“Усіх папярэдніх выпускнікоў мы размеркавалі”

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

На пасадзе дэкана тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір МІШЧАНЧУК працуе ўжо 30 гадоў. Сам знакаміты акцёр, заслужаны артыст Беларусі, ён з калегамі-выкладчыкамі год за годам і выпускае, і набірае тых, хто з цягам часу будзе вызначаць твар нашага тэатра — акцёраў, рэжысёраў, тэатразнаўцаў. І сёлета Акадэмія мастацтваў папоўнілася новымі студэнтамі, якія жадаюць прысвяціць сваё жыццё тэатру. Для завочнікаў навучальны год у гэтай ВНУ пачнецца 1 верасня, а вось студэнты стацыянара прыступяць да заняткаў 1 кастрычніка. З Уладзімірам Андрэевічам Мішчанчуком мы пагаворым пра надзённыя справы тэатральнага факультэта.

/i/content/pi/cult/813/17422/5.jpg— Якімі асаблівасцямі вызначылася сёлетняя ўступная кампанія на тэатральным факультэце?

— На пачатку хачу звярнуць увагу на тое, што ўступная кампанія праходзіла на фоне пандэміі каранавіруса. А з пэўнага часу высілкі нашай Акадэміі мастацтваў былі скіраваныя на тое, каб перавага аддавалася дыстанцыйным узаемаадносінам. Але ж тэатр — мастацтва жывое, і далёка не ўсё можна зрабіць дыстанцыйна, уступныя экзамены на акцёрскую прафесію таксама. Каб ацаніць, на што абітурыент здатны, нам трэба яго бачыць. Нягледзячы на абставіны, прыёмная камісія, якую на нашым факультэце ўзначальваў я, са сваёй задачай справілася. І нават назіральнікі за ходам уступных экзаменаў — на ўсіх чатырох факультэтах Акадэміі мастацтваў — былі надзвычай задаволеныя тым, на якім высокім прафесійным узроўні ў нас усё гэта адбывалася. Ды й увогуле я магу сказаць, што наша Акадэмія адна з лепшых… у свеце! (смех) Няхай так будзе.

— Вы сёлета не проста як дэкан, але і як майстар набіралі сабе курс акцёраў мастацтва тэатра і кіно. Чым адметны гэты новы набор студэнтаў?

— Было многа выпускнікоў школ і сярэдніх спецыяльных устаноў, многа менавіта юных абітурыентаў. І тым, хто паступіў, практычна ўсім па 17 гадоў, камусьці 18. Канкурэнцыя была вялікая, на адно месца прэтэндавалі восем чалавек — гэта вельмі значная лічба ў параўнанні з іншымі ВНУ. Узялі мы 15 чалавек, прычым яны прадстаўляюць усю Беларусь. Вось я гляджу на спіс новага курса — першыя нумары ў ім у тых студэнтаў, што набралі найвышэйшую колькасць балаў: Эдуард Купрэйчык — Жодзіна, Яраслаў Радзівіла — Мінск, Ксенія Туркова — Віцебск, Назар Таманскі — Барысаў. У Назара, дарэчы, вельмі цікавая індывідуальнасць, ён сам сябе называе “чыстым лістом”, бо нідзе да таго не займаўся, для яго галоўным рэжысёрам была мама. Далей — Заслаўе, Магілёў, Слуцк, Гомель…

Па-за конкурсам ішлі два абітурыенты з Кітайскай Народнай Рэспублікі, тым не менш я асабіста іх адглядзеў, да іх прад’яўляліся тыя ж патрабаванні, што і да беларусаў. Натуральна, што яны не дасканала валодаюць рускай мовай, але ж у нашай установе гэта не першы выпадак працы з замежнікамі. У нас і раней вучыліся студэнты нават з розных кантынентаў, напрыклад з Афрыкі. Нароўні з усімі кітайскія студэнты атрымалі заданні, якія яны павінны будуць выканаць да пачатку вучэбнага года. Я ўпэўнены, што мы справімся.

— Мне даводзілася чуць меркаванні нашых заслужаных артыстаў, якія і выкладаюць у Акадэміі, што прэстыж акцёра для абітурыентаў падае, і што ўсё менш маладых людзей — бачачы, якія акцёрскія заробкі ў тэатрах — абіраюць для сябе гэтую прафесію.

— Мушу сказаць, што ў такім меркаванні ёсць свая праўда. Тое, што прэстыж прафесіі зніжаецца, мы адчуваем. Бо я ўспамінаю тыя гады, калі сам вучыўся, успамінаю наш тэатральна-мастацкі інстытут, цяпер Акадэмію — было намнога цікавей, ды й нашмат больш абітурыентаў, якія проста гарэлі тым, каб аддаць свой талент і ўсё сваё жыццё менавіта акцёрскай прафесіі. Зараз многае, сапраўды, змянілася. Тым не менш — наша краіна багатая на таленты. Можна паглядзець хоць бы па тых людзях, што сёлета прыязджалі да нас на папярэднія кансультацыі — і з гарадоў, і з вёсак, прычым, яшчэ раз падкрэслю, у складаны час пандэміі. У выніку і склалася такая вялікая лічба — конкурс у восем чалавек на месца. Так што попыт на гэтую прафесію яшчэ застаўся, хоць ужо і не такі вялікі, як раней.

Дарэчы, хачу сказаць, на зніжэнне прэстыжу акцёра зараз уплываюць не толькі нейкія жыццёвыя, эканамічныя прычыны, а і тое, як працуе тэлебачанне і іншыя СМІ. Пра акцёраў пішуць увесь час нешта такое “жоўтае”, пішуць пра розныя скандалы, высвятляюць, хто з кім і калі. А маладыя людзі ж усё гэта бачаць, бачаць іх бацькі, якія кажуць сваім дзецям: “Куды ты збіраешся, у якую багну?”

Мы ў Акадэміі працуем у кірунку прапаганды акцёрскай прафесіі. Я сам многа езджу па краіне, бываю на розных імпрэзах, фестывалях. У Віцебску, напрыклад, праходзіць школьны фестываль тэатра, і я там часты госць і член журы, адбываюцца розныя творчыя конкурсы і самадзейныя фестывалі па абласцях. І паўсюль — моладзь, якой я заўсёды расказваю пра нашу ВНУ, пра прафесіі акцёра, рэжысёра, і што трэба для таго, каб да нас паступіць. Тое, што ў нас заўсёды вялікі конкурс, сярод іншага і заслуга такога пошуку па ўсёй краіне. А гэта ж не толькі я — усе нашы выкладчыкі працуюць падобным чынам.

/i/content/pi/cult/813/17422/6.jpg— Наколькі вы задаволены вашым новым акцёрскім наборам, які цяпер будзеце вучыць чатыры гады?

— Вось зараз яшчэ той момант, калі не “адпускае” курс, які ты толькі што выпусціў. Нам з Людмілай Пятроўнай Кучарэнка, з якой мы вядзём заняткі па акцёрскім майстэрстве, бывае вельмі цяжка адарваць ад сэрца тых, каму мы аддалі столькі сіл, столькі душы. Бо студэнты становяцца нам ужо роднымі, псіхалагічна вельмі складана ўзяць і пераключыцца. А ў новы набор кожны педагог укладвае надзею, што той будзе яшчэ лепшы за папярэднія. І я вельмі задаволены тым, якія хлопцы і дзяўчаты зараз будуць вучыцца ў нас на першым курсе. Я ўжо згадваў, што ўсім па 17 гадоў, і наша задача выхаваць з іх у першую чаргу асобу. Як казаў Альберт Эйнштэйн: “Мэтай школы заўсёды павінна быць выхаванне гарманічнай асобы, а не спецыяліста”.

— Тэатральны факультэт сёлета праводзіў наборы і на іншыя спецыяльнасці…

— Так, курс рэжысёраў тэатра набраў загадчык кафедры рэжысуры Віталь Катавіцкі. Таксама быў даволі сур’ёзны конкурс, і ў выніку пачнуць навучанне восем чалавек. Рэжысёр тэатра — прафесія складаная, і, як кажуць, штучная. У яе звычайна ідуць людзі ўжо з нейкім жыццёвым досведам, многія і з адукацыяй, людзі мэтанакіраваныя, якія зрабілі цалкам усвядомлены выбар. Але сярод абітурыентаў таксама было нямала тых, хто толькі скончыў школу.

І сёлета пасля перапынку ў тры гады мы ізноў набралі курс тэатразнаўцаў — шэсць чалавек, набірала дацэнт кафедры Ксенія Князева. Я рады, што такім чынам мы працягваем традыцыю, якую заклалі ў свой час Уладзімір Іванавіч Няфёд, Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі — знакамітыя нашы тэатразнаўцы. Мы лічым, што гэта вельмі важная справа — выпускаць у свет людзей, якія і ведаюць тэатр, і аддана яго любяць.

— Мы казалі, што акцёр зараз не самая запатрабаваная прафесія, а рэжысёру знайсці прымяненне сваім сілам яшчэ больш складана. Мне здаецца, што рынак, як зараз модна казаць, тэатразнаўцаў увогуле не патрабуе.

— Ёсць такі момант, сапраўды. І нам звычайна бывае няпроста іх размяркоўваць пасля заканчэння навучання: тэатраў у нас не так шмат, каб усім пайсці туды загадваць літаратурнай часткай. Але ж у нашай Акадэміі тэатразнаўцы атрымліваюць яшчэ і настаўніцкую прафесію, яны могуць выкладаць — у тэатральных школах, у навучальных установах. Бо мы даем ім вельмі добрыя веды і яны становяцца высокакласнымі спецыялістамі.

Асобна, дарэчы, можна згадаць нашых завочнікаў. Менавіта яны пачнуць навучанне з 1 верасня — тыя курсы, што былі набраныя раней. А сёлета набору не было. Але зараз мы маем заяўкі ад Магілёўскага драматычнага тэатра і ад віцебскага тэатра імя Якуба Коласа. Яны просяць, каб мы менавіта на завочнае навучанне зрабілі набор з тых людзей, якія ў тэатрах ужо працуюць — напрыклад, пасля сярэдніх спецыяльных устаноў. Так што на будучы год мы маем такія планы.

— Ваш акцёрскі курс, што вы ўжо выпусцілі, — які лёс у тэатры, думаеце, у гэтых выпускнікоў?

— Сёлета мы выпусцілі 14 акцёраў, і хачу заўважыць — усіх мы здолелі размеркаваць. Таксама дасягненнем я лічу, што мы з імі стварылі і паказалі на публіку ажно тры дыпломныя спектаклі, і ўсе студэнты выдатна там сябе праявілі — а ў абставінах, якія складваліся ў другой палове навучальнага года, гэта было вельмі няпроста. Па нашым плане мы павінны паказаць класіку — і мы зрабілі камедыю Мікалая Гогаля “Ігракі”, зрабілі яшчэ да пандэміі, пастаноўка сталася значнай з’явай. Яе мы вазілі ў Маскву і паказвалі ў вучэбным тэатры ГИТИСа — там атрымалі найвышэйшую адзнаку на тэатральным фестывалі, дзе былі студэнцкія пастаноўкі з розных краін постсавецкай прасторы. Другі дыпломны спектакль мы зрабілі эксперыментальным — па п’есе амерыканскага драматурга Дона Нігра “Звярыныя гісторыі”, атрымалася, я лічу, на вельмі высокім узроўні. З гэтым спектаклем нас запрасілі ў Кішынёў — у мяне дагэтуль ляжаць ужо набытыя авіябілеты, але каранавірус адклаў паездку на нявызначаны тэрмін. І самае галоўнае — да 75-годдзя Перамогі мы здзейснілі пастаноўку па п’есе Барыса Васільева “Ціха тут на досвітках”. Аляксей Дудараў зрабіў пераклад п’есы на беларускую мову — а ў нас абавязкова як мінімум адзін з дыпломных спектакляў павінен ісці па-беларуску. І вось менавіта яго мы паказвалі на дзяржаўным выпускным экзамене. Старшынёй камісіі была народная артыстка Беларусі Таццяна Рыгораўна Мархель, і яна захоплена выказвала свае ўражанні. І ўсе тры пастаноўкі мы ігралі на гледача — хоць і ў вучэбнай аўдыторыі, дзе не самыя зручныя ўмовы, але публіка ўспрымала вельмі цёпла.

— А на якім этапе зараз справа з рамонтам вучэбнага тэатра, калі нарэшце студэнты змогуць ім карыстацца? Пра гэтую праблему і наша газета неаднойчы пісала.

— З нашым вучэбным тэатрам імя Еўсцігнея Міровіча ўсё нарэшце прыйшло да ладу, завяршаецца мантаж асвятляльнай, гукавой апаратуры. І дыпломы свайму выпускному курсу я ўручаў ужо на гэтай сцэне. Хутка і рэпетыцыі будзем там праводзіць. А ўрачыстае адкрыццё адноўленай, адрамантаванай вучэбнай сцэны, мяркую, зробім у лістападзе, калі наша Акадэмія мастацтваў будзе святкаваць сваё 75-годдзе. Так, у нас наперадзе вялікае свята.