Выжываюць толькі прафесіяналы

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

Турыстычны сезон яшчэ не закончыўся, вынікі падводзіць рана, але ўжо цяпер зразумела, што статыстыка будзе далёка не найлепшая. Каранавірус зблытаў усе планы, і замест чаканага росту абаротаў многія апынуліся на мяжы выжывання. Зрэшты, так яно ва ўсім свеце. Зразумела, у ліку пацярпелых — і музейныя ўстановы. Прыкладам, на піку пандэміі колькасць наведвальнікаў Нясвіжскага замка знізілася болей чым у шэсць разоў. І гэта флагман, а што ўжо казаць пра менш папулярныя адрасы! Як удалося перажыць пандэмію і чаму яна навучыла? Гэтае пытанне я задаў розным суб’ектам гісторыка-культурнага турызму.

/i/content/pi/cult/814/17445/14.jpgШтуршок для новых ідэй

Ружанскі палацавы комплекс мае рэпутацыю музея, які дынамічна развіваецца. Па-першае, ён адносна новы — многія памятаюць час, калі на месцы экспазіцыйных залаў былі пашчэрбленыя руіны. Па-другое, маладая каманда адразу зрабіла стаўку на крэатыўныя метады працы. А па-трэцяе — там проста прыгожа! І таму такі музейны прадукт, як рэгістрацыя шлюбаў у котлішчы Сапегаў, нязменна карыстаўся попытам.

Не выпадала здзіўляцца, што колькасць наведвальнікаў год ад года павялічвалася — хай і патроху. Сёлета можна было спадзявацца і на больш прыкметны рост — год таму на тэрыторыю Ружан пачаў распаўсюджвацца “бязвіз”. Па словах дырэктаркі музея Крысціны Глушко, замежныя наведвальнікі ўжо летась складалі каля 20 працэнтаў ад агульнай колькасці. Адпаведна, цяпер іх нястачу цяжка не заўважыць.

— У лютым ужо пачалі завітваць палякі, але потым плынь рэзка спынілася, — кажа яна. — Дабіраліся да нас толькі расіяне, якія адпачываюць у санаторыі непадалёк.

/i/content/pi/cult/814/17445/15.jpgТым не меней, музей свае дзверы не зачыняў — хіба падбаў пра стандартныя ў час пандэміі прафілактычныя мерапрыемствы. На першых парах наведвальнікаў было мала. Запланаваныя імпрэзы вырашылі перанесці на лепшы час, а ўхіл сталі рабіць на анлайн-праекты. Так на сайце і ў сацыяльных сетках з’явіўся цыкл “Навідавоку”, кожны з выпускаў якога распавядаў пра адзін з цікавых экспанатаў музея.

Адносна такіх віртуальных праектаў чуў ад работнікаў культуры выказванні скептычныя. Маўляў сродкаў яны не прыносяць — квіткі ж на іх ніяк не прадасі. Аднак анлайн-актыўнасць мае не менш важныя мэты — і не толькі высакародна-асветніцкія. У часы каранавіруса гэта быў адзіны сродак нагадаць публіцы пра сваю ўстанову

— Мы вельмі імкнуліся захаваць сувязь з наведвальнікамі, і таму шмат увагі надавалі працы ў сацсетках, — кажа Крысціна Глушко.

І як толькі эпідэміялагічная сітуацыя трохі палепшылася, людзі ізноў пацягнуліся ў Ружаны. Па словах дырэктаркі, ужо ў ліпені наведвальнікаў было не меней, чым летась. Адпаведна, апошнія месяцы лета агульную статыстыку трохі выправілі. Але музейшчыкі неўзабаве заўважылі змену структуры сваёй аўдыторыі: арганізаваных груп стала значна меней, а вось “індывідуалы” павалілі на сваіх аўто шчыльнай плынню.

— Фактычна, пандэмія дала нам штуршок для новых ідэй, — кажа Крысціна Глушко. — Інтэрактыўныя праграмы былі ў нас здавён — усіх уражвае, калі ля брамы цябе сустракае сам Леў Сапега. А зрабілі мы іх, дарэчы, выключна сваімі сіламі — у пастаноўках удзельнічае фактычна ўвесь невялікі калектыў уключна з дырэктарам. Быў і свой квэст, аднак разлічаны ён на даволі вялікія групы дзятвы. Таму цяпер ствараем новы — ужо для сямейнай аўдыторыі. Думаю, гэта вельмі перспектыўны прадукт. І калі б не каранавірус… мо такой задумы б і не з’явілася.

У такія музеі, як ружанскі, ладную частку наведвальнікаў да нядаўняга часу дастаўлялі турыстычныя фірмы, якія спецыялізуюцца на маршрутах з гісторыка-культурным ухілам. Па прыватніках крызіс ударыў не менш балюча, і многія былі вымушаныя наогул згарнуцца.

 — Гэты сезон можна назваць катастрафічным для ўсіх галінаў турызму, — кажа дырэктар фонду “Краіна замкаў” Алесь Варыкіш. — Увесну і на пачатку лета, калі пандэмія раскашавала асабліва, наша праца бадай прыпынілася. Людзі баяліся ехаць у вялікай групе, і тры — чатыры месяцы ўнутранага турызму, лічы, не было. У такіх варунках могуць выжываць толькі прафесіяналы.

Болей за тое — закрытыя межы прывялі да таго, што аператары, якія спецыялізаваліся на выязным турызме, пачалі пераарыентацыю на ўнутраны. Гэта аўтаматычна павялічыла канкурэнцыю. Каб утрымацца на плыву, “Краіна замкаў” стала распрацоўваць новыя, арыгінальныя маршруты, прапануючы наведаць тыя мясціны, дзе не бывалі нават многія зацятыя падарожнікі. Прыкладам, шыкоўны касцёл у Песках Мастоўскага раёна або галерэя імя Аляксандра Ісачова ў Рэчыцы.

У хуткім часе з’явіцца чарговы новы маршрут — “Палеская рэфармацыя”. У яго ўключаны не толькі ўнікальныя драўляныя храмы, але і вёска Альшаны — не чуў, каб хто раней туды наогул турыстаў вазіў. Знакамітая яна не толькі гуркамі — там створаная ўнікальная сацыяльна-эканамічная мадэль, заснаваная на пратэстанцкай духоўнасці і спрадвечных народных традыцыях. Вось гэтым феноменам і спрабуюць завабіць турыстаў у цяперашні цяжкі час.

Адпаведна, канкурэнцыя сёння адчуваецца не толькі сярод тураператараў, але і паміж цікавосткамі. Хаця параўнальна нядаўна ў гэтай сферы дзяржаўныя музеі былі бадай што манапалістамі.

— Нягледзячы ні на якія крызісы, прыватнікі прапануюць усё болей цікавых атракцый, — распавядае Алесь Варыкіш. — Прыкладам, не так даўно ахвотна вазіў турыстаў на ферму слімакоў. Прычым такі аб’ект удалося інтэграваць у маршрут гісторыка-культурнай скіраванасці. А потым мы наведалі знакаміты касцёл ва Уселюбе, пробашч якога Віталь Цыбульскі стварыў пры ім паломніцкі цэнтр і плануе заснаваць музей. Да ўсяго, гэтыя асобы ахвотна ідуць на кантакт, ды і самі па сабе яны вельмі цікавыя для турыстаў.

Зрэшты, суразмоўца перакананы, што “старыя добрыя музеі” ніколі не страцяць актуальнасць. Асабліва калі яны працягнуць свой курс на стварэнне новых інтэрактыўных прадуктаў.

— Прыкладам, нас вельмі зацікавілі захады ў гэтым напрамку новага кіраўніцтва музея Якуба Коласа: у “стаўпецкім архіпелагу”, які пакуль недаацэнены, можа атрымацца неблагі маршрут, — кажа Алесь. — Чакаем і хуткага адкрыцця сядзібнага дома Ордаў ля Варацэвічаў. Наогул, з дзяржаўнымі ўстановамі культуры мы заўсёды плённа супрацоўнічалі і будзем працягваць у далейшым.

У Беларусь па грыбны дожджык

Ваколіцы возера Шо, вядомага праз заблытаную да анекдатычнасці гісторыю з “цэнтрам Еўропы”, здавён вабілі Рабінзонаў-адлюднікаў сваёй глушэчай. Увесь гэты “цуд некранутай прыроды” нікуды не падзеўся і дасюль, але цяпер у тых мясцінах можна заначаваць у камфортных умовах. Аграсядзібы там цягам апошніх гадоў растуць бы грыбы пасля дажджу. Шэсць з іх аб’ядналіся ў кластар “Велесаў шлях”. І ў кожнай — свае фішкі. Дзесьці — плыт, на якім можна зладзіць рамантычную вячэру пасярод возера, дзесьці — коні аўтэнтычнай беларускай пароды, дзесьці — сыры з казінага малака, дзесьці — індзейскі антураж… А тое, што аб’ядноўвае — паважлівае стаўленне да прыроды і мінуўшчыны. Тут вам пакажуць і “мясцовы Стоўнхэдж” (насамрэч — могілкі больш як 500-гадовай даўніны), і яшчэ больш старадаўні ахвярны камень… Дый па самім антуражы сядзібаў гэта відаць: ніякага асфальту, ніякага “аграгламуру”, стрэхі з дранкі…

— Сюды людзі не толькі “на пастой” едуць, але і на экскурсію, — кажа гаспадар сядзібы “Запаведны востраў” Алесь Цвірка. — Каб агледзець усе нашыя цікавосткі, спатрэбіцца цэлы дзень.

Яго аграсядзіба ў апошнія дні жніўня была запоўненая пад завязку. І гэта нягледзячы нават на тое, што кошты тут без перабольшвання еўрапейскія, а паводле ўмоваў, мінімальны тэрмін побыту — чацвёра сутак. Магчыма, прычына такой папулярнасці — акурат у каранцінных мерах, якія амаль зачынілі для беларусаў марскія ўзбярэжжы? Ды не: гаспадары прызнаюцца, што праз каранавірус яны не выйгралі, а наадварот страцілі: многія замежнікі былі вымушаныя адмяніць браніраванне.

— Гэта толькі мы неяк прарваліся праз мяжу, — уступае ў размову сярэдняга веку рускамоўная пара.

Як выявілася, прыехалі яны не з Расіі (так мне адразу падумалася), а з далёкага Ізраілю. З Беларуссю ніякімі крэўнымі повязямі не звязаныя, але ж адпачываюць на беразе возера Івесь штогод. Бо ўлетку, калі на Чырвоным моры сапраўды скнар, тут можна дачакацца грыбнога дожджыка — і выправіцца ў лес па “ўраджай”. Што вельмі ім даспадобы.

А яшчэ ім — ды ўсім іншым заўсёднікам гэтых мясцінаў, лік якіх несупынна расце — падабаюцца чыстыя азёры, кожнае з якіх мае свой “характар”, цішыня, чыстае паветра… Поўны адрыў ад звыклай задушлівасці і нервовасці вялікага горада.

Зразумела, маючы такую адданую кліентуру, перажыць цяжкія часіны не надта складана. Дый сам “Велесаў шлях” лішні раз дэманструе канкурэнтныя перавагі беларускага турызму: той фармат, які выгодна вылучае яго сярод многіх іншых. Пытанне, што ж такое мы можам супрацьпаставіць марскім курортам, гучыць несупынна. Адказы ўжо навідавоку — у тых аграсядзібах, якія заснаваныя на аўтэнтычнай культуры.

…Можна не сумнявацца, што зацішныя “кавідныя” часы стануць для суб’ектаў турызму добрай нагодай для рэфлексій, працы над памылкамі і ўдасканаленнем. А яны, у сваю чаргу, спрычыняцца да якаснага росту. Адпаведна, не ўсё так сумна: гэты сезон лічыць змарнаваным не выпадае.