Этнограф-самародак з Любаншчыны

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Жыхара горада Любані Сяргея Выскварку, загадчыка арганізацыйна-метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры, у Вікіпедыі прадставілі так: “збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог”.

/i/content/pi/cult/813/17433/21.jpgКалі мы дамаўляліся пра інтэрв’ю з Сяргеем Выскваркам, ён знаходзіўся ў адпачынку. Сустрэча адбылася ў Пластку на “сядзібе Паўла і Марылі”. Гэта дом дзеда і бабулі нашага суразмоўцы. Яны спачатку жылі на хутары, а ў 1939 годзе перайшлі сюды. Паставілі хату, перад ёй пасадзілі клён. Пабудова ў вайну згарэла, узвялі новую. А вось дрэва ўцалела і зараз узвышаецца каля плота. Сяргей Георгіевіч даглядае хату, якую завяшчалі менавіта яму. Калі мы прыехалі, ён збіраў ураджай гародніны. Ад справы спадара давялося адарваць, і ён пачаў знаёміць нас са старонкамі сваёй біяграфіі.

Пра дзяцінства

— Любоў да фальклору, напэўна, са мной і нарадзілася, — разважае наш суразмоўца. — Заўжды ў бацькоўскай хаце было шмат гасцей. Памятаю, першы тэлевізар па гэтай вуліцы дык дакладна мой бацька купіў. Жыхары вёскі сыходзіліся да нас, як у кінатэатр, глядзець “17 імгненняў вясны”. Я і не ведаў, што такое той фальклор. Усе маміны сяброўкі любілі спяваць. А я з задавальненнем іх слухаў. Не прапускаў ніводнага вяселля ў вёсцы — падабалася назіраць, як госці танцуюць. Я гарэў проста гэтымі танцамі.

/i/content/pi/cult/813/17433/22.jpgПра адукацыю

Гісторыю пра тое, як атрымаў спецыяльнасць “горны інжынер-электрамеханік”, Сяргей Георгіевіч расказвае, нібы байку: “У Пластку скончыў восем класаў і паступіў у Крыварожскі горны тэхнікум, што на Украіне (набор праводзілі ў Салігорску). Маці пра гэта не ведала. Калі прыйшоў выклік на ўкраінскай мове, загаласіла. А бацька сказаў, хай едзе. Я суткі на цягніку дабіраўся да месца прызначэння. Вучыўся тры з паловай гады. У вольны час займаўся мастацкай самадзейнасцю — пры мясцовым Доме культуры наведваў калектыў народна-сцэнічнага танца “Інгулэцкі парубкі”. Атрымаў дыплом. Дарэчы, па рэйтынгу ён быў восьмым з трыццаці пяці. Хутка зразумеў, што горная справа мне не па душы — вярнуўся на Любаншчыну і пачаў шукаць працу”.

Пра ўладкаванне на працу і  стварэнне “Верабейкаў”

— Звярнуўся ў раённы аддзел адукацыі. Думаў, пайду важатым. Варта адзначыць, што ў дзяцінстве марыў стаць настаўнікам, — працягвае Сяргей Выскварка. — Мяне адправілі ў Дом піянераў (цяпер Любанскі Цэнтр дзіцячай творчасці), дзе патрабаваліся кіраўнікі гурткоў. Я стварыў танцавальны. У рабоце з дзецьмі выкарыстоўваў набыты ва ўкраінскіх “Парубках” вопыт. Потым прызвалі ў армію, адслужыў два гады. Вярнуўся на ранейшае месца працы. Тады і з’явіліся “Верабейкі” (дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль. — Заўв. аўт.). Гэта мая любоў, маё дзецішча. Без дадзенага калектыву не ўяўляю свайго жыцця.

Спачатку “Верабейкі” выконвалі народна-сцэнічныя танцы. У 2000 годзе атрымалі запрашэнне прыняць удзел у рэспубліканскім фестывалі “Беларуская полька” ў Чачэрску. Выступіўшы там, сталі займацца выключна фальклорнымі танцамі.

Хутка Сяргея Выскварку павысілі — прызначылі на пасаду культарганізатара. Яго абавязкам стала арганізацыя масавых свят. Адно з найбольш значных — Дзень абароны дзяцей, які адзначаецца 1 чэрвеня. З гэтай роляй ён спраўляўся выдатна.

Паралельна Сяргей Выскварка зноў пачаў навучацца, каб павысіць свой адукацыйны ўзровень. Ён з чырвоным дыпломам закончыў Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры, што дазволіла без уступных іспытаў паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Неўзабаве атрымаў дыплом і аб вышэйшай адукацыі. Аднак на гэтым не спыніўся — за яго плячыма вучоба ў аспірантуры Інстытута этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі па спецыялізацыі “фалькларыстыка”.

Пра метадычную працу

І калі ў першай палове дня Сяргей Выскварка працаваў у Доме піянераў, то ў другой — у Сароцкім сельскім Доме культуры. Аднойчы атрымаў заданне: у жыхароў Сарачоў сабраць матэрыял пра ручнікі.

— Я проста хадзіў па хатах, размаўляў з людзьмі, — узгадвае наш суразмоўца. — Мне падабалася займацца гэтай справай. І вяскоўцы ахвотна дзяліліся інфармацыяй. Я яе апрацаваў і здаў у СДК. Напэўна, заданне выканаў вельмі добра. На мяне звярнулі ўвагу ў раённым Цэнтры культуры і запрасілі на працу. Так я стаў спецыялістам па фальклоры. Проста, што называецца, у асалоду, гадоў пятнаццаць па раёне хадзіў з дыктафонам. Я прыязджаў у вёску, пытаў, хто ў вас тут спявае альбо танцуе, як гэта рабілі продкі, займаецца творчасцю ў галіне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва? І сустракаўся з гэтымі людзьмі. Дабіраўся ў населеныя пункты на веласіпедзе, на аўтобусах, аўтастопам, часта заставаўся начаваць, бо не было магчымасці вярнуцца дадому.

Пра вывучэнне архіваў

Многа інфармацыі Сяргей Выскварка чэрпаў з архіваў у Беларусі і за мяжой. У прыватнасці, наладзіў стасункі з Расійскім этнаграфічным музеем, што знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Як ні дзіўна, але там захоўваецца вельмі шмат матэрыялаў, што маюць дачыненне да Любаншчыны. Напрыклад, пра спосабы вязання наміткі ў населеных пунктах Кузьмічы і Сарачы. Экспедыцыі ў наш раён ладзіліся даследчыкамі музея ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя. Збор інфармацыі пра традыцыі нашых продкаў не спыняецца і цяпер. І пастаянна з’яўляюцца звесткі пра штосьці новае.

— Тое, што ў Кузьмічах хатні хлеб па рэцэптах продкаў выпякаюць многія жанчыны, я не ведаў, — прызнаецца наш суразмоўца. — Пакуль мы не сталі збіраць інфармацыю для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнсці аб’екту “Тэхналогія і традыцыі выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы”. Я думаў, што гэта з’ява адзінкавая. Аказваецца, агульнавясковая. Што стала для мяне сапраўдным адкрыццём.

Пра папулярызацыю

— Мы пачалі думаць, як сабраную інфармацыю вынесці на рэспубліканскі ўзровень, — заўважае Сяргей Выскварка. — Дзевяці майстрам паспрыялі ў абароне звання “народны”. У іх ліку адзіныя па дэкараванні велікодных яек у тэхніцы “шкрабанка” (Марына Вакульчык), па паперапластыцы (Раіса Валькова), аўтэнтычны па выцінанцы (Наталля Адзінец). Мясцоваму песеннаму стылю выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых песень аўтэнтычнымі фальклорнымі гуртамі вёсак Закальное (“Глыбокія крыніцы”), Обчын (“Павалякі”) і Ямінск (“Журавушка”) нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, наш раён багаты на фальклорныя гурты, якіх 16 (раней увогуле было 25).

Яшчэ адна форма работы па папулярызацыі народных традыцый — арганізацыя рэгіянальных народных свят: масленкі, русальнага тыдня, троіцы, гукання вясны… Прычым па задумцы гэтай справай даручылі займацца некалькім сельскім Дамам культуры, што размешчаны побач.

Пра калекцыю лялек

Сяргей Выскварка навучыўся і адзенне шыць. Ён мае цэлую калекцыю народных касцюмаў Любаншчыны (каля 200 экзэмпляраў), адроджаных і сапраўдных. Ствараў іх па расказах бабуль альбо па знойдзеных фотаздымках. Інфармацыі па гэтай тэме было шмат, а рэчаў захавалася мала. Кажуць, лепей адзін раз пабачыць, чым сем раз пачуць. Пашыць строй у поўны рост складана (патрэбна шмат высілкаў і часу), а вось стварыць яго міні-копію трошкі прасцей, хоць і тут ёсць свае складанасці. Так з’явілася калекцыя лялек у народных касцюмах (цяпер іх каля сарака). Ужо сабраны матэрыял (эскізы, кавалачкі тканіны) на яшчэ дваццаць строяў для лялек, трэба толькі знайсці вольны час на працу, а гэта няпроста.

Пра здымкі ў тэлеперадачы

Шмат сюжэтаў і праграм пра беларускую народную творчасць здымалі на Любаншчыне. Выскварка даў у іх бясконцую колькасць інтэрв’ю і тлумачэнняў. Наш суразмоўца жартуе: калі тэлевізіёншчыкі не ведаюць, дзе здымаць наступны выпуск, едуць на Любаншчыну — тут абавязкова знойдуць нагоду для гэтага. У ліку апошніх такіх перадач можна назваць “Наперад у мінулае”, “Беларуская кухня”, “Хата на хату”. Калі быў зацверджаны новы праект “Спявае Беларусь”, Сяргею Георгіевічу прапанавалі стаць адным з яго вядучых. Ён згадзіўся. У першым сезоне выйшла 20 выпускаў, у другім — 10.

Пра з’яўленне “Пятровіцы”

— Фэст “Пятровіца” — сапраўдны цуд, які нарадзіўся дзякуючы адной з першых выпускніц гурта “Верабейкі” Настассі Кухарэнкі, — тлумачыць Сяргей Выскварка. — Было гэта так. Многія жыхары сталіцы пачалі цікавіцца беларускім танцам. Яны проста збіраліся групамі ды танцавалі. Дзею здымалі, а відэа выкладвалі ў Інтэрнэт. Я неяк натрапіў на такі сюжэт. Прагледзеў яго і абурыўся, бо яны танцавалі зусім не так, як продкі. Не вытрымаў і напісаў каментарый: “Што ж вы робіце? Беларускі танец гуляюць, а вы яго скачаце, выбрыкваеце!” А ў адказ пачуў: “Дык навучыце, як трэба”. Так я правёў свой першы майстар-клас.

Затым з’явіўся праект “Вераб’іны клуб”. У рамках яго я раз у месяц у адной са сталічных школ (дзе працавала настаўніцай Насця) даваў майстар-клас па беларускіх народных танцах. Аднак гэтага было мала. Неяк Насця прапанавала: “Давайце летам збяромся на цэлы тыдзень у Любанскім раёне і проста натанцуемся”. І яе падтрымалі. Сёлета “Пятровіца” прайшла ў дзясяты раз, праўда, у анлайн-фармаце.

Уявіце сабе, што дадзеным фэстам зацікавіліся гурты са Шры-Ланкі і Інданэзіі. Яны згодны былі прыехаць на Любаншчыну, каб пазнаёміцца з яе традыцыямі. Пандэмія перашкодзіла.

Пра новыя ідэі і месца сілы

Герой артыкула знаходзіцца ў пастаянным пошуку. У яго з’яўляюцца новыя ідэі, якія хочацца рэалізаваць. Напрыклад, праект па лекавых травах і па зеллі. Гэтыя веды сыдуць з бабулямі, з жалем канстатуе наш суразмоўца.

На развітанне Сяргей Выскварка гаворыць адкрыта: “На пенсіі хачу жыць у Пластку. Як кажуць, у кожнага ёсць сваё месца сілы. Маё, напэўна, тут. На гэтай зямлі, якая не самая ўрадлівая. У гэтым доме, хоць я і не тут вырас. Невыпадкова менавіта на сядзібе Паўла і Марылі на Радуніцу збіраюцца ўсе родныя”.

Дар’я РАБЦАВА

Фота з архіва
Сяргея Выскваркі