Няспыннасць жыцця

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Днямі, “гартаючы” інтэрнэт, патрапіў на такое відэа. Мастак, даволі вядомы, з ліку тых, каму, на маю думку, можна даваць Дзяржаўную, Нацыянальную ці якую іншую прэстыжную прэмію і нават не за канкрэтны твор, а за комплекс творчых дасягненняў і відавочны ўнёсак у развіццё беларускага мастацтва, выступае на адным з мітынгаў. Трымаючы ў правай руцэ мікрафон, а левую пафасна ўзняўшы над галавой, мастак фактычна дзякуе тым, хто нядаўна зрабіў краіне вельмі балюча. І наэлектрызаваны натоўп у адказ загіпнатызавана скандуе “Спа-си-бо! Спа-си-бо! Спа-си-бо!”

Творчыя асобы — людзі эмацыйныя (без гэтага творчасць проста немагчымая), ды яшчэ большую частку жыцця праводзяць у майстэрні сам насам з палатном ці аркушам паперы. Бывае, што трапіўшы ў нязвыклую сітуацыю (а мітынговая стыхія менавіта з гэтага шэрагу) могуць сказаць ці ўчыніць што-небудзь такое, за што потым будзе сорамна. Ва ўсялякім выпадку, цяжка зразумець творцу, які ўхваляе, прычым публічна, неабгрунтавана-брутальнае вырашэнне праблем. Бо мастак, незалежна ад сваіх палітычных сімпатый, павінен быць на баку святла.

Паколькі да гэтага моманту мае стасункі са згаданай асобай былі амаль сяброўскія, я даслаў ёй sms-ку, у якой параіў, беручы да ўвагі драматычную сітуацыю, думаць, перш чым гаварыць. Адказ быў: “Я с народом. А ты — дурак! И подумай, что вы все творите!” “Мы все”, трэба думаць, гэта тыя, хто “не с народом”.

Я не юрыст, каб даваць прававую ацэнку таму, што рабілася на вуліцах, у пастарунках і вязніцах пасля закрыцця выбарчых участкаў. Гэтым ужо займаюцца на прафесійным узроўні зусім іншыя людзі, што працуюць са сведчаннямі пацярпелых. Я ўвогуле пра іншае. Паспрабую паглядзець на падзеі, што зараз хвалююць усіх, у нейкім сэнсе, з культуралагічнага гледзішча.

Здаецца, сёння, калі мінула амаль тры дзесяцігоддзі з моманту ўсталявання ў краіне суверэнных атрыбутаў, у Беларусі існуюць дзве розных плыні, якія, на жаль, нярэдка суадносяцца як параллельныя светы. Адна — выхавана на экстрыме: палітычным, сацыяльным, эканамічным, які прадугледжвае надзвычайныя паўнамоцтвы і звыклае выкарыстанне хірургічнага нажа нават у тых выпадках, калі можна абысціся ашчаджаючай тэрапіяй. Людзі, якія звышкансерватыўна (а можа, і сюркансерватыўна) трымаюцца гэтых поглядаў, нават чамусьці не могуць уявіць, што стаўленне дзяржавы да грамады можа быць нейкім іншым, акрамя як патэрналісцкім. Нагадаю, патэрналізм — гэта сістэма стасункаў, пры якіх улады забяспечваюць тыя ці іншыя патрэбы грамадзян, а грамадзяне ў абмен на гэта дазваляюць уладам дыктаваць мадэлі сваіх паводзін, як публічных, так і прыватных. Больш за тое, нават гіпатэтычнае пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў унутры дзяржавы, перадача часткі кіраўнічых функцый грамадскай супольнасці выклікае ў такіх людзей цэлую гаму эмоцый — ад занепакоенасці да непрыхаванага жаху. Яны баяцца свабоды, якая, перш за ўсё, стасуецца з ананімнай адказнасцю перад сабой, а значыць, і перад грамадствам. Яны палохаюцца свабоды больш, чым найрадыкальнейшай формы праўлення (вядомай па некаторых краінах Лацінскай Амерыкі). Людзі гэтай плыні трымаюцца за мінулае, як за цягнік, які даўно пачаў набіраць хуткасць, і недзе ў падсвядомасці яны, канешне, гэта самі разумеюць.

На мой погляд, напачатку 90-х такія людзі складалі крытычную масу ў краіне. Але ж сёння, як бачна, асноўную масу беларускай грамады пачалі фарміраваць іншыя людзі і нават іншыя пакаленні, якія выгадоўваліся і набіралі моц у суверэннай дзяржаве. Тобок ужо пасля таго, як 25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі набыла статус канстытуцыйнага закону. Жыццё ёсць жыццё, яно няспынна рухаецца наперад, і яго не спыніць і не стрымаць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"