Працавітая і спеўная Беларусь

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

У бурлівы і пераломны час, які ўсе мы перажываем у гэтым жніўні, “К” не пакідае без увагі лісты нашых падпісчыкаў, ад раённых і абласных устаноў культуры з расповедамі пра падрыхтаваныя імі падзеі, пра мясцовыя святы, выстаўкі і канцэрты. Усім чытачам газеты прапануем невялічкі агляд таго, чым з намі падзяліліся.

/i/content/pi/cult/812/17406/012.jpgНемагчыма не заўважыць, як у стасунках з нашым выданнем найбольш актыўныя ўстановы культуры Гродзенскай вобласці. Ці ў іх больш падзей адбываецца, ці яны проста больш дасведчаныя ў такіх актуальных у сучаснасных рэаліях public relations — сувязях з грамадскасцю. Заклікаем браць прыклад і іншыя вобласці — расказвайце нам, што ў вас адбываецца, і пра гэта даведаецца ўся краіна.

Рушым на Гродзеншчыну

У аграгарадку Раклевічы Дзятлаўскага раёна акурат пасля Мядовага Спасу, які 15 жніўня адзначалі
праваслаўныя хрысціяне, прайшло Свята мёду. Яго ўдзельнікі, як нам пішуць, “славілі пчол і частаваліся мёдам” — на пляцоўцы перад Домам культуры сабраліся сем’ямі мясцовыя жыхары і тыя, хто любіць прыязджаць на лета ў Раклевічы. Да Свята мёду быў прымеркаваны турнір па валейболе сярод аматарскіх каманд, пераможцай якога стала каманда “Моладзь”. Красамоўныя назвы і ў двух іншых прызёраў — “Дружба” і “Добрыя малайцы”. Акрамя таго са сцэны ўрачыста былі падведзены вынікі ліпеньскага конкурсу дзіцячых малюнкаў “Рознакаляровы свет”. Дыпломам першай ступені ўзнагародзілі Анастасію Іовец і Анастасію Лях за сумесны малюнак, другое месца падзялілі Арына Мяльгуй і Аляксей Буры, трэцяя прэмія — у Дзіяны Мяльгуй. Традыцыйную выставу-продаж зладзіў раённы Цэнтр рамёстваў. Свята мёду атрымалася вельмі салодкім — пачастункаў ад каларытнай Пчалы хапіла на ўсіх.

У аграгарадку Ракавічы Шчучынскага раёна адбылося традыцыйнае свята ў гонар цудатворнай Ракавіцкай іконы Божай Маці. Гэтая ікона адна з нешматлікіх беларускіх мясцова ўшанаваных выяў Маці Божай. Паводле падання, святы абраз быў яўлены пану Макрэцкаму, на сродкі якога потым і быў узведзены храм непадалёк ад месца адшукання іконы. Дзева Марыя загадала пану выйсці да невялікай рачулкі і прыняць ікону, што плыла па вадзе. На месцы яўлення іконы пасля забіла крыніца.

Супрацоўнікі Ракавіцкага Дома культуры да свята падрыхтавалі выставу рэпрадукцый ікон Божай Маці і літаратурна-музычную кампазіцыю “Для цябе кветкі і песня, мая Багародзіца”, з канцэртнай праграмай выступіў народны ансамбль духоўнага спеву “Перамяненні” Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Хлеб новага ўраджаю

Жнівень коціцца да восені, і надыходзіць час ушаноўваць людзей працы. Так на пляцоўцы ў цэнтры аграгарадка Круцілавічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці віталі працаўнікоў ААТ “Граніт-Агра”, якія былі занятыя на жніве-2020. Як нам пішуць з Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры: “Хлебны каравай” гаспадаркі аказаўся сёлета як ніколі важкі. ААТ “Граніт-Агра” атрымала 16 788 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 54,7 цэнтнера з гектара. Рапсу намалочана 1987 тон, а з кожнага гектара — па 49,7 цэнтнера”. Удзельнікі жніва прайшлі вялікай урачыстай калонай, а на пачатку ўрачыстасці іх павітаў настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Наваельня протаіерэй Валерый Мануйла (ён жа і благаслаўляў на жніво). Па хрысціянскай традыцыі быў асвечаны хлеб новага ўраджаю. За музычную частку свята адказваў запрошаны з Мінска шоу-балет “На грані”.

Жалудок здзяйсняе мары

У гарадскім пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці 16 жніўня прайшоў Фестываль кветак “Жалудок здзяйсняе мары”, прысвечаны Году малой радзімы, а таксама 75-годдзю Перамогі. Наталля Гардзейчык, вядучы метадыст Шчучынскага раённага Цэнтра культуры, піша: “У брэндавым мерыпрыемстве, якое ўжо стала візітоўкай Жалудка, прынялі ўдзел прадпрыемствы, установы, сельсаветы, фермеры, рамеснікі і проста кветкаводы-аматары. Адна з асноўных ідэй і задач Фестывалю кветак — прасоўванне турыстычнага патэнцыялу і інвестыцыйнай прывабнасці Шчучынскага раёна”. На фестывальнай пляцоўцы была аформлена выстаўка “Спазнай наш край”, а свае крэатыўныя ідэі ўдзельнікі фестывалю рэалізавалі ў шматлікіх конкурсах: кветкавых кампазіцый “Навокал кветкі зоркі запалілі”, кветкавых касцюмаў “Нам летні час дзівосны цуд стварыў”, “Сакрэты майстроў карвінгу” (карвінг — гэта мастацкая рэзка па садавіне і гародніне), букетаў “Прыемна для душы краса зямлі”, вяночкаў “Радасна цвісці ў сонечным вяночку”, кампазіцый з саломы “Радасць i натхненне”. Відавочна, што крэатыўнасці не займаць і аўтару назваў конкурсаў. Пасярод гэтага кветкавага раю ўдзельнікаў фестывалю забаўлялі творчыя калектывы Шчучынскага Цэнтра культуры: народны ансамбль народнай песні “Сябрына” Жалудоцкага Дома культуры, народны ансамбль песні “Васільковая раніца” Васілішкаўскага Цэнтра культуры, салісты-вакалісты і нават саксафаніст з Гродзенскай філармоніі Алег Хадукін.

Яшчар — на тэлеэкранах

На пачатку жніўня ў Пастаўскай сістэме культуры адбылася цікавая падзея: супрацоўнікі тэлеканала “Беларусь 3” прыехалі ў вёску Гута, каб падрыхтаваць новы выпуск перадачы “Жывая культура”, якая цалкам прысвячаецца нематэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям нашай краіны. Для вераснёўскай праграмы быў абраны найбольш рэдкі з вядомых на Беларусі — купальскі варыянт народнай моладзевай гульні Яшчар у вёсцы Гута. Два гады таму гэтая гульня набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. “Яшчара” для тэлевізійнага эфіру падрыхтаваў фальклорны гурток Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра. “Адпаведна было абсталявана месца каля маляўнічых дэндрапарка і Гуцкага возера, — піша нам метадыст Пастаўскага Цэнтра культуры Людміла Чатовіч. — Жанчыны спявалі купальскія песні, моладзь гуляла ў “Яшчара”. Дзяўчаты, прыпяваючы песню-ўслаўленне галоўнага героя, вадзілі ў вяночках карагод, а гарэзлівы Яшчар — Арцём Кухальскі — важна вассядаў пасярод на драўлянай калодцы ў дубовым мужчынскім вянку і плашчы з саматканай посцілкі. Сабраўшы вянкі ў удзельніц гульні, ён спрабаваў іх выкупіць, загадваючы розныя заданні, якія патрэбна, праспяваўшы песню-“выплакванне вянка”, абавязкова выканаць. У старажытнасці падобным чынам здзяйсняўся абрад пераходу дзяўчат у дарослы стан”.

Па папярэдніх звестках, у тэлеэфіры праграму можна будзе пабачыць 12 верасня ў 10.00 па канале “Беларусь 3”.

Жураўліны звон

Пра яшчэ адзін конкурс, прыняць удзел у якім запрашаюць усіх землякоў, натхнёных творчасцю, расказаў нам Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Упершыню праводзіцца абласны дыстанцыйны конкурс ансамбляў песні і музыкі “Жураўліны звон”, мэты якога: выяўленне і падтрымка таленавітых выканаўцаў і музыкантаў, папулярызацыя творчасці беларускіх аўтараў і кампазітараў праз дзейнасць калектываў мастацкай творчасці — ансамбляў песні і музыкі.

Галоўны хормайстар АМЦНТ Дар’я Паўлючэнка раіць звярнуць увагу на ўмовы: для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна да 15 верасня бягучага года прадставіць арганізатарам якасныя відэазапісы конкурсных нумароў. Так ансамбль песні рыхтуе два нумары ў суправаджэнні жывога гуку і без суправаджэння (a capella); ансамбль музыкі і песні — адзін вакальны нумар у суправаджэнні інструментаў або a capella, другі — інструментальны твор у “жывым” гучанні (народныя апрацоўкі, пажадана беларускіх мелодый).

Па выніках конкурсу лепшыя калектывы будуць адзначаныя Гран-пры і дыпломамі лаўрэатаў.

Васільковыя сны Радзімы

І напрыканцы нашай сустрэчы “На людным месцы” дзеля згадвання прыгажосці нашай краіны і дзеля прыгожага фотаздымка, што нам даслалі, прысвячу пару слоў канцэрту, падрыхтаванаму Зэльвенскім ЦкіНТ. Канцэрт з назвай “Васільковыя сны Радзімы” адбыўся 8 жніўня ў парку гарадскога пасёлка Зэльва. Як цудоўна нам піша Таццяна Умарава, загадчык аддзела народнай творчасці: “Сапраўды, кветка-васілёк з’яўляецца адным з сімвалаў нашай Радзімы і ўвасабляе сабой працавітасць беларускага народа, яго сінявокую чысціню, творчасць і таленавітасць, яго незалежнасць і міралюбівасць. Наша мясцовасць, як і ўся Беларусь, багатая сваімі азёрамі і лясамі, жытнёвымі палямі і духмянымі лугамі, выдатнымі краявідамі. Зэльвянчане свята берагуць гэтыя найважнейшыя каштоўнасці любімай нашай Беларусі. І заўжды памятаюць пра тое, што нас чакае на гэтай зямлі, — бацькоўская хата, родная мова і любыя сэрцу матчыны песні, якія гучалі на свяце ў выкананні ўдзельнікаў народнай эстраднай студыі “Рэтра” і народнага ансамбля песні і музыкі “Весялуха”. Адкрылася свята песняй “Васільковае неба” з харэаграфічнай замалёўкай дзіцячага танцавальнага калектыву “Зэльвяначка”.

Мірных сноў, без выбухаў і стрэлаў, але з васількамі, азёрамі, блакітным чыстым небам, дзіцячым смехам і ўсмешкамі людзей жадаем і мы ўсім нашым чытачам.

Да сустрэчы “На людным месцы” праз тыдзень!