Таленавіты і непрадказальны

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

(Працяг. Пачатак у № 33 — 34)

/i/content/pi/cult/813/17434/23.jpg“Гутарка з аўтарам”

Ад акцёраў я не раз чуў, як Луцэнка працуе над літаратурнай асновай для спектакля: з машынапісных тэкстаў выразае рэплікі персанажаў, перастаўляе сцэны месцамі, уклейвае шматкі і палоскі ў варыянт, які на той момант здаецца яму ўдалым, — словам, манціруе п’есу бы кінастужку. Ён называў гэта “гутаркай з аўтарам”. Досыць наслухаўся і ад сваіх прыяцеляў Яўгена Агурцова і Віктара Ледзянёва — былых літаратурных саўдзельнікаў Барыса па адной — дзвюх інсцэніроўках — як ён капрызліва і прыдзірліва ўспрымаў бясконцыя варыянты гэтых літработ.

І вось, такая роля выпадала мне. Я згадзіўся, бо мне мроіўся цікавы занятак і новы для сябе досвед.

Мяркую, працу над праектам “Выпадковы вальс” (ідэя, назва і натхненне ў час працы цалкам належаць Барысу) ён прапанаваў мне, прагнучы “свежай крыві”. А таксама праз маё веданне дзясяткаў песень ваенных гадоў. Да ўсяго, на той час у мяне ўжо выйшла некалькі кніжак.

Я штодня прыходзіў з гітарай у яго кабінет і спяваў, спяваў. Нешта Барыс адрыньваў адразу, нешта прасіў паўтарыць. Ён адразу пачаў імправізацыйна ўвасабляць з акцёрамі своеасаблівую “зрокавую песню”. Дадалі туды фрагменты інсцэніраванай прозы пісьменнікаў-франтавікоў Васіля Быкава і Барыса Васільева.

Урэшце 1 красавіка 2005-га, якраз на Вялікдзень, мы паказалі гэты спектакль у Маскве на сцэне тэатра імя Гогаля ў рамках фестывалю “Гэты Дзень Перамогі”. І атрымалі не толькі Гран-пры, але і дзве высокія расійскія ўзнагароды. Барыс — ордэн Ламаносава з брыльянтамі “Свароўскі”, а я — ордэн Святога князя Аляксандра Неўскага ІІ ступені.

А неўзабаве — запрашэнне на фестываль “Галасы гісторыі”…

Вальсаванне між дажджынкамі

З вечара нашага прыезду і да раніцы ліў дождж. Да дзённай рэпетыцыі сціх. З адкрытай сцэны ў Кансісторскім дворыку Валагодскага крамля анучамі і мётламі зганялі лужы. А мы ўсе паглядалі на неба: было яно пахмурным, цёмным, без жаданых прасветаў.

Пасля рэпетыцыі абед і — “калі ласка, на “Вальс”. Адно пачулі на ўваходзе рэпліку прадаўшчыцы фестывальных сувеніраў:

— А ўжо тры дні назад квіткі на ваш спектакль раскупілі. Але я знаходжуся побач з крамлём, хады-выхады ведаю, прабяруся абавязкова!

Роўна ў шэсць на адкрытым “газіку” выкаціліся на сцэну кіраўнікі вобласці ў ваеннай форме 40-х гадоў. Мікрафон узяў старшыня журы славуты кінарэжысёр Марлен Хуцыеў, вітанне закончыў словамі:

— Звярніце ўвагу: які ўсплёск творчасці здарыўся ў гады вайны! Адбылося нараджэнне новай тэмы ў мастацтве.

Паколькі фестываль адкрывалі беларусы, да мікрафона запрасілі Барыса Луцэнку. 800 гледачоў у амфітэатры ўзарваліся апладысментамі. І ў гэты момант падалі голас званы Валагодскага крамля! У наступныя дзве гадзіны, пакуль будзе ісці наш спектакль, яны яшчэ не раз, нібы па дамове, зазвоняць, натхняючы нашых акцёраў.

— Мой бацька загінуў у апошнія дні вайны… — прамовіў тады Барыс. — О, калі б і ў жыцці было, як у тэатры: усе ў канцы ўстаюць і кланяюцца гледачам.

На яго кароткім выступленні паспрабаваў накрапваць дожджык, але, здаецца, перадумаў, сціх. Ці зберагаў сілы?

Тэлекамеры пяці цэнтральных расійскіх каналаў і ўсіх мясцовых направілі аб’ектывы на пляцоўку.

/i/content/pi/cult/813/17434/24.jpgЯ сеў у першым шэрагу адкрытага амфітэатра, але глядзеў не на акцёраў, а на званіцы, на неба, якое засцілалася цёмнымі хмарамі. Ластаўкі гойсалі высока, і я прыгадваў прыкмету: да дажджу гэта ці наадварот?

Апладысменты абрынуліся пасля першай жа навелы. Звычайна ў Мінску — пасля трэцяй, а недзе на гастролях часам нават пасля шостай.

Ідзе драматычны эпізод з “Мёртвым не баліць” Васіля Быкава — сутычка двух ветэранаў, якія адстойвалі розныя “праўды” пра жорсткасць мераў у часы вайны… І паліў дождж! Акцёры, канешне, працягвалі іграць, а гледачы… Да зменлівага надвор’я ім было не прызвычайвацца: амаль кожны з васьмісот раскрыў прадбачліва захоплены парасон. Дождж, пэўна, зразумеў, што сарваць спектакль упартых беларусаў не ўдасца, і праз хвіліну сціх.

А ў фінале навелы пра пагібель сябровак-медсястрычак, калі яны ляжалі на мокрай сцэне, над імі пачалі нізка-нізка з пранізлівым віскатам праносіцца ластаўкі. Гледачы ў шоку! А потым жартавалі: маўляў, беларусы ці то прывезлі з сабой дрэсіраваных птушак, ці то неяк дамовіліся з мясцовымі.

Званы курантаў кожныя чвэрць гадзіны адбівалі час дакладна ў танальнасці нашых песень. А ў фінале развітальна заззялі на залатых купалах сабораў сонечныя промні.

Чатыры разы — замест аднаго па сцэнарыі — здагадаўся наш гукавік “пракруціць” фанаграму ўцёсаўскай песні “Выпадковы вальс”. А гледачы ўсё не сыходзілі з месцаў, апладзіравалі стоячы, кідалі на сцэну кветкі, усхвалявана крычалі: “Брава, беларусы! Малайцы! Дзякуй, мінчукі!” Потым кінуліся на сцэну да акцёраў і Луцэнкі з абдымкамі і жаданнем аўтографаў.

На агульнай вячэры сярод бясконцых кампліментаў членаў журы Хуцыеў расказаў, як яшчэ напрыканцы 60-х запрыкмеціў Аляксандра Аржылоўскага і запрасіў на галоўную ролю ў свой фільм “Быў месяц май”. Працягнуў Луцэнка:

— Прыйшоў Саша проста да мяне дамоў, заявіў, што хоча працаваць у Тэатры кінаакцёра, якім я тады кіраваў. Я сказаў, што памятаю яго ролю ў тым фільме і бяру ў свой тэатр. Ён выдатна сыграў Клаўдзія ў “Гамлеце”, у іншых маіх спектаклях. Ды гадоў сем таму паехаў у Сібір пахаваць бацьку…

Паднялі келіхі ў памяць акцёра, келіхамі не бразгалі.

Наступным вечарам пад праліўным дажджом, ветліва прыкрыты нечым парасонам, я глядзеў чарговы фестывальны спектакль. Ніводнага нашага акцёра не заўважыў. Чаму? Здагадаўся праз пару дзён, калі ў цягніку, ужо на пад’ездзе да Мінска, некалькі хлопцаў амаль адначасова перадалі Барысу Іванавічу інфармацыю з Волагды, атрыманую канфідэнцыйна ад сваіх дзяўчат: “Выпадковы вальс” займеў Гран-пры. Што яшчэ пісалі прыхільніцы нашым амантам — таямніца, цяпер ужо даўняя.

“Закаханыя ўсяго свету, яднайцеся!”

У тым жа 2005-м запрашаюць Барыса і мяне ў амбасаду Францыі. Аташэ па культуры мадам Лемасон прапануе незвычайны праект: паставіць спектакль “Ніначка”.

Яна каротка пераказала сюжэт: у 20-я гады тры агенты Савецкай Расіі прыязджаюць у Парыж з заданнем прадаць каштоўнасці царскай сям’і — краіне патрэбная валюта для індустрыялізацыі. Але “непахісных аскетаў-бальшавікоў” Парыж засмоктвае сваёй багемнасцю — і яны забываюцца на заданне ды прагульваюць грошы. Для разборак прыязджае з Масквы кантралёр-камісар Ніначка ў чырвонай хустцы ды скуранцы… Ды і яе зачароўвае спакуслівы горад. Да таго ж, успыхвае каханне да ідэйнага ворага — адваката Вялікай княгіні. А княгіня пазнае свае фамільныя каштоўнасці, прывезеныя на продаж…

— А чаму менавіта гэты незнаёмы сюжэт? — нецярпліва і задзірліва пытаецца Барыс і прапаноўвае некалькі французскіх п’ес. Але мадам прызнаецца: маці пасла Шмялеўскага вельмі падабалася даваенная галівудская карціна “Ніначка” з Грэтай Гарба ў галоўнай ролі.

Мы згадзіліся, узяліся. Барыс, як заўсёды, пачаў працу грунтоўна: здабыў копію фільма, затым п’есу. Нам перадалі шмат фотаздымкаў Парыжа 20-х гадоў, дыскаў з музыкай і песнямі, давалі парады.

Убачылі, што сюжэты адрозніваюцца: у фільме прывозяць каштоўнасці, у п’есе наадварот — прыязджаюць, каб адабраць іх у княгіні як канфіскат. І сітуацыі розныя, і персанажы, і падзеі, і фіналы… І тут Барыс выступіў “генератарам” ідэй.

Абгаворанае з ім я ператвараў у эпізоды. Калі выязджалі на лецішчы — на яго ў Астрашыцкі ці да майго сябра пад Заслаўе — браў з сабой друкарку. Нешта прыдумаўшы, Барыс выпраўляўся шпацыраваць, “дыхаць паветрам”, а я пісаў дыялогі — за гэтае ўменне некалі мяне хваліў сам Васіль Быкаў.

Барыс прапанаваў кожнага персанажа прадстаўляць кароткім кінаролікам з гумарыстычным каментарыем. Іх я ахвотна адзняў і зманціраваў.

А вось Барыс прыдумаў падвойны пастановачны фінал. Напачатку пакараных персанажаў ссылаюць у Сібір, яны дэкламуюць: “А і Б сядзелі ў КГБ, В, Г, Д — у НКВД…” — і гэтак увесь алфавіт. Але затым іх вызваляе Леон, закаханы ў Ніначку. Усе па ходзе цягніка саскокваюць — тут спрацавалі мае кінатрукі — і скандзіруюць: “Закаханыя ўсяго свету, яднайцеся!” Зала падхоплівала “речёвку” і доўга не адпускала артыстаў.

Гледачоў вабіў і жанр, абазначаны на афішы: “Парыж, вясна, каханне”.

Спектакль ішоў 11 сезонаў.

“Ронда” з Караткевічам

У 2007-м Луцэнка святкаваў 70-годдзе. Са сцэны выканаў маналог “Исповедь лицедея” — дарэчы, так ён назаве і кніжку, якая выйдзе праз 10 гадоў. Па мне, дык занадта ўжо раскрываў гледачам — чужым, па сутнасці, людзям — свае асабістыя таямніцы. Навошта? Але такія самыя, нават інтымныя старонкі жыцця выплеснуў у сваёй перадсмяротнай кніжцы і Анатоль Дзялендзік. Пэўна, “узроставая” цяга. Бог ім суддзя, маім спачылым таварышам…

Зараз пра іншае. Напачатку 60-х апальны Уладзімір Караткевіч, напалоханы адмоўным стаўленнем да сябе ідэолагаў Беларусі, прыхоўваў рукапісы сваіх твораў у людзей, якім давяраў. Пасля смерці Яўгена Глебава жонка кампазітара перадала ў архіў кінараман з шасці навел “Гневное солнце, палящее”. Ад Рыгора Барадуліна даведаўся, што некаторыя творы Караткевіч даверыў на захаванне яму.

У мяне ў перыяд таварыскага збліжэння з аўтарам аказаліся чатыры яго рукапісы. Падкрэсліваю: рукапісы. Адзін з іх — кінараман, напісаны ў 61-м: “Легенда аб бедным д’ябле і адвакатах сатаны”. Я па 10 старонак — а раптам згубіцца?! — перадаваў яго ў машынапіс. Друкарка выдавала пад капірку ўсяго пяць асобнікаў. Першы пакінуў сабе, другі на 30-м годзе захоўвання — у 1994-м — аддаў у часопіс “Беларусь” для першай публікацыі, трэці — кінарэжысёру-аператару Юрыю Марухіну, чацвёрты яшчэ некаму, пяты — зусім “сляпы” — выкладчыцы беларускай мовы мастацкага ліцэя, дзе вучыліся мае дзеці.

І вось, у згаданым 2007-м Барыс прапануе інсцэніраваць гэты раман Караткевіча і выдае мне асобнік, які некалі перадаў яму Марухін — Юра да таго часу ўжо памёр. Мой машынапіс вярнуўся да мяне — вось і “ронда”.

У адрозненне ад лёгкай натхнёнай працы над двума папярэднімі праектамі, тут я ўпершыню сутыкнуўся з тым, аб чым папярэджвалі мяне былыя “літрабы” Барыса: ён шукаў найлепшае рашэнне не шляхам размоў і кароткіх літаратурных накідаў, а праз перабор амаль закончаных варыянтаў інсцэніровак. Я ўспрымаў яго разгубленасць, спрачаўся з адыходам ад і без таго рэдкага ў гэтым творы аўтарскага гумару, пярэчыў, калі Барыса пачынала ўсё больш цікавіць тэма смерці.

Прэм’ера спектакля прайшла нібы пры пустой зале — ніякай рэакцыі гледачоў. Блытана, незразумела...

У кніжцы Барыс ледзь не з гонарам піша, што пасля таго няўдалага паказу за тыдзень усё “пераставіў” — а па сутнасці, паставіў новы спектакль, нават замяніўшы амаль усіх акцёраў! Яно так. Але не згадаў, што і інсцэніроўка была напісаная за той тыдзень зусім іншая.

Я быў сведкам яго пакутлівых роздумаў і пошукаў. Каюся, што не заўсёды даваў рады вытрымліваць ягоныя ваганні — тым больш, кожную знаходку-ўспышку трэба было ператвараць у словы, у сцэнічную дзею.

Лічу, што ў гэтым спектаклі адбыўся ў ім нейкі ўнутраны злом, які давёў да нервовага зрыву і выліўся ў лекаванне ў адпаведным шпіталі.

Барыс Луцэнка падаў заяву з просьбай вызваліць яго ад пасады галоўнага рэжысёра Рускага тэатра.

Уладзімір Арлоў, кінарэжысёр