Школа любові да ўласных каранёў

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

Падыходзіць да завяршэння трохгодка малой радзімы, але краязнаўчая дзейнасць застаецца па-ранейшаму актуальнай, прычым для ўсіх узростаў. Каб даведацца, як прышчапіць беларусам любоў да роднага кутка з дзіцячых гадоў, мы звярнуліся да досведу нешараговага школьнага музея, што здолеў аб’яднаць вакол сябе маладых краязнаўцаў у сталічным раёне, які сёння імкліва расце і неўзабаве мае ўсе шанцы зрабіцца адным з самых густанаселеных у горадзе.

/i/content/pi/cult/814/17442/8.jpgМузей у мінскай сярэдняй школе № 90, што на вуліцы Чкалава, дзейнічае ўжо сорак гадоў, і таму з’яўляецца адным са старэйшых школьных музеяў у горадзе. Адкрыты першапачаткова як музей баявой і працоўнай славы Мінскага авіяатрада, з атрыманнем Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе ён, у адпаведнасці з новымі павевамі часу і запытамі ў грамадстве, быў пераўтвораны ў краязнаўчы. Новы профіль музея мусіў спрыяць выкананню яго педагагічнай ролі па выхаванні ў навучэнцаў патрыятызму і любові да малой і вялікай радзімы.

Амаль з самага пачатку існавання музея яго кіраўніком з’яўляецца Станіслаў Холеў, які доўгі час быў у школе таксама выкладчыкам геаграфіі і ўзначальваў турысцка-краязнаўчы клуб. Калекцыя музея на сённяшні дзень налічвае больш за паўтары тысячы прадметаў. Траплялі яны ў музей рознымі шляхамі — школьнікі разам з настаўнікамі збіралі сведчанні мінуўшчыны падчас выканання краязнаўчых заданняў, удзелу ў археалагічных раскопках і этнаграфічных экспедыцыях, альбо проста перадавалі ў музей рэчы з сямейных збораў, ці выпадкова знойдзеныя цікавосткі. Станіслаў Холеў зазначае, што ніколі не адмаўляецца прымаць старыя рэчы, прынесеныя школьнікамі, і імкнецца знайсці ім належнае месца ў экспазіцыі — тады ў юных шукальнікаў з’яўляецца разуменне важнасці зробленай справы і захоўваецца цікаўнасць да далейшых росшукаў.

Ад мінуўшчыны радзімы да гісторыі сям’і

Музей мае пяць раздзелаў, якія дазваляюць праводзіць як аглядную экскурсію, так і паўнавартасныя тэматычныя заняткі. Першы раздзел знаёміць з мінуўшчынай нашай краіны — асноўнымі этапамі станаўлення беларускай дзяржаўнасці ад Полацкага княства да нашых дзён, гісторыяй Мінска, матэрыяламі археалагічных раскопак на тэрыторыі гістарычнага цэнтра сталіцы, у якіх прымалі ўдзел і навучэнцы школы — на Кастрычніцкай плошчы ў першай палове 1980-х і на Нямізе ў пачатку 2000-х.

Сярод экспанатаў тут можна пабачыць каменныя сякеры і крамянёвыя прылады працы нашых далёкіх продкаў, бівень маманта, дэталі старадаўняй зброі, старыя манеты і грашовыя купюры канца ХVII — пачатку ХХ стагоддзяў, узоры цэглы і керамікі з розных гарадоў Беларусі, макеты краснасельскіх крамянёвых шахт, якія дзейнічалі тры — пяць тысяч гадоў таму, Навагрудскага і Мінскага замкаў, Мінска ў канцы ХVIII стагоддзя.

Аповед аб гісторыі краіны дапаўняецца звесткамі аб яе прыродзе — побач змешчаныя ўзоры карысных выкапняў, тутэйшых парод дрэў і раслін, чучалы птушак і звяроў. А ў раздзеле “Народны побыт беларусаў” наведвальнікі музея могуць азнаёміцца з тым, як выглядалі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя гарадская кватэра і сялянская хата беларусаў, якім абсталяваннем, прыладамі працы і мэбляй карысталіся нашыя продкі. Тут прадстаўленыя ўзоры саматканага мужчынскага і жаночага адзення, прылады для прадзення і ткацтва, старыя патэфон і радыёпрыёмнік, самавар і вугальныя прасы, і нават макет сялянскай печы.

/i/content/pi/cult/814/17442/9.jpgПаветраная брама сталіцы

Але найбольшая каштоўнасць школьнага музея ў тым, што ён звяртае ўвагу наведвальнікаў не толькі на мінуўшчыну краіны або горада ў цэлым, але перадусім на гісторыю самой школы і раёна, дзе яна размешчаная. Сярэдняя школа № 90 была адкрытая ў 1963 годзе ў будынку, узведзеным у новым квартале жылой забудовы Кастрычніцкага раёна сталіцы БССР. Жыццё гэтай гарадской ускраіны было шчыльна звязанае з авіяцыяй — тут знаходзіўся адзіны на той час гарадскі аэрапорт, авіярамонтны завод, а таксама ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі.

Вуліца Чкалава, дзе размешчаная школа, зрабілася своеасаблівай брамай горада для гасцей беларускай сталіцы, якія траплялі ў Мінск паветраным шляхам — а такіх пасажыраў наш аэрапорт у тыя гады прымаў нямала. Не дзіўна, што раён, які першым трапляў на вочы іншаземным турыстам як з краін сацыялістычнага лагера, так і з далёкага замежжа, мусіў быць узорна-паказальным і мець адпаведны выгляд. Новыя пяціпавярховыя дамы-“хрушчоўкі” паўставалі на вуліцах, раней забудаваных амаль выключна аднапавярховымі драўлянымі дамамі, якія захоўваліся ў гэтай частцы горада яшчэ з даваенных, а часам і дарэвалюцыйных гадоў.

Калыска мінскага падполля

Можна сказаць, што Вялікая Айчынная вайна для Мінска пачалася таксама тут — цэллю першага налёту нямецкіх штурмавікоў на Мінск 22 чэрвеня 1941 года быў акурат гарадскі аэрадром, і першыя бомбы 23 чэрвеня ўпалі на горад таксама ў гэтым раёне — на аэрадроме і чыгуначным вакзале. Але ў гады нацысцкай акупацыі менавіта гэты раён Мінска паказаў сябе адным з найбольш нязломных і небяспечных для захопнікаў, а яго жыхары аднымі з першых уключыліся ў барацьбу супраць гітлераўцаў.

Варта хаця б узгадаць, што да вайны ў Мінску было тры раёны — Сталінскі, Варашылаўскі і Кагановіцкі (да апошняга адносілася тэрыторыя сучаснага Кастрычніцкага раёна), але ў акупаваным горадзе дзейнічалі пяць падпольных райкамаў партыі. Тры з іх адпавядалі даваенным раёнам, а два былі створаныя дадаткова. Першым з іх быў Тэльманаўскі райкам, якому падпарадкоўваліся падпольныя групы на тэрыторыі гета. Другім жа быў райкам Чыгуначны, які аб’ядноўваў супрацоўнікаў вакзалаў, вагонарамонтнага завода і дэпо — а ўсе яны размяшчаліся таксама на тэрыторыі цяперашняга Кастрычніцкага раёна. Нездарма ў гады вайны тут знаходзіліся больш за тры дзясяткі канспіратыўных кватэр падпольшчыкаў.

Станіслаў Холеў з жалем адзначае, што дзясяткі такіх кватэр былі ў свой час адзначаныя мемарыяльнымі шыльдамі — але збольшага яны знаходзіліся ў драўляных аднапавярховых дамах на ўскраінах Мінска, і на працягу пасляваенных дзесяцігоддзяў, калі старую забудову пачалі руйнаваць для ўзвядзення новых жылых кварталаў, пераважная большасць такіх старых адрасоў знікла з аблічча горада і з памяці яго жыхароў. Тым не менш, у школе вядзецца вялікая работа па добраўпарадкаванні і ўшанаванні месцаў памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны, а таксама створаная інтэрактыўная карта помнікаў ваеннай гісторыі раёна, з якой можна азнаёміцца на сайце ўстановы ў інтэрнэце.

Сям’я герояў і пакутнікаў

З гісторыяй падполля непасрэдна звязанае і само месца, дзе размешчаная школа. Да пачатку 1960-х гадоў тут, на Быхаўскай вуліцы, стаяў дом, у якім жыла сям’я Берасневічаў. Гаспадары гэтай сціплай драўлянай хаты дапамагалі падпольшчыкам чым маглі: перадрукоўвалі і распаўсюджвалі ўлёткі, збіралі медыкаменты, зброю і боепрыпасы для партызан, перадавалі звесткі аб перамяшчэнні нямецкіх вайсковых эшалонаў. Станіслаў Берасневіч уваходзіў у падпольную арганізацыю чыгуначнага вузла, а яго малодшая сястра Ядвіга — у моладзевую антыфашысцкую арганізацыю “Андруша”, якую ўзначальваў будучы Герой Савецкага Саюза Мікалай Кедышка.

Між іншага, пэўны час у доме Берасневічаў жылі ў 1942 годзе разведчыкі-радысты, якія падтрымлівалі сувязь з цэнтрам партызанскага руху. Ці не найвялікшая трагедыя, аднак, палягае ў тым, што лёс гэтай разведвальнай групы быў сумным нават на агульным тле вайны — яе ўдзельнікі былі расстраляныя ў студзені 1943 года партызанамі па беспадстаўным абвінавачанні ў здрадзе і супрацоўніцтве з ворагам. Аднавіць добрае імя патрыётаў удалося толькі пасля вайны, у 1950-я гады.

У 1943 годзе сумны лёс напаткаў і сям’ю Берасневічаў — жонку Станіслава, яўрэйку, разам з іх трохгадовай дачкой схапілі і зняволілі ў канцлагеры ў Трасцянцы, пазней была схопленая і закатаваная карнікамі Ядвіга, а ў красавіку 1944 года чарга дайшла і да Станіслава. Аднак гэтым разам лёс быў літасцівы да падпольшчыка — напярэдадні вызвалення Мінска ён здолеў уцячы з канцлагера, а пазней уступіў у шэрагі Чырвонай арміі, з якой дайшоў да Берліна. Пра подзвіг сям’і Берасневічаў нагадвае сёння мемарыяльная шыльда, усталяваная ля ўвахода ў школу.

У школьным музеі аб трагічных днях вайны нагадваюць не толькі асабістыя рэчы Станіслава Берасневіча, але і рэшткі зброі, знаходкі з месцах баёў. Тут жа — і матэрыялы аб ахвярах вайны, сабраныя школьнікамі ў час правядзення пошукавай работы па напісанні тома кнігі “Памяць”, прысвечанага перыяду нацысцкай акупацыі Мінска. Нездарма і першым дырэктарам школы была колішняя падпольшчыца і партызанка атрада Канстанціна Заслонава, Заслужаная настаўніца Беларусі Яўгенія Кляноўская.

Мастакі і авіятары

Ці не галоўная асаблівасць раёна, які вырастаў у 1960-я гады вакол школы, палягала ў тым, што акрамя людзей, чыё жыццё было так ці інакш звязана з авіяцыяй, тут часта атрымлівалі жытло дзеячы мастацтва. Не дзіўна, што ўжо праз два гады пасля адкрыцця школа была прызнаная найлепшай у горадзе па эстэтычным афармленні. Сакрэт быў просты — гэтаму паспрыялі вядомыя мастакі і скульптары, якія жылі ў гэтым раёне.

Будучыя Народныя мастакі Беларусі Уладзімір Стэльмашонак і Іван Міско вялі ў школе, адпаведна, гурткі дызайну і скульптуры. Гурток эстэтыкі ўзначальвала супрацоўніца мастацкага музея Ірына Назімава, гурток мастацкага чытання — паэт Раман Тармола. У 1966 годзе тут таксама адкрылася эстампная майстэрня, неўзабаве вучні пачалі ўдзельнічаць у выставах, конкурсах, пастаноўках спектакляў, а пасля заканчэння навучання звязвалі сваё жыццё са сферай мастацтва і дамагліся вядомасці. Школа першай у горадзе фактычна займела мастацкі ўхіл і зрабілася заўважнай на агульным фоне.

З часам з’явілася яшчэ адна асаблівасць — сказалася блізкасць аэрапорта і датычнасць многіх жыхароў раёна да авіяцыі. У 1972 годзе ў школе распачала сваю дзейнасць адзіная ў Беларусі Малая паветраная акадэмія, дзе вучні маглі пазнаёміцца з прафесіямі лётчыка, штурмана, дыспетчара, механіка. Заняткі для школьнікаў праводзілі выкладчыкі вучэбна-трэніровачнага атрада Беларускага ўпраўлення авіяцыяй. У сценах школы наведвальнікі акадэміі вывучалі тэорыю, а на лётным полі і ў цэхах авіярамонтнага завода знаёміліся з умовамі працы авіятараў і авіятэхнікаў.

У падарожжах з памяццю аб доме

Апошні з раздзелаў экспазіцыі музея прысвечаны развіццю школьнага турызму і краязнаўства. З 1978 года ў школе на працягу трох дзесяцігоддзяў дзейнічаў пад кіраўніцтвам Станіслава Холева турысцка-краязнаўчы клуб “Брыганціна”, які ладзіў экспедыцыі і падарожжы як па ўсёй Беларусі, так і далёка за межамі рэспублікі па аддаленых кутках Савецкага Саюза. У выніку ўдзельнікі клуба першымі ў БССР атрымалі залатыя значкі ўсесаюзнай турысцкай экспедыцыі.

Сёння савет музея дбае і аб выпуску ўласных выданняў, якія дапамагаюць данесці вынікі пошукавай і даследчыцкай дзейнасці да шырэйшага кола чытачоў: з 2005 тут выдавалі школьную краязнаўчую газету “Даследчык”, а з 2010 — “Койданаўскі тракт” (так называлася да 1939 года вуліца Чкалава). Аб краязнаўчай дзейнасці таксама распавядаюць даведнік “Народны краязнаўчы музей школы № 90”, брашура “Девяностая. История одной минской школы”, кніга “Под парусами “Бригантины” і дапаможнік для навучэнцаў “Районоведение. Октябрьский район г. Минска”. Станіслаў Холеў адзначае, што апошняе выданне дагэтуль не мае аналагаў у іншых раёнах сталіцы, ды й па ўсёй краіне падобныя краязнаўчыя дапаможнікі падрыхтаваныя толькі ў некалькіх раёнах.

Не дзіўна, што калі мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аб стварэнні ўласнага музея, арганізацыю яго экспазіцыі таксама было даручанае калектыву, згуртаванаму вакол музея 90-й школы. Адкрыццё новага музея ў будынку раённай адміністрацыі ў 2018 годзе было прымеркаванае да 80-годдзя Кастрычніцкага раёна сталіцы, а аснову яго экспазіцыі, вядома, таксама склалі прадметы, сабраныя ў школьным музеі.

Натхніць наступнікаў

Школа мае таксама і ўласны цудоўна аформлены сайт, напаўненню якога можа пазайздросціць любая ўстанова адукацыі — тут размешчаныя разнастайныя матэрыялы па гісторыі ўстановы і навакольнага раёна, алічбаваныя фотаальбомы, відэафільмы і спісы выпускнікоў, электронныя версіі кніг па краязнаўстве, тэксты публікацый у СМІ, прысвечаных дзейнасці музея і не толькі. Не прамініце зазірнуць — цікава будзе не толькі тым, хто жыў ці жыве ў гэтым сталічным раёне, але і ўсім, хто хоча ўзяць прыклад і стварыць уласны музей альбо даследчыцкі клуб.

Дарэчы, у мінулым годзе за аўтарствам Станіслава Холева выйшла таксама кніга “Да родных вытокаў”, у якой прадстаўленыя рэкамендацыі па арганізацыі краязнаўчай работы са школьнікамі. Асобныя раздзелы дапаможніка прысвечаныя гістарычнаму краязнаўству, вывучэнню культурных, прыродных, дэмаграфічных і эканамічных асаблівасцяў мясцовасці, а таксама практычнаму прымяненню гэтых даследаванняў — стварэнню музейных пакояў, краязнаўчых сайтаў, навукова-даследчых праектаў. Са старонак кнігі настаўнікі, вучні і ўсе цікаўныя могуць даведацца, як выяўляць і вывучаць у школе археалагічныя, гістарычныя і архітэктурныя помнікі, даследаваць тапаніміку, экалогію, збіраць рухомыя помнікі гісторыі, запісваць успаміны жыхароў, праводзіць генеалагічныя пошукі, і многае іншае.

Будзем спадзявацца, што кніга гэтая знойдзе сваіх зацікаўленых чытачоў, якія не прамінуць прымяніць атрыманыя парады на практыцы. Верыцца, што чым болей у нашых установах адукацыі будзе такіх сапраўды народных музеяў і краязнаўчых асяродкаў, тым болей сапраўдных грамадзян сваёй краіны яны здолеюць выхаваць. Любоў да Радзімы мусіць браць пачатак са школьнай лавы.