Маршруты за мяжу

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Кастрычнік абяцае быць гарачым у плане актыўных міжнародных культурных кантактаў. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на практыцы рэалізоўвае прынцып шматвектарнасці нашай знешняй дзяржаўнай палітыкі.

10 — 13 кастрычніка, як паведаміў “К” начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Міхаіл Кажура, у Кыргызстане ўпершыню пройдуць Дні беларускай культуры. У Бішкек збіраюцца Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Разам з прэзентацыяй беларускага мастацтва ў Кыргызстане плануецца падпісанне міжведамаснага пратакола аб культурным супрацоўніцтве паміж міністэрствамі культуры дзвюх краін.

Напрыканцы месяца мяркуецца правядзенне Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Азербайджане. Гэтыя мерапрыемствы таксама адбудуцца ўпершыню.

7 кастрычніка ў Кіеве, а 10 — у Маскве будуць ладзіцца нацыянальныя выстаўкі Рэспублікі Беларусь. Культурную праграму ў межах гэтых міжнародных мерапрыемстваў забяспечаць нашы вядомыя мастацкія калектывы: перад украінцамі выступіць Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, а на расійскай зямлі сваё майстэрства прадэманструе народны вакальны ансамбль “Купалінка”.


А.С.