Жанчыны ўратуюць свет

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Кожны дзень пад вокнамі майго рабочага кабінета сігналяць машыны. Яны вітаюць людзей, — што выстройваецца штодня каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Пераважная большасць з іх — жанчыны. Менавіта яны сёння з’яўляюцца выразным сімвалам драматычных падзей, пра якія гавораць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Жанчыны выходзяць на вуліцы і плошчы сваіх гарадоў, стаяць каля дарог, махаюць кветкамі мінакам і аўтамабілістам. Яны мякка, але непахісна выступаюць супраць гвалту, прапануюць распачаць у грамадстве дыялог, адмовіцца ад брутальных падыходаў пры вырашэнні пытанняў, звярнуцца да межаў, пераходзіць якія ні ў якім разе было немагчыма.

Жанчыны, як вядома, складаюць большасць у агульным шэрагу супрацоўнікаў сферы культуры. Чаму так атрымалася — гаворка для іншага артыкула. Але відавочна гэтая большасць сёння выступае за права быць пачутым, а таксама патрабуе вызвалення ўсіх затрыманых ды прававой ацэнкі бязмежнага ўжывання сілы.

“Я не падзяляю вашых меркаванняў, але гатовы памерці за ваша права іх выказваць”. Гэтае выслоўе яшчэ адной жанчыны, англійскай пісьменніцы Эвелін Хол, якое памылкова прыпісваецца Вальтэру, было напісана ў далёкім 1906 годзе. Але яго цалкам можна перанесці і на сённяшнія падзеі ў Беларусі. Словы “дыялог”, “свабода меркаванняў і думак”, “талерантнасць”, “спагада”, “мір” — усе яны не пустыя словы, ад якіх можна адмахнуцца. І менавіта беларускія жанчыны, у тым ліку — работнікі сферы культуры, гавораць гэтыя словы сёння так пранікнёна і настойліва.

Што ж, гэта толькі яшчэ раз кажа пра тое, што беларускія жанчыны — самыя лепшыя ў свеце. Кажу гэта з разуменнем таго, што, магчыма, мае словы пададуцца камусьці пафаснымі. Але, працуючы ўжо не першы год у “Культуры”, я, падчас сваіх камандзіровачных выездаў, амаль заўсёды што ў райвыканкамах, што ў Дамах культуры, што ў бібліятэках ці ДШМ гутарыў зазвычай з імі, беларускімі жанчынамі. З тымі, якія і ўчора, і сёння, і заўтра вялі і будуць весці за сабой дзяўчынак і хлопцаў, навучаючы іх ці то гранню на музычных інструментах, ці то спевам, ці то любові да чытання. Навучаючы іх любові, якая, як вядома, ратуе свет, і кажучы пра тое, што гвалт ніколі не змогуць заглушыць голасу дабрыні, міласэрнасці і спагады.

Таму і сённяшнія падзеі, у якіх так выразна бачна жаночае аблічча, цалкам невыпадковыя. Яны натуральныя, як для ўсіх беларускіх жанчын, так і для ўсіх нас, для мужчын. Бо сімвалізм мудрай жаночай пазіцыі ў гэты няпросты час вызначае ключавыя сэнсы, якія ўвасабляюць не вуліцу, а краіну — Беларусь.

Так, гэтага можа і не быць. Але ж тады наўрад ці атрымаецца сапраўднае развіццё ва ўсіх сферах, а інвестыцыі, творчасць і поспех застануцца толькі прыгожымі словамі. “Людзьмі звацца” — гэта не проста радкі з верша класіка беларускай літаратуры, а тоесныя ментальныя рэчы, неабыякавыя для беларускага народа, які жадае, каб яго не толькі пачулі сёння, але чулі заўсёды.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"