Дызайнер працуе заўжды

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Наш суразмоўца — загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Якаў Ленсу. Ён — доктар мастацтвазнаўства (дарэчы, першы ў Беларусі носьбіт такога звання ў галіне дызайну і тэхнічнай эстэтыкі). Адмысловец адзначае, што гэтым годам ён, на жаль, не бачыў прыёмных іспытаў, не быў у складзе экзаменатараў. Але запэўніў, што сістэма ў акадэміі мастацтваў напрацавана добрая, і яна няблага функцыянуе. Бо дазваляе далучаць да студэнцтва менавіта тых, хто патрэбны акадэміі, з каго можна вырасціць прафесіянала.

— Студэнцкі кантынгент на працягу шэрагу гадоў больш-менш застаецца нязменным, — апавядае адмысловец. — Хаця сюрпрызы (звычайна, прыемныя) ў выглядзе канкрэтных асоб здараюцца. Скажам, калі ў часе навучання ў студэнта раскрываюцца таленты, якія падчас прыёмных іспытаў не былі заўважаныя.

На факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва я ўзначальваю кафедру тэорыі і гісторыі дызайну. Мы рыхтуем студэнтаў па спецыяльнасці “Дызайн віртуальнага асяроддзя”.

На прыкладзе нашай кафедры добра відаць пэўныя тэндэнцыі дызайн-адукацыі. Вось у гэтым годзе на наша аддзяленне паступалі і паступілі адны дзяўчынкі. Пры тым, што традыцыйна лічыцца, што дызайн — прафесія не надта жаночая. Жанчыны цудоўна робяць справы, дзе дамінуе эмацыйны чыннік, а вось дызайн патрабуе аналітычнага розуму, канцэптуальнага мыслення і творчай дысцыпліны — якасцяў больш уласцівых мужчынам. У гады, калі я вучыўся, дзяўчынкі, якія бачылі сябе мастакамі, часцей выбіралі дэкаратыўна-прыкладныя спецыялізацыі. А найбольш папулярнымі сярод іх былі прафесія мастака па тканінах і мадэляванне адзення. Сёння сітуацыя іншая. Прынамсі, у нашай акадэміі жаночы пол дамінуе не толькі ў тых спецыялізацыях, што я згадаў, але ўвогуле сярод студэнцтва.

На факультэце дызайну на ўсе аддзяленні, нават на спецыяльнасць “Машынабудаванне”, таксама дзяўчынкі ідуць даволі актыўна. А на такіх спецыяльнасцях як “Графічны дызайн”, “Дызайн віртуальнага асяроддзя” заўжды колькасна дамінавалі дзяўчынкі. Былі і хлопцы. Два — тры ў групе з дзесяці чалавек. А зараз на першым курсе адны дзяўчынкі. Праўда, чакаем яшчэ чатырох кітайцаў, пакуль я не ведаю, якой яны гендарнай прыналежнасці.

Мы рыхтуем спецыялістаў для тэлебачання, для працы ў інтэрнэт-прасторы. У гэтых сферах акрамя чыста эстэтычных момантаў выразна прысутнічае лагічны чыннік. І з майго досведу магу сведчыць, што прынамсі апошнім часам, тут жанчыны мужчынам не саступаюць. Мне цяжка меркаваць адносна сусветных тэндэнцый, але ў нашай спецыяльнасці сітуацыя менавіта такая.

Заняткі ў акадэміі пачнуцца першага кастрычніка. Так было заўжды, колькі памятаю. Гэты расклад атрымаўся таму, што ў савецкі час у верасні студэнтаў адпраўлялі на сельскагаспадарчыя работы, “на бульбу”, як тады казалі. Калгасы — вельмі неэфектыўная форма гаспадарання, яны не маглі існаваць без рабочых рук гараджан. Калі я вучыўся, першыя два курсы ў верасні ездзілі на сельгасработы, а старэйшыя не ездзілі, але ўсё адно пачыналі навучальны год у кастрычніку. Цяпер патрэбы ў студэнтах на палетках нібыта няма, але традыцыя пачынаць вучобу ў кастрычніку засталася. Пад яе прыстасаваны ўвесь навучальны працэс. Зрэшты, традыцыю шануюць проста таму, што яна традыцыя.

Хачу адзначыць, што ўсе сёлетнія нашы выпускнікі ўладкаваліся на працу. Некаторыя працуюць у Парку высокіх тэхналогій, хтосьці — на тэлебачанні, хтосьці — у ІТ-кампаніях. Так што працуем мы не дарма, плён нашых намаганняў навідавоку. Дадам яшчэ, што і матэрыяльная база факультэта паляпшаецца. Вось напачатку навучальнага года павялічыўся парк камп’ютараў. І яшчэ заўважу, што некаторыя чыста дызайнерскія дысцыпліны і тэхналогіі ўжо выкладаюцца і на мастацкім факультэце. Мастакі вывучаюць і камп’ютарныя праграмы — графічныя, аб’ёмныя. Прычым вядуць гэтыя дысцыпліны ў іх выкладчыкі нашай кафедры. Асабіста я, акрамя выкладчыцкай працы, засяроджаны на навукова-даследчай. У бліжэйшы час мусіць выйсці з друку адна мая манаграфія, а яшчэ тры да друку я рыхтую. Так што хоць верасень і лічыцца ў мяне адпачынкам, я ўсё адно працую. Дызайнер увогуле заўжды працуе.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"