Убачыць імкненні праз літару

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе мастацкая выстава “Мая літара”, прымеркаваная да Дня ведаў. Яна аб’ядноўвае работы мастакоў сталічных арт-студый “Зебра” і “Зебрык” рознага ўзросту.

/i/content/pi/cult/813/17419/60+_opt.jpegПобач з працамі сёлетніх навучэнцаў — работы тых, хто скончыў арт-студыю 5 — 7 гадоў таму, атрымаў мастацкую адукацыю і набыў творчыя прафесіі. У экспазіцыі — вольны набор выяў літар кірылічнага і лацінскага алфавітаў. Выстава спалучае ўласна мастацкія работы і фотаздымкі, на якіх акрамя самога твора-малюнка можна ўбачыць яшчэ і яе аўтара. Творы дэманструюць вольныя асацыяцыі з той ці іншай літарай. Кожны аўтар — са сваімі спадзяваннямі, густамі і марамі, кожны — са сваёй літарай. Аб’ядноўвае работы агульная ідэя — праз літару паказаць уласныя імкненні, зацікаўленасць, свет і светапогляд.

Наведаць выставу можна ў галерэі “Мабільная” да 1 лістапада.