Беларускія песні з Францыі

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Былая мінчанка Настасся ЛУНЁВА ўжо восем гадоў жыве ў Францыі. Прычым працуе па спецыяльнасці — стварае там разнастайныя міжнацыянальныя і ўласна беларускія праекты. І пазіцыянуе сябе так: інструменталіст (цымбалы), кампазітар (дарэчы, член Саюза кампазітараў Францыі), спявачка і рэжысёр беларускага паходжання. На радзіму не забываецца: наша сустрэча адбылася ў час яе чарговага прыезду да сваякоў.

/i/content/pi/cult/813/17426/9.jpg— Звычайна гавораць, што ў чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць. Дый нашы артысты, калі імкнуцца патрапіць на тое ж “Еўрабачанне”, часцей спяваюць па-англійску. Вашым песням, змешчаным у Сеціве, уласціва сапраўдная еўрапейскасць аранжыровак, у “Рацэ”, напрыклад, заўважна ўздзеянне французскага шансона. Але ж інтанацыйна ўсе яны — наскрозь беларускія. Дый уласна беларускай мовы вы ў іх не цураецеся. Настальгія?

— Мяне таксама часцяком папікаюць: чаму не пішаш па-французску? Даўно была б зоркай. Пагаджуся, заўсёды зручней зліцца з навакольным грамадствам і ахоўваць яго інтарэсы, служыць развіццю найбольш запатрабаванага тамтэйшага мастацтва. Але я свядома абрала іншы шлях, свой — быць носьбітам беларускай нацыянальнай культуры, знаёміць з ёй жыхароў Францыі і, шырэй, усё еўрапейскае замежжа. Мая аўдыторыя — не толькі выхадцы з Беларусі. Наадварот, я імкнуся ўлюбіць у нашу культуру прадстаўнікоў іншых этнасаў, таму спяваю і пішу па-беларуску. Каб усе зразумелі сэнс, адзін з куплетаў ці нейкія фрагменты даю па-французску. Для мяне беларуская мова аддаецца ў памяці рэхам, а для французаў — становіцца дадатковай фарбай, вабіць сваёй каларытнасцю, нават на ўласна гукавым, фанетычным узроўні.

— Творчыя людзі з’язджаюць у замежжа звычайна тады, калі не могуць уладкавацца на радзіме, напоўніцу раскрыць свае магчымасці, знайсці прызнанне. У вас, здаецца, усё гэта было: пяць гадоў вучыліся ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, потым яшчэ пяць — у школе мастацтваў. Адначасова былі ўдзельніцай заслужанага народнага ансамбля “Дударыкі”. Сталі лаўрэатам IV Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах. Скончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў як рэжысёр фальклорнага тэатра і выкладчык фальклорна-тэатральных дысцыплін. Ваш адукацыйны праект “Этнашкола” атрымаў грант Мінгарвыканкама. За развіццё гэтага праекта ў 68-й сталічнай школе вы сталі лаўрэатам Мінскага раённага конкурсу “Настаўнік сталіцы” сярод маладых педагогаў. Што яшчэ трэба?

— Усё так, ды хочацца развівацца далей. Чым большага дасягаеш у прафесіі, тым большыя далягляды пачынаеш бачыць. Хочацца рабіць яшчэ больш, не спыняцца на дасягнутым, ставіць перад сабой новыя мэты і дасягаць іх. Так, у Беларусі вельмі добра наладжаны працэс адукацыі, але складаней рэалізаваць самастойныя творчыя праекты. Нават вы адразу запыталіся: маўляў, чаго вам яшчэ не хапала? Такога роду пытанне мае на ўвазе, што ўсё, маўляў, ужо ёсць, большага не трэба. Адказваю: я прагла далейшага руху наперад. А разнастайнасць і багацце культур, прадстаўленых у Францыі, падштурхнула мяне да адкрыцця новых даляглядаў, стварэння новых крэатыўных праектаў. Я стварыла мульцікультурную асацыяцыю ART’Espoir, танцавальны гурт KAROUNKI (“Карункі”), які дае шматлікія канцэрты і ўдзельнічае ў фестывалях па ўсёй Францыі. Выкладаю ігру на цымбалах. Майму малодшаму вучню — 7 гадоў, старэйшаму — 30. Працую рэжысёрам у тэатры горада Везуль, стаўлю спектаклі ў рамках фестывалю Moix voix d’enfants (“Месяц дзіцячых галасоў”). Два гады ўдзельнічала ў праекце знакамітага Жоржа Саваля — заснавальніка аркестра Le Concert des Nations: для свайго праекта “Арфей ХХІ — музыка для жыцця і гонару”, што падтрымліваўся Еўрасаюзам, ён праводзіў у 2016-м кастынг музыкантаў розных краін, я была абрана ад Францыі. У партнёрстве з рэгіёнам Бургундыя Франш Кантэ, мэрыямі, дамамі культуры, кансерваторыямі і музычнымі школамі розных гарадоў стварыла і рэалізавала мульцікультурны праект Art FUSION. Праз яго дзеці адкрываюць для сябе новыя інструменты, злучэнне музычных стыляў, вучацца імправізацыі.

— Тады давайце адсочым ваш уласны рух у прафесію, пачынаючы з самага дзяцінства. Звычайна будучых музыкантаў за ручку прыводзяць у музычную школу — на тым іх дзяцінства заканчваецца. І ў вас так было?

— А вось і не! Яшчэ зусім маленькай я любіла спяваць. Нават калі мы ехалі куды-небудзь, спявала ў аўтобусе і збірала ў капялюш цукеркі. Дзве гадзіны едзем — усе дзве гадзіны спяваю. Вельмі многа мне далі не толькі навучальныя ўстановы, але і ансамбль “Дударыкі”. З яго стваральнікам і нязменным кіраўніком Дзмітрыем Равенскім у мяне дый ва ўсіх нас склаліся цудоўныя творча-сяброўскія адносіны. Думаю, што яго захапленне стварэннем музея старажытных беларускіх інструментаў і трапяткая любоў да нашай спадчыны перадаліся і мне. Менавіта ў ансамблі я засвоіла ігру на калёснай ліры, жалейцы, акарыне, дудцы, дудзе, дыятанічных цымбалах, якія вельмі адрозніваюцца ад сучасных, што выкарыстоўваюцца ў прафесійнай канцэртнай практыцы. Пазней і сама ездзіла ў экспедыцыі па ўсёй Беларусі, шукала носьбітаў нашай культурнай спадчыны, самабытныя інструменты, занатоўвала напевы ды найгрышы: менавіта гэтым прасякнута ўся мая творчасць. Увогуле, музыку, песні я чула з дзяцінства. Маці была ўдзельніцай аматарскага ансамбля “Дзвінскія зоры”, брала мяне ледзь не на ўсе выступленні, вадзіла на харавыя канцэрты. Песні даўніны, легенды і паданні продкаў мне перадалі бабуля па матчынай лініі Лідзія Майсееўна са Старых дарог (яна, дарэчы, атрымала дзве вышэйшыя адукацыі — тэхнічную і эканамічную) і асабліва прабабуля Васіліса Раманаўна з роду Карпавых. У доме часта збіраліся іншыя жанчыны, заўсёды спявалі.

— Сваякі з боку бацькі таксама музіцыравалі? Можа, і цымбалісты сярод іх сустракаліся?

— Не, тут былі дынастыі вайскоўцаў і спартсменаў. Тата — кадравы афіцэр паветрана-дэсантных войскаў, сярэбраны чэмпіён СССР па лёгкай атлетыцы, інструктар па парашутным і падводным спорце. Працаваў у Дзяржкамітэце пры Савеце міністраў і цэнтральным апараце Міністэрства абароны. Дзядулю Анатолю Пятровічу Лунёву ўжо 84, але ён поўны сіл і энергіі, водзіць аўто і захапляецца рыбалкай — дарэчы, мне таксама прывіў гэта захапленне. А ў свой час ён працаваў дырэктарам школы алімпійскага рэзерву па футболе.

Абодва мае прадзеды ваявалі, з баямі прайшлі ўсю Другую сусветную, узнагароджаны многімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. А Георгій Мікалаевіч Равіч нават быў ад’ютантам маршала Канстанціна Ракасоўскага, а пасля вайны — дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

— З такімі продкамі — і ў замежжа? Раней бы сказалі —“непатрыятычна”. Як вы ўвогуле апынуліся ў Францыі?

— Я шмат падарожнічала, гастраляваць у складзе “Дударыкаў” пачала з другой паловы 1990-х. Мы ўдзельнічалі ў шматлікіх нацыянальных і міжнародных фестывалях, пабывалі ў Германіі, Італіі, Латвіі, іншых краінах — у тым ліку, у Францыі. Потым я ездзіла туды да сваёй сястры і ў пэўны момант вырашыла застацца.

— Што вас там здзівіла больш за ўсё? Нейкія першыя самыя яркія ўражанні.

— Адзначу тры, на мой погляд, вельмі важныя ўласныя “адкрыцці”, якія я зрабіла. Першае — гэта тое, што французы не гавораць па-англійску. Нават ведаючы гэту мову, прынцыпова не хочуць на ёй размаўляць — толькі па-французску. Справа не ў тым, што мне адразу давялося вучыць французскую мову. Я зразумела, што гэтым яны абараняюць яе як сваю нацыянальную каштоўнасць, зберагаюць, падтрымліваюць, развіваюць. Нарэшце, гэта яшчэ і заклік паважліва ставіцца да французскай нацыянальнай спадчыны. Ці ж гэта не правільна? Асабліва пры тым, што там жыве каля 20 — 30-ці нацыянальнасцей, усе яны маюць свае дыяспары, працягваюць уласныя нацыянальныя традыцыі. Другое, на што я адразу звярнула ўвагу, — пенсіянеры там вельмі актыўныя. Яны ўваходзяць у разнастайныя асацыяцыі, засвойваюць новыя справы. Ад колькасці тых магчымасцей, што перад імі адкрываюцца (і многія з якіх бясплатныя), у мяне папросту здарыўся культурны шок. Кожны можа знайсці сябе — і гэта самае галоўнае.

— Часта здараецца, што нашы ў замежжы вымушаны забыцца на сваю прафесію і займацца непрывабнай працай. Вы ж працягваеце ў Францыі, акрамя ўсяго, граць на цымбалах. Як увогуле гэты інструмент з’явіўся ў вашым жыцці?

— Я сама яго абрала, хаця мне прапаноўвалі фартэпіяна.

— Чаму?

— Убачыла, што струн вельмі многа, спадабаліся вібрацыя, сам тэмбр. А калі гэта было цікава мне, дык чаму не можа зацікавіць французаў? Можа! Там увогуле папулярна, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі, культурная спадчына розных краін. Але ж якая розніца ў адукацыі! Спецыяльны інструмент — усяго раз на тыдзень па 30 хвілін.

— У нас — у чатыры разы больш. Відаць, там больш акцэнтуюцца самастойныя заняткі?

— І публіка больш цэніць музыкантаў, у стане вызначыць высокае майстэрства, адрозніць яго ад падробкі. Францыя — краіна фестываляў, там прынята рэгулярна наведваць спектаклі, канцэрты, выставы, цікавіцца рознымі нацыянальнымі культурамі, граць на розных інструментах. Я шмат папулярызую беларускія песні і танцы, праз маю дзейнасць цяпер многія з французаў ведаюць, што такое беларускія народныя інструменты і наколькі яны цудоўныя, самабытныя.

— Вы яшчэ і самі складаеце песні, выступаеце з імі пад псеўданімам Lounata з аднайменным гуртом.

— Сачыняць музыку я пачала з сямі — васьмі гадоў. Займалася ў беларускага кампазітара Алы Барзовай, якая пазней з’ехала ў Амерыку. Зараз працую над другім магнітаальбомам, а першы, Amour Lointaine, выйшаў у 2018-м, я рабіла яго амаль тры гады. Запрасіла да супрацоўніцтва многіх музыкантаў з сусветнымі імёнамі. Атрымалася гэткае скрыжаванне стыляў і культур з інтанацыямі беларускіх народных песень. На такім жа сумежжы заснаваны і мае спектаклі. Да прыкладу, “Калыханка”. Там сабраны аўтэнтычныя калыханкі з розных рэгіёнаў, гучаць розныя інструменты. І ўсё нанізваецца на нейкае скразное сцэнічнае дзеянне: маці спавівае дзіця, прыходзіць бабуля, дзіця прачынаецца і гэтак далей.

— Вы атрымалі статус прафесійнага дзеяча культуры. Акрамя павышэння самаацэнкі, гэта штосьці вам дае?

— Канешне. Калі ў вас творчы крызіс ці проста некалькі месяцаў няма канцэртаў, вам выплочваюць грошы. Але статус трэба ўвесь час пацвярджаць — праводзіць не менш як 46 мерапрыемстваў за год.

— Пры такім напружаным графіку ці застаецца час на сям’ю?

— Мой муж — з Лацінскай Амерыкі. Сыну сем гадоў. Ён добра валодае бітбоксам, спрабуе ўсё. Я імкнуся перадаць яму не проста адасобленую нацыянальную спадчыну, а ўсё спалучэнне эпох і культур, якое абуджае эмоцыі і радавую памяць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"