Годнасць шырыні погляду

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе выстава фатографа Марыны Бацюковай “In zoom”, адзін з нямногіх праектаў летняга сезону.

/i/content/pi/cult/813/17427/10.jpgАснову экспазіцыі склала серыя “Свае гісторыі”, знаёмая і беларускаму, і міжнароднаму гледачу. Але новая выстава служыць узорам таго, як з часам ужо зробленая праца трансфармуецца, прырастае новымі сэнсамі. Пасля некалькіх гадоў, адданых ідэі “фатаграфіі пра фатаграфію”, пасля здымак у інтэр’ерах, Марына Бацюкова склала гэту мазаіку і аформіла яе ў альбомнае выданне (дарэчы, выдавецкі вельмі ўдалае і паспяховае). Зараз скончаныя “Свае гісторыі” цэласна прадстаўлены ў экспазіцыі асобным блокам. Гэта фатаграфіі ў кантэксце прыватнага жыцця, з тых, што ўсе мы пакідаем на віду і на памяць — аб родных, аб тых, каму пасылаем сардэчную любоў і падзяку. Праз гады, пераступаючы межы.

Але Марына не адносіцца да мастакоў, якія знаходзяць свой прыём —тэхнічны і стылістычны — ды выкарыстоўваюць яго бясконца. Таму ў “In zoom” глядач бачыць і іншы блок: да каляровых адбіткаў дададзеныя чорна-белыя, часта пазнейшыя, і іншыя фарматы, што таксама важна для медыума фатаграфіі. І вядома, гэта іншыя серыі, невялікія цыклы. Як і “Свае гісторыі”, яны зняты ў розных краінах свету: Беларусь, Літва, Францыя, Польшча, Ізраіль і многія іншыя. Мабыць, няма сэнсу шукаць знаёмае: некалькі кадраў з “Лістоў святлом” (2007), некалькі з “Ізраільскага дзённіка” (фестываль “Арт-Мінск”, 2018) спыняюць дасведчанага гледача, але асобныя фатаадбіткі розных гадоў ані менш цікавыя.

Чаму такое злучэнне аказалася магчымым? З камернага асяроддзя, ад хатніх архіваў, аўтар выходзіць у навакольны свет. І вядзе за сабой нас, прапаноўваючы абсалютна арганічны і адкрыты працяг “сваіх гісторый”. Знойдзеныя словы набылі новы аб’ём, новы наратыў. Пры тым, што самі сюжэты ніхто не распавядае: яны застаюцца глядацкім жаданнем паразважаць, ці пошукам адгадкі, ці досведам. Умоўна называючы гэты блок стрыт-артам, можна пазначыць яго асноўныя рысы: рытм гарадскога жыцця, зачараванне людзьмі, сотні архітэктурных, бытавых, прыродных падрабязнасьцяў, якія ствараюць вонкавую прастору. І вядома, святло, выразныя кампазіцыі, графічныя кантрасты.

/i/content/pi/cult/813/17427/11.jpgЦікава, што Zoom у дадзеным выпадку гэта і механізм факусіроўкі, звычайная для фатографа опцыя, і адначасова дыстанцыя. Фатограф па-ранейшаму — на адлегласці, ён не ўключаны, ён прытрымліваецца пазіцыі назіральніка. Яго ўласныя гісторыі застаюцца па-за кадрам, як бы прыгожа ён ні распавядаў пра працэс здымкі. Гісторыі вакол — невычарпальныя, паколькі ёсць у нас магчымасць бачыць гэты свет у самых розных яго праявах. А глядацкія гісторыі, дамяркаваныя, даскладзеныя, яны зусім адкрытыя ўсім вятрам: атрыманы візуальны імпульс уключае асабістыя ўспаміны ці планы на будучыню.

Мне ўяўляецца, што нагледжанасць — яшчэ адзін важны аспект, які ёсць у праекце. Здавалася б, для фатографа — звычайная справа. Але на жаль, гэта не так, у гэтай частцы беларуская фотасупольнасць шмат губляе. Геаграфічна, інтэлектуальна, з пачуццёвай практыкай спазнання, нават цялеснай, тактыльнай, і візуальны досвед чалавека становіцца іншым. Мастак перапрацоўвае яго па-свойму, але і гледачу патрэбна гэта нагледжанасць. Хай гэта будзе толькі эмацыйны погляд па-за сябе, або прагматычны, канкрэтны, але і ён дае неабходны вопыт успрымання. Дагледжанасць для “In zoom” — гэта не толькі панарама інтарэсаў Марыны Бацюковай, але і пляцоўка для разважанняў і інтэрпрэтацый гледача, тое, што называецца шырынёй погляду.

Марына — безумоўна, сталы аўтар. Яе адрознівае вельмі прадуманы, я б казала, дыхтоўны падыход прафесіянала. Погляд і суперажыванне мастака, інтэлектуальная інтэнцыя і распрацоўка ідэі, тэхнічная абсталяванасць, камунікацыі і маркетынгавая “ўпакоўка” праекту — усе гэтыя складнікі ў Марыны збалансаваныя. У чарговы раз “In zoom” паказаў здольнасць аўтара да камбінацыі матэрыялу і развіцця яго сэнсавых гарызонтаў. Як “Рызомы” (Шорт-ліст Нацыянальнай прэміі ў галіне візуальнага мастацтва 2019-2020) былі інтэграваным праектам, з лагічнай канцэптуалізацыея, так і “In Zoom” абгрунтаваны і акрэслены — у сваіх вектарах, у адкрытасці да пераменаў.

Праца выставы працягнутая да 25 верасня.

Любоў Гаўрылюк, арт-журналіст