У чаканні першага верасня, або Чым сёння жывуць ВНУ сферы культуры?

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Першага верасня — не за гарамі. А гэта значыць, што шматлікія навучальныя ўстановы культуры хутка расчыняць свае дзверы для тых, хто прыходзіць сюды ў пошуку новых ведаў. Бо, як казаў Якуб Колас, цытуючы Арыстоцеля, “корань навукі хоць і горкі, але плады яго салодкія”. Натуральна, падрыхтоўчыя мерапрыемствы да новага навучальнага года цяпер заканчваюцца і ва ўстановах вышэйшай адукацыі сферы культуры — Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ды ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Што новага пабачаць студэнты ў сценах сваіх alma mater, якія спецыяльнасці былі найбольш запатрабаваны падчас сёлетніх прыёмных экзаменаў, якія чакаюцца змены ў навучанні ў сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам — пра ўсё гэта ды пра шмат якія іншыя пытанні і праблемы паспрабавалі даведацца журналісты “К”.

/i/content/pi/cult/813/17417/1.jpgБДУКіМ чакае гасцей

Адна з вядучых вышэйшых навучальных устаноў сферы культуры — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — на сёння цалкам гатовы да пачатку новага навучальнага года.

— Чакаем 1 верасня сваіх студэнтаў ва аўдыторыях, бо падрыхтоўка да новага навучальнага года ў нас ужо завяршылася, — адзначыў “К” прарэктар БДУКіМ па навуковай рабоце, кандыдат філасофскіх навук, прафесар Віктар Языковіч. — Да таго ж, гэты год у нас своеасаблівы — мы будзем святкаваць 45-годдзе з часу заснавання нашай ВНУ.

Напрыклад, сярод шэрага святочных мерапрыемстваў, якія запланаваны ў БДУКіМ з нагоды знамянальнай даты — правядзенне Міжнароднай навуковай канферэнцыі ў кастрычніку бягучага года. Прадстаўнічы навуковы форум пад назвай “Культура Беларусі: рэаліі і сучаснасць”, як чакаецца, збярэ сотні навукоўцаў як з нашай краіны, так і з дзяржаў блізкага і далёкага замежжа.

/i/content/pi/cult/813/17417/2.jpg— Праўда, пакуль што невядома, у якім фармаце пройдзе канферэнцыя: у звычайным ці дыстанцыйным, — кажа Віктар Языковіч. — Будзем глядзець на развіццё сітуацыі з каранавірусам, з эпідэміялагічнай сітуацыяй у Беларусі.

Дадам, што на сёння ўжо здадзены ў друк нумар “Весніка БДУКіМ”, дзе надрукаваны віншаванні з нагоды 45-годдзя ўніверсітэта прадстаўнікоў навуковай супольнасці Беларусі, кіраўнікоў універсітэтаў шэрагу краін замежжа. Натуральна, пройдуць і іншыя маштабныя мерапрыемствы і акцыі, якія засведчаць і пацвердзяць важнасць ВНУ сферы культуры не толькі для нашай краіны, але і далёка за яе межамі.

Сучасны Цэнтр і старадрукі

/i/content/pi/cult/813/17417/3.jpgДа слова, адна з галоўных падзей новага навучальнага года — адкрыццё спартыўна-культурнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Балазе, эпапея з узвядзеннем гэтага будынка была доўгая і працяглая ў часе.

— На працягу ўсяго часу працы ўніверсітэт адчуваў патрэбу ва ўласных спартыўнай і культурна-відовішчнай пляцоўках, — зазначыў “К” начальнік спартыўна-культурнага цэнтра БДУКіМ Дзмітрый Купрыянюк. — Так, для правядзення заняткаў па фізічнай культуры і эстрадным майстэрстве ўніверсітэту ўсе гэтыя гады даводзіцца штогод арандаваць памяшканні. І да сёння ва ўніверсітэце не было ні сваёй спартыўнай залы, ні канцэртнай пляцоўкі.

Будынак на вуліцы Рабкораўскай, у якім планавалася размясціць СКЦ, пачалі ўзводзіць яшчэ ў далёкім 2007 годзе і павінны былі завяршыць у 2011-м. Але, на жаль, будынак патрапіў у лік даўгабудаў з-за праблем з фінансаваннем. Працы на аб’екце аднавіліся некалькі гадоў таму.

— У гэтым годзе, як вы ведаеце, БДУКіМ спаўняецца 45 гадоў з дня заснавання, — кажа Дзмітрый Купрыянюк. — Таму ўвод у эксплуатацыю гэтага аб’екта ў юбілейны для ўніверсітэта год дасць магчымасць не толькі знізіць выдаткі на арэнду памяшканняў, але таксама і павысіць якасць спартыўнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў.

Як адзначыў суразмоўца, у спартыўна-культурным цэнтры БДУКіМ могуць стварацца часовыя творчыя і вытворчыя калектывы: цэнтр сучаснай рэжысуры, студыі, творчыя майстэрні, PR-цэнтр, сектар рэкламы і маркетынгу ды многія іншыя. Удзельнікамі гэтых калектываў стануць студэнты БДУКіМ. Усё гэта з’яўляецца рэальным прыкладам рэалізацыі ва ўніверсітэце прынцыпу практыка-арыентаванага навучання.

— У нас ужо ёсць вялікія планы на выкарыстанне гэтай пляцоўкі: ад арганізацыі на яе базе адукацыйнага працэсу (заняткаў па фізічнай культуры, практычных заняткаў творчых кафедраў факультэта музычнага мастацтва і факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва) да рэалізацыі новых творчых праектаў рознай накіраванасці, — кажа Дзмітрый Купрыянюк. — Гэта будзе самым галоўным падарункам для нас у гэтым годзе!

Акрамя таго, як зазначыў у размове з “К” прарэктар па навуковай рабоце Віктар Языковіч, менавіта ў спартыўна-культурным цэнтры плануецца размясціць музей універсітэта, дзе будуць прадстаўлены не толькі разнастайныя фота і дакументы, што сведчаць пра багатую гісторыю БДУКіМ, але і музычныя інструменты, старадаўнія кніжныя фаліянты і іншыя “цікавосткі” матэрыяльнай культуры беларусаў.

Кампанія прайшла паспяхова

Не магу таксама не расказаць крыху і пра сам БДУКіМ ды найбольш папулярныя спецыяльнасці і факультэты ўстановы адукацыі. Так, у структуру ўніверсітэта на сёння, як вядома, уваходзіць пяць факультэтаў, а падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на I ступені вышэйшай адукацыі вядзецца па 12 спецыяльнасцях, 26 напрамках спецыяльнасцей і 15 спецыялізацыях. Усяго ва ўніверсітэце навучаецца каля чатырох тысяч студэнтаў на дзённай і завочнай формах атрымання адукацыі.

/i/content/pi/cult/813/17417/4.jpg— Адзначу, што факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці — адзін з самых папулярных сярод абітурыентаў, — расказала мне начальнік вучэбна-метадычнага аддзела БДУКіМ Святлана Шпарло. — Сёння на названым факультэце навучаецца каля 900 студэнтаў, а яго выпускнікі працуюць у сферах канцэртна-гастрольнай, культурна-дасугавай, спартыўна-турыстычнай і санаторна-аздараўленчай дзейнасці, у кінапракаце, індустрыі вольнага часу, рэкламе, выяўленчым, тэатральным, музейным мастацтве, СМІ, радыё і тэлебачанні.

Карацей, гэта спецыялісты шырокага профілю, якія так неабходны сёння не толькі ў Мінску ці абласных цэнтрах нашай краіны, але і ў раёнах Беларусі. Іншае пытанне — ці даязджаюць гэтыя выпускнікі да раённых устаноў культуры? Як сведчыць мой вопыт камандзіровачных выездаў, такое здараецца не заўсёды і не ўсюды. Але, мабыць, гэта тэма для зусім іншага артыкула.

Што да сёлетняй прыёмнай кампаніі, дык, па словах Святланы Шпарло, на ўсе спецыяльнасці ўніверсітэта было прынята 692 абітурыенты, з іх на дзённую форму навучання — 457, на завочную — 235.

— Папулярнасцю ў абітурыентаў, якія паступаюць на дзённую форму атрымання адукацыі, карысталіся спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”, “Культуралогія”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Харэаграфічнае мастацтва”, — адзначыла суразмоўца. — Дадам, што спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ды “Харэаграфічнае мастацтва” былі запатрабаваныя абітурыентамі і на платнай форме атрымання адукацыі.

Нягледзячы на тое, што ў грамадстве сёння склалася ўражанне, што ў БДУКіМ паступіць даволі лёгка, лічбы сённяшняй прыёмнай кампаніі гавораць пра іншае. Так, напрыклад, за права паступіць на спецыяльнасць “Культуралогія (менеджмент рэкламы і грамадскіх сувязяў)” сёлета змагаліся чатыры чалавекі на адно месца, а на спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)” — тры чалавекі на адно месца. Высокія конкурсы былі і на іншыя спецыяльнасці. Таму, скажам, самым высокім прахадным балам на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі аказаўся прахадны бал на спецыяльнасць “Культуралогія” — ажно 316 балаў.

— Што да завочнай бюджэтнай формы атрымання адукацыі, дык тут найбольш запатрабаванай сярод абітурыентаў была спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (інструментальная музыка)”, — адзначыла Святлана Шпарло. — На паступленне сюды прэтэндавала 2,1 чалавекі на адно месца.

Дарэчы, самым высокім прахадным балам на завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі аказаўся прахадны бал на спецыяльнасці “Сацыяльна-культурная дзейнасць” і “Рэжысура свят (народныя)” — 310 і 309 балаў адпаведна. І гэта, мабыць, цалкам заканамерна, бо сёння рэжысёраў, якія могуць паспяхова ставіць народныя святы, ці спецыялістаў, што прафесійна займаюцца сацыяльна-культурнай дзейнасцю ў рэгіёнах, на жаль, не так многа, што, натуральна, і прымушае кіраўнікоў Дамоў ці Цэнтраў культуры накіроўваць сваіх спецыялістаў у Мінск для атрымання вышэйшай адукацыі.

Як адзначаецца на сайце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, за перыяд існавання ўстановы больш за 30 тысяч маладых спецыялістаў атрымалі тут дыпломы спецыяліста. Магу з упэўненасцю сцвярджаць, завітаўшы шматкроць амаль што ў кожны раён Беларусі, што кожны, хто скончыў БДУКіМ — сапраўдны спецыяліст з вялікай літары, якога вельмі цэняць і шануюць у любым куточку нашай краіны, ад Дрыбіна да Свіслачы і ад Пінска да Верхнядзвінска. І менавіта з дапамогай такіх высокакласных спецыялістаў сёння ў рэгіёнах ідзе паступовы і натуральны працэс фарміравання, станаўлення і развіцця беларускай культуры ва ўсіх яе адметнасцях і праявах.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"