Майстар-фэст “Летняя Акадэмія трубы” адбыўся на Ляхаўшчыне

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

Аднаўленне старажытнага аргана ў вёсцы Мядзведзічы стала штуршком для адраджэння культурнага жыцця на Ляхаўшчыне, што на Брэстчыне. Яшчэ нядаўна, амаль месяц таму, прэзентавалі цудадзейны арган, і вось у Мядзведзічах прайшла “Летняя Акадэмія Трубы” — серыя майстар-класаў і канцэртаў, у якіх прымалі ўдзел студэнты розных музычных навучальных устаноў, а таксама ўжо сталыя музыканты.

/i/content/pi/cult/812/17408/014.jpgЗ 30 ліпеня па 2 жніўня трубачы асвойвалі новыя кампазіцыі на інструменце. Дапамагаў ім у гэтым выкладчык Аляксандр Ахрэмка — магістрант Кракаўскай Акадэміі музыкі, саліст Tiroler-Festspiele Erl orchestra (Аўстрыя).

Падзея адбылася пры падтрымцы Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла, пробашча мясцовай каталіцкай парафіі — ксяндза Вінцэнта Сяўрука, а таксама Ляхавіцкага райвыканкама. Дапамогу ў арганізацыі таксама аказаў Аляксандр Бурдзялёў, стваральнік энцыклапедыі “Арганы Беларусі”.

Па словах кіраўніка праекта, Аляксандра Ахрэмкі, фармат такіх майстар-класаў вельмі папулярны ва ўсім свеце, аднак у Беларусі раней не праводзіўся. Таму для музыкантаў ён вырашыў арганізаваць штосьці падобнае ў нашай краіне.

“Мой выкладчык з Кракава таксама мяне падтрымаў. Ён сказаў, што для моладзі гэта будзе вельмі цікава. Яшчэ адзін плюс — музіцыраванне з арганам”, — адзначае Аляксандр Ахрэмка.

Жадаючых удзельнічаць у майстар-класах было даволі шмат, але арганізатары адабралі толькі пяць чалавек, адзін з якіх захварэў і не змог прыехаць, таму ўдзельнічала толькі чатыры: Аляксандр Барташэвіч з Ліды, Іван Бахар (Лідскі музычны каледж), Кірыл Міхальчук (Гродзенскі музычны каледж), Троцкі Аляксей (вучань музычнай школы Радунь).

Кожны дзень у першай палове дня Аляксандр Ахрэмка выкладаў студэнтам “Акадэміі” індывідуальныя заняткі, якія праходзілі ў парафіяльным доме каля касцёла. Пасля абеду праводзіліся рэпетыцыі з арганам у касцёле святых Апосталаў Пятра і Паўла. На аргане студэнтам “акампаніравалі” арганісткі Калініка Мядзведзева і Лізавета Марозава. Удзельнікі рыхтавалі сольныя творы для трубы і аргана.

“Мы добра і весела разам правялі час. Вельмі спадабаліся сумесныя заняткі з Аляксандрам Уладзіміравічам і Калінікай Анатольеўнай, а таксама запомніліся канцэрты нашых выкладчыкаў. Я асабіста атрымаў для сябе адказы на хвалюючыя пытанні, набраўся вопыту. Хочацца, каб такія падзеі адбываліся часцей, даўжэй і больш маштабна”, — падзяліўся ўражаннямі ўдзельнік Акадэміі Аляксандр Барташэвіч.

На завяршэнне майстар-класаў музыканты далі невялікі канцэрт для парафіянаў і гасцей Мядзведзічаў.

Былі выкананы сольныя кампазіцыі на трубе, а таксама творы ў суправаджэнні аргана: музычныя кампазіцыі Мантэвэрдзі, Баха, Альбіноні, Гендэля, Шуберта, Ліста і Мендэльсона-Бартольдзі.

Сёлета гэта не апошнія майстар-класы і канцэрты ў Мядзведзічах. Ужо 21 жніўня распачнецца “Акадэмія аргана”, дзе арганісты будуць таксама удасканальваць свае навыкі на мясцовым адноўленым інструменце.

Марына ВАЛАСАР

Фота аўтара