Спасцігаючы мудрасць акцёрскую

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

…Першакласніца Галя Шышкіна стаяла ля дошкі, на якой выразным настаўніцкім почыркам было напісана: 2 + 2 = ? “Галачка, ну які адказ?”— цярпліва, які раз пыталася любімая настаўніца Марыя Ламаскіна. “Галіна! Зноў у аблоках лунаеш? Адказвай!”— губляла цярпенне мама. Дзве жанчыны нахіліліся над малечай з доўгімі шыкоўнымі косамі. А Галачка-Галіна ў гэты час разглядала класную дошку і разважала, чаму дошка чорнага колеру, а не сіняга, напрыклад. А што б было, калі б дошка была сёння блакітная, а заўтра — зялёная, а потым — зноў карычневая? І ўсе дзяўчынкі прыходзілі б у клас у банціках такога ж колеру, як дошка... Урэшце, яна вынырнула са сваіх мараў і пачула пытанні. “Ой, ну хто ж не ведае, што будзе чатыры?” — малая шчыра здзівілася: навошта трэба каторы раз прамаўляць услых тое, што і так усім зразумела. Як і многія дзеці з высокім узроўнем творчага мыслення, Галінка не вельмі разумела, навошта патрэбныя гэтыя прыклады і практыкаванні, калі ў жыцці і без таго шмат цікавага: зубчасты край зялёнага лістка, яркі жучок на гэтым лістку…

/i/content/pi/cult/812/17414/34-kultura-13S.jpgДзяўчынка любіла ўрокі рускай літаратуры, на якіх настаўнік Міхаіл Гінзбург так распавядаў пра пісьменнікаў, што ўсе аднакласнікі слухалі, што называецца, не дыхаючы. Прыносілі радасць цікавыя ўрокі настаўніка англійскай мовы Уладзіміра Індэха. Строгага класнага кіраўніка Валянціну Жычыну Галя трохі пабойвалася, але любавалася яе прыгажосцю і моднымі ўборамі. Вучылася не горш і не лепш за іншых, пра такіх казалі “харашыстка”. Тады ў сваіх фантазіях яна бачыла сябе ўрачом. Бацька працаваў шафёрам на машыне хуткай дапамогі. Было ў дзяўчынкі моцнае ўражанне ад апавяданняў таты аб працы, спачуванне да чалавечага болю. Хацелася ўсім дапамагаць, ратаваць жыццё людзей.

Музыка ці харэаграфія?

Новым адкрыццём стала музычная школа. Але і тут на бацькоўскіх сходах дырэктар школы Яўген Брэвус казаў: “Выдатная вучаніца, здольная, але гультаяватая”. Мама злавалася, ушчувала Галю: “Усё! Больш на бацькоўскі сход не пайду! Мне сорамна за цябе!” А Галіне проста цярпення не хапала вучыць усе гэтыя занудныя практыкаванні, эцюды і пісаць дыктоўкі па сальфеджыа.

А потым, зусім нечакана для Галі адкрыўся свет танца. Нефармальны лідар Наташа Огнева прапанавала ўсім дзяўчынкам класа запісацца ў танцавальны гурток. Прыйшлі ўсе, але прынялі толькі чацвярых, у тым ліку і Шышкіну. Танец і натхняў, і залучаў у свой свет, і зачароўваў, не шкада было ні часу, ні сіл на рэпетыцыі. Аднойчы на канцэрце мастацкай самадзейнасці ёй нехта крыкнуў з залы: “Ляля Чорная!” Яна, і праўда, у неўтаймоўным цыганскім танцы была падобная на цыганачку: стройная, гнуткая, пластычная, з багатымі каштанавымі валасамі да пояса, з гарэзна бліскучымі вачыма, з кіпучай энергіяй.

Дзяўчына стала рыхтавацца да паступлення ў харэаграфічнае вучылішча, але нечакана прыйшоў поспех у іншай вобласці. Яна так таленавіта і ярка прачытала на вечары байку Кандрата Крапівы “Дыпламаваны баран”, што назаўтра ўся школа гудзела размовамі пра тое, якая таленавітая артыстка вучыцца ў дзясятым класе. Няўрымслівая Наташа Огнева напісала казку “Каралева агню”, якую сама ж і паставіла як рэжысёр. Казку паказалі на навагоднім вечары. Наташа, натуральна, выконвала ролю Каралевы. І хоць Огнева была ў даволі эфектным касцюме з накрухмаленай і пафарбаванай у чырвоны колер марлі, а Шышкіна выконвала ролю вучаніцы ў звычайнай школьнай форме, Галіна справілася лепш!

У тэатры таксама танцуюць

Прыёмныя экзамены ў харэаграфічнае вучылішча былі пазней, чым у тэатральны інстытут, таму Галіна проста так, можна сказаць, каб цікава час правесці, падала дакументы ў тэатральны інстытут. І, калі трапіла ў спісы тых, хто прайшоў першы, затым другі тур, падумала, што так і трэба. Калі вывесілі спісы тых, хто паступіў і тых, хто не прайшоў па конкурсе, было мора слёз і гора. Галіна прачытала сваё прозвішча сярод залічаных у тэатральны інстытут. Думаеце яна ўзрадавалася? Зусім наадварот! Лопнула, як мыльная бурбалка, мара аб харэаграфічным вучылішчы, бо пакуль здавала экзамены ў тэатральны, прыём дакументаў на харэаграфічнае аддзяленне быў завершаны. “Што румзаеш, не паступіла?” — спытаў нейкі хлопец. “Ды не, паступіла, але я танцаваць хачу”, — усхліпнула дзяўчына. “Дзівачка, — засмяяўся хлопец, — у тэатральным танцам таксама вучаць” .

Галіна спасцігала мудрасці прафесіі з вялікім стараннем, нават сама не чакала ад сябе такога спрыту. Спатрэбіліся і школьныя веды, і музычная адукацыя (нізкі паклон усім педагогам музычнай школы!), і навыкі, атрыманыя ў танцавальным гуртку.

У адну з пранізлівых вёснаў Галіна закахалася, выйшла замуж за студэнта рэжысёрскага факультэта, і памяняла сваё знакамітае прозвішча на менш вядомае, але мілагучнае: Агейкіна. Неўзабаве аказалася, што яна чакае дзіця, і ў належны тэрмін нарадзіла здаровенькую прыгожую дзяўчынку. З аднаго боку — радасць, а з другога — як жа быць з вучобай? Атрымалася ўсё па прыказцы: “Мамы, як гузікі: на іх усё трымаецца”. Мама Галі сказала: “Дачку пакідай у нас, а сама працягвай вучобу!” Так маленькая Насця першыя гады свайго жыцця правяла ў бабулі з дзядулем у Светлагорску. Пазней некаторы час жыў у бацькоў Галіны і яе сын Дзіма, які нарадзіўся ў 1980-м.

Жыць у ролі

Пасля заканчэння інстытута маладыя бацькі забралі дачку з сабой і з’ехалі працаваць па размеркаванні ў Бабруйск, у Магілёўскі абласны тэатр імя Дуніна-Марцінкевіча, дзе маладая актрыса Галіна Агейкіна дэбютавала ў галоўнай ролі ў спектаклі “Вартоўня”. І адразу ж паехала на гастролі. Маленькая Насця засталася дома з бацькам. Галіна сумавала па сям’і, часам нават плакала, але праца ёсць праца. Многім людзям прафесія акцёра здаецца лёгкай і трыўмфальнай, бо бачаць яны толькі знешні бок: сцэна, апладысменты, кветкі, поспех. Інакш кажучы: “шык-бляск-прыгажосць”. Насамрэч, гэта вельмі цяжкая праца.

З аднаго боку, нельга ў ролі паказваць свае ўласныя пачуцці. З іншага боку, у ролі трэба жыць, забыцца пра сябе і як бы ўвайсці ў душу таго чалавека, ролю якога выконваеш. Прытым трэба трымаць пад пастаянным кантролем патрабаванні акцёрскай тэхнікі: у якое месца стаць у кожнай мізансцэне, куды глядзець, казаць так, каб твой голас ішоў у глядзельную залу, а не ў кулісы, і памятаць даслоўна ўвесь тэкст п’есы. Тэкст той трэба прамаўляць, як казала пушкінская Лаура, як быццам табе яго падказвае: “...не памяць рабская, а сэрца”. Неабходна ўваходзіць у вобраз, але нельга дазваляць вобразу ўваходзіць у цябе, інакш і з розуму можна сысці. Для кожнай сцэнічнай гераіні трэба пастаянна шукаць новыя фарбы, арыгінальныя прыёмы і працаваць над роляй.

Пры падрыхтоўцы да чарговага новага спектакля адчуванні такія, як быццам упершыню ўзяла ролю ў рукі і гэта твая першая прэм’ера ў жыцці. Ёсць хваляванне, а часам нават паніка. Таму на пытанне аб самай любімай ролі Галіна Мікалаеўна адказвае: “Ролі — гэта дзеці! Не можа быць любімых ці нялюбых, усе свае ролі люблю!” І такіх “дзяцей” у тэатры ў яе ўжо больш за сотню, а таксама яна знялася ў эпізадычных ролях і ролях другога плана ў дзесяці кінафільмах.

Галіна пераканана: “Праца акцёрская складаная. Неабходна працаваць над сабой штодня ўсё жыццё. Калі не будзеш займацца самаўдасканаленнем, ты станеш нецікавая гледачам”. Вось так і жыла Галіна Мікалаеўна год за годам, увасабляючы вобразы сваіх гераінь, такіх розных па характары, па лёсе, па знешнасці і светаўспрыманні. І кожную з іх трэба было прыняць у сваё сэрца, зразумець, прыдумаць манеру паводзін, хаду, рух, гаворку, інтанацыю. На сцэне або на экране яна — то шляхетная дама, то простая вясковая баба, то хітрая і спрытная, то наіўная прасцячка. А пасля спектакля трэба прыйсці дадому і ператварыцца ў маму і жонку, гаспадыню дома.

/i/content/pi/cult/812/17414/34-kultura-13SS.jpg

Дзеці куліс

Акцёры смела могуць назваць сваіх немаўлятак “дзеці куліс”. Бацькі рэпеціравалі ролі, а маленькая Насця падкідвала ім рэплікі з таго часу, як навучылася гаварыць. Ужо ў чатыры гады яна выконвала ролю Мышкі ў дзіцячай казцы “Два клёны”, у дзевяць гадоў адыграла галоўную ролю ў спектаклі “Іскры ў ночы”. Сын Дзіма таксама ў чатыры гады выходзіў з мамай на сцэну. Аднак акцёрам не стаў, абраў для сябе іншую сферу дзейнасці, яго дзеці — школьнікі Міша і Даша пакуль з выбарам прафесіі не вызначыліся. Насця з дзяцінства вырашыла, што будзе працаваць толькі ў тэатры. Яна скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і з 1996 года працуе ў адным тэатры з мамай, знялася ў сямі серыялах. Дачка Анастасіі Марыя Агейкіна ўжо ў 16 гадоў з трыумфам сыграла галоўную ролю ў п’есе Янкі Купалы “Прымакі”. Магчыма, частка поспеху прыйшлася на тое, што Маша выконвала ролю гераіні свайго ўзросту. Як ні грыміруй 30-гадовую актрысу пад 16-гадовую дзяўчынку, глядач заўсёды заўважыць “падмену”. Аднак жа на адным супадзенні ва ўзросце спектакль не выцягнеш, патрэбен талент, якім Марыя, відавочна, не абдзелена, таму таксама абрала для сябе прафесію актрысы. У спектаклі “Калі бабе 45...” выконваюць ролі Галіна, Анастасія і Марыя Агейкіна. Другая дачка Анастасіі, юная Васіліса Агейкіна, знялася ў фільме Фелікса Герчыка “Плакучая іва”, і ў расійскім серыяле “На далёкай заставе”. Так што атрымалася выдатная акцёрская дынастыя. На юбілейным творчым вечары “Маё пакліканне — актрыса” Галіна Агейкіна спявала, танцавала, іграла ў сцэнах са спектакляў і з натхненнем расказвала аб сваім жыццёвым шляху і любімай прафесіі.

Можа скласціся ўражанне, што жыццё Галіны Агейкінай — суцэльнае шчасце і радасць. Гэта, вядома, не так. Як ва ўсіх, былі і гора, і страты, і памылкі. Як сказала сама Галіна Мікалаеўна: “Вядома, шмат памылак здзяйсняецца, гэта натуральна. Галоўнае своечасова зразумець і прыняць іх, знайсці сілы выправіць”.

Вы зможаце ўбачыць нашу гераіню ў Бабруйску, на адным са спектакляў. А калі яна не іграе ў гэты дзень, то прашу вас, падыдзіце да партрэта Галіны Агейкінай, адной з вядучых акторак Магілёўскага абласнога тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча, пажадайце ёй актыўнага творчага даўгалецця і нараджэння яшчэ многіх “дзяцей” — новых роляў.

Галіна КАПЕЦКАЯ

Фотаздымкі з архіва Галіны Агейкінай