Анёлкі для дзетак паважанага ўзросту

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

Cлухаюць казкі і гуляюць у лялькі не толькі дзеці. Крысціяна Андэрсана ці Шарля Перо можна чытаць у якім заўгодна ўзросце і знаходзіць у даўно вядомых тэкстах новы сэнс. Тое ж і з лялькамі… Не нагуляўшыся з імі ў дзяцінстве, чалавек кампенсуе гэты прагал у дарослыя гады. Ставіцца да гэтага можна па-рознаму — скептычна, іранічна. Але лепей хай людзі гуляюць у лялькі, чым “у салдацікаў”. Асабліва калі “салдацікі” не алавяныя, а жывыя.

/i/content/pi/cult/814/17448/20.jpgУжо колькі гадоў запар Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў ладзіць вялікія выставы аўтарскіх лялек. Экспанатаў звычайна некалькі соцень. І выставы тыя маюць трывалы поспех у гледачоў. Выстава, што адбываецца ў НЦСМ (пляцоўка на праспекце Незалежнасці) зараз не такая маштабная, як згаданыя. Яна займае ўсяго толькі адну невялікую залу на другім паверсе.

Выстава называецца “Анёлы душы маёй” і ладзіцца ў памяць калекцыянера Ларысы Мяжэвіч яе мужам Уладзімірам. Створаны лялькі сямейным дуэтам Сафіі і Генры Заверушынскіх. Аўтары атрымалі мастацкую адукацыю ў Польшчы, а ўласны бізнес з выразным творчым чыннікам разгарнулі ў Злучаных Штатах. Лялек для дарослых Заверушынскія робяць ужо чвэрць стагоддзя.

Параўноўваючы гэту калекцыю з разнастайнасцю, рознастылёвасцю лялек, што мы бачылі ў Цэнтры сучасных мастацтваў раней, я б адзначыў свайго роду кананічнасць, нават класічнасць твораў Заверушынскіх. Збольшага іх лялькі адпавядаюць аднаму тыпажу, адной версіі жаночай прыгажосці, хоць і з пэўнымі нюансамі. Гэта, уласна кажучы, адна і тая ж жанчына, але з розным макіяжам, прычоскай і ў розных строях.

Магчыма, аўтары такім чынам адлюстравалі адну з галоўных якасцяў жаночай натуры — артыстызм і здольнасць да пераўтварэнняў. Жанчына на працягу дня (не кажучы ўжо пра цэлае жыццё) шмат разоў змяняе абліччы, сутнасна застаючыся нязменнай.

Сярод персанажаў выставы Папялушка і Беласнежка, Спячая прыгажуня і Прынцэса-лягушка, Чырвоны каптурык і Аліса — вандроўніца па Краіне цудаў. А прыгледзішся, дык гэта і тая дзяўчына ў розных абставінах.

А яшчэ па гэтых ляльках можна вывучаць сусветную гісторыю моды.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"