Багаты на гісторыю Дзярэчын

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

У вялікім будынку Дзярэчынскага сельскага Савета Зэльвенскага раёна ствараецца музей вёскі Дзярэчын. Ужо адкрылася першая гістарычная зала.

/i/content/pi/cult/814/17450/22.jpgСам Дзярэчын заўсёды быў мястэчкам, а цяпер гэта аграгарадок. Ён мае багатую і цікавую гісторыю. З пісьмовых крыніц вядома, што Дзярэчын 600 гадоў таму належаў жмудскаму баярыну Дрэмету. Аднак 10 кастрычніка 1416 года вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт перадаў яго Копачу “за верныя службы”. А пазней, у сакавіку 1468 года вялікі князь Казімір працягнуў уладальніцкі запіс на сына Копача Васіля. Пасля Дзярэчынам валодалі Капачэвічы, Сангушкі, Кашырскія, Адзінцэвічы, Палубінскія, Вішнявецкія, Валовічы, зноў Палубінскія і Сапегі.

У 1786 годзе быў пабудаваны новы Дзярэчынскі палац. Праўда, будынак планаваўся пад навучальную ўстанову для сыноў заслужаных вайскоўцаў. Але ў сувязі са зменай рэзідэнцыі будынак перарабілі на палац.

У 1795 годзе ў дзярэчынскіх дакументах згадваецца і дзярэчынская музычная капэла. Была там і вялікая бібліятэка Сапегаў. Яна саступала толькі радзівілаўскай. Гэту бібліятэку пачаў збіраць сам Леў Сапега ў XVI стагоддзі. Ён сабраў каля 3000 тамоў. А папаўняў кнігазбор Францішак Сапега. Ён вёз з Еўропы ў Дзярэчын кнігі, творы мастацтва і шматлікія сувеніры. Захоўвалася ў Дзярэчыне і перапіска Сапегаў.

У мастацкую калекцыю Дзярэчынскага палаца ўваходзілі каля 300 палотнаў галандскіх, італьянскіх і французскіх мастакоў. Былі там творы Веранэзэ, Ван дэр Нэера, Эльжбеты Вігі-Лебрун і іншых мастакоў.

Апошнім уладальнікам Дзярэчына ў 1930-я гады быў міністр замежных спраў II Рэчы Паспалітай Яўстах Сапега. Палац быў разбураны ў перыяд Другой сусветнай вайны. Сёння пра багаты на гісторыю Дзярэчын нагадваюць толькі падмуркі палаца і храмаў, а таксама каломна каля вёскі.

Веліч і слава Дзярэчына мінавалі. А каб гісторыю мястэчка захаваць для нашчадкаў, было вырашана стварыць у Дзярэчыне гісторыка-краязнаўчы музей. Тым больш, што ёсць для яго добрае памяшканне — вялікі двухпавярховы будынак сельскага Савета. Жыве ў Дзярэчыне і цікавы, творчы энтузіяст, які ўсё жыццё даследуе сваё мястэчка. Гэта — Генадзь Коўш. Генадзь выдаў ужо некалькі зборнікаў паэзіі і кніг-разважанняў. Адна з іх — “Высновы літвіна” (Мн., “Кнігазбор”, 2009) — з’яўляецца эклектычным зборам тэорый найноўшага часу пра ўзнікненне продкаў беларусаў. Генадзь ужо працуе метадыстам па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага Цэнтра культуры і народнай творчасці, і сам грунтоўна займаецца музеем Дзярэчына. Ужо створана першая зала музея, яна прымае наведвальнікаў. А Генадзь Вікенцьевіч з вялікай цікавасцю і любоўю да сваёй маленькай радзімы распавядае пра гісторыю Дзярэчына і яго ўладальнікаў, а таксама пра музейныя экспанаты і планы:

— Большасць экспанатаў музея знойдзена на тэрыторыі Дзярэчына і суседніх вёсак. Адны знайшоў я асабіста, нешта адшукалі і перадалі для музея тутэйшыя жыхары. Першы музейны пакой складаецца з матэрыялаў, звязаных з уладальнікамі мястэчка Палубінскімі і Сапегамі. Напрыклад, 400 гадоў таму ў Дзярэчыне Палубінскія ўзвялі кляштар і касцёл. Гучным рэхам адгукнуліся падзеі XVIII стагоддзя, калі Сапегі пабудавалі ў Дзярэчыне адну са сваіх рэзідэнцый.

— Якія цікавыя і рэдкія экспанаты, звязаныя з гісторыяй Дзярэчына ўжо ёсць у першым пакоі-музеі?

— Сёе-тое рэдкае ўжо набыта. Таму з цікавасцю з экспанатамі знаёмяцца наведвальнікі. Гэта калекцыя манет XVII — пачатку ХХ стагоддзяў, ключоў XIX — пачатку ХХ стагоддзяў, цагліны апрацаваныя і неапрацаваныя мулярамі, вырабы з гліны і металу XVIII — XIX стагоддзяў, зямельная карта пачатку ХХ стагоддзя, старыя дзвярная ручка, аправа, штопар, вупражы каня, аконная ручка, дзверы пячныя XIX стагоддзя, цвікі, падсвечнікі XVIII стагоддзя, каваны крыж XVII стагоддзя, ядры гарматныя, шмат старых фотаздымкаў Дзярэчына, і іншых экспанатаў. Асаблівай увагі заслугоўвае макет Дзярэчынскага палаца князёў Сапегаў, які быў адбудаваны ў 1786 годзе. Модуль выраблены майстрам Аляксандрам Ішчанкам.

— Бачу ў экспазіцыі і стары нямецкі пашпарт…

— Так, гэта нямецкі пашпарт 1917 года, выдадзены жыхарцы суседняй з Дзярэчынам вёсцы Залацеева Карней. Пашпарт на нямецкай і беларускай мовах. Рэдкі і каштоўны экспанат. Ёсць і паштоўка з выявай Жыровіцкай іконы Божай Маці, адпраўлена ў канверце са Слоніма ў Дзярэчын у 1926 годзе. На канверце стаяць паштовыя штампы Слоніма і Дзярэчына.

— Якія планы на бліжэйшыя гады ў пашырэнні музея мястэчка Дзярэчын?

— Планаў шмат. Цяпер рыхтую пакой для літаратурнага Дзярэчына, які будзе распавядаць пра тых творчых людзей, што нарадзіліся ў Дзярэчыне і ў суседніх вёсках ці часова тут пражывалі. Сярод якіх быў публіцыст Ян Пятроўскі (1905 — 2002) — перакладчык і выдавец, які у 1930-х гадах жыў у Дзярэчыне, аўтар нарыса “Дзярэчын — малы Версаль”, народны казачнік Іван Макей (1882 — 1955), англійскі гісторык Міхась Гедройць (1929), які нарадзіўся ў маёнтку Лобзава каля Дзярэчына, кіраўнік зэльвенскага літаб’яднання “Зоры над Зальвянкай”, настаўнік Пятро Марціноўскі (1932 — 2006) і іншыя. Гісторыя нашага мястэчка і лёс яго людзей павінны застацца ў памяці беларусаў, каб імі ганарыліся нашчадкі.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота аўтара