Таленавіты і непрадказальны

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

(Заканчэнне. Пачатак у № 33 — 35)

/i/content/pi/cult/814/17452/24.jpg“Візіт” Бэлы

Безумоўна, Бэла Масумян актрыса непераўзыдзеная: трагічная, рамантычная, лірычная. Я памятаю яе інстытуцкія працы, і ўжо яны ўзрушвалі гледачоў. Але сёння можна шчыра сказаць: пакуль іграць гераінь у Рускім тэатры было па ўзросце і сілах вялікай Аляксандры Клімавай, Бэла галоўных роляў не мела. Нядаўна яна мне сумна і пакорліва прызналася: “Гэта для тэатра нармальна”. Таму большая частка яе сцэнічнай кар’еры — а значыць, і жыцця — прайшла, так скажам, у ценю. А калі месца гераіні вызвалілася, гады яе ўжо былі не тыя. Заставаліся хіба ўзроставыя ролі: скажам, сястра Пане Каханку ў аднайменным спектаклі і Клара ў “Загадкавым візіце” — гэты спектакль у 2012-м паставіў Барыс Луцэнка.

Як звычайна, п’еса яго не задаволіла — і нічога, што ейным аўтарам значыўся легендарны Дзюрэнмат. Запрасіў мяне для яе перапісвання “пад сябе”. Пераглядзелі здабытыя Барысам экранізацыі: і з Інгрыд Бергман, і з Кацярынай Васільевай. Назву “Загадкавы візіт” прапанаваў я. Барыс ухваліў: “Назва касавая”.

Як ніколі не здаралася ў папярэдніх нашых працах, напісаў я і шэраг новых сцэн. Зрабіў новы, зусім не аўтарскі, нейкі шматзначна-містычны фінал, увёў новага персанажа — карэспандэнта-даследчыка Шпігеля. Барыс шукаў, вагаўся, перабіраў варыянты: адных пачаткаў было ажно шэсць! Урэшце я выбухнуў: “Ты не гатовы для працы, бо не ведаеш, чаго хочаш!” На гэта Барыс спакойна адказаў: “Ведаю. Бяром трэці варыянт”.

На жаль, у гэтым спектаклі Бэла Масумян сыграла сваю апошнюю вялікую ролю. Яе дараванне не змагло напоўніцу раскрыцца праз час і абставіны. Цяпер Народная артыстка ў ценю, на мізэрнай стаўцы. У тэатры, дзе яна служыць з 1960-га, адразу пасля інстытута, ёй няма каго іграць...

/i/content/pi/cult/814/17452/25.jpgЗменлівасць захапленняў

Паралельна Барыс падбіваў мяне да інсцэніровак іншых яго задум. Нешта было завершана, нешта мы пачыналі, а потым ён “астываў”. І такога было даволі: “Споведзь куртызанкі”, “Кароль Лір”, нейкі дэтэктыў, “Лісістрата”, над якой мы са сваркамі біліся паўгода…

Пасля “Ніначкі”, куды ўдала ўпісаліся мае кінаролікі, Барыс заявіў, што не бачыць цяпер спектакля без кінаўставак. І я здымаў іх да яго пастановак “Распуснік”, “Мачаха”, “Зацюканы апостал” — без ганарару, проста па-сяброўску, бо заданні Луцэнкі заўсёды былі цікавыя.

На прэм’еры майго фільма “Каля Чырвонага касцёла” ў Палацы Рэспублікі сабралася мінская багема. Канешне, такая імпрэза не магла прайсці без Барыса. На фуршэце наслухаўся ад яго дыфірамбаў. І тут жа (“Не хацеў раней адрываць цябе ад працы над фільмам”) атрымаў прапанову “пераліцаваць” п’есу Лопэ дэ Вега “Вар’яты з Валенсіі”, “акунуўшы” яе падзеі ў сучаснасць. Я адразу прапанаваў у адказ:

— А давай побытавыя размовы перададзім прозай, а сцэны кахання пакінем у вершаванай форме.

Ён загарэўся, праца пачалася: я сеў “абсучасніваць” гішпанскага класіка. Зрабіў! Але… як бывае з патрабавальнымі да сябе талентамі, Барыс ужо захапіўся іншым праектам.

І вось наш сябра Валерый Рубінчык запрасіў нас на прэм’еру “Адступніка”. Яго ўжо “выціскалі” з “Беларусьфільма”, і было зразумела, што гэта апошні фільм рэжысёра, зняты ў родным Мінску. У Валерыя ўжо не было тут жытла, і мы пасля прагляду да раніцы сядзелі ў нумары гатэля “Мінск” — у двух кроках ад дома яго дзяцінства. Чацвёртым у нашай кампаніі быў выканаўца галоўнай ролі ў “Адступніку” Рыгор Гладзій.

Памятаючы былы шалёны поспех рубінчыкавай “Лісістраты” ў Тэатры кінаакцёра, Луцэнка прапанаваў Валерыю пастаноўку ў Рускім тэатры, якім цяпер кіраваў. Нават намецілі праект: “Мандрагора” — ізноў нешта з класікі… На жаль, усё патанула ва ўзнёслых шматслоўных размовах.

Тры прыклады чуллівасці

Перад рэпетыцыяй “Выпадковага вальса” я зламаў нагу. “Хуткая дапамога” проста з тэатра завезла мяне ў траўматалогію 6-й клінікі. Не паспелі мяне там аформіць, як прымчаўся Луцэнка.

Ён падтрымліваў візітамі і доўгімі размовамі Расціслава Янкоўскага, які часта ў апошнія гады хварэў.

Ён да канца адведваў у Доме састарэлых Народнага артыста Юрыя Ступакова. “Ён так змяніўся, — сумаваў Барыс, — ледзь пазнаў яго ў труне”.

Гэта — пра асабістую ягоную рысу: чуллівасць.

Вечнасць на дваіх… і на астатніх

А яшчэ ў 2016-м ён ажыццявіў пастаноўку, у якой сышліся тры магутныя сцэнічныя таленты: Расціслава Янкоўскага, Бэлы Масумян і яго. Сышліся ў апошні раз…

Спектакль “Далей цішыня” з вялікімі Фаінай Ранеўскай і Расціславам Плятам глядзеў я ў Маскве ў тэатры Массавета. Сэрца сціскалася ад спачування пары няшчасных старых, якім у дамах дзяцей не знаходзілася месца. Памятаю, як у гатэлі Гомеля, будучы ў кінаэкспедыцыі, са слязьмі слухаў тую пастаноўку па радыё…

Барыс запрасіў мяне для напісання новай, ягонай сцэнічнай версіі і сказаў, што паставіць спектакль менавіта на аснове гэтай п’есы настойліва патрабуе Расціслаў — да свайго 85-годдзя.

— Але не будзем ціснуць на традыцыйную спачувальную шкадобу да старых, — тут жа дадаў ён. — Трэба шукаць новыя матывы паводзінаў, арыенціры памкненняў персанажаў. Табе тут будзе дастаткова працы.

Патрабаванні Барыс паставіў жорсткія: структура павінна мець кінасцэнарны выгляд — кароткія эпізоды. Прычым сцэны з Янкоўскім трэба зрабіць так, каб ён не ўставаў, а гаварыў седзячы ці лежачы — артысту ўжо цяжка рухацца.

Ужо на першую, яшчэ “застольную”, рэпетыцыю Бэла і Слава з’явіліся з поўным веданнем вялікага тэксту — Народныя ж! Разумніца Масумян прапанавала назву “Вечнасць на дваіх” — і яна ўсім нам спадабалася.

Потым бываў я ў тэатры рэдка. Па тэлефоне чуў ад Барыса скаргі на творчыя рознагалоссі з Янкоўскім, і ў сувязі з гэтым трэба мне дапісваць ці перапісваць гэты, і вось гэты, і яшчэ вось гэты эпізод. Да таго часу ўжо ва ўсіх была электронная пошта, таму барысавы заўвагі-заданні выконваліся без заходу да яго.

Ужо на прэм’еры спектакля, пры першым жа з’яўленні на сцэне Янкоўскага і Масумян, абрынуўся гром… не апладысментаў, авацый!

Калі перад трагічным фіналам — разлукай навечна! — муж запрашае жонку на вальс, і Янкоўскі з цяжкасцю ўсё ж урэшце ўзнімаўся з крэсла, зала апладзіравала шалёна, доўга не даючы акцёрам вымаўляць далейшы тэкст. А затым — ізноў бясконцыя авацыі: Янкоўскі адкідае кіёчак! Так пара старых і стаіць доўга, хістаючыся бы ў танцы.

Здаралася, у часы лячэння Янкоўскага ролю ў спектаклі іграў іншы акцёр. Я чуў, як ля касы гледачы цікавіліся: хто сёння будзе? Калі не Янкоўскі, пакупка квітка адкладалася. І на яго, і на Бэлу хадзілі мэтанакіравана.

Калі адышоў у нябыт Расціслаў Янкоўскі, спектакль, нібы па інэрцыі, сыгралі яшчэ пару разоў з дублёрам — і “Вечнасць на дваіх” знялі з афішы. Гэта разумна.

Гульня, перарваная смерцю

Заезджы спектакль “Гульня ў джын” з вялікім Армэнам Джыгарханянам і Таццянай Карпавай мінчукі бачылі ў 70-я гады на сцэне Дома афіцэраў. Пастаноўка як бы стала папярэдніцай узніклых у 90-я антрэпрыз: два выканаўцы, стол і два крэслы — вязі яе куды заўгодна на гастролі!

І вось ужо ў 2014-м Барыс надумаў “спамянуць маладосць”: пачынаў жа ён у тэатры як акцёр. Мужчынскую ролю ў дуэце захацеў іграць сам. Партнёркай без ваганняў выбраў Бэлу Масумян — каго ж яшчэ?!

Канешне ж, п’есу ён звыкла вырашыў “перакроіць”. На гэты раз заданні мне даваліся канкрэтныя: кшталту, тут патрэбны палымяны маналог пакрыўджанага жанчынамі Яго, а тут патрэбны патэтычны антымужчынскай накіраванасці маналог Яе — пакінутай самотнай жанчыны, а тут напішы звязку… І гэтак бясконца, да самага дня прэм’еры.

Карты ў трактоўцы Барыса былі хіба віртуальныя, таму і назву ён прыдумаў новую, абагульняльную: “Ён і Яна”. Свой удзел у інсцэніроўцы звыкла схаваў пад псеўданімам Ян Робіс. Спектакль раз на месяц ішоў на малой сцэне з 2014 года. Раз — два ў сезон я яго наведваў: як правіла, не адзін. Хаця скардзіўся Барыс на аслаблы зрок, мяне ў залі на сорак чалавек заўважаў і падчас дзеі адорваў нейкай паважліва-жартоўнай рэплікай “ад сябе”.

Апошні раз спектакль быў заяўлены ў афішы на 19 лютага 2020-га. Прабачце за сумны жарт, але Барыс яго сарваў: за два тыдні да таго, 5 лютага, яго не стала.

Апошнія выхады

Барыс працягваў іграць у дуэце з Масумян “Ён і Яна” — і бадай толькі гэта яшчэ звязвала яго з тэатрам, які ён некалі так праславіў. Пасля здачы-прыёмкі чужой пастаноўкі ён перадаваў мне па тэлефоне меркаванні, выказаныя на мастацкім савеце, дзяліўся сваім поглядам, цікавіўся маёй думкай. Але рабіў гэта ўсё больш абыякава, неяк раўнадушна.

Аднак усё яшчэ не губляў надзеі нешта значнае паставіць “на развітанне”, прасіў парадаў. Ды ўсё, што яму прапаноўвалі — і не толькі я — ён па розных матывах, часцяком дробязных, адрыньваў. Я неяк на “падвышаных тонах” выпаліў:

— Ты найперш вышукваеш нагоды, каб гэтага не ставіць!

Ён змаўчаў.

Апошні раз ён патэлефанаваў мне роўна за месяц да смерці, 6 студзеня. Павіншаваў з Днём нараджэння — такая ў нас была шматгадовая завядзёнка. Паскардзіўся на страту зроку.

Я звыкла запытаўся:

— Што маеш намер ставіць? Чым заняты?

Пасля доўгага маўчання ён уздыхнуў:

— Ды нічым.

— Глядзі, калі што надумаеш, Арлоў заўсёды побач.

— Я ведаю. Дзякуй, Валодзя.

“Не везёт мне в смерти...”

Барыс аднаго за адным праводзіў у апошні шлях сваіх улюбёных артыстаў: Юру Ступакова, Аляксандру Клімаву, Юрыя Сідарава, Славу Янкоўскага, Пецю Юрчанкова, Алега Корчыкава, Валодзю Шэлестава, Юру Казючыца, Зою Асмалоўскую… Амаль з усімі развітваліся на сцэне тэатра. А труну Барыса выставілі ў фае: бо і зала, і сцэна на капітальным рамонце. “Не везёт мне в смерти...”

Затое цяпер там, на нябёсах, у яго адметная трупа. І задумы няздзейсненага, непастаўленага тут ён будзе нейкім патаемным чынам унушаць шматлікім вучням — і яны самазадаволена палічаць гэта сваімі знаходкамі. Ну і добра.

Доўгая і плённая эпоха рэжысёра Барыса Іванавіча Луцэнкі ў беларускім мастацтве скончылася.

...Калі мы супрацоўнічалі, ён тэлефанаваў мне па восем разоў на дзень. Пасля мог не званіць паўгода. Калі я распавёў пра тое нашаму сябру Валерыю Рубінчыку, ён удумліва і сумна заўважыў:

— Што ж дзіўнага: Барыс сябруе з ўсімі па чарзе.

Сёння згадаўшы пра той дыялог, я адзначыў: у той чарзе я быў у апошнія пятнаццаць гадоў яго жыцця.

Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр