сталіцы свята для горада і гонар, і слава, і чыста матэрыяльная выгода.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_1.jpg

Праўда, рэжысура якой заўгодна імпрэзы, што ладзіцца з усталяванай перыядычнасцю — ад вясковых фэстаў да Алімпійскіх гульняў, з часам мае тэндэнцыю збівацца на штамп. Вядома, што прорва паміж шанаванай традыцыяй і дзяжурнай завядзёнкай вельмі глыбокая і адначасова ледзь заўважная. Усё цяжэй знаходзіць новыя формы, новыя вобразы. У якасці журналіста я наведаў некалькі Дзён пісьменства і магу сведчыць, што не надта яны ў сцэнарнай структуры розніліся, пры тым, што арганізатары насамрэч імкнуліся зрабіць нешта сваё, непадобнае да іншых. Шмат што залежыць ад “дэкарацый”, у якіх адбываецца свята. Калі фонам служыць Полацкая Сафія, Мірскі замак ці Нясвіжскі палац, усё адно нешта вартае атрымаецца. А калі пры наяўнасці ў горада шматвякавой гісторыі ўся гарадская даўніна — царква-мураўёўка і некалькі дамкоў другой паловы ХІХ стагоддзя, дык цяжка ўявіць, якія трэба прыкласці высілкі, каб госці свята не былі расчараваныя.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_2.jpg

На сёлетнім свяце ў Бялынічах было ўсё, што ў дадзеным выпадку мусіць быць. Урачыстае адкрыццё з уручэннем Нацыянальнай літаратурнай прэміі і закрыццё з феерверкам і салютам, прэзентацыі творчых праектаў Нацыянальнай бібліятэкі і краязнаўчых рэсурсаў Магілёўшчыны (у дапамогу і па запатрабаванні турыстычнага бізнеса); выставы твораў прафесійных і самадзейных мастакоў, перасоўныя экспазіцыі сталічных музеяў, прапагандысцкія акцыі ад інфармацыйных структур і грамадскіх арганізацый. Ну і зразумела, традыцыйны фестываль кнігі і прэсы, на якім ахвочыя маглі азнаёміцца і з літаратурнымі навінкамі, і з журналісцкай перыёдыкай. Абавязковы чыннік такіх і падобных імпрэз — музыка і песні. Яны гучалі і са стацыянарных сцэнічных пляцовак, і з розных кропак цэнтральнай вуліцы горада, якая ў Дзень пісьменства стала галоўнай камунікацыяй свята. Па ёй шпацыравалі музыканты ў народных строях, артысты ў касцюмах розных гістарычных эпох. У свяце бралі ўдзел выхаванцы дзіцячых школ мастацтва. Адны прадставілі свае малюнкі, жывапіс і першыя вопыты ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, другія дэманстравалі чаму яны навучыліся на ўроках харэаграфіі. Асабліва запомніліся дзве дзяўчынкі ў касцюмах анёлкаў — белыя сукенкі з крыламі. Мноства людзей імкнуліся сфатаграфавацца побач з імі і дзяўчынкі насамрэч адчуваліся сябе зоркамі подыума.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_3.jpg

Афіцыйна свята доўжылася з 2 па 6 верасня. Ягоная першая стадыя — асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга. Эстафета пачалася ад Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску і перш чым трапіць у Бялынічы, прайшла па шэрагу святынь. 6 верасня ў храме Бялыніцкай іконы Божай маці адбылася святочная служба з запальваннем Святога агню і перадачы яго на лампадкі і свечкі вернікаў. 5 верасня адбыліся мерапрыемствы, да якіх спрычыніўся Саюз пісьменнікаў Беларусі. 6 верасня — кульмінацыя і завяршэнне свята.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_4.jpg

На сёлетнім свяце ў Бялынічах было ўсё, што ў дадзеным выпадку мусіць быць.

Мы з жонкай вырашылі наведаць свята ў апошні дзень. Выправіліся самаходам у суботу ў другой палове дня ў бок Бялыніч, маючы намер наведаць па дарозе некаторыя цікавосткі. Пасля аўтавандроўкі па Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне збіраліся наведаць усходнія рэгіёны краіны, і вось такая нагода надарылася. Першы прыпынак зрабілі ў Смілавічах, другі — у Лядах, трэці — у Чэрвені. Заначавалі ў Беразіно. З раніцы накіраваліся ў Княжыцы і ўжо адтуль — у Бялынічы. Параўноўваючы захад і ўсход Беларусі, я часта прыгадваў Юрыя Жыгамонта, які распавядаў, што рабіць “Падарожжы” яму больш даспадобы па той частцы краіны, што ўз’ядналася з БССР у 1939 годзе. Бо ў міжваенны перыяд там не было бальшавікоў і іхняга агрэсіўнага атэізму ў спалучэнні з класавай барацьбой. Адпаведна, на захадзе культурныя каштоўнасці не спазналі такога пагрому як на ўсходзе. Балюча глядзець на руіны палаца Манюшкаў-Ваньковічаў у Смілавічах, занядбаны парк вакол палаца, руіны сабора ХVIII стагоддзя ў Княжыцах. Ды і Бялынічы з наваколлем мелі калісьці архітэктурныя перліны… Можа правядзенне агульнанацыянальных культурна-гістарычных фэстаў менавіта ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі паспрыяе адраджэнню былой велічы на гэтай зямлі.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_5.jpg

У Бялынічах мы паставілі машыну побач з цэнтрам горада ў раёне прыватнай забудовы. Тут запомнілася такая сцэна. З варот не надта прэзентабельнага прыватнага дома выходзіць жанчына немаладога ўзросту ў белай сукенцы, падобнай на “ўніформу” нявесты, і з такой шчаслівай усмешкай ідзе туды, дзе віруе свята. Для мяне гэта галоўнае ўражанне дня. Для жанчын гэта свята - магчымасць “выгуляць” строі, якія ў іншыя дні няма куды надзець. Для мужчын — з камфортам выпіць і закусіць проста на цэнтральнай вуліцы горада, якая стала пешаходнай, і дзе праз кожныя дзесяць метраў — кавярня пад адкрытым небам. Ды яшчэ і музыка гучыць. Віруе святочны кірмаш, дзе можна нешта прыдбаць і для ўпрыгожвання хаты, і эксклюзіўную вопратку, якой няма ў мясцовай краме, а таксама — сувеніры, упрыгожанні…

/i/content/pi/cult/815/17457/13_6.jpg

А для эстэтаў гэтым днём адкрыўся Мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, дзе ёсць творы сучасных мастакоў і самога генія беларускага краявіду, і вялікі кніжны базар. Прасцей кажучы, свята. Дакладней, кірмаш. Прычым, ягоная тэматычная насычанасць прынцыповага значэння не мае. Галоўнае, што ў людзей святочны настрой.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_7.jpg

А вось каб гэта было свята менавіта мовы і кнігі, яго, здаецца, мае сэнс сур’ёзна перафармаціраваць. Па-першае, прыняць да ўвагі, што ў нас сёння такія інфармацыйныя тэхналогіі, што Францыску Скарыне нават і не сніліся. Таму перасоўваць з аднаго Дня пісьменства на другі пячатны станок Першадрукара, і так з года ў год, неяк не крэатыўна. Сёння папяровыя выданні саступаюць дарогу інтэрнэтным. І на Дне пісьменства гэта мусіць быць адлюстравана.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_8.jpg

Магчыма, трэба падумаць і пра тое, каб неяк акцэнтаваць на свяце тыя рэчы, якія, на першы погляд, яго тэматычна не датычаць. Зразумела, што экспанаты “Белшыны” з’явіліся на Дне пісьменства невыпадкова. Хутчэй за ўсё — у якасці рэкламы, а можа і спонсарскай падтрымкі. Так можна было б пра гэта і сказаць больш выразна і мэтаскіравана. Можа, нават з дапамогай крэатыўных тынэйджараў з БРСМ, якія маглі б паставіцца да справы з пункту гледжання больш карыснага і прадуманага.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_9.jpg

Верагодна, сумяшчэнне свята слова і конкурс патрыятычнай песні (у асноўным савецкай і рускамоўнай) неабходна было фарматна разводзіць. Бо і тое, і другое патрэбна, але, як кажуць, не ў адным флаконе. Я, дарэчы, звярнуў увагу на тое, што на свяце было шмат артыстаў, хутчэй за ўсё самадзейных, апранутых у чырвонаармейскую форму часоў Вялікай Айчыннай. Дык вось кідалася ў вочы тое, што не ўсе сучаснікі ведаюць, як насілі галіфэ і гімнасцёркі. У гэтым ёсць свой стыль, і сваім выглядам трэба адпавядаць памяці дзядоў-герояў.

І такой “драбязы” можна было б згадаць шмат… Я — за чысціню стылю. Калі свята слова, дык не варта цягнуць на яго ўсё, што ў наяўнасці. Ёсць для гэтага Дажынкі, Свята горада, канфесійныя святы.

/i/content/pi/cult/815/17457/13_10.jpg

А скончыць я хацеў бы вось чым. Памятаю, наша рэдакцыя ладзіла сустрэчу з дэпутатам Ігарам Марзалюком. На той сустрэчы яму было зададзена пытанне, ці скарыстоўваецца патэнцыял культуры дзеля ўмацавання еднасці нацыі, нацыянальнай згоды на падставе нашых адвечных каштоўнасцяў. “Не” — адказаў спадар Ігар. “На жаль, не”.

На маю думку, Дзень пісьменства, калі яму надаць правільны канцэптуальны змест, мог бы атрымаць больш маштабны ўзровень і спрыяць таму, чаго сёння грамадзе нашай не стае. Тым больш, што, па вялікім рахунку, свята беларускага слова — неўміручае.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"